Гэтая запаведзь можа выступаць таксама ў форме “Не ўжывай Імя Пана Бога твайго да славалюбных (мала важных) рэчаў”.
Тут можна вызначыць тры элементы. 1) Карыстанне языком; адказнасць за тое, што і ў якіх ака-лічнасцях прамаўляецца. 2) Імя Пана Бога. 3) Дарэмна – або рэчы мала важныя…
А зараз па парадку. 1. Карыстанне языком (адказнасць за слова).
Святы Ян у Пралогу да свайго Евангелля піша, што Слова было напачатку. Слова было ў Бога і Богам было слова… (пар. Ян 1,1). Слова вельмі важнае. Словам Бог стварыў свет, а Хрыстус – Слова ўцелаўлёнае.
Ёсць такая прымаўка: “Мудры ведае, аб чым гаворыць. Глупы гаворыць, што ведае…”. Сёння мы з усіх бакоў запоўненыя словамі. Радыё і тэлебачанне выліваюць на нас штодзённа патокі слоў. Гэта розныя словы: добрыя і злыя, мудрыя і дурныя, цудоўныя і вульгарныя і г.д. У гэтым патоку словы трацяць сваё значэнне, становяцца (найчасцей) пустымі, такімі, якія нічога не значаць. Другая запаведзь прыказвае нам, трэба добра падумаць, перш чым назваць Імя Бога. Чаму? Іменем Бога чалавек можа благаславіць, падобна як гэта робіць сам Бог! Тады прызываем Яго Імя (ніхто не благаслаўляе нікога для жарту!).
Канешне, часта сустракаюцца людзі, якія пры вуснай размове прызываюць Бога, а праз хвіліну праклінаюць. Аднак, застановімся. Кожны праклён (брыдкае слова, звычайна з падтэкстам сэксуальным) ёсць супрацьлегласцю благаславенству. Калі пры благаславенстве прызываем Бога, то кожны праклён (свядомы ён ці несвядомы, не мае значэння), з’яўляецца прызывам злога духа. Ён таксама ўсё чуе і гатовы адазвацца на прызыў, каб шкодзіць лю-дзям, а таксама тым, якія яго прызываюць. Менавіта таму вельмі важна ведаць, што ты гаворыш і каго прызываеш на дапамогу. Калі прызываеш д’ябла, то як можаш адначасова прызываць і Пана Бога?
Гэтае перамешванне і пера-блытванне паняццяў благаславенства і праклёну вельмі небяспечнае і моцна шкоднае для чалавека. Аднак значна горшым ёсць факт абыякавасці да сэнсу слова. Напісаў вышэй, што словы губляюць сваё значэнне… Такія важныя словы, як Любоў, Гонар, Патрыятызм – перастаюць быць зразумелымі. Канешне, гэтая абыякавасць датычыцца таксама Імені Бога. Бог – той, які ёсць крыніцаю усякага існавання (ёсць, які ёсць) – перастае існаваць у публічных дэбатах і ў нашых штодзённых размовах. Размаўляем на розныя, не заўсёды мудрыя, тэмы. Ахвотна размаўляем на тэмы палітыкі, моды, кіно і г.д. Затое вельмі рэдка размаўляем пра свае адносіны з Богам, пра малітву, справы, звязаныя з мэтаю і сэнсам жыцця, пра смерць, суд Божы, неба і пекла!
Варта застанавіцца, аб чым мы гаворым…
2. Імя Пана Бога. Страта вартасці слова датычыцца таксама імён, якія надаюцца дзецям. Сведчыць гэта аб поўным адрыве ад традыцыі. У старажытных культурах – індыйскіх, а таксама ў культуры юдэа-хрысціянскай імя мела вельмі вялікае значэнне. Дастаткова прыпомніць сабе, што азначалі імёны арханёлаў – Гаўрыіла, Міхаіла і Рафаіла. Імя не толькі ўказвала на чалавека, але гаварыла таксама аб яго прызначэнні і місіі, якую павінен быў ён выконваць у жыцці. Імёны, якія надавалі дзецям, вельмі часта былі імёнамі святых, або продкаў, таму што людзі верылі ў апеку святых заступнікаў.
Імя Бога для габрэяў было святым, было самым Богам. Габрэі верылі, што, калі хто ўбачыў Бога, то не мог застацца жывым. Гэта была павага, злучаная з бояззю. Тое самае датычыцца Імені Божага. Таму менавіта ў Бібліі сустракаем мноства “Імён” Божых. Але гэта больш азначэнні апісальныя, як бы займеннікі Божага Імені. Усё гэта было праяўленнем найвышэйшай павагі.
Каб ведаць, што называнне пэўных імён без павагі можа скончыцца для чалавека трагічна, не трэба звяртацца да Старога Запавету. Дастаткова ўспомніць 40-я гады мінулага стагоддзя. Хто б адважыўся ўголас і без павагі гаварыць пра Сталіна? Ніхто. Людзі баяліся і лічыліся з сур’ёзнымі наступствамі такіх паводзінаў. Чалавек павінен быў ведаць, што, да каго і пра каго гаворыць… Пэўна, параўнанне не зусім удалае, таму што Бог з’яўляецца добрым Айцом, а Сталін быў тыранам, але гэта не значыць, што Імя Бога можа быць прамоўлена без павагі. Выключна наадварот!
Сёння людзі не баяцца нічога і нікога. Ясна, што і не страх павінен быць рухавіком нашых дзеянняў. Аднак утрата павагі і боязі ў адносінах да самога Бога з’яўляецца дзеяннем самазабойства (так, як і парушэнне кожнай з запаведзяў!).
У пачатковай школе меў я таварыша па прозвішчу Слівінскі. Калі хто на перапынку выкрыкваў яго прозвішча, ён заўсёды адказваў: “Што такое?! Слівінскі – не які-небудзь надпіс на бутэльцы! Больш павагі, прашу!”
Калі такога маладога хлопца раздражняла ўжыванне і прамаўленне яго прозвішча без павагі, то тут правесці некаторую аналогію лёгка!
Бог – не які-небудзь надпіс… Больш павагі!
3. Дарэмна – або рэчы мала важныя.
Кожны нармальны чалавек мае акрэсленую іерархію вартасцей. Папросту ёсць рэчы важныя і мала важныя, і мы добра адрозніваем адныя ад другіх. Лагічным ёсць і тое, што людзей важных (напрыклад, займаючых высокія пасады) просім толькі аб рэчах важных. Ніхто пры здаровым розуме не будзе звяртацца да мэра горада ці прэзідэнта, каб направіць кран, што працякае. Для гэтага ёсць сантэхнік. Аднак, калі справа датычыцца памілавання чалавека, якому прысуджана смяротнае пакаранне, то канчатковым тут з’яўляецца зварот да кіраўніка дзяржавы. Трэба ведаць, да каго і з якою праблемаю звяртацца.. І тут пытанне не толькі павагі, але таксама звычайнага адчування і элементарнай куль-туры.
Другая запаведзь акурат аб гэтым і гаворыць. Элементарная культура і звычайнае адчуванне не павінны кранаць Бога толькі таму што Ён – Бог! Калі ад нас вымагаецца павага да бацькоў, і справядліва, то наколькі ж большая павага павінна належаць Богу!
Вядома, што як і да Айца, звяртаемся да Пана Бога з усякімі сваімі просьбамі і клопатамі… Аднак рэч аб тым, каб кожны наш зварот да Яго быў свядомым і абдуманым. Мусім ведаць, да Каго звяртаемся.
Габрэі мелі дасканалае пачуццё важнасці тых спраў і асоб. Напрыклад, перад святам, калі ўмывалі сабе ногі, абавязкі гэтыя выконваў малы хлопец, найчасцей слуга (насіў міску, рушнік, паліваў воду). Азначала гэта, што выкананне абраду было ніжэй годнасці дарослага мужчыны. Пан Езус змяніў той парадак. Сам становіцца на месца слугі. Ён сам, Бог уцелаўлёны, мые чалавеку ногі і выцірае іх! Бог сам прыні-зіўся. Трэба, аднак, памятаць, што патрэбна было даць нам прыклад, як павінны паступаць у адносінах да бліжніх, а не аб тым, каб мы штодзённа падстаўлялі Богу нашы брудныя ногі!!!
Прыклад з мыццём ног, у сувязі з другою Запаведдзю, досыць трапны. Бо вельмі часта здараецца, што чалавек (забыўшыся пра ўдзеленае яму казанне) не толькі падстаўляе Богу да мыцця свой брудны твар і ногі, але таксама выцірае сабе вусны і ногі Яго Святым Іменем! І пры ўсім тым адчувае сябе добрым хрысціянінам – нікога ж не забіў!
Памятайма, што прыказанняў перад Панам Богам мы не рассыпалі, і другая Запаведзь невыпадкова знаходзіцца перад пятай…
кс. Яцэк ДУБІЦКІ, СМ
Фота Карнэлія КОНСЭКА, SVD