Пост — не для цела

кс. Андрей ЛысыЗ дзяцінства ведаем, што ёсць такі перыяд перад Уваскрэсеннем нашага Збавіцеля, які называецца Вялікім пастом. Ведаем, як шчыра імкнуліся выконваць яго ўмовы нашыя продкі, наследуючы ахвяру Хрыста, і ў выніку мелі з гэтага вялікую духоўную радасць. А як перажываюць яго сённяшнія вернікі? Пра гэта разважаем з кс. Андрэем ЛЫСЫМ, SChr.

 

 

У Папяльцовую сераду мы распачалі нашую велікапосную дарогу, час, які праз сорак дзён вядзе  да  велікоднай радасці, да перамогі жыцця над смерцю. У гэтым часе хрысціяне, трываючы на малітве і ў дзейснай любові, праходзяць сваю дарогу духоўнага ачышчэння праз малітву, міласціну і пост. Варта нам прыгадаць, а  можа, і  нанова зразумець, якую ж вартасць мае для  нас  адрачэнне  ад  таго, што само па сабе з’яўляецца дабром?

У хрысціянскім разуменні пашчэнне вядзе да наследавання ахвяры Хрыста. Хрысціянін посціць, каб злучыцца з укрыжаваным Збавіцелем, укрыжоўваючы ў сабе “старога чалавека” і становячыся “новым чалавекам”. Шмат разоў пра гэта пісаў Святы Павел: “Таму зрабіце мёртвым тое, што зямное ў целе вашым: распусту, нячыстасць, пажадлівасць, дрэнныя памкненні і хцівасць, якая з’яўляецца ідалапаклонствам. З-за гэтых рэчаў гнеў Божы сыходзіць на сыноў непаслухмянасці, сярод якіх і вы калісьці хадзілі, калі жылі сярод іх. Цяпер жа і вы адкіньце гэта ўсё: гнеў, абурэнне, злосць, блюзнерства, зласлоўе з вуснаў вашых. Не хлусьце адзін аднаму, бо вы знялі з сябе старога чалавека разам з ягонымі ўчынкамі і апрануліся ў новага, які абнаўляецца для пазнання паводле вобраза таго, хто стварыў яго” (Kлс 3, 5-10). Святы Аўгусцін, які добра ведаў свае злыя схільнасці, напісаў так: “Я прычыняю сабе вялікія пакуты, каб Ён мне прабачыў, караю самога сябе, каб Ён мне дапамог, каб  знайшоў  ува  мне ўпадабанне, каб я мог спазнаць Яго асалоду”.

Пашчэнне прывучае да дысцыпліны цела, вяртае сілу нашай волі. Калі мы посцім, то нам прасцей перамагаць спакусы і змагацца з залежнасцямі. Пост мае благаслаўлёныя наступствы таксама для псіхічнай сферы: дае большую свядомасць, яснасць розуму, папраўляе памяць, засяроджанасць, крэатыўнасць.

Пост нейкім чынам рыхтуе нас да сітуацыі нястачы. Св. Павел піша да Філіпянаў: “Я ўмею быць і ў прыніжэнні, умею быць і ў дастатку; я прывучыўся да ўсяго: і насычацца, і галадаць, і быць у дастатку, і цярпець нястачу. Усё магу ў тым, хто мяне ўзмацняе” (Флп 4, 12-13). Практыкаванне посту абараняе нас ад аслупянення перад багаццем, а таксама ад прыгнечанасці ў час бяды ці нечаканых фінансавых клопатаў. Пашчэнне прывучае таксама да перажывання недахопаў у маральнай галіне, перш за ўсё сваіх, бо дапамагае ў пакуце, але таксама і бліжніх, бо павялічвае здольнасць прабачаць, дапамагае трываласці адносін, вызваляе большую адкрытасць да іншага чалавека. Пост  вяртае  гармонію  з  асяроддзем.

Ад самага пачатку Касцёл адрозніваў пост сапраўдны ад несапраўднага. “Кепскія” пасты – гэта тыя, якія засяроджваюцца на цялеснай сферы чалавека, і пасты напаказ. Перад такімі перасцерагаў хрысціян Св. Аўгусцін, калі пісаў: “Хрысціянскі пост трэба ў першую чаргу аднесці да сферы духоўнай. Перш за ўсё належыць устрымлівацца ад грахоў, каб наш пост быў прыняты Панам, а не адкінутым як у выпадку габрэйскіх пастоў у Старым Запавеце”. Пост можа стацца замаскіраванай формай эгаізму, калі засяроджваецца на нас саміх і вядзе толькі да самаўдасканалення. Аднак жа хрысціянская дарога дасканаласці вядзе да таго, “каб Ён, Хрыстус, узрастаў, а я памяншаўся” (Ян 3, 30).

Своеасаблівую “інструкцыю” посту, які мілы Стварыцелю, можна адшукаць  у старажытным творы пісара Гермаса, які называецца “Пастыр”: “Вось захавай для Бога такога роду пост: не рабі ніякага зла ў сваім жыцці, але служы Пану чыстым сэрцам
і захоўвай Яго загады. Давярай Богу, што калі менавіта так будзеш рабіць, то будзеш захоўваць пост вялікі і мілы. Перш за ўсё асцерагайся ўсялякага злога слова і злой пажадлівасці і ачысці сваё сэрца ад усіх марнасцяў гэтага свету. Да вуснаў не бяры нічога, апрача хлеба і вады, а з колькасці страў, якія меў бы ты з’есці, адлічы выдатак, які б на іх ты выдаў. Менавіта столькі дай удаве ці сіраце альбо  ўбогім, і так прыніжай сябе, каб з твайго прыніжэння карыстаў бедны і насыціў сваю душу і за цябе памаліўся да Пана”.

З гэтага тэксту вынікае, што, каб ахвяра ў форме посту сталася мілай Пану, трэба выканаць тры ўмовы:

  • Першая – устрымацца ад усялякага зла ў думках, словах і ўчынках. Гэтую ўмову заўсёды ставілі як сэрца посту, бо лягчэй нам адмовіцца ад ежы, чым, напрыклад, ад пляткарства.
  • Другая – устрыманне ад харчавання. У гэтым выпадку маем таксама дачыненне з усялякімі смакавымі рэчывамі, якія нас знявольваюць, такімі як алкаголь, цыгарэты ці наркотыкі. Мы ядзім не толькі вуснамі. Сёння мільярды людзей “заядаюцца” позіркам. Паводле даследаванняў, звычайны карыстальнік смартфона зазірае ў яго 85 разоў на дзень. Супрацьяддзем можа стаць “пост для вачэй” – гэта значыць абмежаванне кантакту з масмедыя.
  • Трэцяя – пост, які мілы Богу, заўсёды плённы на добрыя ўчынкі. Згодна са старым хрысціянскім правілам – “маім пастом павінен накарміцца галодны”. Грошы, якія мы сэканомілі на ежы, павінны быць прызначаныя на міласціну.

Варта ўзгадаць, што сам па сабе пост – гэта не заслуга, не цнота. Сёння замест рэлігійнага посту з’явілася мода на розныя галадоўкі ў імя прыгажосці
і здароўя, якія ўсхваляе сучасная медыцына, калі яны здзяйсняюцца разумным чынам. f-str-27
   У старажытнасці пасты таксама служылі ў якасці спосабу лячэння. Галадоўкаю лячыў слынны Гіпакрат і сярэдневяковы Авіцэна. Лячэбны пост, як кажуць, прадухіляе і лечыць хваробы, выводзіць таксіны, паляпшае пачуццё зроку, слыху, смаку і нюху, амалоджвае, падаўжае жыццё. Дзіўным можа падавацца і тое, што аслабленне вартасці рэлігійнага посту мае сваё месца ў часы, калі ўсё больш моцна гучаць пастулаты аб тым, каб цалкам адрачыся ад мяса, моды на вегетарыянства і веганства, а таксама барацьбы з атлусценнем. Усе гэтыя “свецкія” пасты засяроджваюцца на чалавечым целе, яго выглядзе і здароўі, што таксама мае сваю вартасць. Тым  не менш найбольшую каштоўнасць посту можам  адкрыць толькі тады, калі ўбачым яго збавенны ўплыў на духоўнае жыццё чалавека. Такі сапраўдны рэлігійны пост дазваляе кожнаму з нас учыніць з сябе цэласны дар для Бога.

Няхай  сёлетні  Вялікі пост кожнаму чалавеку, кожнай хрысціянскай  сям’і  і супольнасці паспрыяе ў паглыбленні таго, што насычае  душу, адкрывае яе на  любоў  Бога і чалавека. Асабліва  тут трэба нам памятаць, што няма посту без сакрамэнту споведзі.

 

 Кс. Андрэй ЛЫСЫ, SChr


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий