Ён узяў на Сябе грахі нашыя

Міласэрнасць і справядлівасць. Часам здаецца, што існаваць побач яны не могуць: справядлівасць выключае міласэрнасць, а міласэрнасць абазначае адмову ад справядлівасці. Але так, напэўна, толькі ў міжчалавечых адносінах. А як гэта ў Божай задуме? Аб гэтым разважаем сёння разам з кс. Андрэем ЛЫСЫМ, SChr.

 

 У Божай задуме і ў Яго планах гэта выглядае інакш – Бог заўсёды абсалютна міласэрны і абсалютна справядлівы.

Пакаранне, вызначанае за парушэнне Божага загаду, каб не спажываць пладоў з дрэва па-знання дабра і зла, было вельмі ясным: “Калі з яго з’ясі, напэўна памрэш” (Быц 2, 17). Біблійны аповед пра райскі сад вельмі адназначна паказвае, што першая непаслухмянасць Стварыцелю – гэта найгоршы ўчынак, які калісьці зрабіў чалавек. Менавіта гэты першародны грэх справіў тры наступствы для ўсяго свету: смерць (таксама духоўную – як адарванне ад Бога), цярпенне і схільнасць да зла, а праз гэта – чарговыя грахі. Бог абсалютна міласэрны, бо ўжо ў раі абяцае нам выбаўленне (Быц 3, 15). Але Ён таксама і абсалютна справядлівы, бо павінны быць наступствы грэшнага выбару чалавека. Больш за тое, гэтае пакаранне не можа быць лагаднейшым. Асабліва ў часе Вялікага Посту мы ўсведамляем, што сам Бог прыняў на Сябе гэтае пакаранне ў асобе свайго Сына – Езуса Хрыста. Пра гэта чуем у прарока Ісаі (Іс 53, 4-5).

Хрыстус прыняў на сябе наступствы граху прабацькоў Адама і Евы – смерць, усе формы цярпення і людскія грахі. Прымаючы іх на сябе, быў прыбіты з імі да крыжа. “Ён сцёр запіс нашых даўгоў, які быў супраць нас, і скасаваў яго, прыбіўшы да крыжа” (Клс 2,14). У велікодную раніцу пакінуў грабніцу, а наступствы першароднага граху надалей застаюцца “ўкрыжаванымі”. Вось гэтае незвычайнае адкупленне з’яўляецца даступным для кожнага, хто верыць у Езуса і злучаецца з Ім.

Што ж вынікае з факту, што Хрыстус  узяў на Сябе нашыя цярпенні?

Перад уваходам у Абяцаную Зямлю, вандруючы праз пустыню, народ Ізраэля атрымаў ад Бога праз пасрэдніцтва Майсея простыя правілы жыцця, якія можна назваць “правілам дзвюх дарог” (Дрг 30, 15-18). Перадумовы гэтага Божага права былі вельмі простыя: той, хто захавае Божы загад, дасягне шчасця, выразам якога будзе Божае благаслаўленне, а той, хто парушыць Божыя правілы, рызыкуе,– цярпенне і смерць.

Вельмі хутка стала зразумелым для людзей, што ўсе трапілі на дарогу пракляцця, якую самі выбралі. “Няма ніводнага справядлівага, няма разумнага, няма таго, хто шукаў бы Бога. Усе заблукалі, усе разам сталі нягоднымі; няма таго, хто рабіў бы дабро, няма ніводнага” (Рым 3, 10-12), “Усе зграшылі і пазбаўлены Божай славы” (Рым 3, 24). Што ў такім выпадку робіць Бог у асобе Свайго Сына? Сам сыходзіць на дарогу пракляцця, каб замест людзей атрымаць пакаранне. Прыніжэнне Божага Сына, які існаваў нароўні з Богам, становіцца ключом адкуплення. Езус сам перайшоў з дарогі благаслаўлення на дарогу пракляцця. Стаўся чалавекам, прайшоў свой крыжовы шлях і прыняў смерць. Бог не пакінуў Яго ў стане смерці, але ўзвысіў па-над усім бачным і нябачным стварэннем, і “каб на імя Езуса схілілася кожнае калена стварэнняў нябесных, зямных і падземных, і каб кожны язык вызнаваў, што Панам ёсць Езус Хрыстус дзеля хвалы Бога Айца” (Флп 2, 10-11). Такім чынам Хрыстус вярнуўся на дарогу благаславенства, а пакаранне за людскі грэх было адкуплена. Бог аказаўся ў паўнаце міласэрным, бо адкрыў нам дарогу да збаўлення. Аказаўся таксама абсалютна справядлівым, бо пакаранне за грэх было здзейснена па ўсёй строгасці.

Праз тое, што Бог аказаўся абсалютна  міласэрным і  ў паўнаце  справядлівым, калі  Езус прыняў  пакаранне за нашыя грахі, адкрыў дарогу для збаўлення кожнаму, хто ў Яго паверыць. Справа збаўлення мае аб’ектыўны характар: здзейснілася і з’яўляецца фактам. Аднак прыняцце яго патрабуе асабістага рашэння веры ў Хрыста. Яно дзейснае толькі для таго, хто з вераю адкрывае сваё сэрца, каб прыняць яго наступствы. Таму апостал Павел у сваіх пасланнях паказвае сувязь паміж  справаю  збаўлення і тымі, хто паверыў у Езуса Хрыста. “А Бог, будучы багатым на  міласэрнасць, у  сваёй вялікай любові палюбіў нас, і нас, мёртвых з-за грахоў, ажывіў разам з Хрыстом. Вы збаўлены ласкаю. Ён уваскрасіў і пасадзіў нас на нябёсах  у Хрысце Езусе” (Эф 2, 4-6).

Бачым у гэтым тэксце выразную паралель паміж тым, чаго даканаў  Езус, Які прыняў на Сябе нашыя цярпенні, і тым, што робіцца з асобаю, якая з вераю прымае справу адкуплення. Хрыстус стаўся чалавекам, і, як кожны з нас, Ён фізічна памёр праз нашыя грахі. Усе людзі сталіся мёртвымі з-за сваіх грахоў. Гэтую духоўную смерць трэба разумець як аддаленне ад Бога ў стане першароднага граху, гэта значыць, перад прыняццем хросту. Тое самае робіцца пасля цяжкага, як мы кажам, “смяротнага” граху, бо яго наступствам з’яўляецца страта Божай асвячальнай ласкі. Хрыстус  фізічна  змёртвыхпаўстаў  з  грабніцы  на трэці дзень. Кожны, хто верыць у Хрыста, можа  духоўна  змёртвыхпаўстаць, бо яго грахі могуць быць прабачаныя. Такім чынам вяртаецца да жыцця, якое разумеем як  духоўную лучнасць – камунію з Богам.

Часамі можна спаткацца ў некаторых  хрысціянскіх  асяроддзях з перакананнем, што Богу можна  ахвяраваць хваробы, якія нас датыкаюць. Гэта магла б быць ахвяра за сябе ці за кагосьці з нашых блізкіх. Аднойчы жанчына  так  мне сказала: “У мяне рак, але не буду лячыцца. Ахвярую гэтую хваробу за навяртанне  свайго мужа”. Ці сапраўды мы можам і павінны ахвяраваць Богу свае хваробы? Канечне ж, не! Хвароба – гэта наступства граху першых бацькоў. Бог не хацеў першароднага граху і яго наступстваў. Можам дайсці да абсурду: калі ахвяруем Богу хваробы, што з’яўляюцца наступствам граху нашых прабацькоў, то лагічным будзе ахвяраваць і астатнія наступствы граху – смерць і нашыя актуальныя грахі. Інакш кажучы, нам трэба хварэць і ахвяроўваць хваробы дзеля навяртання. Будзем грашыць і таксама ахвяроўваць нашыя грахі дзеля навяртання і збаўлення грэшнікаў. Гэта абсурд…

Дык як тады? Трэба дакладней выказваць свае думкі і намеры. Разумеем, што не можам ахвяраваць Богу нашых хваробаў. Але можам ахвяраваць нашае змаганне  з  хваробай і нашае цярплівае перажыванне хваробаў. Не адхіляючыся ад высілку лячэння пры дапамозе медыцыны і пры духоўнай і малітоўнай падтрымцы. Можна  хварэць і наракаць, будучы нязносным для свайго  асяроддзя. Але можна хварэць “прыгожа” і  ўсе невыгоды і змаганні, звязаныя з хваробай, ахвяраваць Богу ў нейкай інтэнцыі. Гэткая ахвяра падобная да посту. Такое павінна быць настаўленне тых, хто верыць у Езуса: трэба  з усіх сілаў старацца выздаравець, а  свае  цярпенні перажывання хваробы ахвяраваць Богу.f-str-27

Багасловы  аднагалосна сцвярджаюць, што праз сваю муку, смерць і змёртвыхпаўстанне  Хрыстус перамог сатану, грэх, цярпенне і смерць. Калі так, то чаму мы церпім, грашым і паміраем? Святы Павел кажа пра перамогу Хрыста ў мінулым часе. Яна ўжо здзейснілася: “Раззброіў панаванні і ўлады, выставіў іх напаказ, трыумфальна перамогшы іх у Хрысце” (Клс 2,15). Нягледзячы на тое, што перамога Хрыста над сатаной ужо адназначна здзейснілася, аднак яшчэ не аб’явілася ў паўнаце. Часам падчас казання падаецца прыклад заканчэння Другой сусветнай вайны. На пачатку мая 1945 года немцы падпісалі безумоўную капітуляцыю,  ды яшчэ да канца мая нямецкія  атрады  ўсцяж забівалі  людзей  на  тэрыторыі Францыі. Гінулі дзеці і жанчыны. Немцы прайгралі вайну, але далей  забівалі.  Сатана  ўжо  канчаткова пераможаны на дрэве крыжа, аднак перамога Хрыста яшчэ  не аб’явілася ў паўнаце. Станецца гэта ў паўнаце толькі падчас  Парузіі,  калі наш Пан вернецца на зямлю.

 Надзея нас не падвядзе – і да Неба давядзе!

 

 

 Кс. Андрэй ЛЫСЫ, SChr

 Фота Карнэлія КОНСЭКА,SVD


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий