Загубіся ў міласэрнасці — і будзеш сапраўды шчаслівы

кс. Андрей ЛысыПра міласэрнасць разважаем, да міласэрнасці заклікаем, у сваёй любові да іншых запэўніваем. Але ці так яно на самой справе? Ці проста навучыліся і прызвычаіліся выкарыстоўваць прыгожыя словы, прамаўляць слушныя лозунгі і звароты, каб самым выглядаць міласэрнымі і любячымі? Разважаем аб гэтым  разам з кс. Андрэем ЛЫСЫМ, SChr

 

 

Пасля таго, як прачытаем фрагмент Евангелля паводле Лукі (Лк 10, 25–37), добра ўсведамляем, што размова паміж Езусам і гэтым кніжнікам упісваецца ў дыялогі, якія сустракаліся паўсюдна сярод настаўнікаў  Ізраэля. Езус не адказвае непасрэдна  на пастаўленае Яму  пытанне, але пытаецца, які адказ даў бы сам кніжнік. Што мне рабіць, каб атрымаць у  спадчыну  жыццё вечнае? Што мне рабіць і як жыць, каб быць сапраўды шчаслівым? Шаноўныя чытачы, паспрабуем жа і мы знайсці адказ на гэтае пытанне.

Дасканала ведаем, які павінен быць тэарэтычны адказ, гэта проста – “Любі!”. Аднак часта здараецца так, што замала ведаць дактрыну, бо ўзнікаюць цяжкасці, каб яе выканаць на практыцы. Можа і нам яшчэ не зусім ясна, хто павінен быць гэтым “бліжнім” – аб’ектам нашай любові. Езус адказвае кніжніку і нам прыпавесцю, у якой расказвае пра святара і левіта, якія прайшлі міма падарожнага ў вялікай бядзе і патрэбе. “Трапіў [ён] у рукі разбойнікаў, якія знялі з яго адзенне, пабілі яго і пайшлі, пакінуўшы ледзь жывога” (Лк 10, 30). Тут варта затрымацца і падумаць пра сябе. Колькі разоў можам знайсці сябе менавіта ў гэтых біблійных вобразах? Людзей абыякавых, баязлівых, а можа, тых, хто сваю бяздзейнасць апраўдвае шматлікімі адгаворкамі. Каментатары Бібліі кажуць, што святар і левіт не хацелі падыходзіць і дакранацца да крыві, каб не стацца “нячыстымі”. Такім чынам яны не маглі б выконваць свайго служэння пры святыні ў Ерузалеме. А якія ў мяне адгаворкі?

Хачу таксама звярнуць увагу на тое, што такіх патрабуючых не трэба далёка шукаць на сваім жыццёвым шляху. Па-крыўджаны чалавек “ледзь жывы” – гэта вобраз кожнага хворага, а яны часта вельмі блізка да нас – у адным доме, за сцяной, у суседстве. Папа Бэнэдыкт XVI, даючы каментар да гэтай прыпавесці, паказвае нам яе актуальнасць у сучасным свеце: “А ці каля нас самых не бачым людзей абрабаваных і пабітых? Ахвяры наркотыкаў, гандлю жывым таварам, сэкстурызму, людзі, знішчаныя духоўна, каторыя, маючы матэрыяльны дастатак, унутрана пустыя. Гэта ўсё не можа быць для нас абыякавым і становіцца для нас заклікам, каб мець вока і сэрца бліжняга, а таксама адвагу паказаць сваю любоў”.

Хто ж з нас, убачыўшы пабітага, хворага чалавека, ахвотна падасць яму далонь дапамогі і спагады? Чалавечы страх часта падказвае паводзіны і стаўленне, далёкія ад міласэрнасці. Езус паказвае самараніна і яго міласэрную любоў як узор і кажа: “Ідзі і ты рабі так”. Езус – гэта наш міласэрны самаранін, які пасланы Богам Айцом, каб паказаць міласэрнасць, ахвяру, спачуванне і бескарыслівасць. Але  самаранінам  хочам станавіцца і мы, кожны чалавек, які затрымаецца над бядой і хваробай чалавека, пахіліцца над яго  цярпеннем.

“А нейкі  самаранін, падарожны, натрапіў  на  яго і, убачыўшы, злітаваўся. Падышоў, перавязаў яму раны, паліваючы алеем і віном” (Лк 10, 33). Клопат пра пакрыўджанага не спыняецца толькі на гэтым, чытаем у прыпавесці: “Пасадзіўшы яго на сваю жывёліну, прывёз у  заезд і паклапаціўся аб ім. А на другі дзень,  ад’язджаючы,  дастаў два  дынары,  даў карчмару і сказаў  яму: Паклапаціся  аб ім. А калі  патраціш  больш, я аддам табе, калі  вярнуся”  (Лк 10, 34-35). Сапраўдная  любоў павінна быць  бачнай  і датыкальнай. Заклікаць да канкрэтных дзеянняў, якія дапамогуць знайсці выйсце ў гэтых асаблівых па-трэбах хворых і патрабуючых людзей.

“Шчаслівыя  вочы, якія бачаць  тое, што вы бачыце”, – кажа Езус у іншай прыпавесці (Лк 10, 23). Самаранін, падарожнічаючы, – убачыў, убачыўшы – злітаваўся, а злітаваўшыся – пайшоў  за  голасам сэрца і ўчыніў  міласэрнасць.  Гэта і ёсць тое, аб чым казаў Святы Ян Павел ІІ – “фантазія міласэрнасці”. Каб яе здабыць, трэба маліцца аб адчыненых вачах сэрца, каб убачыць іншага чалавека праз прызму любячага сэрца.

Пасля заканчэння прыпавесці Езус пытаецца ў свайго суразмоўцы: “Хто з гэтых трох быў  бліжнім таму, хто трапіў у рукі разбойнікаў?”. Ён сказаў: “Той, хто паступіў з ім міласэрна” (Лк 10, 36-37). Пытанне Езуса зусім не “нявіннае”. У мове Старога  Запавету  “бліжні” – гэта не кожны чалавек, але толькі  той, хто належыць да габрэйскага  народу. З усёй пэўнасцю святар і левіт былі габрэямі. Але ніводзін з  сучаснікаў Езуса не адважыўся  сказаць, што самаранін – гэта “бліжні”. Таму кніжнік, каб  не сказаць таго, што так відавочна, але для яго немагчыма, адказвае: “Той, хто паступіў  з  ім  міласэрна”.

Прыпавесць Езуса вельмі правакацыйная: хто на практыцы быў тым, “хто паступіў з ім міласэрна”? Канечне ж, самаранін быў сапраўдным бліжнім таго пакрыўджанага і хворага чалавека, але быў ім таксама і карчмар. Гэта ён на працягу некалькіх дзён займаўся лячэннем ранаў ажно да таго моманту, калі яны загаіліся, быў адказны за клопат пра яго, калі было гэта патрэбна, за прыгатаванне ежы, якая давала хвораму сілы. Карчмар рабіў усё гэта ціха і без пагалоскі, служачы верна да канца. Папа Францішак навучае, што “любоў  не  можа быць абстрактным  словам. Па сваёй прыро-дзе яна з’яўляецца канкрэтным жыццём: гэта нашае стаўленне, паводзіны, якія праяўляем у штодзённасці”. Хтосьці  скажа: “Я ж не лекар – чым дапамагу хвораму  чалавеку?”. Сваёй  прысутнасцю, спагадай, служэннем у  штодзённых  справах.  Знайдзі час, каб на сваім жыццёвым шляху   затрымацца,  паглядзець з любоўю і падтрымаць малітваю.f-str-27

Біблійны вобраз карчмара – гэта  вобраз  служэння  Касцёла ў святых сакрамэнтах. Таму, можа, найлепшай і канкрэтнай дапамогай будзе паспрыянне, каб  хворы прыняў сакрамэнт намашчэння. Ці  гэта  так  шмат? Сапраўдная  любоў заўсёды каштуе…

Езус ніколі не забываецца пра сітуацыі, у якіх “быў галодны, і вы далі Мне есці; прагнуў, і вы напаілі Мяне; быў  падарожным, і вы прынялі Мяне; быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі  Мяне;  быў  у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне… Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў  Маіх  меншых, вы Мне зрабілі” (Мц 25, 35-36.40). Добра ведаем з навукі Езуса, што той, хто дае, той  удвая  больш атрымлівае. Міласэрнасць  вядзе  да канкрэтнага дзеяння, а гэты  ўчынак  атрымлівае  сапраўднае  благаславенства. “Загубіся ў міласэрнасці – і знойдзеш сапраўднае шчасце”, – так пісала Св. Фаўстына Кавальская.

 

 

 Кс. Андрэй ЛЫСЫ, SChr

 Фота Карнэлія КОНСЭКА,SVD


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий