У апошнія гады дарослыя ўсё часцей выказваюць сваю незадаволенасць тым, што дзеці вельмі шмат часу праводзяць у інтэрнэце. Дайходзіць да таго, што яны атрымліваюць ад яго залежнасць, якая пагражае перарасці ў хваробу. Абмежаваць для іх карыстанне інтэрнэтам? Але хіба гэта выйсце? Аб праблемах, звязаных з карыстаннем электроннымі СМІ, разважаем з кс. Андрэем ЛЫСЫМ, SChr.
Айцы Сіноду на тэму сям’і ў Amoris letitia пажадалі падкрэсліць, што “адным з асноўных выклікаў, якія сёння стаяць перад сем’ямі, безумоўна, з’яўляецца справа выхавання, якая стала яшчэ больш цяжкай і складанай у сучаснай культурнай рэчаіснасці і на якую вялікі ўплыў аказваюць СМІ”.
СМІ, асабліва камп’ютар і інтэрнэт, за вельмі кароткі час атрымалі вялікую папулярнасць сярод карыстальнікаў. Электронныя медыя ўжываюць у большасці маладыя людзі. Вельмі часта карыстанне і стаўленне да медыя вядзе да занядбання іншых дзеянняў, такіх як навука, праца ці хатнія абавязкі.
Псіхолагі падкрэсліваюць, што ў карыстальнікаў СМІ выпрацавалася своеасаблівае стаўленне да іх. Што такое стаўленне? Гэта трывалае пазітыўнае ці негатыўнае аднясенне чалавека да нейкага прадмету, асобы, рэчы ці з’явы, якія “ўцягваюць” волю, пачуцці і актыўнасць. У сучасным свеце можна знайсці стаўленне да медыя пазітыўнае, нейтральнае, а таксама і негатыўнае. Добра ведаем з досведу, што большасць грамадства мае пазітыўнае стаўленне. Такія людзі прымаюць СМІ нягледзячы на розныя недахопы, ахвотна супрацоўнічаюць са светам медыя і клапоцяцца пра паляпшэнне медыйнага свету. Іншая пазіцыя ў тых карыстальнікаў, якія выказваюць негатыўнае стаўленне. Яны бачаць пагрозы з боку медыя і стараюцца засцерагаць тых, хто несвядома імі карыстаецца. Яны самі абмяжоўваюць карыстанне, бо не бачаць у гэтым нічога добрага. Яшчэ іншае стаўленне ў тых, хто мае нейтральны падыход. Яны час ад часу карыстаюцца медыя, але не прысвячаюць ім дастатковай увагі, не атакуюць і не падтрымліваюць дзеянне медыя.
Найбольшай пагрозай з’яўляецца тое, што карыстанне СМІ можа прывесці да залежнасці ад іх. Сусветная Арганізацыя Аховы Здароўя падкрэслівае, што залежнасць – гэта псіхічны, а часам і фізічны стан, які з’яўляецца вынікам узаемадзеяння паміж жывым арганізмам і сродкам, што стварае залежнасць. Яна характарызуецца зменай захоўвання або іншымі рэакцыямі, якія заўсёды змяшчаюць прымус да карыстання гэтымі сродкамі пастаянна ці часова, каб пазбегнуць дрэннага самаадчування. Асоба, залежная ад медыя, пачынае жыць віртуальным светам, фікцыйным, а праз гэта губляе кантакт са светам рэальным. Карыстанне медыя становіцца апантанасцю, залежны не пануе ані над часам, які прысвячае медыя, ані над сваім захоўваннем. Вельмі цяжка акрэсліць момант, калі пачынаецца залежнасць ад медыя, – кожны карыстальнік па-свойму ўспрымае той самы змест і мае іншую ўражлівасць і характар. Адназначна можна сказаць, што людзі псіхічна больш устойлівыя радзей паддаюцца залежнасцям і лепей спраўляюцца з праблемамі. Вялікае значэнне ў гэтай справе маюць таксама адносіны паміж дзецьмі і бацькамі. Дзеці і падлеткі, якіх недацэньваюць, занядбоўваюць (таксама эмацыянальна) маюць шмат комплексаў і шукаюць сваёй вартасці ў сетцы, часцей паддаюцца залежнасцям. Калі рэальны свет і сямейнае жыццё для іх не прывабныя, то яны пачынаюць шукаць уражанняў у медыя і там іх знаходзяць. Там ствараецца новае жыццё, новыя адносіны і новы свет. Жыццё анлайн.
Звяртаючыся да даследаванняў сучасных псіхолагаў, можна заўважыць, што найхутчэй залежнасць наступае ад тэлебачання і камп’ютарных гульняў. У дзяцей гэтая залежнасць можа ўзнікнуць пасля некалькіх месяцаў карыстання, фаза залежнасці ад інтэрнэту можа з’явіцца пасля года карыстання. У дарослых яна наступае значна пазней. Варта ў гэтым месцы задаць сабе пытанні, каб зразумець, ці глыбока і наколькі я “ўцягнуты” ў залежнасць ад медыя. Як праводзіш свой вольны час? Якімі медыя карыстаешся? З якой мэтай выкарыстоўваеш медыя?
Чалавек – гэта грамадская істота і таму не можа жыць у ізаляцыі ад грамадства. Міжчалавечыя кантакты неабходныя для поўнага і правільнага развіцця. Сучасныя інфармацыйныя дасягненні дазваляюць камунікаваць з асяроддзем нягледзячы на час і адлегласць. Форма, якая пераважыла камунікацыю, – гэта інтэрнэт. Розныя камунікатары і сацыяльныя парталы спрыяюць хуткаму абмену інфармацыяй. Гэтымі формамі карыстаюцца, перш за ўсё, маладыя людзі. Заганай камунікацыі анлайн з’яўляецца рызыка трапіць у залежнасць ад іх, грамадскі адыход і цяжкасці ў стварэнні і падтрымцы непасрэдных адносін у што-дзённасці.
Надышлі часы, калі кнігі з паперы замянілі э-букі – гэта значыць электронныя кнігі. У сучасным свеце ўсё становіцца электронным і віртуальным – таксама размовы і чытанне. У маладых карыстальнікаў рэдка ўзнікаюць бар’еры ў адносінах да медыя, якімі яны цалкам запаўняюць свой час. Яны не могуць ўявіць сабе жыцця без іх. Аднак такая зацікаўленасць электроннымі медыя і новымі тэхналогіямі не вядзе да павелічэння колькасці чытання, а, на жаль, наадварот.
СМІ найчасцей адназначна спалучаюцца з адмоўным уплывам на карыстальніка: насілле, парнаграфія, залежнасці. Нягле-дзячы на гэтыя факты, трэба таксама звярнуць увагу на пазітыўныя аспекты медыя. Сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі маюць шмат розных функцый. Несумненна, у іх можна ўключыць функцыю культурную, адукацыйную і інфармацыйную. Менавіта дзякуючы медыя людзі здабываюць веды пра розныя адкрыцці, пазнаюць інфармацыю з усяго свету і найбліжэйшага асяроддзя. Каб медыя маглі пазітыўна ўздзейнічаць на сваіх карыстальнікаў, трэба дапасаваць змест пераказу да таго, хто ім карыстаецца, праграм і ўзросту і этапу развіцця. І тут фундаментальнае значэнне маюць бацькі і выхавацелі, якія, ведаючы патрэбы сваіх дзяцей, могуць выбіраць адпаведныя для іх праграмы, а іншыя – блакіраваць.
Падсумоўваючы гэтыя разважанні, трэба адназначна сцвердзіць, што медыя маюць моцнае ўздзеянне на сучаснага чалавека амаль што ва ўсіх сферах жыцця. Вельмі выразна відаць, што медыя маюць негатыўны ўплыў на дзяцей і на моладзь. Замяняюць яны форму рэалізацыі і міжасабовай камунікацыі, замяняюць трыдыцыйныя кнігі. Звяртаючыся да даследаванняў, бачым, што асабліваму ўплыву медыя паддаюцца маладыя карыстальнікі, што вельмі часта вядзе да залежнасці ад медыя. Жывём у інфармацыйным грамадстве, дзе амаль што кожны мае доступ да камп’ютара і інтэрнэту. Аднак не кожны карыстальнік свядомы адносна пагрозаў і небяспекі, звязаных з жыццём анлайн. Кожная інфармацыйная прылада змяняе нейкую частку нашага жыцця – наш спосаб камунікацыі, працы і адпачынку. Сетка змяняе ўсё адразу, і неразважлівае ці безадказнае карыстанне вядзе да шматлікіх цяжкасцей у рэальным жыцці.
Гэтага працэсу ніхто не можа затрымаць у грамадстве – яно і не трэба. Варта ва ўсім гэтым знайсці сябе і не даць загубіць. Таму вялікае значэнне маюць адказныя хрысціянскія бацькі. Сінадальныя айцы выказалі такую думку: “Здаецца, праблема нашых дзён заключаецца не столькі ў празмерна настойлівай апецы бацькоў, колькі ў іх адсутнасці, ухіленні ад абавязкаў. Бацькі нярэдка настолькі засяроджаныя на сабе і на сваёй працы, а часам і на сваёй самарэалізацыі, што нават забываюць пра сям’ю. Яны пакідаюць дзяцей і моладзь адных”. Прысутнасць бацькі, a таксама яго аўтарытэт змяншаецца за кошт павелічэння колькасці часу, які мы адводзім СМІ і тэхналогіям забаў. Акрамя таго, сам аўтарытэт сёння ўспрымаецца з падазронасцю, а дарослыя моцна аспрэчваюцца. А прычына ў тым, што яны самі пакідаюць тое, што з’яўляецца бясспрэчным, і таму не даюць дзецям надзейных і добра абгрунтаваных арыентыраў. Дрэнна, што даходзіць да замены роляў паміж бацькамі і дзецьмі, бо парушаецца правільны працэс сталення дзяцей і ім не даецца любоў, здольная накіроўваць іх і дапамагаць ім у сталенні».
Кс. Андрэй ЛЫСЫ, SChr
Фота Карнэлія КОНСЭКА,SVD