Для чаго Пан Бог дапускае розныя цярпенні, цяжкія перажыванні, калецтвы, хваробы, жудасныя здарэнні, урэшце, смерць тады, калі чалавек да гэтага зусім не падрыхтаваны? Чаму ў сучасным свеце існуе так многа зла, якое праяўляецца ў самых неспадзяваных, нават агідных формах? Як з гэтым змагацца? Адказ на гэтыя пытанні – у сённяшніх разважаннях а. Конрада ПАТЫКА, SVD.
Пачні рабіць дабро
Праходзячы, Езус убачыў чалавека, сляпога ад нараджэння. Вучні спыталіся ў Яго, кажучы: “Раббі, хто зграшыў, ён ці бацькі ягоныя, што ён нарадзіўся сляпым?”. Езус адказаў: “Ні ён не зграшыў, ні бацькі ягоныя, але сталася гэта дзеля таго, каб выявіліся праз яго справы Божыя” (пар. Ян 9, 1-3).
У лютым, пасля ўрачыстасці Ахвяравання Пана, увагу большасці верных прыцягвае ўспамін Маці Божай з Лурда, які з’яўляецца адначасова “днём хворых”. Гледзячы на людское цярпенне, на ўсялякія хваробы і калецтвы, ў галавах многіх людзей узнікаюць пытанні: чаму так адбываецца? Хто вінаваты, што той ці іншы так церпіць? Для чаго Бог дапускае да гэтага? На працягу вякоў было многа мысліцеляў і філосафаў, якія менавіта на аснове існуючага ў свеце зла і цярпення высоўвалі версіі аб неіснаванні Бога або таксама адкідвалі Яго ўсемагутнасць і сцвярджалі аб бяссіллі Бога, які не патрафіць справіцца з існуючым злом. Французскі пісьменнік Стэндаль пісаў, што ў свеце існуе так многа бессэнсоўнага зла, што доказам справядлівага добрага і міласэрнага Бога з’яўляецца толькі тое, што Ён не існуе.
Думаю, што кожны з нас ў сваім жыцці сустракаўся з сітуацыямі, калі нешта злое здаралася з “добрымі людзьмі”, у тым ліку і з намі самымі, ці з нашымі роднымі або знаёмымі, калі ў глыбіні нашага сэрца з’явіўся бунт з погляду на Бога ці нават глыбокія і, на наш погляд, поўнасцю апраўданыя прэтэнзіі да Яго, чаму такія рэчы ці сітуацыі нам пасылае, чаму не захоўвае нас.
І тут, мае дарагія, хацеў бы прыпомніць пэўны тэкст з Евангелля св. Мацвея. Езус сказаў: “Кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх, будзе падобны да чалавека разумнага, які пабудаваў свой дом на скале. Пайшоў дождж, разліліся рэкі, падзьмулі вятры і ўдарылі ў дом той, а ён не ўпаў, бо пастаўлены быў на скале. Кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і не выконвае іх, будзе падобны да неразумнага чалавека, які пабудаваў свой дом на пяску. Пайшоў дождж, разліліся рэкі, падзьмулі вятры і ўдарылі ў дом той; і ён упаў, і падзенне яго было вялікае” (Мц 7, 24-27).
Напэўна, гэты тэкст усім вам добра вядомы. Тым не меней хацеў бы звярнуць увагу на адну дробязь. Незалежна ад таго, ці чалавек слухае і выконвае словы Езуса, ці не слухае і не выконвае, у яго жыцці з’яўляюцца дождж, ветры і навальніцы, якія ўдараць у яго дом! І розніца толькі ў тым, што адныя з гэтымі выпрабаваннямі справяцца і дом застанецца стаяць далей, а іншыя не справяцца і іх дом рухне.
На старонках Евангелля Езус нідзе і нікому не абяцаў ідылічнага і бесклапотнага жыцця без хвароб і цярпення! Не абяцаў дастатку, стабільнасці і таму падобных рэчаў. Наадварот, тым, хто хацеў ісці за Ім, прадказваў пераследванні, цярпенні, казаў, што будуць асуджаныя, што іх будуць ненавідзець нават найбліжэйшыя і родныя. Адзінае, што абяцаў, гэта тое, што Сам будзе з тымі, хто любіць Яго: “Калі хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё, і палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да яго, і зробім жыллё ў яго” (Ян 14, 23).
У свеце такіх выказванняў Езуса з’яўляецца недарэчнасцю выражаць прэтэнзіі Пану Богу, што існуе зло, і абражаць Яго, што так задумаў свет. Бог не стварыў зла. Наадварот, усё, што стварыў, было добра. Пасля кожнага дня тварэння “бачыў Бог, што было добра” (пар. Быц 1, 31). Пры стварэнні анёлаў, як і чалавека, Бог надзяліў іх розумам і вольнай воляй, якія самі па сабе характарызуюцца як дабро. Аднак, тым не меней, іх злое выкарыстанне прыводзіла анёлаў да бунту, уганяла іх ў пыхі, бо захацелі быць як Бог і не хацелі служыць, за што былі выгнаныя з неба і сталі асабістым злом, якое прагне помсціць і робіць гэта на людскім родзе. Чалавек таксама, карыстаючыся дарам розуму і вольнай волі, незаўсёды ўмеў выбіраць тую дарогу, якая вяла да шчаслівага жыцця. Так з’явіўся грэх, а разам з ім – усе наступствы граху: цяжкая праца, цярпенні, хваробы, усялякія прагнасці і ў канцы – фізічная смерць (пар. Быц 3, 14 ). Таму тое, што акрэсліваем паняццем “зла”, не створана Богам, але з’яўляецца вынікам неўласцівага выкарыстання розуму і вольнай волі анёламі і людзьмі.
У адным з універсітэтаў узнікла спрэчка паміж студэнтамі і прафесарам на тэму дабра і зла. Студэнты сцвярджалі, што зло існуе ў свеце, а прафесар, які быў чалавекам неверуючым, спрабаваў пераконваць, што зло само па сабе не існуе. Так, як не існуе сама па сабе цемра; існуе святло, а брак святла з’яўляецца повадам для цемры. Не існуе “холад”, а існуе цяпло, а недахоп цяпла з’яўляецца повадам для холада. Падобна і недахоп “дабра” з’яўляецца прычынай “зла”. У некаторым сэнсе прафесар меў рацыю, што большасць непрыемных сітуацый нашага жыцця вынікае з недахопу дабра, цяпла, любові, спачування, эмпатыі, паразумення і г.д. Аднак як людзі веруючыя не можам забываць аб існаванні “асабістага зла”, якімі з’яўляюцца шатан і яго “супрацоўнікі”. Яны існуюць і вядуць працяглую вайну “з нявестай і яе патомствам” (пар. Ап 12, 1-18). Ад самага пачатку ўвасобленае зло спрабуе адарваць чалавека ад Бога, падрываючы давер да Яго і знішчаючы гармонію Яго жыцця. І ў кожны момант, калі чалавек нахіляе вуха да слоў д’ябла, замест абяцаных “цукерак” як наступствы атрымоўвае горкія таблеткі. Д’ябал – князь хлусні – ніколі не выконвае сваіх абяцанняў і яго найбольшаю радасцю з’яўляецца прычыненне болю і знішчэнне таго, што добрае, прыгожае і карыснае.
Дарагія чытачы, падсумоўваючы гэтыя кароткія разважанні, мусім пагадзіцца з фактам, што зло існуе ў свеце, яго айцец не Бог, а д’ябал; яго барацьба існуе і будзе існаваць да канца свету, і мы не ў стане ліквідаваць яго. Тым не меней ад кожнага з нас індывідуальна залежыць, па якім боку гэтай барацьбы застанемся мы – з боку святла ці цемры, з боку цяпла ці холада, з боку любові ці нянавісці. Езус Хрыстус, прыйшоўшы ў гэты свет, сваім жыццём і аглашэннем Валадарства Божага паказаў нам дарогу, якая вядзе да перамогі дабра; сваім змёртвыхпаўстаннем перамог смерць. Не ініцыіраваў, аднак, ідэальнага, бесклапотнага і вольнага ад зла свету. Пакінуў нешта для цябе і для мяне, каб мы маглі прымаць удзел у Яго справе. Гэта ты і я павінны быць прадаўжэннем Яго рук, якія будуць перавязваць раны скалечаных, працягам Яго голасу, які будзе суцяшаць засмучаных, узмацненнем Яго ног, якія пойдуць праведваць самотных і пакінутых, і напрыканцы – прадаўжэннем яго сэрца, якое будзе любіць шчыра, аддана і бескарысліва аж да ўтраты духу. Калі здолеем так паступаць, то можа ў глабальным маштабе не моцна зменіцца гэты наш свет, але вакол цябе, сярод тваіх блізкіх і знаёмых часцей з’явіцца ўсмешка на твары; можа з’явіцца якая асоба, якая здолее выпрастаць згорбленыя і прыгнечаныя праблемамі плечы, а можа той, хто сядзеў у кутку, прыбіты няўдачамі, устане і крокам танца пойдзе наперад на спатканне са сваім шчасцем. Не паляцім на месяц і не будзем будаваць вежы на Марсе, але можам зрабіць, каб летам зацвілі кветкі на нашых балконах, каб твой сусед мог з кімсьці пасядзець на скамейцы перад сваім пад’ездам і расказаць пра свае перажыванні, а твае паводзіны ў аўтобусе ўзбуджалі задавальненне на тварах іншых пасажыраў. Кожная вялікая справа мела свой пачатак, які быў, можа, і малы, як гарчычнае зерне, але пры добрым доглядзе вырас у вялікае дрэва. І ты таксама можаш даць пачатак якомусьці дабру ў гэтым свеце.
Конрад ПАТЫКА, SVD