Пражыць, не працуючы?

кс. Андрей ЛысыКолькі жыве чалавек на зямлі – столькі працуе. Спрадвеку людзі апрацоўвалі глебу, сеялі зерне, збіралі  ўраджай і кармілі свае сем’і. З цягам часу змяняліся іх патрэбы, змяняліся ўмовы і характар працы, але патрэба працаваць заўсёды заставалася актуальнай.

Аб гэтым святым абавязку, элеменце нашай рэлігійнасці разважаем разам з кс. Андрэем ЛЫСЫМ, SChr

 

 

 

1 мая 1955 года натоўп пілігрымаў з Італіі і ўсяго свету напоўніў плошчу Святога Пятра ў Рыме. Найбольш было каталіцкіх працаўнікоў і іх сямей. Нагода была асаблівая, бо менавіта ў гэты дзень Папа Пій XII абвясціў Святога Юзафа заступнікам усіх людзей працы і ўстанавіў свята Святога Юзафа Рамесніка.

 

Жывём у часы вялікага і разнастайнага прагрэсу. XXI ст. – гэта час хуткага цывілізацыйнага развіцця: культуры, медыцыны, тэхнікі і кібертэхнікі, час вялікіх адкрыццяў і магутнага развіцця чалавечага розуму. Чалавек паляцеў на Месяц, паслаў ракеты на Марс, адбываецца небывалы дагэтуль росквіт генія чалавечага розуму, а таксама развіццё фізічнай працы: машыны, робаты, аўтаматы замяняюць чалавека. Сёння ўжо не прозвішча ці тытул, але менавіта праца сталася доказам вартасці чалавека. Чалавек значыць столькі, колькі сам здабудзе і заробіць. Размаўляючы з моладдзю, можна пачуць сучасны падыход да працы, які праяўляецца ў тым, каб за-шмат не рабіць, не старацца, але  ўсё мець. Моладзь турбуе ўсё часцей пошук такога заробку, які вядзе не да развіцця чалавека, але толькі да напаўнення банкаўскага і карыстання з матэрыяльных дабротаў гэтага свету.

Аднак бачым, што гэтыя матэрыяльныя вартасці не могуць учыніць чалавека больш шчаслівым, супакоіць яго ўнутраную тугу і імкненні, бо, апроч матэрыяльных, мы патрабуем перш за ўсё духоўных дабротаў, якія сабраныя ў “Божых складах”. Іх вельмі шмат, але для ўсіх людзей можна знайсці некаторыя аднолькавыя і фундаментальныя: любоў дабра, прыгажосці і праўды, а таксама каханне, дабрыня, зычлівасць, сумленнасць, справядлівасць, пашана да другога чалавека і самога сябе, адказнасць за сябе і свае паводзіны, а таксама адказнасць за іншых.

Багаслоўе падае, што праца – гэта дзеянне, якое свядома ці несвядома вядзе да падтрымання развіцця і здзяйснення чалавека, якое распачалося ў акце стварэння Богам свету і людзей. Такім чынам, добрая праца становіцца дабрынёю, міласэрнасцю, адказнасцю, дасканаласцю, адным з галоўных элементаў нашай рэлігійнасці. Праца становіцца адказам на кожнае пакліканне, адказам на Божае запрашэнне: “Пасля чаго Бог ім [людзям] благаславіў, кажучы: Пладзіцеся і размнажайцеся, каб залюднілі зямлю і зрабілі яе сабе падуладнаю” (Быц 1, 28). Праца становіцца зародкам вечнасці. Дзякуючы працы мы можам дзейнічаць на хвалу Божую, дапамагаць другому чалавеку, развіваць свае здольнасці, гэта значыць спаўняцца ў сваім жыцці. Таму кожны з нас павінен бараніцца ад таго, каб праца не стала ідалам, які аддаляе нас ад іншых, не праз недахоп часу ці каб не стацца рабом прадуктыўнасці.

Каб не загубіць сябе сярод разнастайных штодзённых абавязкаў, дабіваючыся поспеху любой цаною, скіруем наш позірк на Святога Юзафа – чалавека працы, заклікаючы яго апекі, бо верым, што ён паказвае нам вартасць і годнасць працы, адпаведны яе напрамак, якім з’яўляецца служба іншаму чалавеку, асабліва  сваёй сям’і, а праз гэта – праслаўленнем Бога.

Папа Францішак у Апостальскім Лісце Patris corde падкрэсліў: “У наш час, калі праца зноў стала вострай сацыяльнай праблемай, а беспрацоўе часам дасягае рэкорднага ўзроўню нават у тых краінах, якія на працягу дзесяцігоддзяў мелі пэўны дабрабыт, узнікае неабходнасць абноўленага ўсведамлення важнасці працы, якая надае годнасць і якой узорным апекуном з’яўляецца наш святы. Праца нават становіцца ўдзелам у справе збаўлення, магчымасцю наблізіць прыйсце Божага Валадарства, развіваць свае якасці і рысы, аддаючы іх на служэнне грамадству і супольнасці. Праца становіцца магчымасцю для рэалізацыі не толькі самога сябе, але і той асноўнай ячэйкі грамадства, якой з’яўляецца сям’я. Сям’я без працы часцей сутыкаецца з цяжкасцямі, напружанасцю, адчужэннем і нават з адчайнай спакусай разысціся. Як мы можам казаць пра чалавечую годнасць, не імкнучыся да таго, каб усе і кожны паасобку мелі магчымасць годнага ўтрымання?

Працоўны чалавек, незалежна ад таго, чым займаецца, супрацоўнічае з самім Богам і ў пэўным сэнсе становіцца стваральнікам свету, які нас акружае. Крызіс нашага часу – эканамічны, сацыяльны, культурны  і духоўны – можа быць для ўсіх заклікам нанова адкрыць для сябе каштоўнасць, важнасць і неабходнасць працы, каб даць пачатак новай «нармальнасці», з якой ніхто не быў  бы  выключаны. Праца Святога Юзафа нагадвае  нам, што сам Бог, стаўшыся  чалавекам, не грэбаваў працай”.

Кажуць, што кожнага чалавека можна “прачытаць” па яго словах і дзеяннях. Евангелісты запісалі некаторыя ўчынкі Святога Юзафа, але аніводнага слова. Гэта вельмі цікава, што жыццярыс чалавека, які быў  апекуном  Езуса Хрыста і Святой Марыі, клапаціўся пра іх, бараніў, быў галавою Святой Сям’і, яе карміцелем і апекуном, запісаны не словамі, але ўчынкамі.

Святы Юзаф быў чалавекам звычайнай, маруднай, неэфектнай і амаль нябачнай працы. Такі вось просты цясляр. Працаю сваіх рук зарабляў на ўсё, што можна назваць “штодзённым хлебам”, для сваёй сям’і. Так, як сёння мільёны людзей сваёй цяжкай і манатоннай працай – фізічнай ці інтэлектуальнай, простай, звычайнай ці выкарыстоўваючы найноўшыя навуковыя дасягненні тэхнікі, – здабываюць сродкі для ўтрымання сваіх сем’яў. Як шчыра веруючы габрэй, ён ведаў, што праца – гэта Яго святы абавязак. Таму глыбока рэлігійна разумеў вартасць працы і, нягледзячы на тое, што паходзіў з каралеўскага роду, не саромеўся трымаць у руках пілу і гэбель. Разумеў сэнс сваёй працы і жыцця як ахвяравання дару любові да Марыі і Езуса. Сутны сэнс працы ў яе духоўным вымярэнні – не толькі ў тым, што яна дае матэрыяльнае ўтрыманне, але ў тым, што з’яўляецца праслаўленнем Бога. Гэта здзяйсняецца не толькі словамі малітвы, але і штодзённай працай  і  высілкам, тады найзвыклейшая праца (прыбіранне, мыццё  посуду)  становіцца гімнам  праслаўлення   Бога  Стварыцеля.Св. Иосиф-тр-str-27

Святы Юзаф вучыць нас, што кожная праца – фізічная ці інтэлектуальная – з’яўляецца пакліканнем і заданнем, якое чалавек атрымаў ад Бога. Важна, каб ёй надаць адпаведны сэнс. З аднаго боку, не паставіць яе на п’едэстал, не стварыць ідэалогіі і не зрабіць з яе бажка. З другога – не ўцякаць ад працы, не перакладаць яе цяжару на плечы іншых. “І  ўсё,  што б вы ні рабілі словам ці  ўчынкам,  усё  рабіце ў імя Пана Езуса, дзякуючы праз Яго Богу  Айцу” (Клс 3, 17). Гэтыя словы Святы Павел, можна сказаць, прамовіў ад імя Юзафа, які ўсё  рабіў  дзеля  Езуса і з любові да Яго.  Езус  прыкладае  свае  рукі  да кожнай сумленнай працы. Ён прыйшоў  не дзеля таго, каб Яму служылі,  але  дзеля таго, каб служыць і вучыць нас, што добра і сумленна  зробленая  праца  з’яўляецца  адным  з найбольшых актаў  любові  Бога  і  бліжняга.

У іканаграфіі можам знайсці вельмі шмат прыгожых абразоў з выяваю Святога Юзафа з Дзіцяткам Езус на руках ці на каленях – пры майстэрні, калі вучыць Яго цяслярскаму рамяству, але таксама можам знайсці шмат выяваў, дзе бачым супольную малітву – праслаўленне Бога-Айца. Святы Юзаф, урэшце, вучыць нас, што нягледзячы на разнастайныя заняткі, звязаныя з працай, знаходзіў час для сваёй сям’і. Гэта сёння вельмі балюча заўважна  ў нашым грамадстве і ў сем’ях:  “няма часу для блізкіх, бо працую”.

Няхай Святы Юзаф Рамеснік заўсёды прыгадвае нам вартасць, высакароднасць і святасць працы людскіх рук і розуму, няхай для нас будзе прыкладам злучэння і гармоніі вартасцей матэрыяльных і духоўных, малітвы і працы, духа і дзеяння.

 

 

 Кс. Андрэй ЛЫСЫ, SChr


 

 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий