Вярнуцца да крыніцы…

кс. Андрей ЛысыТое, што сучасная  сям’я  апынулася ў крызісным стане, здаецца, ужо нікога не здзіўляе і мала каго прымушае задумацца: чаму адбываецца такое руйнаванне і што  з намі будзе далей; як, з чым, з якім духоўным багажом увойдуць у будучыню нашыя  дзеці  і  ўнукі?  Якія каштоўнасці пяроймуць ад нас і ці пяроймуць што-небудзь каштоўнае наогул? Аб гэтым разважаем сёння з  кс. Андрэем ЛЫСЫМ, SChr.

 

 

Вельмі відавочнай прычынай крызісу сучаснага грамадства з’яўляецца “хворая” сям’я. Ад створаных людзьмі “нетрадыцыйных” мадэляў пакутуюць усе, хто яе стварае, а асабліва нашчадкі, якія растуць у такім асяроддзі. Што можна зрабіць, каб неяк спыніць гэтую лавіну? Вярнуцца да крыніцы – да фундаментальнага ўзору і да тых заданняў, што Бог вызначыў людзям, якія ствараюць сем’і, паглядзець на ролі, якія ў хрысціянскай сям’і маюць выконваць жанчына і мужчына. Гэта розныя ролі, але яны дапаўняюцца і менавіта праз гэта ўтвараюць надзейны і неабходны падмурак добрай сям’і і прасторы для правільнага і гарманічнага развіцця і выхавання дзяцей.

Асаблівасцю жанчыны з’яўляецца не толькі яе ўражлівасць на ўзаемаадносіны і здольнасць іх будаваць, але перш за ўсё тое, што яна можа быць маці. Маці дзеліцца з дзіцём сваім целам і крывёю – на падабенства самога Хрыста. Надзвычайным чалавекам ва ўсёй гісторыі была жанчына – Марыя, якую Касцёл ушаноўвае як Маці Бога, называючы яе таксама новай Евай і даючы яе як прыклад. Менавіта ад Марыі кожная жанчына можа навучыцца, чым з’яўляецца поўнае мацярынства – што яно вынікае  з любові да Бога, самога сябе, мужа і дзіцяці. Маці з вялікай лёгкасцю ўмее “прачытаць” тое, што чуе і чаго патрабуе яе дзіця. Зрэлая маці для дзіцяці заўсёды з’яўляецца тым, каму можна даверыцца, на каго можна абаперціся, бо стварае для яго клімат любові і бяспекі. Калі  ж  разважаем  пра  мацярынства, то маем на ўвазе таксама і духоўнае мацярынства, да якога паклікана кожная жанчына. Засноўваецца яно на ўзбагачэнні іншых  людзей  сваёй прысутнасцю, любоўю і руплівым клопатам.

Маці  з’яўляецца храналагічна першым, а таксама найважнейшым выхавальнікам сваіх дзяцей. Гэта асоба, якая ахоўвае іх ад знешняга свету і ад унутраных турботаў. Гэта менавіта ад яе пазіцыі залежыць, ці будуць дзеці (і якім чынам) адчуваць бяспеку і ці здолеюць паверыць у любоў і вучыцца ёй у чарговых этапах свайго жыцця. Бо найважнейшым заданнем маці з’яўляецца навучыць дзіця сапраўднай і сталай любові, узор якой можам знайсці ў любові Хрыста да кожнага чалавека. Гэта любоў, якая падтрымлівае ў канкрэтнай сітуацыі, але і таксама, калі трэба, дакарае; яна не забірае свабоды, але дае дзецям магчымасць на ўласным досведзе даведацца пра наступствы іх памылак.

Асаблівы клопат маці ў хрысціянскай сям’і звязаны з рэлігійным выхаваннем дзяцей праз тлумачэнне праўды пра Бога, пра Яго любоў да людзей, якая відавочная ў гісторыі збаўлення і з’яўляецца доказам Яго клопату пра чалавека. Рэлігійнае выхаванне – гэта школа малітвы і значэння святых сакрамэнтаў у хрысціянскім жыцці, а таксама фарміраванне сумлення, якое абапіраецца на Дэкалог і Евангелле.

Роля жанчыны ў сям’і ў такой самай ступені – гэта таксама быць жонкай. Нараджэнне патомства не абазначае, што сужэнскія адносіны перастаюць быць важнымі і не трэба браць іх пад увагу: яны не могуць адысці на другі план. Дзякуючы мацярынству і радасці, якая з яго выплывае, жанчына павінна нанова адкрыць сябе як жонку. На жаль, шмат жанчын, адораных патомствам, замоцна засяроджваюцца на дзецях, што прыносіць шкоду сужэнскім адносінам. Можа ўзнікнуць небяспека згубы блізкасці, якая злучала сужонкаў на пачатку іх супольнай дарогі. Сталая маці ведае, што яна надалей з’яўляецца жонкаю, і хоча, каб муж адорваў увагаю яе жаночасць.

Цяпер можна перайсці да другой часткі разважання пра хрысціянскую сям’ю, дзе трэба звярнуць увагу на ролю, якую ў ёй адыгрывае мужчына. Напачатку трэба зазначыць вельмі істотную справу, а менавіта, што першым і асноўным пакліканнем мужчыны з’яўляецца ўваход у сужэнскі саюз і ўтварэнне сям’і. У першую чаргу роля мужчыны ў сям’і датычыць жанчыны-жонкі. Жанчына надае існаванню мужчыны, які стаў яе мужам, новы сэнс. Паводле таго, што чытаем у Бібліі, жанчына – гэта адзіная істота, якая можа запоўніць пустату сэрца і вызваліць ад самоты, будучы адпаведнай дапамогай для мужчыны (Быц 2, 24). Заданне мужчыны ў сужэнстве – гэта клопат пра ўвесь арганізм, галавой якога ён з’яўляецца. Гаворка ідзе пра клопат не толькі аб годным матэрыяльным дабрабыце, але і аб развіцці дароў, якія сям’я па сваёй сутнасці атрымлівае ад Бога. Саюз жанчыны і мужчыны павінен абапірацца на падмурак узаемнай дапамогі і ўзаемнага дапаўнення, а таксама на сапраўдную любоў і каханне. З аднаго боку, усё гэта такое натуральнае і чалавечае, з другога – мае сакрамэнтальнае вымярэнне. Сужэнская любоў, узмоцненая сакрамэнтам сужэнства, становіцца бачным знакам любові Хрыста і Касцёла.

Пакліканне мужчыны да сужэнства непарыўна звязана з яго пакліканнем да бацькоўства, што адлюстроўвае айцоўства самога Бога. Найбольшай праблемай сучаснай сям’і з’яўляецца разбурэнне аўтарытэту бацькі. Гэта вельмі абцяжарвае, а часамі нават робіць немагчымым выкананне ролі мужа і бацькі. Нягледзячы на розныя прычыны такога стану, трэба з надзеяй сказаць, што існуе рэальная магчымасць адбудавання і ўмацавання аўтарытэту мужчыны як бацькі. Дарога да гэтага вядзе праз евангелічную вернасць у выкананні сваіх абавязкаў. Дарогай да таго, каб мужчына правільна разумеў свае заданні і верна іх выконваў, – гэта любоў да жонкі і дзяцей. Сапраўдная і сталая любоў павінна быць яшчэ перад зачаццем і нараджэннем патомства. Прыклад мужчыны – Святога Юзафа павінен стаць для многіх дакорам сумлення і знакам надзеі. У сучасным свеце тэндэнцыя падтрымання абортаў у якасці падставы права свабоды жанчыны вельмі памяншае ролю мужчыны. Праз гэта яму наносіцца вялікая крыўда, бо такім чынам абсалютнае права мець уплыў на жыццё дзіцяці перадаецца жанчыне. Усё гэта вядзе да ўтварэння ў сэрцы мужчыны пазіцыі вельмі неадказнай, якая накіравана толькі на прыемнасць і выкарыстанне дадзенай хвіліны жыцця без задумы пра наступствы.f-str-27

Выхаванне дзяцей – гэта, канешне, абавязак не толькі маці, а заданне для абаіх бацькоў. Удзел у гэтым працэсе кожнага з бацькоў неабходны і незаменны. Калі кагосьці не хапае, дзіця пазбаўлена магчымасці поўнага і ўсебаковага развіцця. Роля мужчыны-выхавацеля ў рэлігійным вымярэнні выяўляецца ў тым, што ён дае прыклад уласнага жыцця, праз які не столькі паказвае дарогу, колькі, перш за ўсё, сам гэтай дарогай крочыць да вызначанай мэты – да святасці. Без гэтага прыкладу дзіця будзе мець цяжкасці ў прыняцці праўды веры – асабліва гэта тычыцца вобразу Бога як Айца.

Калі не вернемся да фундаменту, да натуральных каранёў, якія асвятляе святло веры, нашыя сямейныя “дрэвы” ніколі не будуць даваць добрых плёнаў, а з часам стануць бясплённымі і нікчэмнымі. Ці гэтага хочам? Таму трэба змяняць тое, на што кожны мае ўплыў: добра выконваць сваю ролю і з вераю маліць Бога аб святасці для сем’яў.

 

 

 Кс. Андрэй ЛЫСЫ, SChr

 Фота Карнэлія КОНСЭКА,SVD


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий