«Кожны нясе свой крыж у жыцці…». Да выразу прызвычаіліся, выраз выкарыстоўваем, не заўсёды, аднак, задумваючыся над тым, якую – на самой справе – ахвяру , каму і дзеля чаго нясём ?
На хвіліну застанавіцца і паразважаць над сваім жыццёвым крыжам запрашае сёння а. Конрад ПАТЫКА, SVD.
“Не шкадуйце сіл, у дамавіне не будуць вам патрэбныя”
А. Юзаф Баер, SVD
Хто хоча захаваць сваё жыццё – страціць яго, а хто страціць…
Няхай возьме крыж і ідзе за Мною.
У адной вёсцы жылі дзве дзяўчыны: Ізя (Ізабэла) і Ёля (Іаланта). Моцна сябравалі, жылі непадалёку адна ад другой, хадзілі ў адзін клас ў пачатковую школу і гімназію. Былі як два папугаі-неразлучнікі. Час ішоў, і жыццё прыносіла ўсё новыя выклікі і задачы. Перадусім паўстала перад імі пытанне аб будучым. Ізя была з вялікімі амбіцыямі і хацела ўсяму свету паказаць сваю вялікасць, а таксама многае ў жыцці пазнаць. Была прыгожая, інтэ-лігентная. Пасля паспяховага заканчэння факультэта журналістыкі засталася кіраўнічкай прыватнай тэлестудыі. Папулярнасць і слава, замежныя падарожжы і спатканні са славутасцямі свету запаўнялі каляндар яе жыцця. Яе муж, падобны лавец кар’еры, дома бываў рэдка, і дамашняй цішыні яны не ведалі… Дзяцей не мелі, бо не хапіла на іх часу, да таго ж мець дзеці – вялікі кошт, тады патрэбна пазбавіцца многіх прыемнасцей. Так у здабыванні славы і паглыненні урокаў свету мінаў год за годам…
Ёля таксама была прыгожай і здольнай, марыла пра падобную кар’еру, але на яе дарозе з’явіўся Крысціян, прыстойны малады чалавек з вялікім сэрцам і глыбокім духам. Працаваў настаўнікам у школе. Дзеці моцна любілі яго, бо не толькі перадаваў веды, але і быў для іх старэйшым братам. Ёля вышла за Крысціяна замуж, мелі трое дзяцей: двух добрых сыноў і цудоўную дачушку. Па свеце не ездзілі, не мелі магчымасці пазнаёміцца са слыннымі асобамі, жылі проста і спакойна. Часта выходзілі на прагулкі ў навакольныя горы і, сустракаючы знаёмых, чулі ад іх прыемныя словы прывітанняў, а сардэчныя ўсмешкі вучняў Крысціяна былі для іх падарункам і найлепшай кампенсацыяй за неажыццяўлёныя мары пра далёкія падарожжы і сем цудаў свету.
Гады ляцелі, валасы сівелі, а маршчыны пакрывалі лоб і твар. Ізабэлы на тэлеэкране ўжо не відаць, бо ёсць іншыя, маладзейшыя і прыгажэйшыя, і ніхто пра яе ў роднай мясцовасці ўжо не помніць, а Іаланта з Крысціянам рухаюцца далей, пабуджаючы дзясяткі дзяцей да набыцця ведаў і мудрасці, аддаючы многа свайго вольнага часу сацыяльнай працы і цешачыся вялізнай павагай у мясцовай супольнасці.
Дарагія сябры, расказваю гэтую гісторыю, таму што яна вельмі яскрава адлюстроўвае словы Езуса: “Хто хоча захаваць сваё жыццё – страціць яго…” І хіба не ёсць так, што пра людзей, якія дбалі толькі пра сваё дабро і раскошу, не застаецца ні малейшага ўспаміну, а пра тых, хто жыццё прысвяціў іншым, праз дзясяткі, а то і сотні гадоў апавядаюцца гісторыі, пішуцца кніжкі, здымаюцца фільмы, і , дзякуючы гэтаму, яны працягваюць жыць сярод нас.
У кожным чалавеку ёсць глыбока ўкаранёнае прагненне да несмяротнасці. Гэта выражана ў розных філасофіях і рэлігіях як ідэя рэінкарнацыі ці пераходу ў краіну памерлых, у свет продкаў, ці таксама, навучае хрысціянства, як валоданне несмяротнай душой. Усе гэтыя тэорыі падкрэсліваюць суадносіны жыцця на зямлі з жыццём у іншым свеце. Добрае жыццё будзе ўзнагароджана, а нядобрае – будзе пакарана.Прысвячэнне сябе іншым высока шануецца і адорваецца гонарам усюды. Нават марксісцкая філасофія адорвала памяццю народных герояў, якія прысвяцілі сябе айчыне і грамадству, і, дзякуючы ўспамінам, рабіла іх несмяротнымі.
Ці ж тыя ідэі, а таксама прыклад Езуса, які аддаў Сваё жыццё, каб адкупіць многіх, не павінны мабілізаваць і нас, каб крыху меней думалі пра сябе, свае задавальненні і праблемы, а больш карпелі над служэннем нашым бліжнім?
Маці імператара Канстанціна, знаходзячыся пад вялізным уражаннем ад хрысціянства, адправілася ў Святую зямлю, каб знайсці дрэва крыжа, на якім аддаў жыццё Хрыстус. Знайшоўшы яго, прывязла ў сталіцу імперыі, каб такім спосабам паўплываць на свайго сына, каб і ён напоўніў сваё жыццё сэнсам Боскай любові. Хрыстус сказаў сваім вучням: “Хто хоча ісці за Мною, няхай возьме свой крыж і ідзе за Мною”. Маючы перад вачыма крыж Хрыста, лягчэй усвядоміць сабе вартасць ахвяры, прынесенай для дабра іншага чалавека. Прысвяціць сябе, аддаць сябе, рызыкнуць, каб такім чынам атрымаць столькі ж – праз крыж дайсці да змёртвыхпаўстання.
Сённяшняму свету, моцна эгаістычнаму і па-спажывецку настроенаму да жыцця, устае насупраць і напышліва глядзіць у вочы нядаўна паўстаўшая, але квітнеючая ідэя “валюнтарызму”. Менавіта ў школьным і студэнцкім асяроддзі сярэдняй і заходняй Еўропы збіраецца штораз усё болей маладых людзей, якія прагнуць служыць іншым, прагнуць не толькі ад жыцця браць, але і даваць, абдорваць дабрынёю, радасцю, сваёй дапамогай. Павінен прызнацца, што мяне асабіста гэта моцна цешыць, дадае многа аптымізму ў адносінах да будучага. Ёсць шмат людзей, абуджаных прыкладам Езуса, якія імкнуцца пашыраць круг дзейнасці дабра, і праз гэта – дадаваць сэнсу жыццю, рабіць яго больш поўным.
Адзін пажылы чалавек аднойчы скардзіўся, што не перажыў таго, што хацеў перажыць. І я падумаў: так, жыццё Езуса было вельмі кароткім, не спазнаў многія рэчы, павінен быў адмовіцца ад розных магчымасцей. Але ці хто меў калі паўнейшае, чым Ён, жыццё? Там, дзе мы ўпарта шукаем новых адчуванняў, там Ён шукаў глыбіні. Менавіта глыбіня заслугоўвае называцца паўнатою.
Можа на хвіліну трэба прысесці і застанавіцца над тым, што азначаюць словы “хто хоча захаваць – страціць…”, каб мы, чакаючы большай інтэнсіўнасці адчуванняў у жыцці, не “прашляпілі” таго, што можа ахвяраваць нам дзень сённяшні?
Ёсць такая цудоўная песня пра любоў, якую многа разоў чуў у выкананні Хэлены Фішэр, якая называецца “Ружа”. І ёсць у ёй такія словы:
“Хто ніколі не плакаў і не засмуціўся, той нічога не ведае пра шчасце.
Хто шукае таго, што трывае вечна, той губляе тое, што трывае долі секунд.
Хто не прымае, той не па-трафіць нічога даць.
І хто на працягу жыцця баіцца смерці, той ніколі па праўдзе не пачынаў жыць”.
Жыццё чалавека цудоўнае, як ружа, але, як і яна, не пазбаўлена шыпоў на сцябле. Не даецца гэтага аддзяліць, падобна як змёртвыхпаўстання ад крыжа. На старонках Евангелля запісана малітва Езуса, у якой Ён просіць Айца за сваіх вучняў. Гаворыць, што хацеў бы, каб і яны былі ў Валадарстве Нябесным і адчулі такую ж хвалу, якую адчувае Ён. Каб гэтага дасягнуць, трэба ўзяць крыж і наследаваць Езуса. Няхай Яго павучэнні са старонак Евангелля ў гэтым нам дапамагаюць.
а. Конрад ПАТЫКА, SVD