Правіла гарчычнага зерня

а. Я. Голуб, OFMConv

а. Я. Голуб, OFMConv

Пачатак  восені, новы катэхетычны год галёкае ля кляштара  маладымі галасамі, амаль штодня сустрэчы для нарачоных – хутка  скончыцца  “шлюбны сезон”… Крок  па кроку, нябачна, рыхтуемся да паўнаты хрысціянства, вернасці, любові… Не асабліва заўважаючы змены ў сабе штодзённых, падобных у гэтым  да  герояў  “садовых” прыпавесцяў  Езуса: земляроба, што чакае плёну і самога зярняці, што  расце нябачна, малымі  крокамі,  але з вялікай дынамікай. 

 

 

Трыццаць  год  цішыні 

 

 

Евангелле, дасканала апісваючы апошнія тры гады жыцця Езуса, амаль маўчыць пра трыццаць год Яго жыцця ў Назарэце. Ці ж гэта не парадокс у наш час, калі ўсе вартасці і заганы асобы прынята шукаць у дзяцінстве і падлеткавым узросце? Бог, прыходзячы ў гэты свет, большую частку сваёй зямной вандроўкі застаецца схаваны і непрыкметны, пражываючы звычайную сямейную і працоўную штодзённасць. Але памылковым было б сцвярджаць, што дробныя дэталі, з якіх тыя таямнічыя трыццаць год складаліся,  не маюць значэння. 

Яго родны Назарэт не быў вёскай. Названы ў Бібліі грэцкім словам “поліс” – што азначае “горад” – мог змясціць да 20 тысяч жыхароў. Размешчаны сярод невялікіх гор Галілеі, недалёка раўніны Йецрээл. Хлопцу патрэбна было толькі ўскараскацца на вяршыню гары, на схіле якой знаходзіўся горад, каб перад яго вачыма адкрылася захапляльная панарама, расцягнутая на некалькі кіламетраў. Англійскі падарожнік Джордж Адам Сміт  апісаў  яе наступным чынам: “ Перад вачамі назіральніка рассцілалася гісторыя Ізраэля. Адразу перад ім знаходзілася раўніна Эздраэлон, на якой Дэбора змагалася поплеч з Баракам, дзе Гедэон здзяйсняў свае перамогі, дзе няшчасце канчаткова знішчыла Саўла і дзе скончыў змаганні Ёсія. Перад ім быў вінаграднік Навуфея і месца, дзе Іюй забіў Езабэль. Тут жа бачны  горад  Сонам, дзе  калісьці жыў  Елісей, а  таксама гара Кармэль, дзе Ілля перамог прарокаў Баала. У блакітнай далечыні мроіцца Міжземнае мора і яго выспы.”

Але не толькі гісторыя Ізраэля распрасціралася з вяршыні гары над Назарэтам: свет і тры шляхі ў гэты вялікі свет былі бачныя назіральніку. Па дарозе з поўдня багамольцы крочылі пілігрымкаю ў Ерузалем; па вялікім Прыморскім шляху цягнуліся караваны з Егіпту ў Дамашак, а па вялікай Усходняй дарозе бачны былі караваны з Арабіі  і рымскія легіёны, што крочылі да ўсходніх межаў імперыі. Памылкова было б думаць, што Хрыстос вырас у глушы. Ён сталеў у горадзе, з усіх бакоў аколеным гісторыяй, ля дарог, што ядналі краіны тагачаснага свету. 

Увесь досвед Ізраэля, старазапаветная частка гісторыі адносін Бога і Яго народа, скандэнсаваная ў гэтым даляглядзе,  знайшла свой працяг у адным з жыхароў Назарэту, звычайным на выгляд Збавіцелю свету.   

 

Камандная гульня 

У кожным францішканскім кляштары падчас кароткай адарацыі на працягу дня можна пачуць “Ойча наш” у інтэнцыі новых беатыфікацый і кананізацый у Ордэне, а таксама аб святасці жыцця для братоў супольнасці. Запытаўшыся пра гісторыю гэтага звычая, часта можна пачуць жарт, што Бог даў францішканам харызму святасці, таму яны баяцца яе страціць. Але ў аснове яе ляжыць глыбокая інтуіцыя:  святасць, як і ўсе цноты, што вядуць да яе, здабываюцца малымі крокамі і найчасцей супольна. Моц кожнага з асобных звенняў забяспечвае  трываласць ланцуга.  Айцец Касцёла Эвагрый Пантыйскі сцвярджаў,  што “prantotes” – цнота эмпатыі, гэта тое, што найбольш упадабняе нас да Бога. “Сатана гняўлівы, а Бог – эмпатычны”. Бог умее суперажываць, бо Ён – Любоў. Мы, упадабняючыся да Яго, вучымся гэтай цноце, часам маленькімі крокамі. 

У 1900 годзе, здавалася, некалькі вякоў прысутнасці францішканаў у Гародні адыйшлі ў нябыт – памірае апошні манах у кляштары, зачыненым у выніку паўстання. Аднак праз дзесяць гадоў патаемна далучаецца да Ордэну ксёндз Юзэф Фордан, прымаючы манаскі хабіт і імя Мельхіёр. Сціплы і лагодны па сваёй натуры, адкрыты не толькі на каталікоў  (ля кляштара ў той час мясціліся і габрэйскія пасяленні), айцец Мельхіёр быў вядомы са шматлікіх гарадскіх легендаў: то боты свае аддасць убогаму, вяртаючыся ў кляштар басанож, то бедным габрэйскім жанчынам цяжар да дому данясе. Але найбольшы ўплыў на гара-дзенцаў мела здарэнне, што адбылося 4 верасня 1915 года, калі айцец Мельхіёр Фордан  стаў у абароне трынаццаці пажарных валанцёрскай пажарнай службы Гродна, асуджаных немцамі на расстрэл, якіх падазравалі ў шпіянажы на карысць адыходзячых з горада рускіх. Адзін з пажарных, у тэксце, надасланым праз віцэпастулатара беатыфікацыйнага працэсу Слугі Божага а. Фордана, так узгадвае гэтае здарэнне: «(…) сярод прысутных цяперашняга ніхто не адважыўся вымавіць ні слова ў нашу абарону, толькі адзін святой памяці а. Мельхіёр падыйшоў да двух нямецкіх афіцэраў, пацалаваў іх руку і стаў прасіць іх пашкадаваць жыццё пажарнікаў, аддаючы сваё ўласнае жыццё. Ігнаруючы, што нямецкія афіцэры сілай адштурхоўвалі а. Мельхіёра (…), не адступаўся і настойліва прасіў, і цалаваў рукі афіцэраў, каб яны нас не расстралялі. (…) яны пайшлі далажыць свайму генералу, які (…) асабіста спытаўся,  ці а. Фордан ручаецца за нас. Калі  а. Фордан адказаў, што асабіста ручаецца і аддае сваё жыццё за нас, тады генерал адмяніў прыгавор. Цікавым з’яўляецца і тое, што сярод пажарных былі і каталікі, і праваслаўныя, і габрэі, асабіста не знаёмыя а. Фордану». 

“Verba docent, exempla trahunt”, – сцвярджалі старажытныя  рымляне пра ўплыў добрага прыкладу на іншых. У 1922 годзе, калі  малады  францішканін Максімільян Кольбэ перанёс рэдакцыю «Рыцара Беззаганнай» з Кракава ў Гродна, старэйшы на 30 гадоў айцец Мельхіёр Фордан стаў яму спавядніком і духоўным апекуном.  Малады, тады яшчэ не святы айцец Максімільян, напэўна,  чуў пра тое, як яго спаведнік адважыўся аддаць жыццё за іншых. Магчыма, пытаў сябе пра ўласныя межы эмпатыі і самаахвярнасці, яшчэ не здагадваючыся, што праз дзевятнаццаць гадоў здзейсніць такі самы ахвярны ўчынак у Аўшвіц Біркенаў. Хто ведае, колькі ў ахвяры святога Максімільяна прыкладу Слугі Божага Мельхіёра? Святасць – заўжды камандная гульня. f-str-27

 

Звычайная святасць 

Штогод,  у нядзелю другой паловы ліпеня,  каталікі Івянца і Пяршаяў спатыкаюцца на Святой Імшы ў чыстым полі амаль на палове шляху паміж сваімі мястэчкамі. Падчас урачыстай Літургіі яны ўшаноўваюць ахвяру благаслаўлёных Ахілеса Пухалы і Германа Стэмпеня, францішканаў з Івянца, якія аддалі сваё жыццё падчас пацыфікацыі мясцовых жыхароў фашысцкімі карнікамі 19 ліпеня 1943 года. Браты-францішкане, папярэджаныя аб небяспецы, мелі літаральна адну ноч, каб вырашыць:  ратаваць сябе  ці застацца з вернікамі, якіх Хрыстос даручыў іх апецы.  Складаная і бяссонная ноч прайшла, засталася толькі цытата з Евангелля пра тое, што “Добры Пастыр аддае сваё жыццё за авечак”. Благаслаўлёныя Ахілес і Герман проста хацелі, згодна з Евангеллем, застацца з тымі, да каго былі пасланыя. Дзіўным здзяйсненнем Божага Провіду іх ахвяра захавала жыццё мясцовым жыхарам, а беларуская зямля атрымала новых благаслаўлёных заступнікаў. 

Калі, шукаючы пачаткі святасці нашых субратоў, пыталіся ў мясцовых жыхароў пра іх служэнне, нешматлікія сведкі, якія ў той час былі яшчэ дзецьмі, не маглі стрымаць узрушэння. Старэйшы ўжо мужчына, які служыў пры алтары а. Ахілесу,  да сёння памятае яго засяроджанасць пры алтары. Герман, паводле ўспамінаў, нават са сваёй роднай Лодзі прасіў пераслаць абутак для мясцовых. Калі лічыце, што святымі нараджаюцца, то…  Таго самага Германа у свой час ледзь не адлічылі з семінарыі. Простая святасць, народжаная з эмпатыі, здольная  дайсці  да вышыняў ахвярнасці.  

“Млыны Касцёла мелюць паволі”. Калісьці гэтае выказванне не давала мне, халерыку, спакою. Хацелася  тыя “млыны” хутчэй раскруціць, бо выдаваліся надта маруднымі. З цягам часу разумееш,  што сярод евангельскіх правілаў, якімі кіруецца сусвет, важную ролю займае “правіла гарчычнага зерня”: абсалютна нябачна і малымі крокамі  гэтае “grano sinapis” робіцца выразным  знакам  Божай  прысутнасці і домам для “шматлікіх нябесных  птушак”.

 

 

    а. Яўген ГОЛУБ, OFMConv 


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий