Пайсці дарогай супакою

кс. Андрей ЛысыШтодня медыя даносяць навіны, поўныя трывогі за нашых братоў і сясцёр у Хрысце, за дзяцей Божых, якія ў розных кутках планеты церпяць нястачу, голад, становяцца ўцягнутымі ў ваенныя канфлікты, а пасля – і ахвярамі гэтых канфліктаў. Адкуль ў свеце столькі нянавісці і зла? Як здабыць супакой у сваім сэрцы?

Аб гэтым паразважаем сёння з кс. Андрэем ЛЫСЫМ, SChr

 

 

 

“Шчаслівыя міратворцы, бо яны будуць названыя сынамі Божымі”   (Мц 5, 9).

У Евангеллі ад Мацвея, перад тым, як Езус пацвердзіў свае словы цудоўнымі ўчынкамі, Ён вучыць нас благаслаўлёнай дарозе да шчасця на зямлі і ў небе. Гэта дарога, каторая вядзе між іншых праз будаванне згоды, міру і супакою. Чаму супакой так вельмі важны і як мы яго павінны па-хрысціянску будаваць?

Святы Папа Павел VI у сярэдзіне 70-х гадоў XX стагоддзя сказаў, што “на жаль, на меру таго, як трагічны досвед апошняй сусветнай вайны ідзе ў няпамяць, адраджаецца дух рэвалізацыі паміж народамі”. Святы Ян Павел ІІ заўважыў падобную тэндэнцыю, паказваючы, што “трапятлівая памяць аб мінулым павінна ўчыніць сучасны свет больш адказным у дачыненні да магчымых надужыванняў у карыстанні свабодай, якую сённяшняе пакаленне здабыло коштам шматлікіх ахвяр”. У сённяшнім свеце Папа Францішак, беручы пад увагу ўсё новыя канфлікты ў розных кутках свету, як і большую сузалежнасць паміж краінамі, сцвердзіў, што можна ўжо казаць пра “сусветную вайну ў частках”. Як жа можам  у  такім  свеце  ўцелавіць словы Хрыста, якія Ён скіраваў да  сваіх  вучняў?  Як сёння быць міратворцам, каб дасягнуць Божага  благаславенства?

“О, як поўныя прыгажосці на гарах ногі вестуна радаснай навіны” (Іс 52, 7), – кажа прарок Ісая, спасылаючыся на Хрыста, а ў Ім – да ўсіх, хто хоча ісці дарогай супакою. Перад абліччам бездапаможнасці і незразумення, выкліканых насіллем, Бог нас кліча, каб мы былі сейбітамі надзеі. “Усталяванне супакою ў многім залежыць ад таго, наколькі мы прызнаем, што ў Богу ўсе мы з’яўляемся адной чалавечай сям’ёй. Супакой – гэта не толькі мара, гэта не ўтопія: супакой магчымы і рэальны”, – заахвочваў Папа Бэнэдыкт XVI. У сваім навучанні аб благаславенствах Езус злучае супакой  з  сыноўствам: “Альбо  мы браты, альбо ўсё рушыцца”.

Супакой, праўда, адзінства, справядлівасць – гэта падмуркі сапраўднага братэрства і супакою. Якімі ж цяжкімі часам здаюцца перашкоды, якія не даюць магчымасці супрацоўніцтва паміж людзьмі. Мы, хрысціяне, у першую чаргу пакліканыя Богам, каб здзейсніць гэты вялікі “цуд братэрства”. Ад самага пачатку Бог паказвае нам свой вялікі смутак, што вынікае з насілля паміж Яго дзецьмі: “Дзе твой брат?” – пытаецца ў Каіна пасля забойства Авеля (Быц 4, 9). Гэтае пытанне гучыць рэхам праз вякі, прыгадваючы Божы голас і патрэбу клопату пра тых, хто побач з намі на гэтай зямлі. Гэты “цуд братэрства” патрабуе  нашага  супрацоўніцтва, нашага пазітыўнага  і канкрэтнага  ўключэння, бо кожны нейкім  чынам  можа  дапамагчы будаваць  супакой. Як? Перш за ўсё Бог чакае нашай малітвы, заўсёды падчас кожнай Эўхарыстыі, калі Касцёл заклікае: “Адары наш час супакоем”.

Далей – не быць абыякавым і  не  спыніцца на тым, што ў нас няма вайны  і “дзякуй Богу”. Лагічным  з’яўляецца  тое, што, будучы дзецьмі аднаго Айца, мы цікавімся тым, што робіцца ва  ўсім  свеце. Жыццё ў хрысціянскай супольнасці абазначае, што мы перажываем за лёс іншых, як і за свой уласны. Сёння  ў  злучаным  і  інфармацыйна вельмі хуткім свеце становіцца зразумела, што заўсёды хочацца ведаць, што адбываецца, звярнуцца да медыя, якія падаюць навіны. Можа, аднак, здарыцца, што хуткасць інфармацыі, якая да нас даходзіць адна за другой, перавышае нашую здольнасць да роздуму і прыняцця. Сённяшні свет камунікацыі можа нам дапамагчы развівацца і пазнаваць альбо загубіцца ва ўсім і стаць абыякавым. У гэтым кантэксце трэба нам прыгадаць, што, калі хочам жыць у праўдзе, то існуе асабістая адказнасць, каб навучыцца таму, як быць добра праінфармаваным, а не толькі павярхоўна, без падману рэчаіснасці. З аднаго боку, варта ведаць, што нас могуць ашукаць і кожнае некрытычнае ўспрыманне інфармацыі, асабліва пра ваенныя канфлікты, можа выклікаць паніку і страх. З іншага – калі мы самі хочам падзяліцца інфармацыяй, то асоба, якая лагодна і спакойна інфармуе, будзе ў стане перадаць надзею і хрысціянскі сэнс, а не толькі паніку, зло і нянавісць.

Зразуменне пачынаецца тады, калі мы паспрабуем убачыць канкрэтных людзей, а не “натоўпы”, уцягнутыя ў ваенную завіруху. Нават калі вайна далёка ад нас, у яе цэнтры стаіць чалавек, такі самы, як і я. Мы іх не бачым, але яны там ёсць, са сваёй годнасцю, тым больш што яны найбольш безабаронныя. Такой раўнавагі ў прыняцці навін пра вайну можна дасягнуць толькі тады, калі жывём рэалізмам, напоўненым малітваю і любоўю да тых, хто нам блізкі, рэалізмам, які грунтуецца на канкрэтным штодзённым жыцці і служэнні ў справе будавання спакою ў сваёй сям’і, на працы, у грамадстве. Жыццё насамрэч  вядзе нас да таго, што мы можам памяняць – найперш  у сабе, а потым – у сваім бліжэйшым асяроддзі, каб напаўняць іх супакоем.

“Нікому  не  адплачвайце  злом за зло, але дбайце аб добрым перад усімі людзьмі. Са свайго боку, калі магчыма, жы-віце ў спакоі з усімі людзьмі” (Рым 12, 17-18). Туга аб супакоі ў шматлікіх кутках свету можа быць для кожнага з нас добрым імпульсам, каб чыніць тое, да чаго заклікае нас апостал Павел. Маем свядомасць, што часам маем свае “малыя войны і бітвы” з людзьмі, з якімі штодзённа сустракаемся. Святы Ян Павел ІІ, называны Папам сем’яў, бачыў, што менавіта ў гэтым асяроддзі можна і трэба сеяць супакой для ўсяго свету. Так казаў: “Малыя дзеці вельмі хутка вучацца пазнаваць жыццё. Яны назіраюць і наследуюць спосаб паводзінаў дарослых. Хутка вучацца любові і пашане, але таксама хутка прысвойваюць  атруту  насілля і нянавісці. Сямейны досвед будзе вельмі моцна абгрунтоўваць пазіцыі, якія яны будуць мець  у  дарослым  жыцці. Таму, калі  сям’я – гэта  першае  месца, дзе дзіця адкрываецца на свет, то яна павінна быць школаю супакою”.

f-str-27Супакой і вайна – яны аднолькава  ў  саміх  нас. Калі крыніца насілля – гэта чалавечае сэрца, то неабходна нам вучыцца ісці сцежкаю супакою ў нашых сем’ях. Сям’я – гэта незамянімая прастора, у якой сужэнцы, бацькі і дзеці, браты і сёстры вучацца размаўляць, весці  дыялог і бескарысліва клапаціцца  адно пра аднаго. Менавіта  ў  сям’і  розныя  спрэчкі і канфлікты вучымся перамагаць не сілаю, але дыялогам, пашанаю, шуканнем дабра для  іншых, міласэрнасцю і прабачэннем. З сэрца сям’і плыве радасць, якая распаўсю-джваецца  на ўсё асяроддзе і на ўвесь свет.

У пошуках  супакою на пачатку  новага  года  хочам звяртацца  да  Марыі. У  ёй можам  знайсці наш  унутраны  супакой, а  ідучы вышэй па лесвіцы – супакой  у нашым асяроддзі, у працы, у грамадстве. Касцёл называе і заклікае  Марыю як Каралеву Супакою, таму, калі адчуваем неспакой у сэрцы, у сям’і ці на свеце, да Яе прыходзім з просьбамі:

 

“Каралева супакою, маліся за нас!”

 

  Кс. Андрэй ЛЫСЫ, SChr


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий