Трэцяя Запаведзь – апошняя з тых, якія датычацца Пана Бога, дакладней кажучы – дня Панскага – нядзелі, з лац. Feria Dominica, dies Dominicus (Дзень Панскі, г.з. Езуса Хрыста). Так, як і ў выпадку другой Запаведзі, тут можна выдзяліць некалькі аспектаў. Застановімся на трох: 1) памятай, 2) дзень святы, 3) святкаваць.
А зараз па парадку. 1. Кожнаму з нас, напэўна, хоць раз у жыцці здаралася пра што-небудзь забыцца. З гадамі правалы ў памяці робяцца ўсё часцей. Ці можа здарыцца так, што забудземся пра тое, што складае сэнс і клопат нашага жыцця? Ці можна забыцца пра тое, што самае істотнае? Напэўна, можна. Так адбываецца вельмі часта. Гэта не з’яўляецца вынікам нейкай хваробы, амнезіі, ці спецыяльнага дзеяння (бывае часам, што некаторыя самі імкнуцца да якой-небудзь формы забыцця – напрыклад, “напіцца і забыцца”). Як так можна?
Дык вось, калі ў дзяцінстве час нам доўжыўся і не маглі мы дачакацца канікулаў, то ў веку сталым і на старасць маем уражанне, што гэты цягнік, што называецца жыццём, ляціць з неверагоднай хуткасцю. Жыццё паглынае нас настолькі, што не даём сабе пытанняў наконт нашага падарожжа і канчатковага прыпынку. Праца, дом, праца, дом, праца, дом… Такі бясконцы круг. Няма часу падумаць. Няма часу на нішто. Цяжка працуем, каб лепей жылося нам і нашым блізкім. І тады даходзіць да абсурду: аказваецца, што гэтае імкненне да лепшага жыцця (цяжкая праца) адымае ў нас і нашых блізкіх большую частку нашага жыцця наогул! Не маем часу пажыць.
Таму Пан Бог нас перасцерагае і просіць, каб памяталі аб тым, што ёсць найважнейшае.
Скажы, пра што, пра каго думаеш, калі вязуць цябе ў аперацыйную залу, дзе чакае сур’ ёзная аперацыя? Пра найбліжэйшых і пра Бога. Гэта лагічна. А ў штодзённым жыцці што для цябе найважнейшае? Большасць адкажа: сям’я і Бог (маю на ўвазе веруючых). Лагічна. Логіка заканчваецца, аднак, у хвіліну, калі чалавек шчыра адкажа на пытанне: на што ён траціць час на працягу тыдня, месяца?.. Праца, тэлевізар, кампутар, калегі і калежанкі і г. д. Аказваецца, на Тых, хто, быццам, найважнейшы, часу нам не хапае.
Памятай! Не дай жыццю панесці сябе так, каб забыцца пра яго сэнс і мэту. Затрымайся і падумай.
2. Дзень святы. Апісанне стварэння свету перадае нам інфармацыю, што Пан Бог адпачыў на сёмы дзень пасля працы стварэння. Чалавек таксама павінен адпачыць. Канешне, яму аб гэтым патрэбна напамінаць. Даўней гэта было відавочна, калі чалавек працаваў з жывёламі. Нават конь праз пэўны час па-трабаваў адпачынку. Цяпер ужо рэдка хто працуе з жывёламі. І ўсё з большай хуткасцю чалавек удзельнічае ў так званых “гонках пацукоў”, хаця, здаецца, лепшым акрэсленнем было б “гонках машын”. Машыны не патрабуюць адпачынку.
А чалавек – не машына.
Зразумела, праца – гэта важна. Трэцяя Запаведзь не заклікае да ляноты. Пан Бог не прагны, не хоча паловы дней на тыдні. Хоча толькі, каб пасвяцілі адзін дзень – Яму, сабе і сваім блізкім.
Дзень без працы (пар. нядзеля – ад “не делай”) не можа быць днём, каб нічога не рабіць. Гэта дзень, калі мы павінны застанавіцца на тым, што найважнейшае! Якая найважнейшая з усіх запаведзяў? Запаведзь любіць Бога і бліжняга. Дзень Панскі павінен быць хвілінай рэфлексіі над сваім жыццём (маіх адносінаў з Панам Богам) і днём, пры-свечаным найбліжэйшым (перадусім яны – самыя блізкія!).
Гэта ўсё зразумела. Уявім сабе старэйшага чалавека, які на ложы смерці, які з жалем глядзіць на жыццё, якое сплыло так хутка, і які звяртаецца да блізкіх са словамі: шкада… мог яшчэ болей працаваць, а меней часу прысвячаць малітве і сям’і!
Звычайна бывае наадварот. І звычайна бывае запозна…
Таму у нас ёсць нядзеля. Каб чалавек адпачыў, застанавіўся, пабыў хвіліну з Богам і най-бліжэйшымі, каб пажыў…
Запаведзь гаворыць пра Дзень Святы. З тым няма праблемаў. У нашыя часы дзесьці згубілася пачуццё SACRUM – тое, што святое.
Відавочна не толькі гэта. Дастаткова параўнаць фільмы даваенныя, а нават 60-х ці 70-х гадоў мінулага стагоддзя, з сучаснымі, каб заўважыць змены ў мове (вульгарызмы становяцца нормаю!) і адсутнасць усякага сораму.
Пачуццё святасці вельмі цяжка перадаць у свеце, у якім аніякая святасць не ў пашане. Таму велізарную ролю адыгрывае сям’я з яе шанаваннем традыцый. Дзеці прымаюць ад бацькоў, што ў нядзелю не працуюць. У нядзелю ўся сям’я ідзе ў касцёл, а пазней – сямейны абед (адзіная магчымасць на працягу тыдня, калі ўсе могуць сабрацца і пабыць разам пры стале). І гэта павінна быць культывавана і перададзена чарговым пакаленням як непарушальнае і святое.
3. Святкаваць. Пакліканнем кожнага з нас ёсць святасць. У кнізе Левіта (Святарскай), у другім абзацы, знаходзім прызыў: “Будзьце святымі, бо Я Святы, Пан Бог ваш!”.
“Памятай дзень святы святкаваць” заахвочвае нас не толькі да шанавання таго, што святое, але таксама напамінае аб нашым асноўным пакліканні і аб уласным асвячэнні.
Калі хто свядома і з вераю “святкуе” дзень святы – сам становіцца асвячоным. Якім спосабам? Праз свядомы ўдзел у ня-дзельнай Эўхарыстыі. Тут ключавое слова – “свядомы”.
Варта паставіць сабе пытанне: чым ёсць нядзельная Эўхарыстыя? І далей: чым з’яўляецца для мяне?
Ужо сам уваход у касцёл і знак крыжа каля крапільніцы можа быць крыніцаю ласкі або – пустым, руцінным жэстам. Тое самае датычыцца ўсяго (свядомага або не) ўдзелу ў Эўхарыстыі.
Гутарка ідзе пра тое, каб ведаць, у чым прымаеш удзел. Святая Імша складаецца з чатырох частак:
-уступны абрад,
-літургія слова,
-літургія Эўхарыстыі,
-заключныя абрады.
Нават тыя, хто па розных выключных прычынах не можа прыступіць да Святой камуніі, могуць поўнасцю скарыстацца з Літургіі слова. Яна мае вялізнае значэнне, бо, як верым, Сам Бог звяртаецца да нас. Ён прысутнічае ў сваім Слове. Але аб якім заангажаванні (асвячэнні) можа ісці рэч, калі чалавек, вышаўшы з касцёла, ужо не памятае, аб чым былі чытанні Імшальныя… А перад Евангеллем усе ўстаюць, акаджаецца Кніга Евангелля, ёю можна благаслаўляць людзей – гэта знак, што Бог прыходзіць да нас праз Слова. Чалавек павінен з нецярплівасцю чакаць таго, што Бог хоча яму сказаць, і аднесці гэта да сваёй жыццёвай сітуацыі. Канешне, здараецца, што Слова Самога Бога не даходзіць да нашых вушэй, не гаворачы ўжо пра сэрца…
І, нарэшце, найважнейшае. Чым з’яўляецца Эўхарыстыя? Нават малыя дзеці перад першай Святой камуніяй павінны ведаць, што гэта ў Сакрамэнце Эўхарыстыі хлеб і віно пера-твараюцца ў сапраўднае цела і кроў Езуса Хрыста. Ці мы гэта сабе ўсведамляем? Гэта ж той самы Пан Езус, які хадзіў па палестынскай зямлі, з’яўляецца ў маім касцёле пасля слоў кансэкрацыі. Ён дакранаецца да мяне і пранікае.
Пасля прыняцця Яго ў Святой камуніі кожны з нас стано-віцца жывым табернакулюмам! Ён хоча зрабіць нас падобнымі да сябе.
Калі нядзельная Эўхарыстыя не змяняе майго жыцця, значыць нешта не ў парадку.
Памятайма, што, калі Пан Езус хадзіў па зямлі, таксама не ўсе прымалі Ягоную навуку (хоць і слухалі Яго цэлыя натоўпы) і не ўсе давалі рады падняць працу навяртання. Сёння нешта падобнае. Пан Бог зрабіў велізарны крок у бок чалавека. А зараз – чарга зрабіць крок Яму насустрач.