Пасыпалі галаву попелам і вызначылі для сябе цвёрдую пастанову на перыяд Вялікага Посту. Толькі адну?.. Адну, але галоўную. І гэтая пастанова – напоўніць сваё жыццё глыбокім Божым зместам, прыняць, урэшце, прапанову Госпада: «Прыйдзіце да Мяне ўсе…».
Аб пастановах разважаем разам з кс. Андрэем ЛЫСЫМ, SChr
Вельмі цікавым было адно з маіх перажыванняў з дзяцінства ў бабулі і дзядулі на вёсцы, куды я прыехаў падчас школьных вясновых канікулаў. Памятаю, як вельмі чакаў я вечара, бо тады, як заўсёды, можна было ўключыць тэлевізар, паглядзець мульцікі ці іншы фільм, было так цікава! На гэты раз было зусім інакш. Ужо калі адчыніў дзверы ў хату, заўважыў, што на аб’екце маёй дзіцячай зацікаўленасці з’явілася заслонка ў выглядзе прыгожай накрахмаленай сурвэткі, якая закрывала амаль увесь экран. «Гэта, пэўна, так, для “дэкарацыі” паклала бабуля», – падумаў я. Але якім жа было маё здзіўленне і расчараванне, калі прыходзіла “рытуальная” гадзіна тэлебачання, а тут нічога не рабілася. У такім выпадку я самастойна прыгатаваўся да прагляду, зняў сурвэтку і сеў на ложак, націснуў чырвоную “кнопку”. Калі прыйшла бабуля, то адразу звярнула маю ўвагу, што гэтак брыдка рабіць, бо навошта знімаць заслонку і ўключаць тэлевізар без дазволу?
«І што, не будзем сёння глядзець?», – збянтэжана пытаўся я. «Не, ані сёння, ані заўтра. Вазьмі сурвэтку і закрый тэле-візар, цяпер жа Вялікі Пост, забыўся?» . «А “радзіволу” таксама нельга слухаць?». «Не», – адказала бабуля з любоўю і ўсмешкай. «Але чаму?». «Бо цяпер трэба больш Бога слухаць, хадзі лепш паўторым пацеры, а можа яшчэ што-небудзь вывучыш, бо пэўна шмат чаго пазабываўся…».
З таго часу, наколькі сябе памятаю, на час Вялікага Посту заўсёды маю толькі адну пастанову: накінуць сурвэтку на свае вочы і вушы, каб увайсці глыбей у досвед цішыні. Цішыня – гэта адна з найстарэйшых і найбольш пажаданых з’яваў у свеце. Менавіта яна злучае знешні свет са светам унутраным, духоўным, а таксама з’яўляецца адказам на патрэбы сучаснага чалавека. Чалавека, які ў часы масавай інфармацыйнай блытаніны і абсурдаў часта адчувае пустату, фрустрацыю або нават страх.
Усе мы становімся пакаленнем эпохі гоману, шуму і неспакою. Увесь час гонімся за тэхнічнымі навінкамі, з якімі часта звязана ўзрастанне гучнасці. Асабліва ў горадзе, хіба ўжо рэдка можна спаткаць людзей, якія б не мелі навушнікаў у вушах і пастаянна не ўзіраліся ў экраны сваіх тэлефонаў. З другога боку, гледзячы толькі па-чалавечы, цішыня – гэта супрацьлегласць гоману: супакойвае, дае радасць, дазваляе сапраўды адпачыць. Бывае творчай прыстанню для паэтаў, пісьменнікаў, артыстаў, дзякуючы ёй маем магчымасць на нечым засяродзіць сваю ўвагу. Маці Тэрэза з Калькуты казала: “Цішыня дае нам новы позірк на ўсё. У цішыні можам знайсці новыя сілы і сапраўднае адзінства”.
Хацелася б звярнуць увагу на тое, што цішыня выказваецца некалькімі спосабамі: праз маўчанне, роздум, сузіранне. Кожная форма выконвае нейкае спецыфічнае заданне ў будаванні грамадскіх адносін, а таксама ў адносінах да самога сябе. Сутнасць цішыні звязана з глыбокай патрэбай кожнага чалавека знаходзіць і фарміраваць сваю індывідуальнасць. Цішыня мае сваю глыбіню, якая раскрываецца толькі тады, калі мы ў ёй удзельнічаем. Можа мець напрамак вертыкальны – адносіцца да Бога, а таксама гарызантальны – у адносінах з людзьмі. Гэта вельмі асабістае перажыванне ў дарозе да дасканаласці, якое дазваляе кожнаму чалавеку знайсці ў сабе вартасць, а потым перанесці яе на нейкую канкрэтную і добрую дзейнасць. Таму раяць святыя: перад тым, як нешта зрабіць, трэба памаліцца, увайсці ў цішыню, паслухаць Бога і набрацца сілаў.
Хрысціянскі падыход да цішыні і маўчання – гэта не столькі адмоўнае значэнне: нічога не гаварыць, не глядзець, не слухаць. Гэта не стан нейкай пустаты, забыцця ці нябыту. Цішыня праяўляецца менавіта ў сваім пазітыўным характары: гэта неабходны стан, каб душа напаўнялася Богам, каб пачуць Яго голас, каб стварыць жывую атмасферу для малітвы і пра-слаўлення Госпада. Папа Бэнэдыкт XVI, разважаючы пра маўчанне ў жыцці Езуса, так казаў: “Хто зразумеў словы Пана, зразумее і Яго маўчанне, бо мена-віта праз Яго маўчанне мы глыбей пазнаем Езуса”.
У часе Вялікага Посту маем магчымасць, каб увайсці ў маўчанне Езуса, Які прабывае са Сваім Айцом. Пан, Які дае нам слова, хоча, каб мы яго прынялі, а гэта можна здзейсніць толькі ў цішыні, бо тады адкрыем глыбіню Яго слова. Словы Езуса нараджаліся ў своеасаблівай цішыні, калі Ён быў на гары, асобна, або ў пустынным месцы (Мк 1, 35), былі плёнам Яго жывога дыялогу з Айцом. З гэтай еднасці з Айцом, напоўненай цішынёй, менавіта з гэтай паўнаты нараджаецца Слова Бога. Толькі тады мы ўвойдзем у глыбіню слова, калі пастараемся знайсці і ўвайсці ў сапраўдную глыбіню і паўнату цішыні. Гэтая поўная цішыні і маўчання еднасць Езуса з Айцом з’яўляецца для нас запрашэннем і ўмоваю, каб увайсці ў еднасць са Словам і маўчаннем Езуса. Папа Бэнэдыкт XVI паказвае гэтую еднасць маўчання як працэс ачышчэння нашага мыслення, які па-вінен перш за ўсё праяўляцца ў працэсе ачышчэння нашых слоў. А гэта будзе магчыма толькі тады, калі ўвойдзем у цішыню і напоўнім яе глыбокім зместам Божага слова.
Пра цішыню таксама вучыў нас Св. Ян Павел II: „Трэба нам прызнаць, што ўсе мы патрабуем такога маўчання, пранікнутага прысутнасцю Бога. Гэта нашыя пастановы і намаганні, каб адысці ад закрытасці ў штодзённых змаганнях без любові і прабачэння, а дазволіць, каб менавіта праз цішыню дзейнічала ў нас і праз нас Божая Любоў. Цішыні і маўчання патрабуе асабліва сучасны чалавек, аглушаны ўсебаковым гоманам, каторы не ўмее маўчаць, бо баіцца спаткаць самога сябе, адсланіць і зазнаць пустаты, якая пытаецца пра сэнс. Усе веруючыя і няверуючыя павінны навучыцца маўчанню, якое дазволіць Богу прамаўляць, калі і як Ён захоча, а кожнаму з нас – больш глыбока разумець Яго словы.
Што ж, вельмі канкрэтнае заданне і пастанова! Як і дзе яе здзяйсняць? Мяркую, што кожны на меру сваіх магчымасцей і паклікання можа і павінен знайсці такую сваю прастору маўчання і цішыні, што напаўняе глыбокім Божым зместам. Калісьці пасля нядзельнай Святой Імшы ў са-крыстыю прыйшла жанчына і вельмі хацела са мной пагаварыць. Было вельмі шмат лю-дзей, але яна настойліва прасілася, каб сказаць толькі некалькі слоў, хацела падзякаваць за Імшу. «Вось, зноў нехта пахваліць мяне за прыгожае казанне, за тое, што так добра я растлумачыў Божае слова», – падумаў я ў сэрцы. Мы адышлі ў бок, і яна з удзячнасцю пачала: «Дзякую ксяндзу за сённяшнюю святую Імшу, гэта для мяне было такім прыгожым досведам напаўнення Божым Духам, дзякую». Я ўжо пачаў дзякаваць і казаць, што заўсёды рыхтуюся да пропаведзі і стараюся, каб была для ўсіх даступнаю. Але жанчына мяне крыху перабіла і ўдакладніла: «Я не за гэта ксяндзу дзякую, я дзякую за тую даўжэйшую хвіліну цішыні пасля Камуніі, бо тады сапраўды пачула Божы голас».
Кс. Андрэй ЛЫСЫ, SChr