Сямейнае жыццё. Ты да яго прыгатаваны?

o. KonradМаладыя людзі – хлопцы, дзяўчаты – заўсёды мараць аб шчасці, аб сустрэчы са сваёй каханай (каханым), разважаюць над  тым, якія адносіны пабудуюць, урэшце, у сваёй сям’і, якую таксама мараць стварыць. Што для гэтага яны робяць самі? Адказ на гэтае пытанне  шукаем  разам з  а. Конрадам   ПАТЫКА, SVD.

 

 

 

Сямейнае жыццё. Ты да яго прыгатаваны?

 

 

У маёй роднай дыяцэзіі быў Санктуарый Святой Анны. Кожны год летам там праводзіліся сустрэчы міністрантаў з розных парафій. Помню, на летніх канікулах паміж сёмым і восьмым класам  паехаў на сустрэчу і я. Перад выездам мой бацька сказаў мне, каб, будучы на Гары Святой Анны, пайшоў у капліцу Святога Рафала і там памаліўся аб добрай жонцы. Было мне тады каля пятнаццаці гадоў, і падалося мне крыху нетыповым, каб маліцца ў такой інтэнцыі, але рэкамендацыю айца выканаў.  Пайшоў у капліцу і як умеў, сваімі словамі спрабаваў сказаць Пану Богу, каб дапамог, каб тая дзяўчына, у якую быў на той час закаханы, стала маёй жонкай. Пазней, калі вучыўся ўжо ў сярэдняй школе, рэгулярна прамаўляў малітву аб добрай жонцы, якая была ў малітоўніку, і рабіў гэта шчыра. Сталася, аднак, што другой палавіны майго “я” не знайшоў.  Уступіў ў Ордэн і стаў ксяндзом. Але Пан Бог  так пакіраваў маім жыццём, што на працягу многіх гадоў быў душпастырам сямей і апекуном руху “Сужэнскія сустрэчы”, як і даў мне вялікую парафіяльную сям,ю, у якой многакратна і рознымі спосабамі праяўляліся радасці і цяжкасці сямейнага жыцця. Гэта давала мне таксама магчымасць рэалізаваць тое, аб чым прасіў у малітве аб добрай жонцы.

Мае дарагія, для чаго аб гэтым пішу. Месяц сакавік, які перажываем, нясе з сабою два вельмі важныя літургічныя святы – Урачыстасць Святога Юзафа і Звеставанне Найсвяцейшай Панне Марыі. Гэтыя святы і змест, які нясуць яны ў сабе, глыбока ўпісаныя ў Божыя планы адносна  сямейнага жыцця, адносна Святой Сям’і, як і кожнай іншай. Св. Юзаф напэўна меў свае планы і свае прадстаўленні аб сямейным жыцці з Марыяй. Вельмі праўдападобна, што і яна мела свае ўяўленні аб будучым. А тут раптам з’яўляецца нейкі анёл з неба і ўносіць блытаніну. У лоне Марыі пачынаецца новае жыццё ад Духа Святога, якое Яна  свядома прымае, але нічога аб ім не гаворыць свайму суджанаму – Святому Юзафу. Той, у сваю чаргу нічога не разумеючы, але будучы сумленным і справядлівым, хоча знайсці найлепшы выхад з сітуацыі, рызыкуючы асабістай рэпутацыяй. У той момант зноў паяўляецца анёл, але толькі ва сне, паясняе Юзафу, што адбылося, і пераконвае яго, каб узяў Марыю да сябе. Яшчэ некалькі разоў  у іх сумесным жыцці паявіцца той анёл, што пацягне за сабою радыкальныя змены іх планаў.

f-str-27Аналізуючы гэтую сітуацыю, трэба заўважыць, якая вялікая гатоўнасць у Марыі і Юзафа  рызыкаваць сваімі планамі на карысць планаў Божых або на карысць іншага чалавека.  Гэтая найпрыгажэйшая характарыстыка іх асобаў можа, а нават павінна, стаць узорам наследавання для ўсіх людзей, якія прагнуць стварыць шчаслівую сям’ю. Не проста гэта, але – магчыма! Вымагае толькі паслядоўнай і свядомай працы над сабой. Св. Ян Хрысціцель дае нам параду : “Яму  трэба ўзрастаць, а мне станавіцца меншым” (Ян 3, 30). На самой справе гэтымі словамі Ян характарызуе свае адносіны з Езусам, але іх можна таксама аднесці да  сужэнскага жыцця. Умяньшаць сябе, каб узрастаў сужонак – гэта не так проста. Як жа часта пры розных спатканнях маю магчымасць назіраць нешта супрацьлеглае: “Усё – мая заслуга! Каб не Я, не мелі б мы ні кватэры, ні аўтамабіля, ні мэблі…” Гэта Я настолькі моцнае, што на Ты або Мы наогул няма месца. Прыкра, але  весь свет падсвядома ідзе ў гэтым накірунку. Калісьці ў працэсе выхавання можна было часта пачуць фразу: “Я – гэта апошняя літара ў алфавіце”, “калі называеш удзельнікаў якой-небудзь падзеі, то сябе называй апошнім, а не першым”. Ва ўмовах сённяшняга свету, калі дамінуе англійская мова, падсвядома прымаем да нашых адносін з іншымі людзьмі арфаграфічную засаду, што “I” заўсёды пішацца з вялікай літары, а “you” заўсёды з малой. І гэтае вялікае, пышнае і зразумелае “Я” нярэдка становіцца прычынай канфліктаў і сужэнскіх трагедый.

Вяртаючыся да малітвы аб добрай жонцы, пра якую казаў вышэй, успомніў, што былі там такія  словы: “Дапамажы мне выбраць такую сяброўку жыцця, з якой мог бы жыць шчыра дзеля хвалы Тваёй і майго ўласнага шчасця. Асвяці мяне, Пане, каб прыглядаўся не толькі да прыгажосці цела, або да багацця, бо гэта праміне, а каб умеў дацаніць шляхетны характар, таксама пабожнае і чыстае жыццё, каб тая, на каго выпадзе мой выбар, была заўсёды вернай мне сяброўкай і годнай маці дзяцей, якімі збіраешся нас адарыць. Ведаю, што шчасця ў сужэнстве сам не знайду, калі Ты, Божа, не дасі мне свайго благаславенства. Таму ўжо сёння прашу Цябе аб тым благаславенстве і хачу заслужыць яго праз вернае выкананне сваіх абавязкаў у адносінах да Цябе, а таксама праз жыццё справядлівае і чыстае, ашчаднае, цвярозае і працоўнае. Прашу Цябе яшчэ: вядзі мяне, Божа, шляхам справядлівасці і гонару. Сцеражы мяне ад усялякіх спакусаў і лёгкадумнасці  моладзевага ўзросту і дапамажы мне, каб заўсёды  годна адносіўся да кожнай  дзяўчыны і жанчыны і ўстрымліваўся ад усяго, што Табе не падабаецца, і што павінен быў бы пасля ўкрываць ад маёй жонкі, або чаго  саромеўся  б перад маімі дзецьмі”.

Заўважце, што гэтая малітва, скіраваная да Бога з просьбай аб добрай сяброўцы жыцця, з’яўляецца адначасова просьбай аб дапамозе фармавання сябе самога, ва ўзрастанні ў цнотах і выпрацаванні ў сабе такіх якасцей, якія дапамагаюць будаваць добрае жыццё.

Аднойчы прыйшла да святара маладая пара, хацелі ўзяць шлюб. Паводле касцёльных прадпісанняў, прыгатаванне да шлюбу вымагае так званай перадсужэнскай катэхезы. Малады мужчына запытаў святара: як доўга  будзе ісці прыгатаванне? Колькі разоў ім патрэбна будзе прыходзіць на гэтую навуку? На свае пытанні пачуў адказ: мой дарагі, да сужэнства і сямейнага жыцця рыхтаваўся ты да гэтага часу, і ты або гатовы, або не, а  я магу толькі даць некалькі парадаў і прыгатаваць вас да літургіі самога сакрамэнту, а асноўнае прыгатаванне вы прайходзіце ў  бацькоўскім доме.

У сучасным свеце назіраецца моцна  дасадны крызіс сужэнскага і сямейнага жыцця. Статыстыка паказвае як колькасць разводаў, так і колькасць дзяцей, якія выхоўваюцца ў няпоўных сем’ях з-за якіх-небудзь праблем. На розных пляцоўках падымаюцца дыскусіі, як гэтыя праблемы развязаць, што зрабіць, каб захаваць стабільнасць гэтай найменьшай сацыяльнай ячэйкі. Адназначнага і катэгарычнага адказу на  гэтае пытанне няма, як і няма  цудоўнага лякарства ад  “ракавай пухліны  сучаснасці”. Тым не меней  дапамогай можа быць  адказ, які калісьці пачуў ад  старэйшага сужэнства, у якога  запыталі, як ім удалося  шчасліва дажыць да залатога вяселля.

– Пажаніліся мы, калі была бяда; калі што сапсавалася, то патрэбна было яго направіць, бо новага нельга было купіць. І мы так паступалі ў сваіх адносінах. Сёння людзі развучыліся напраўляць.  Як што сапсавалася, то можна выкінуць на сметнік і купіць новае. І так паступаюць у адносінах міжасабовых.

Мае дарагія, калісьці на працягу многіх гадоў на мшы школьнай часта спявалі мы такую песню:

  1. Як у вучнёўскім сшытку ёсць цяжкае пытанне, такое дзіўнае жыццё – велькі знак запытання.

Прыпеў: Што найважнейшае, што прыгажэйшае, што ёсць сапраўднае, адзінае, найбольшае – за што можна жыццё аддаць?

  1. Кожны павінен знайсці свой уласны адказ. Толькі той шчаслівы, хто даведаўся раз.
  2. Нашу крыжык маленькі, як прыяцель са мною, адзін толькі погляд і напэўна ўжо ведаю.
  3. Кахаць штодзень аднова, кахаць штодзень гарачэй, заўсёды быць блізка Бога, з Ім разам ісці праз свет.

 

Няхай гэтыя словы заахвочваюць нас да працяглага шліфавання алмазу нашага сэрца, каб мы, узрастаючы ў ласцы Бога і ў людзей, патрафілі ў сямейнай гармоніі крочыць да  шчасця вечнага. Марыя і Юзаф, падтрымлівайце нас!

 

 

а. Конрад ПАТЫКА, SVD

Здымак Карнэлія КОНСЭКА, SVD


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий