“Дый скажуць у вёсцы і пан, і мужык: яна – праваслаўная, я – каталік…”
Менавіта так бард Віктар Шалкевіч трапна ілюструе кавалак нашай рэчаіснасці ў, бадай што, самай экуменічнай беларускай песні. І мае рацыю: знаёмыя святары на практыцы змаглі дасведчыць сэнс старажытнай прыказкі “На Беларусі Бог жыве”, што мела сцвярджаць суіснаванне канфесій і этнасаў на нашай зямлі. З усіх шлюбаў, якіх у парафіі ў гэтым годзе было нямала, дзве траціны былі т. зв. “змешаныя”. І гэта ў памежным горадзе, дзе, здавалася б, жаданне самаідэнтыфікацыі прымушала б вызнаўцаў кожнай канфесіі трымацца свайго. Але “сэрца не прымусіш”, як сцвярджае іншая прыказка…
Шаноўная рэдакцыя ў самым экуменічным месяцы папрасіла прыгледзецца да еднасці хрысціянаў на практыцы, то бок у звычайнай сям’і. І хоць тэма пры ўсёй сваёй прыгажосці даволі адказная, не пасмеў адмовіць, а, уключыўшы францішканскую пакору, задумаўся: пра што менавіта расказаць. Як жыць, верыць і не крыўдзіць адно другога? Зрэшты, гэта яны і самі без нашых разважанняў ведаюць, а калі і не – на практыцы навучацца, іншага шляху проста няма. Пытанне, відаць, у іншым. Як застацца “сапраўдным каталіком / праваслаўнай” у гэтай сітуацыі “канфесійнага судакранання”? Дзе тады ў гэтай сітуацыі існуе мяжа? Што даражэй: свядомасць адзінай слушнасці ўласнай канфесіі ці неразрыўнасць і згода сужэнскай еднасці? Кажу ж, пытанне не з простых. Але, аналізуючы розныя гісторыі знаёмых, двуканфесійных хрысціянскіх сужэнстваў, знайшоў дзве рэчы, пра якія ўпэўнена магу напісаць, ведаючы, што гэтыя думкі некаму стоадсоткава спатрэбяцца. Два экстрэмумы – скрайне розныя погляды, якія, напэўна, нічога добрага ў сужэнства не ўносяць, а знішчыць могуць шмат.
Святы Кіпрыян Карфагенскі ў лісце да аднаго з афрыканскіх біскупаў на тэму спрэчкі аб важнасці хросту, удзеленага ерэтыком або схізматыкам, піша сваё знакамітае: “Па-за Касцёлам няма збаўлення (Extra Ecclesiam nulla salus)”. Паколькі св. Кіпрыян піша гэта ў трэцім стагоддзі, то не ўдакладняе, па-за якой менавіта “Эклезіяй” няма збаўлення: канфесіі з’явіліся, як ведаем, значна пазней. Аднак, хоць словы біскупа з Карфагена першапачаткова мелі на мэце зварот да хрысціянаў захаваць еднасць і чысціню веры ў Хрыстовым Касцёле, пасля яго падзелу, праз недакладнае прачытанне і разуменне надоўга сталіся па-цвярджэннем і благаслаўленнем лічыць, што толькі адна-адзіная канфесія з’яўляецца пераемніцай таго самага Хрыстовага Касцёла. І хоць тэолагі ў гэтай справе больш-менш прыйшлі да згоды, у жыцці вышэй узгаданага сужэнства з песні В. Шалкевіча ўсё можа быць не так гарманічна. Падчас падрыхтоўкі да супольнага жыцця ўяўныя “праваслаўная і каталік” жывуць у абсалютнай гармоніі і любові. Нават пытанне, у якім абрадзе ўзяць шлюб, вырашаецца больш практыкуючым бокам (або яго сям’ёй). Вядома ж – “Бог адзін”. Зразумела, што пра справы хросту і рэлігійнага выхавання думаецца, але больш у ключы “неяк будзе”, ці зноў жа – давяраецца больш практыкуючай асобе ў будучым сужэнстве. Здавалася б – цудоўна, і можам паўтарыць за старажытнымі рымлянамі: “дзе згода – там перамога”. Але, на жаль, чалавечая натура крыху больш складаная: праз нейкі час, пад уздзеяннем вечнага змагання “хто з нас мае рацыю”, хрысціянства ў такім сужэнстве, замест таго, каб яднаць, можа стаць “яблыкам ня-згоды”. Нават да моманту, калі кожны з бакоў будзе агрэсіўна навязваць сваю канфесію і бачанне хрысціянскага жыцця свайму сужанаму і дзецям, якіх – дзеля ўяўнай справядлівасці – па абсалютна незразумелым крытэрыям ахрысцяць аднаго ў каталіцтве, а другога – у праваслаўі. Каб і тату, і маме (а пры аказіі – бабулям з дзядулямі) было прыемна. І тут, самыя сабою, прыходзяць на свет некалькі пытанняў: ці не з’явіцца ў гэтай сітуацыі ў шматканфесійнай радні ацэнкі дзяцей на “лепшае” і “горшае” толькі па «прыналежнасці» да канкрэтнай, бліжэйшай сэрцу канфесіі? Як растлумачыць маленькаму праваслаўнаму, чаму яго сястрычка ў пэўным узросце перажывае Першую Камунію, а ў яго такога ўрачыстага святкавання не было і выразна не прадбачыцца? Нібы дробязі, а ўмацоўваюць і без таго балючы па-дзел хрысціянства ў межах адной сям’і. Пра абсалютную “дэзапрабату” ў выкарыстанні такой важнай і глыбокай справы як вера ў Бога, для маніпуляцыі і доказу сваёй рацыі ў побыце, думаю, не варта і ўспамінаць.
Старажытны грэцкі гісторык Плутарх для характарыстыкі паводзінаў жыхароў выспы Крыт, што падчас знешняй небяспекі навучыліся згаджацца ў сваіх адменных поглядах, ужыў тэрмін, што надоўга закараніўся ў якасці апісання зліцця розных культавых і рэлігійных плыняў. Сваеасаблівы канфесійны сынкрэтызм – бо пра яго мова – з’яўляецца іншым скрайным падыходам. Здавалася б, што дрэннага ў тым, каб усёй сям’ёй у залежнасці ад эстэтычнага прагнення выбраць, куды пайсці ў нядзелю: у царкву ці касцёл? А падвойныя святы (два літургічныя календары!) і ўвогуле – цудоўная нагода для добрага настрою. Плюс, чым больш рознага наасвячаеш, тым больш пэўнасці, што Бог у шэрай штодзённасці благаславіць. Тут таксама варта парастаўляць усе кропкі над нашай беларускай “і”: Я абсалютна не супраць супольнага святкавання (а як яшчэ быць у міжканфесійнай сям’і?), пазнавання Літургіі адно аднаго, каб разам прыйсці да высновы, што не толькі “Бог Адзін”, але нават і ў Трох Асобах, і Боская Літургія са Святой Імшою па-сутнасці – адзіная Падзяка (Эўхарыстыя) на Яго хвалу. Але адначасова вельмі мне падабаецца старая японская прыказка пра тое, што нельга дайсці да мэты двума шляхамі адразу. Так, са-праўднае паглыбленне ўласных адносін з Богам магчыма толькі, калі, шануючы іншыя канфесіі і не аспрэчваючы іх вартасць на карысць уласнай, змагу ўзрастаць у той, дзе сам спаткаў/спаткала жывога Бога. Не атрымаецца святкаваць двуканфесійнай Пасхі без падвойнага Вялікага посту. Няма мовы ў аспрэчванні чужога катэхізісу, калі з уласнага памятаеш толькі прыблізную колькасць Запаведзяў Божых і дзве вершаваныя дзіцячыя малітвы.
Маю ўпэўненасць, што чалавек, які насамрэч адкрыў і штораз больш адкрывае жывога Бога-Тройцу, не ў стане карыстацца рыторыкай варожасці ў стасунку да тых, хто шчыра верыць у таго ж самага Айца — Сына — Святога Духа, нават і ў другой Традыцыі. І калі ўжо параўноўваць у сям’і абедзве канфесіі з лёгкімі, то кожны з сужэнкаў адказны за бездакорнае дыханне поўнай груддзю. А для гэтага, парадаксальна, варта пазнаць багацце ўласнай канфесіі, каб магчы ім дзяліцца і супольна цешыцца.
а. Яўген ГОЛУБ, OFMConv