Падарунак на Божае Нараджэнне

o. KonradДухоўнае перажыванне Адвэнту, радасныя прыгатаванні да Свята Божага Нараджэння, прадчуванне прыгожыў віншаванняў. Урэшце – сустрэча з Немаўляткам…

Няхай гісторыя, расказаная  а. Конрадам ПАТЫКА, SVD, будзе для вас падказкай «формулы» паводзінаў на весь святочны перыяд.

 

 

 

“Незразумелыя падарункі дае нам

сёння з неба Айцец ласкавы.

Калі вечнае Слова целам становіцца,

Моцай Яго цудоўнай справы.

Няшчасці свету прэч змятае, а слязлівыя стогны

Пад гукі галасоў да нябёсаў

І ў вяселле ператварае”

 

                           (Пераклад з польскага  Koleda “Niepojete dary”)

 

 

У адным краі ў каралеўскай пары нарадзілася дачушка.  Многа гадоў чакалі яны патомства і, урэшце, дачакаліся. Дзіця як дзіця.  Малое, з закрытымі вочкамі, плакала бясконца і хацела “есці”.  Валаскі ледзь прыкрывалі лоб, а пуцылаваты тварык наогул не прэтэндаваў быць наменаванай на  “міс свету”. Бацькі, аднак, як і ўсе іншыя ў свеце, хацелі б, каб іх дачушка была як най… най… най…Запрасілі ў свой палац чараўніц, феяў з усяго каралеўства, каб тыя сваімі пажаданнямі і цудоўнымі заклінаннямі  зрабілі яе наймудрэйшай, найпрыгажэйшай і найбагацейшай князёўнай у свеце.

У каралеўстве былі тры добрыя феі і адна – злосная. Тая злосная з’яўлялася няпрошанаю і ў самы неадпаведны момант, прыносячы якое-небудзь ня-шчасце ў дар, але ў прадчуванні  дароў трох добрых феяў адно няшчасце можна было прыняць. Так з’явілася першая фея, якая мела зрабіць князёўну наймудрэйшай. Калі ўсе чакалі нейкага “цуду асвячэння розуму”, фея агучыла пажаданне: “Каб розум заўсёды дастаўляў задавальненне”.

– Што? І гэта ўсё? – абурыліся прысутныя. – Ты ж мела ўчыніць яе наймудрэйшай!?

– Навошта быць наймудрэйшай? – адрэзала фея. – Тыя, што ўсё ведаюць, часта становяцца самаўпэўненымі, і ніхто іх не любіць, а тых, хто нават мае рацыю і ведае, як належыць паступаць, ніхто не слухае. Дастаткова, калі розум будзе для яе задавальненнем.

–Няхай сабе, – падумалі бацькі і госці, – няхай будзе так. Другая фея  зробіць яе  найпрыгажэйшай, гэта найлепей цэніць сённяшні свет.

Напружана ўслухоўваючыся ў словы другой феі, з глыбокім расчараваннем  прынялі сказанае: “Каб заўсёды сабе падабалася!”.

–Як? Ты ж мела зрабіць яе найпрыгажэйшай! – закрычалі.

–Яшчэ не было такога чалавека, які б усім падабаўся, – сказала фея. – Заўсёды хто-небудзь знойдзе якую-небудзь загану. А тыя, хто здзівіў весь свет сваёю прыгажосцю, і самі не ведаюць, што ў іх ёсць іхняе, а што – штучнае, прыдуманае. Дастаткова, калі  будзе падабацца сабе і прыме сябе такою, якою стварыў  яе Бог.

Паступова прыгнечанасць украдалася  ў сэрцы караля, каралевы і сабраных гасцей. “Можа хоць трэцяя фея не адмовіць ёй у багацці”, – падумалі ў душы.

Калі з’явілася трэцяя фея, усе з глыбокім напружаннем чакалі яе пажадання. А фея, замест чаканага багацця, скарбаў, грошай і ўсялякіх дабротаў, пажадала ёй: “Каб заўсёды мела ўсяго ў дастатку”.

– Гэта немагчыма! – загаласілі сабраныя, – то ж мела быць найбагацейшай!

А фея на гэта ў адказ:

– Ці хто багаты, ці бедны, не залежыць ад таго, колькі ён мае дабра або грошай, але ад таго, ці мае ён у сабе спакой, ці дрэнчыць яго непакой, што здабыў замала, і гоніцца, каб здабыць болей. Багаты ёсць той, каму хапае для сябе і хто можа даць што-небудзь яшчэ  іншым.

Прыгнечаныя  пажаданнямі “добрых феяў”, бацькі і госці чакалі  з’яўлення злоснай феі.

У хуткім часе з’явілася  – пры-браная, чаруючая, элеганцкая.  І калі ўсе з дрыжачым  сэрцам чакалі найгоршага, яна са шчодраю ўсмешкаю абвясціла: “Усяго найлепшага!”.

Як жа часта ў нашым жыцці з прычыны розных аказій віншуем, складаем пажаданні ці таксама і прэзэнтуем падарункі. Сапраўды аўтаматычна, без глыбокага роздуму плыве з нашых вуснаў моцна зацёрты зварот “Усяго найлепшага!”, які ўжо нічога не значыць.

Набліжаецца Свята Божага Нараджэння. У нашай традыцыі гэта таксама дні радасці, узаемных віншаванняў, пажаданняў, большых або меншых падарункаў, сувеніраў. А ўсё прыйшло адтуль, калі болей чым дзве тысячы гадоў таму Бог адарыў нас найбольшым падарункам – паслаў нам Свайго Сына – Езуса, Які  падарыў нам сваю Любоў. Не даў нам кніг, поўных інфармацыі пра Сусвет, аб законах фізікі, хімічных рэчывах і цудоўных лякарствах ад усіх хваробаў.  Не падарыў нам элексіру вечнай маладосці  і цудоўнай прыгажосці і не прынёс скрыняў, поўных  каштоўнасцей. Аднак падараваў нам свой час, сваю прысутнасць, добрае слова, прабачэнне, якое прыносіць у душу спакой. Прынёс з сабою дары, нябачныя на першы погляд вока, нябачныя і нават нявартыя, бо іх нельга пералічыць на даляры ці рублі. А па сутнасці прынёс, аднак, нешта такое, чаго кожны чалавек у найглыбейшым  куточку сэрца свайго прагне, – любоў. “Любіць і быць любімым” – гэта найлепшы сувенір.

У тую памятную ноч, больш за дзве тысячы гадоў таму, таксама загучалі, зазвінелі  з вуснаў Анёлаў   найпрыгажэйшыя віншаванні: “Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі!”. Убогія пастушкі мелі шчасце пачуць гэтыя словы. Пераказалі іх далей, іншым людзям. Сёння таксама ёсць патрэба таго, хто будзе жадаць  спакою Табе – чалавеку добрай волі. Можа гэта і ёсць маё заданне? А пазней Ты пойдзеш і  перакажаш гэта іншым?

Урэшце, спакой табе, браце! Спакой табе, сястра!

Яшчэ нейкі прэзэнцік трэба было б дадаць, каб дапоўніць віншаванне. На жаль, я далёка і не магу даць табе многа, але хачу пераказаць табе адзін тэкст з Бібліі. Калі ў дзень святочны станеш перад Нованароджаным, папрасі Яго:

 

 

 

f-str-27“Суету и ложь удали от меня,

нищеты и богатства не давай мне,

питай меня насущным хлебом,

дабы, пресытившись, я не отрекся Тебя

и не сказал: “кто Господь?”

 и чтобы, обеднев, не стал красть

и употреблять имя Бога моего всуе”

 

                                             (Пртч 30, 8-9, русская версия).

 

 

 

 Конрад ПАТЫКА, SVD


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий