Першыя тры прыказанні датычацца адносінаў чалавека да Бога, астатнія сем вызначаюць нашыя адносіны з грамадствам (адносіны з іншымі людзьмі). Таму вельмі часта сустракаем ілюстрацыі каменных табліц з Божымі Запаведзямі з гэтым “няроўным” падзелам: тры на адной і сем – на другой. Гэта прыпамінае нам і падказвае, што тое, што адносіцца да Бога, – значна важнейшае! Выкананне ўсіх астатніх прыказанняў вынікае з любові да Бога. Варта памятаць аб гэтым падчас споведзі – найперш патрэбна вызначыць свае грахі адносна першых трох прыказанняў, і толькі пазней – іншыя. Ніколі не наадварот.
Чацвёртае прыказанне выдаецца чымсьці натуральным. У нашых разважаннях застановімся на наступных пунктах:
1. Благаслаўленне, звязанае з чацвёртым прыказаннем.
2. Павага да бацькі і маці.
3. Бацька і маці – узор для сваіх дзяцей.
А зараз па чарзе. 1. Поўную версію чацвёртага прыказання можам знайсці ў Кнізе Другазаконня (5,16): “Шануй бацьку твайго і маці тваю, як загадаў табе Гасподзь, Бог твой, каб быў ты даўгавечны і каб добра табе было на той зямлі, якую табе дае Гасподзь, Бог твой”.
Гэта – першае прыказанне, звязанае з благаславенствам, якое датычыцца зямнога жыцця і даўгавечнасці. Як і ва многіх іншых момантах (напрыклад, адпусці нам правіны нашыя, як і мы адпускаем…), Святое Пісанне гаворыць чалавеку, што гэта не Пан Бог пазбаўляе (не) чалавека благаславенства і прабачэння, шчасця і жыцця вечнага – гэта ўсё залежыць ад чалавека, яго лёс і будучыня залежыць ад яго самога. Дастаткова толькі прыстасавацца да Божых “рэкамендацый”.
Варта рабіць гэта перакананым, што менавіта Пан Бог з’яўляецца “канструктарам” людской машыны. Ён пакінуў нам інструкцыі і падказкі, пры якіх умовах гэтая машына можа функцыяніраваць добра і эфектыўна.
Чацвёртае прыказанне, ня-гледзячы на тое, што выдаецца натуральным і відавочным, наогул такім не з’яўляецца, нягледзячы на тое, што выкананне яго павінна быць гарантыяй паводзінаў і даўгавечнасці. Бывае, што нават малыя дзеці без павагі адносяцца да сваіх бацькоў. Па-рознаму бывае гэта, калі бацькі знаходзяцца ўжо ў пажылым веку… Толькі адкуль тады здзіўленне, што “мне так не шанцуе ў жыцці”? А чаму табе па-вінна шанцаваць, калі ты не выконваў чацвёртага прыказання?!
2. Павага да бацькоў.
Пан Бог пакінуў інструкцыі і падказкі на дарозе да шчасця і збаўлення. На жаль, чалавек (з-за падшэпту д’ябла) выбірае зусім іншыя дарогі, якія вядуць не толькі яго самога, але і цэлыя супольнасці да няшчасця і катастрофы… Пан Бог стварыў мужчыну і жанчыну. Сёння чалавек спрабуе гэта змяніць. Сужэнства – гэта саюз мужчыны і жанчыны, але сёння яго спрабуюць перайначыць (можа дзве жанчыны або двое мужчын?). Урэшце, сям’я. Сям’я – гэта мама, тата і дзіця або дзеці… Лагічна, праўда? Нядаўна ўрад Вяліка-брытаніі прыняў права, што дзіця можа мець траіх бацькоў (!) – дзвюх маці і аднаго бацьку (яйцаклетка адной жанчыны штучна апладняецца і падсаджваецца ва ўлонне другой жанчыне). Гэта напамінае фільм жахаў з эксперыментамі на людзях, але гэта не фільм – смутная рэчаіснасць. Рэчаіснасць, у якой “мудры” чалавек “папраўляе” Пана Бога! Аднак такая забава ў Пана Бога вельмі “дорага каштуе” і заўсёды вядзе да няшчасця.
Давайце прыпомнім, што на тэму павагі і ўдзячнасці, з погляду бацькоў, гаворыць Святое Пісанне ў Кнізе Сіраха (3, 1-16): “… паслухайце, дзеці, і так паступайце, каб былі збаўленыя. Бо Пан узвысіў айца над сынамі і зацвердзіў права маці над сынамі. Хто шануе айца, атрымае адпушчэнне грахоў, а хто шануе маці – той набывае скарбы. Хто шануе бацьку, будзе мець радасць з дзяцей і падчас малітвы свае будзе пачуты. Хто шануе бацьку, будзе доўга жыць, а паслухмяны Госпаду заспакоіць сваю маці (…) і, як панам, паслужыць тым, якія нарадзілі яго. Учынкамі і словам шануй бацьку свайго, каб спачывала на табе яго благаславенства. Бо благаславенства бацькі – апора для дому дзяцей, а праклён маці разрушае фундаменты. Не шукай славы ў бясслаўі бацькі, бо ганьба бацькі не хвала для цябе. Хвала для кожнага чалавека выплывае з годнасці бацькі, а маці ў няслаўі – ганьба для дзяцей. Сын, дапамагай бацьку свайму ў старасці яго, не засмучай яго ў жыцці. А каб нават ён страціў розум, май спагаду, не пагарджай, хоць ты поўны сілы. Міласэрнасць да бацькі не будзе забыта, замест грахоў паселіцца ў табе. У дзень смутку твайго будзе памяць і пра цябе, і, як лёд ад цяпла, расплывуцца грахі твае. Хто пакідае бацьку свайго – тое, што й блюзнер; і пракляты ад Пана, хто прыводзіць у гнеў маці сваю”. (Сір 7, 27-28): “Усім сэрцам шануй бацьку свайго і не забывай балеснай мукі маці сваёй! Памятай, што яны нарадзілі цябе. А што вернеш ім за тое, што яны далі табе?”
Гаворка тут пра звычайную ўдзячнасць. Самае што ні ёсць натуральнае і асноўнае. Ніхто з нас не перажыў бы першых месяцаў і гадоў жыцця, каб не дапамога і самаахвярнасць трэціх асоб. Найчасцей гэта былі нашыя бацькі. Яны прывялі нас у гэты дзіўны, прыгожы, але адначасова поўны небяспекі свет. Гэта матчыны далоні і яе плечы давалі нам спакой і пачуццё бяспечнасці пасля таго, як прыйшлі ў гэты свет.
Варта аб гэтым памятаць асабліва тады, калі бацькі паволі набліжаюцца да мяжы жыцця і да пераходу ў свет іншы. Тады яны патрабуюць блізкасці сваіх дзяцей. Тады рукі дачкі або сына могуць заспакоіць бацьку або маці на Божай пасцелі. У такім выпадку санітарка і нават самая найлепшая абслуга ў доме састарэлых не заменіць родных дзяцей. Давайце памятаць аб гэтым…
У выпадку смерці бацькоў выразам нашай пашаны да іх з’яўляецца не толькі наведванне могілак і клопат аб парадку ў месцы іх апошняга зямнога прытулку, але перадусім малітва за іх, асабліва Эўхарыстыя (напрыклад, у гадавіну смерці).
3. Бацька і маці – узор для сваіх дзяцей.
Чацвёртае прыказанне мае яшчэ іншы бок. Хоць сфармуліраванае “Шануй бацьку свайго і маці сваю” ёсць безумоўнае, аднак давайце памятаць і аб тым, што бацькі павінны імкнуцца жыць так, каб узбуджаць павагу, а не кіравацца толькі крыкам на дзяцей і вымаганнем.
Павага – гэта не тое, што можам забяспечыць сабе прававымі нормамі. Калі які-небудзь кіраўнік скардзіцца, што людзі не паважаюць яго, варта задаць пытанне: ці заслугоўвае ён гэтай павагі… Нешта падобнае і з аўтарытэтам бацькоў. Здараецца, што дзеці бываюць больш дасканалыя па многіх пытаннях (у тым ліку звязаных з верай), чым іх бацькі. Сустракаюцца дарослыя дзеці, якія моляцца аб дары навяртання для сваіх няверуючых бацькоў! Але ж так быць не павінна!
Давайце памятаць аб тым, што цяжка шанаваць бацьку, які сам сябе не шануе… Калі сын бачыць штодня свайго бацьку п’янага, бруднага, вульгарнага, бацьку, які гультай, хам і злодзей – то што ў ім шанаваць і чым ганарыцца?!
Гэта вельмі цяжкая праблема. Звычайна дзеці дубліруюць гісторыі сваіх бацькоў: дачка, якая мела бацьку алкаголіка, шукае сабе падобнага мужа і спрабуе яго “ратаваць”. На жаль, большасць матываў нашых паводзін у грамадстве мы выносім з дому. Або гэта будзе несупынная сварка і праклёны – або канструктыўныя размовы, давер і любоў.
Адсюль велізарная роля бацькі і маці. Гэта ад іх дзеці павінны навучыцца: хлопец вучыцца ад бацькі быць мужчынаю, мужам і бацькам, дзяўчынка – ад маці: як быць жанчынаю, жонкаю і маці. Гэта першая, найважнейшая і незамянімая школа. Школа, з якой чэрпаем на працягу ўсяго жыцця.
кс. Яцэк ДУБІЦКІ, СМ
Фота Карнэлія КОНСЭКА, SVD