Шмат дарог, але мэта адна

кс. Андрей ЛысыУ жыцці кожнага чалавека прыходзіць час прымаць важныя рашэнні, і выбар жыццёвай дарогі –  адно з іх. Для веруючых гэта асаблівы час выбару паклікання. З насцярожанасцю і глыбокім перажываннем пытаемся тады: якое маё пакліканне? Якая воля Бога адносна мяне? Чаго Бог ад мяне хоча? Пра гэта разважаем сёння разам з кс. Андрэем ЛЫСЫМ, SChr

 

 

Шмат людзей, калі задаюць сабе такое пытанне, хочуць пачуць канкрэтны  адказ. Але  пытанні задаюць не толькі маладыя людзі на пачатку жыццёвага выбару, але і тыя, хто яго даўно  зрабіў. Часам жыццёвы досвед схіляе да таго, каб  паразважаць пра свой шлях, ці добра выбралі і распазналі сваё  пакліканне, ці, можа, я памыліўся.

Пытанне аб пакліканні мае сэнс толькі ў кантэксце веры, г. зн. адносін чалавека з Богам. Бо гэта менавіта Бог кліча чалавека.

Распазнаючы пакліканне, вельмі часта больш ці менш свядома мяркуем, што Бог мае ўжо гатовы, асаблівы план для нас і чакае ад нас, каб мы яго выканалі. Той, хто адпаведна распазнаў волю Бога адносна сябе і велікадушна адклікнуўся на Божае запрашэнне, можа лічыцца з Божым благаслаўленнем, якое ўчыніць жыццё чалавека ўдалым і шчаслівым. Адпаведна, той, хто не адгадае Божых планаў, альбо будзе ім працівіцца, будзе мець няўдалае жыццё.

На жаль, у такім разуменні паклікання схаваны зусім не хрысціянскі вобраз Бога, калі мы ўяўляем яго неяк карыкатурна, што Пан Бог недзе ў сваёй таемнай картатэцы мае “тайныя” дакументы кожнага чалавека з запісаным праектам жыцця. Заданнем чалавека з’яўляецца адгадваць іх змест. Гэта вельмі цяжкае заданне, амаль немагчымае да выканання, не кажучы пра тое, што тут няма месца на свабоду чалавека, якую так моцна падкрэсліваюць у хрысціянстве. Таму не здзіўляе факт, што шмат маладых людзей увогуле не хоча гаварыць пра пакліканне, бо што ж тады здарылася б, калі б аказалася, што Божыя планы зусім іншыя, чым мае асабістыя імкненні? Адкідваючы думку аб пакліканні, якое ўяўляюць такім чынам, адкідваюць ідэю Бога, які чыніць нас нявольнікамі. Акрамя таго, такое ўяўленне Бога і паклікання адкрывае брамку для бязлікіх праверак тых рашэнняў і выбараў і ставіць пад знак пытання вернасць выбарам, зробленым да гэтага часу.

Папа Францішак навучае, што пакліканне да святасці тычыцца ўсіх людзей. Пантыфік прыгадвае не толькі пра паўсюднае пакліканне да святасці, але і таксама паказвае яго асабісты характар і паказвае, як рэалізаваць гэтае пакліканне ў сучасным свеце, у нашым сёння. Пакліканне не абмяжоўваецца толькі да таго, каб паказаць мэту жыцця, але перш за ўсё паказвае дарогу да гэтай мэты. Гэтае пакліканне не з’яўляецца нейкай накінутай нам Божай праграмай, але яно вельмі моцна шануе нашую свабоду. Таму таксама выкананне паклікання, якое дадзена кожнаму з нас, залежыць ад свабоднага выбару чалавека і прыняцця сваёй асабістай дарогі да святасці.

Калі разважаем пра розныя дарогі да святасці, то трэба адназначна сказаць, што не існуе святасці “другога сорту”. Пакліканне – гэта не справа людзей, адораных правілегіямі, і нельга яго аднесці толькі да нейкага выбранага стылю жыцця (біскупы, святары, манаскія асобы). Езус нікога не выключаў, кажучы “будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны” (Мц 5, 48). Бог кожнага ў аднолькавай ступені кліча да святасці. Няма хрысціян “другога сорту”. Канечне, святасць, да якой кліча Бог, знаходзіцца высока, але яе магчыма дасягнуць кожнаму на дарозе асабіста выбраных прафесій і служэнняў.

Пакліканне да святасці спаўняецца на розных прафесійных дарогах, таму гэта дарога вельмі асабістая для кожнага хрысціяніна. Разнастайнасць дарог да святасці вынікае з асабістага характару, таму можам сказаць: колькі людзей – столькі дарог да святасці. Таксама добра разумеем, што, каб пакліканне магло ўзрастаць, патрэбныя адпаведныя ўмовы для яго развіцця.  

Прыкладам першага і найлепшага асяроддзя з’яўляецца сям’я, якая ў шчырасці адкрываецца на Бога і супрацоўнічае з Яго ласкаю.

Калі гаворка ідзе пра супрацоўніцтва з Богам, то варта звярнуць увагу на першынства ласкі перад высілкам чалавека на дарозе да святасці. Звяртаючыся да біблійнага апісання стварэння чалавека, бачым, што Бог стварае, каб чалавек працаваў, таму менавіта старанная і адданая праца з’яўляецца выразам супрацоўніцтва з Богам. Па-хрысціянску  наследаваць Хрыста – быць перш за ўсё звернутым да Айца. Так рабіў Езус, сустракаўся на малітве з Айцом, перад тым як здзяйсняў “сваю працу”. Такім чынам, дарога да святасці – гэта цуд спалучэння малітвы і працы ў штодзённасці. Ведаем, што гэта нялёгкі высілак, таму заўсёды трэба пяршынства даваць Богу і ад Яго чэрпаць сілы і натхненне на плённую працу. Часам нам папросту не хочацца, і тады адчуваем, як нашая воля зраненая грахом, бо перастаем клапаціцца аб тым, што добрае і карыснае. Штодзённыя злыя і грахоўныя звычкі перашкаджаюць рабіць дабро і верна крочыць дарогаю паклікання да святасці. Бог шануе нашую свабоду, таму чалавек можа дазволіць Яму дакрануцца да сваёй свабоды і атрымаць своеасаблівы штуршок, каб не стаяць на месцы, – гэта добрая і рэгулярная споведзь. Высілак чалавека без Божай ласкі не вядзе да святасці і часта зусім непрыдатны. Дзякуючы Божай ласцы, мы можам перамагаць розныя пера-шкоды, знешнія і ўнутраныя, бо Бог пануе не над нашай воляй, а над грахом, якому мы часта паддаёмся.

Калі ўзгадаем пра святасць у сучасным свеце, то варта звярнуць увагу на пагрозы, заклікі і магчымасці. Папа Францішак навучае, што святасць патрабуе малітвы, бо без яе адно чалавечае намаганне не дазволіць здабыць святасць, якую жадае Бог. Хрысціянін бачыць сябе і свет з пункту гледжання Бога, інакш, чым бачыць свет. Чалавек не здабудзе святасці, калі займаецца толькі справамі гэтага свету. Звяртаючыся да факту хросту, праз які чалавек нараджаецца для Касцёла, Пантыфік кажа: “Ніхто не нараджаецца ў Касцёле як святар ці манах, а менавіта як свецкая асоба”, таму нельга забывацца, што Бог кліча людзей у іх асяроддзі, каб менавіта там выконваць сваё пакліканне – у сям’і і ў працы. Асвячэнне свету  паводле Божага плану – гэта місія ўсяго Касцёла, дзе свецкія людзі ствараюць асаблівую крыніцу.

Сярод “ворагаў святасці» можам сёння асаблівым чынам адзначыць спажывецкі менталітэт, пры якім  да чалавека ставяцца як да прадмету,  адбіраючы яго годнасць. Іншай пагрозай з’яўляецца  маладушнасць, недахоп адвагі і спакуса ўцячы ў бяспечнае месца і прывыкнуць да выгаднай і часта грахоўнай стабільнасці. Не трэба забывацца аб тым, што сатана гатовы зрабіць усё, каб перашкодзіць нам у дарозе да святасці. Таму штодзённыя заданні  хрысціяніна – гэта духоўная барацьба з лянотаю і адчаем, руплівасць і распазнаванне розных магчымасцей, каб праявіць сваю любоў і клопат у асяроддзі сям’і і працы.f-str-27

Як сучасны чалавек мае бараніцца перад “ворагам святасці”? Перш  за  ўсё трэба палюбіць праўду, каторая чыніць свабодным  кожнага, хто яе прымае. “Касцёл патрабуе сёння як хлеба містычных рэалістаў, а не лёгкадумных мадэрністаў”. Гэтыя слова Панты-фіка звяртаюць нашу ўвагу на тое, што выкананне паклікання да святасці паводле сваёй жыццёвай дарогі цесна звязана з пяшчотай і пільнасцю. Пільнасць без пяшчоты можа змяніцца пастаянным падпільноўваннем, а пяшчота без чуйнасці можа змяніцца ў наіўнасць. Св. Тамаш  Аквінскі  звярнуў увагу, што пакліканне  можа  быць вельмі цяжкім для вернікаў, таму трэба рабіць усё магчымае, каб так не было. Перш за ўсё – вызваліцца ад стэрэатыпаў, што святасць – толькі для  выбраных. Тое, што чыніць дарогу  да  святасці магчымай, хоць і не лёгкай для кожнага, – гэта любоў. Святасць становіцца не цяжарам жыцця і штодзённай працы, але поўнаю надзеі і  Божай  ласкі школаю любові.

 

 

  Кс. Андрэй ЛЫСЫ, SChr


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий