Сутнасць Велікоднай раніцы

кс. Андрей ЛысыРыхтуемся да Велікоднай раніцы, каб атрымаць новую надзею на жыццё вечнае. Каб па прашэсці некаторага часу, пасля таго, як завершым сваю зямную пілігрымку, уваскрэснуць, падобна Змёртвыхпаўсталаму Сыну Божаму.

Аб сутнасці Велікоднай раніцы разважаем разам з кс. Андрэем ЛЫСЫМ, SChr

 

 

 

 

Падчас спаткання з вернікамі ў сакавіку 2018 года Папа Францішак узгадаў, што ў многіх каталіцкіх  краінах  існуе звычай: калі гучаць званы, матулі ці бабулі вядуць сваіх дзяцей, каб абмыць  ім вочы свянцонай вадой. А  глыбіня гэтай традыцыі ў тым, – кажа Пантыфік, – каб прыгадаць  малодшаму  пакаленню, што  як веруючыя яны маюць магчымасць паглядзець на свет вачыма Бога і ўбачыць дзівоснасць і прыгажосць Яго спраў і Яго  велічы.

Кожная Велікодная раніца – непаўторная  магчымасць для усіх  хрысціянаў, каб чарговы раз абмыць  вочы  сваёй  душы жывою вадою веры і паглядзець на свет  з перспектывы Змёртвыхпаўсталага Збаўцы. Як гэта зрабіць? Тут не трэба нічога выдумваць свайго, але з даверам пачуць Божы голас – гэта значыць  прыняць  Слова Божае, якое слухаем у Касцёле (Ян 20, 1–9), і, можна так сказаць, уцелавіцца ў  вобразы  тых  людзей, пра якіх там пачуем. Давайце паспрабуем…

Кожная нядзеля, а лепей сказаць, Воскресение  для  веруючага  ў  Езуса  Хрыста – гэта заўсёды першы  дзень,  пачатак, новая надзея  і  вечнае  святло. І менавіта  ад  Велікоднай  раніцы пачынаецца  святкаванне  кожнай  нядзелі на працягу года як нашага адменна  хрысціянскага свята. У  Велікодную  раніцу  хочам  распаліць сваю веру і любоў да Ўваскрослага Збавіцеля – не таму, што маем касцёльныя наказы, але таму, што любячае сэрца хоча шукаць і знайсці жывога Хрыста.

Дзе шукаць Госпада? Гэтае пытанне выклікана  ў нас поўнымі неспакою словамі Марыі Магдалены: “Забралі Пана з магілы, і не ведаем, дзе  паклалі  Яго!” (Ян 20, 2). Што гэта за месца? Да чаго адносіцца гэтае “дзе”? У сэрцы Марыі Магдалены ўсцяж “было яшчэ цёмна” (Ян 20, 1). Пераход да яснасці веры ў ёй яшчэ павінен быў здзейсніцца – да святла іншага, Божага бачання, але толькі пасля асабістага спаткання з жывым Настаўнікам (пар. Ян 20, 11–18). Пакуль яе пошук адбываецца вобмацкам і ўсцяж перараджаецца ў незразуменне таго, што сталася. Марыя Магдалена  мяркуе  па-людску, зусім лагічна, што цела Езуса выкралі. Яна  мае  вельмі  глыбокую  сувязь з Госпадам праз пачуцці, але  гэтага недастаткова, каб спасцігнуць паўнату таямніцы.

Веру нельга будаваць толькі на пачуццях, бо тады месцам спаткання будзе не сапраўдны і жывы  Хрыстус,  але маё “я”, а гэта ўсцяж яшчэ цемра і няпэўнасць. Найчасцей яна вядзе да таго, што пачынаю па-свойму, так, як мне падаецца, глядзець на Бога  і  Яго сабе выдумляць, больш  таго, такое менавіта “сваё” ўяўленне Бога перадаю іншым.

Дзе шукаць Госпада? Біблійны тэкст  вядзе  нас да пустой магілы. Кожная Велікодная раніца вядзе нас да дэкарацыі пустой магілы ў нашых касцёлах. Гэта адзіны, нямы сведка таго, што там  здарылася! Евангелле падкрэслівае  значэнне  бачання з боку  людзей, якія прыходзяць да магілы.  Марыя Магдалена бачыць “камень, адсунуты ад магілы” і “пабегла і прыйшла да Сымона Пятра і да другога вучня, якога  любіў  Езус”. Святы Ян, ідучы разам з Пятром, “пабег наперадзе  хутчэй  за Пятра і прыбыў да магілы першы», бачыць палотны, але не ўваходзіць у сярэдзіну.

Пётр уваходзіць у магілу і бачыць  дакладна  ўсё, што там ёсць: “палотны, якія там ляжалі, і хусту, якая была на галаве Ягонай, не  з палотнамі яна ляжала, а асобна,  скручаная на іншым месцы” (Ян 20, 6–7). Таксама гэтае бачанне Пятра – разумнае, якое цвяроза сцвярджае факты, дакладнае  і поўнае – недастатковае, каб зразумець таямніцу. Як  знайсці  Госпада ў пустой магіле?  Толькі  вучань, якога любіў Езус, – Святы Ян – пасля таго, як з пашанаю даў першынство Пятру, каб ён мог увайсці ў магілу, “увайшоў … убачыў  і паверыў” (Ян 20, 8). Ян не бачыць ніякай  асаблівай рэчы.

Гэтая пустата магілы нагадвае  яму Прысутнасць. Яго бачанне ажыўлена духоўнай інтуіцыяй, дазваляе яму распачаць працэс, які давядзе да паўнаты веры.  Гэта  сутнасць Урачыстасці і Велікоднай раніцы – увайсці  ў пустую магілу і адчуць у душы паўнату веры:  Яго тут няма, Ён жывы, уваскрос!f-str-27

Аднак, каб  зрабіць скачок веры, убачыць жыццё ў месцы смерці, трэба  паверыць сведчанню Пісання. Пасля Езуса засталіся толькі знакі памерлага і непрысутнасць цела, таксама магіла – нерухомая мёртвая памятка. На  гэтым ніколі не збудуем  веры!  Святы Павел у Пасланні  да  Рымлянаў  напіша: “Таму  вера – ад пачутага, а пачутае – праз слова Хрыста” (Рым 10, 17). Менавіта  Святое  Пісанне з’яўляецца памяткай таго, Хто жыве, і яно ажыўляе нашую памяць. Менавіта ў пустаце магілы гучыць  жывое  слова,  якое напаўняе ўсё новым сэнсам і зместам: Езус змёртвыхпаўстаў! Бог жыве!

Знайсці  і  спаткаць жывога Хрыста  можа  кожны, хто прый-дзе на Эўхарыстыю, хто прыме з вераю Яго Змёртвыхпаўсталае Цела  ў  Святой  Камуніі. Пакліканне  да літургічнай  службы  алтара – гэта  вялікая ласка, дар, каб  быць бліжэй да таямніцы Хрыста ў  сваім  Касцёле.  Аднак  нясе  яна таксама шмат пагроз для веры – абыякавасць да святых спраў, рутына, а часам нават і своеасаблівае  ідалапаклонства. Прыгадваю  здарэнне  з  юнацтва, якое  адбылося  ў Велікодную раніцу.

Пасля ўсяночнага чування і вартавання  ў  ролі рымскіх жаўнераў  пры магіле, дзе ляжала фігура памерлага Хрыста і быў выстаўлены Найсвяцейшы Сакрамэнт, прыходзіў  момант ранішняй  працэсіі   змёртвыхпаўстання і  ўрачыстай  Імшы. Вельмі важным заданнем, якое давяралася толькі старэйшым  міністрантам, каб у часе, калі ўсе людзі выйдуць з касцёла і будуць яго абыходзіць тры разы, спяваючы спевы, паціху  выняць з дэкарацыі магілы фігуру Хрыста і вынесці ў вызначанае месца, каб ніхто  не  бачыў. Памятаю, як білася сэрца, калі мы з сябрам рабілі гэта першы раз. Нешта вельмі  ўзнёслае і ганаровае – калі магіла не будзе пустой, якое ж гэта свята, – а з іншага боку ,  нешта аж страшнае і дзёрзкае: я ведаю,  дзе Ён ёсць, бо гэта ж мы схавалі  фігуру…

Шукаць Таго, Хто непрысутны, бачыць Таго, Хто нябачны, знайсці Таго, Хто не мае канкрэтнага месца прабывання, – вось элементы, характэрныя для пошуку Пана таксама тады, і сёння, і праз усю гісторыю. Непрысутнасць Бога, паводле нашага бачання, у  розных  жыццёвых сітуацыях, каторая заўсёды была прычынай  ляманту  і цемры, павінна перарадзіцца ў матыў пошуку. Важна пазбягаць прыпісвання сабе ведаў альбо здольнасці акрэсліць з усёй дакладнасцю,   дзе  знаходзіцца  Хрыстус і  дзе трэба Яго шукаць, а дзе – не.

Таямніца  жывога  і прысутнага  Бога – гэта таямніца спантанага  Божага Духа, Які ляціць, куды і калі захоча. Прыпісванне сабе  здольнасці  паказвання і апісання месца знаходжання Змёртвыхпаўсталага  будзе ідалапаклонствам, якое здзяйсняюць  рэлігійныя маніпулятары, якія  не  могуць  перанесці  няпэўнасці і цяжару пошуку жывога Бога.

Так  было  тады, так можа быць і сёння… Для таго, хто ўвойдзе ў такую “сваю” логіку, Велікодная  раніца – найбольшая хлусня ў гісторыі чалавецтва. А хто  пакорна  паслухае  Слова, той  знойдзе  сапраўдную  крыніцу радасці і надзеі: “А калі Хрыстус не ўваскрос, то вера ваша марная  і вы далей у грахах вашых. Тады і тыя, што памерлі ў Хрысце, згінулі. Калі мы спадзяёмся на Хрыста толькі ў гэтым жыцці, то мы самыя няшчасныя сярод  людзей.  Але  Хрыстус уваскрос, Першынец сярод тых, якія  памерлі.  Паколькі  праз чалавека  прыйшла  смерць, так праз Чалавека – і ўваскрашэнне памерлых. Бо як  у Адаме ўсе паміраюць, так і ў Хрысце ўсе будуць   ажыўлены.  Кожны  ў  свой  час:  першы  Хрыстус, потым тыя, хто належыць Хрысту, падчас  прыйсця   Ягонага”  (1 Кар 15, 17–23).

 

 

 Кс. Андрэй ЛЫСЫ, SChr


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий