Хіба няма такіх, хто б ніколі не цярпеў ад фізічнага болю. Але як паводзім сябе ў такія асаблівыя хвіліны жыцця? Што робім? У каго шукаем паратунку? Канечне, нават у вельмі складаных сітуацыях усё ж спадзяёмся, што дапамога абавязкова прыйдзе, што атрымаем ласку Міласэрнага Бога…
Аб гэтым сёння разважаем разам з кс. Андрэем ЛЫСЫМ, SChr
Аднойчы, падчас даследавання ў зубнога доктара, здарылася мне падскочыць у крэсле і аж крыкнуць. Быў гэта крык не ад болю, а больш ад страху: “Мамачка!”. Доктар, мой сябар, паглядзеў на мяне з усмешкай : “Чаго ты крычыш, як дзіця? Я ж яшчэ не дакрануўся да балючага месца”.. Мне зрабілася крыху сорамна, але гэтае здарэнне прывяло да роздуму на тэму “марыйнай пабожнасці” у асаблівыя хвіліны жыцця. Чаму нам (мяркую, што не толькі мне) у цяжкую і страшную хвіліну неяк больш натуральна і проста ўсклікаць і маліцца да Маці Бога? Хіба адказ просты: усе мы глыбока ў душы дзеці, асабліва, калі дакранаецца да нас сітуацыя страху і бездапаможнасці. Памятаеце, як у дзяцінстве: калі моцна страшна, паклічам маму, і яна заўсёды дапаможа, сваёй прысутнасцю створыць атмасферу бяспекі і супакою.
Гэтая натуральная рэакцыя кожнага чалавека нейкім чынам пераносіцца і на нашае духоўнае жыццё. Зварот да Маці Бога ў хвіліну смутку, цярпення, пакутаў, страху дае пачуццё духоўнага супакою, сілы і надзеі. Яна побач, яна як добрая Маці ніколі нас не пакіне ў бядзе. Пішу ўсё гэта не для таго, каб паказаць, што толькі Марыя важная і толькі Яна дапамагае. У каго-небудзь можа скласціся ўражанне, што Бог “адносіцца” да нас інакш. Не! Хачу паказаць і падкрэсліць натуральнае духоўнае памкненне, якое глыбока ўкаранілася ў нашу чалавечую натуру (прыроду), з’яўляецца вынікам асаблівай ролі і прысутнасці нашых матуль у жыцці.
Калі паглядзім на жыццё Езуса і Марыі, вельмі відавочнай становіцца гэтая справа асабліва ў сцэне ўкрыжавання Хрыста. Святы Ян піша ў Евангеллі, што “стаяла ж каля крыжа Езуса Маці Ягоная” (Ян 19, 25). Прысутнасць Маці вельмі патрэбная Езусу ў хвіліну мукі, цярпення і смерці. Марыя “стаяла” – гэты дзеяслоў паказвае Яе мужнасць і матчыну любоў, але таксама глыбокую веру ў таямніцу смерці Божага Сына. Маці Хрыста прыгадвае нам, што ўсё тое, што сапраўды хрысціянскае, мераецца мерай крыжа і любові да яго. Ведаю пра такіх маці, якія дакладна злучыліся са сваімі дзеткамі не толькі праз біялагічнае мацярынства, але і праз крыж і цярпенне. Бо сапраўдная маці першая ідзе пад крыж свайго дзіцяці, як Марыя першая стаіць “каля крыжа Езуса”. Часам бывае так, што маці знясіленая, каб несці крыж свайго дзіцяці, але сваёй прысутнасцю, малітваю і маўчаннем падтрымлівае ў хвіліну хваробы, цярпення ці нават смерці.
Калісьці я меў практыку ў бальніцы, дзе былі дзеткі, хворыя на рак, а з імі маці, якія былі ўвесь час са сваімі дзецьмі. Тады так вельмі яўным убачыў і ўзгадаў Марыю, якая стаіць каля крыжа Езуса. “Вось Маці Твая!” (Ян 19, 27). Гэтыя словы і запавет з крыжа прымае кожны хрысціянін, які паслухмяны волі свайго Збавіцеля, моліцца і просіць: “Марыя, Маці Божая, маліся за нас, грэшных, цяпер і ў хвіліну нашай смерці!”
Пад крыжам Хрыста Марыя сталася і нашай духоўнай Матуляй, Маці Касцёла. Яна вядзе нас у бездань любові Бога, якую сама асабіста перажыла тады, калі адчула радасць, святло, але адначасова і боль, і смутак, і цярпенне.
Кожны чалавек патрабуе маці, бо менавіта яна слову “люблю” надае асаблівую вартасць. Таксама ў жыцці духоўным і маральным патрабуем Маці, якая прысутная на нашым крыжовым шляху, прызначаным грахом і фізічнымі цярпеннямі, а таксама ў нашых жыццёвых крыжах. Яна прысутная, каб паказаць нам глыбіню такой цяжкай сітуацыі, аднесці гэтыя цяжары, цярпенні і хваробы да Бога, Які дасць нам сілу і сапраўдную любоў, а таксама навучыць іх перажываць не як жыццёвую трагедыю, але як нашую дарогу ачышчэння і паяднання з Богам, здзяйснення таго, што моц Божая ўдасканальваецца ў чалавечай слабасці. З нашага боку трэба зрабіць тое, што здзейсніў Святы Ян: “І з гэтага часу вучань узяў Яе да сябе” (Ян 19, 27), – духоўна прыняць Марыю ў сваё жыццё. Гэта значыць, вучыцца так, як Яна, верыць, чакаць, цярпець, прымаць і выконваць Божую волю ў нашым жыцці.
11 лютага, ва ўспамін Маці Божай з Люрда, адзначаем у Касцёле Дзень хворага. Гэта асаблівая нагода, каб паклапаціцца пра тых, хто мае немач фізічную ці духоўную, скарыстаць з Сакрамэнту Намашчэння Хворых і памаліцца да Марыі, Якую называем Аздараўленнем Хворых. Як гэта дзейнічае? Ці гэта нейкая магія? Нельга паддацца такім спакусам і падысці да каталіцкіх практык як да нечага дзівоснага і магічнага. Хочам скарыстаць з асаблівай ласкі, якую нам дае ў гэты дзень Касцёл і якія выпрошвае для сваіх духоўных дзяцей нашая Маці Марыя.
Чаму Марыю называем Аздараўленнем Хворых? Ці не толькі Сам Бог дае ласку? Каб гэта зразумець, трэба нам глыбей увайсці ў змест евангельскай сцэны пад крыжам Хрыста. Там гучыць рэха слоў Марыі, якая праслаўляе Бога: “І цяпер благаслаўляць мяне будуць усе пакаленні. Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны, а Імя Яго святое” (Лк 1, 48-49). Марыя прыгадвае аб тым, што дзейснай сілаю з’яўляецца Бог. Толькі Ён – крыніца ласкі, Стварыцель, Збаўца і Аздаравіцель. Бог такі вялікі ў сваёй магутнасці і міласці, што хоча дзяліцца сваёй сілай і моцаю, таму запрашае людзей, каб садзейнічалі Яму ў дзеях збаўлення. Марыя знаходзіцца на першым месцы сярод супрацоўнікаў Бога, а ўсе тытулы, якімі Яе называем, не засланяюць Бога, але вядуць да Яго людзей і паказваюць Яго Святое Імя!
Калі называем Марыю “Аздараўленнем Хворых”, выказваем нашую веру ў тое, што Яна як нашая духоўная Маці апякуецца асабліва людзьмі хворымі і церпячымі. Адначасова выказваем веру ў тое, што Яе малітва можа выпрасіць у Міласэрнага Бога аздараўленне і палёгку для хворых. Святы Ян Павел II у пасланні на Сусветны дзень хворых на 1996 год прыгадаў словы, якія сказала Марыя з Гвадэлупы ў 1531 годзе простаму індзейцу Яну Дыега, які прасіў здароўя для свайго сваяка. “Не перажывай з-за гэтай хваробы ці іншага няшчасця. Ці я не Маці табе? Ці не знойдзеш аховы ў маім цені? Ці не я тваё здароўе?”. Колькі ж тут матчынага клопату! Так можа сказаць толькі любячая маці. Адносячыся да евангельскай сцэны вяселля ў Кане Галілейскай, Марыя прыходзіць да Езуса, калі бачыць людскія нястачы і няшчасці, і просіць, каб Ён дапамог. Кожная хвароба адбірае радасць жыцця і знішчае не толькі людское цела, але чыніць нас самотнымі, адкінутымі і непатрэбнымі нікому. Марыя бачыць усё гэта, спачувае і заступаецца за нас, выпрошваючы ласку Божага дзеяння: Сыне, не маюць здароўя, дапамажы!
Аздараўленне Хворых гучыць па лацінску Salus infirmorum. Слова salus абазначае не толькі здароўе, але і збаўленне. Гэта вельмі важна, таму што нам трэба прасіць у Марыі не толькі аб аздараўленні цела, але таксама аб аздараўленні душы, каб атрымаць збаўленне. Ведаем добра, што не з кожнай хваробы можна вылечыцца. Калі заклікаем Марыю, то просім, каб Яна была суцяшэннем у хвіліну развітання з гэтым светам і знакам надзеі на вечнае шчасце.
Марыя вучыць нас, каб у цяжкі час хваробы і памірання сказаць Богу апошняе “так” – будзь воля Твая! Маці Божая Балесная як добрая матуля блізкая да кожнага хворага, яна любіць, суцяшае, прытуляе, выцірае слёзы, трымае за руку і паказвае Неба. У такія хвіліны менавіта Яе матчына любоў, прысутнасць і малітва з’яўляюцца найлепшым лякарствам…
Аздараўленне Хворых, маліся за нас!
Кс. Андрэй ЛЫСЫ, SChr