Як добра было б пражыць жыццё, якім Пан Бог адарыў нас, не ведаючы ніякіх хвароб! Як добра было б, каб цярпенні абыходзілі, не кранаючы ні нашае цела, ні наш дух. Але…Ці сустракалі вы такіх людзей, якія б не мелі наконт гэтага ніякага клопату? Хутчэй за ўсё – не сустракалі. Паразважаем пра гэта разам з кс. Андрэем ЛЫСЫМ, SChr.
Для збаўлення чалавека Бог карыстаецца рознымі спосабамі, каб прамовіць да нашага сумлення. Часам чуем гэты голас як унутранае натхненне, часам як канкрэтны голас Святога Пісання ці чалавека, але нам не трэба забывацца, што Бог прамаўляе да нас таксама праз хваробу і цярпенне. Цяжка нам такую мову Бога зразумець і прыняць… Таму трэба ў святле Бібліі адкрыць глыбокі і духоўны сэнс гэтай мовы, каб яе з пакораю і любоўю змясціць у сваім жыцці.
У сучасным свеце на хваробы глядзім перш за ўсё з біялагічнага і медыцынскага боку. Прымаюцца яны як натуральныя з’явы, звязаныя з нейкай матэрыяльнай праблемай чалавечага арганізму. Нельга нам аднак забыцца, што хваробы маюць таксама рэлігійны і глыбока духоўны характар. Канешне, злучаная з хваробамі няпэўнаспраўнасць чалавека вельмі моцна бывае відавочнай перш за ўсё ў матэрыяльным вымярэнні. На гэта накладаецца грамадская рэакцыя на хваробу, якая можа быць пазітыўнай – у выглядзе асабістага і публічнага клопату пра хворых, як і негатыўная – у выглядзе пазбягання і адсоўвання хворых, якое часам даходзіць аж да злачынства, што называецца эўтаназіяй. Гэткая рэакцыя мае маральнае вымярэнне, бо для хрысціяніна дапамога людзям у патрэбе з’яўляецца непасрэдным абавязкам і праяўленнем міласэрнай любові.
Рэлігійнае і духоўнае вымярэнне хваробы рэдка бярэцца пад увагу, і часта падыход да яго вельмі павярхоўны. Людзі хворыя звяртаюцца да Бога, просячы аб дапамозе, але толькі тады, калі хвароба іх моцна “прыцісне”. Гэта вельмі павярхоўны і часам магічны падыход да справы: ”Як трывога, то да Бога”. Паколькі хвароба выклікае цярпенне, то гэта можа быць штуршок, каб паставіць пытанне аб пошуку яго паходжання і аб яго сэнсе: “Які сэнс хваробы?”, “Чаму менавіта мяне гэта спаткала?”. Хворы прымае свой лёс, але часам абвінавачвае Бога за сваё цярпенне. Здараецца і так, што чалавек хворы адмоўна ставіцца да медыцыны і верыць толькі ў звышнатуральную дапамогу, выкарыстоўваючы пры гэтым розны досвед і “працэдуры” шаманаў, знахараў ці шаптух. Як пазбегнуць такіх крайніх становішчаў і сапраўды навучыцца ў хрысціянскім духу перажываць хваробу і цярпенне?
У Святым Пісанні пункт гледжання на хваробы мае падобныя аспекты, як і свецкі, але ў іх – іншая паслядоўнасць і прапорцыі. Біблія, кніга веры, найперш паказвае рэлігійнае вымярэнне хваробы. Задае пытанні: што хвароба абазначае для хворага чалавека і якую мае ролю ў Божых планах? Такім чынам, разглядае сітуацыю хворага чалавека ў адносінах з Богам і бліжнімі, а менш – самой хваробы як матэрыяльнай з’явы ці шкоды.
Калі гаворка ідзе пра прычыны хваробы, то Святое Пісанне не засяроджваецца на непасрэдных прычынах, якія ў тыя часы былі невядомыя ў сувязі з слабым развіццём медыцыны. Толькі часамі пра іх успамінае (Тоб 2, 9-20, Юдт 8, 3). Таксама не знойдзем там шмат ведаў на тэму лекаў. Рэлігійны пункт гледжання на хваробу падказваў шукаць прычын больш глыбокіх і глабальных: чаму хваробы ўпісваюцца ў чалавечы лёс?
Чалавек, створаны Богам як добры і пакліканы да жыцця з Богам, супрацівіўся і супраціўляецца Богу. Выкарыстоўвае дар свабоды супраць Бога. А калі не хоча чэрпаць з Бога – крыніцы Праўды і Дабра, то ў выніку не можа чэрпаць з Яго жыцця і паўнаты шчасця. Інакш кажучы, зло, цяжкасці і цярпенні ў святле Святога Пісання з’яўляюцца наступствам чалавечай грахоўнасці. Ва ўсім гэтым маем і хваробы. Гэтае бачанне датычыць агульнай сітуацыі чалавецтва. Кожны ж па-асобны выпадак можа мець сваё тлумачэнне. Не кожнае цярпенне з’яўляецца наступствам канкрэтнага граху чалавека.
У Бібліі маем шмат выпадкаў, калі цярпенне і хвароба з’яўляюцца таямніцаю, якую немагчыма ніяк рацыянальна растлумачыць, што асабліва бачна ў Кнізе Ёва. Бог нам гэтую таямніцу не адкрывае, хоць бачым, як Ён клапоціцца пра людзей і паказвае, што Сам ніколі не стаіць на баку цярпення. Словы “будзь воля Твая” не абазначаюць дазвол на цярпенне, бо воля Божая – у тым, каб збавіць людзей. Менавіта Хрыстус, Бог-Чалавек, праз сваё нявіннае цярпенне паказаў салідарнасць з людзьмі і прынёс нам вызваленне. Чалавечае цярпенне ў Хрысце мае збаўчую вартасць.
Аднак жа часам у Бібліі Бог названы як той, хто “спраўляе” хваробы. Не трэба гэта разумець у такім сэнсе, што Бог побач з дабром стварае зло. Зло заўсёды пярэчыць Богу і з’яўляецца нястачай дабра. Але менавіта ў Богу трэба бачыць прычыну ўсяго, што адбываецца на свеце, бо толькі Ён з’яўляецца Валадаром усяго свету. Бог можа дапусціць хваробу і цярпенне як пакаранне за грахі, але гэта ўсё для большага дабра чалавека ў будучыні (пар. Ян 9, 1-2). Адсюль у Бібліі можам знайсці такія сказы: “Я выклікаю смерць і даю жыццё, Я параню і аздараўляю” (Дрг 32, 39) або “Хто дае вусны чалавеку? Хто чыніць яго нямым, глухім, відушчым ці сляпым? Ці ж не Я, Пан?” (Зых 4, 11). Паводле некаторых тэкстаў, Бог спасылае хваробу на канкрэтнага чалавека (Лік 12), нават на нявіннага (нп. 1Сам 16, 14-15). Такі погляд з’яўляецца праявай недасканаласці Старога Запавету. Здараецца таксама і тое, што дэманічныя сілы здзекуюцца з чалавека праз хваробу (нп. Ёв 2, 1-8). Раны і хваробы могуць быць вобразам Божага пакарання, а аздараўленне – прыкметаю выбаўлення. Хвароба ў біблійнай навуцы пра чалавека мае вялікае значэнне. Перш за ўсё прадстае як наступства граху і паказвае яго шкоднасць. Паказвае таксама чалавечую слабасць. Акрамя таго, паказвае залежнасць чалавека ад Бога, які мае канчатковую ўладу над хваробаю.
У цудоўных аздараўленнях, пра якія мы часам чуем, пачаткам пераважна з’яўляецца просьба да Бога або Яго пасланца. Умоваю аздараўлення з’яўляецца перш за ўсё адкідванне граху і прыняцце пакуты. Фізічнае аздараўленне заўсёды звязана з духоўным (Мк 2, 1-12). Гэтым таксама кіруецца пасланне Св. Якуба: “Нехта сярод вас хварэе? Няхай пакліча прэзбітэраў Касцёла, а яны няхай памоляцца над ім і намасцяць яго алеем у імя Пана. Малітва веры ўратуе хворага, і Пан падыме яго, а грахі, якія ўчыніў, будуць адпушчаны яму” (Як 5, 14-15). Менавіта гэты тэкст з’яўляецца асноваю для зразумення Сакрамэнту намашчэння хворых і заахвочваннем да яго прыняцця. Чынім гэта асабліва ў лютым, ва ўспамін Маці Божай з Люрду.
Бог прадстае як лекар чалавека (Зых 15, 26). Імя анёла, які паказвае дарогу аздараўлення Тобія-бацькі, гучыць Рафаэль, што па-габрэйску абазначае “Бог аздараўляе” (Тоб 3, 17). Таму ў Старым Запавеце здараюцца аздараўленні моцаю Бога. Не значыць гэта, што чалавек не павінен карыстацца лекамі і хадзіць да доктара. У Бібліі маем успаміны пра лекараў, якія здзяйсняюць лячэнне, выкарыстоўваючы свае веды, але пры гэтым молячыся да Бога. Лекар з’яўляецца прыладаю Божага дзеяння. Так узаемадзейнічаюць вера і медыцына. Прынцып аднак заўсёды той самы: “лекар лечыць, але Бог дае здароўе”.
Кс. Андрэй ЛЫСЫ, SChr