Боль і цярпенне…Часам гэтага так шмат у нашым жыцці, што здаецца, іншага і няма. І мы да іх неяк прыстасоўваемся, з імі жывём, аднак не можам знаходзіцца ў такім стане бясконца. Як сабе дапамагчы? Чаму ці каму ахвяраваць такі пачуццёвы стан? Пра гэта – у разважаннях кс. Андрэя Лысага, SChr.
«З усяго, што толькі можаце, зрабіце ахвяру ў якасці перапрашэння за грахі, якімі людзі крыўдзяць Бога, і дзеля таго, каб выпрасіць навяртанне грэшнікаў». Гэтая просьба, якую перадаў анёл дзецям у Фаціме, датычыць кожнага з нас.
Трэба нам ясна сказаць напачатку, што само ў сабе цярпенне, асабліва цярпенне нявінных, з’яўляеццца злом. Цярпенне не паходзіць ад Бога! Як тлумачыць Папа Бэнэдыкт XVI у энцыкліцы Spe salvi, «цярпенне належыць да чалавечага існавання. Яно паходзіць або з абмежаванасці нашай натуры, або з сукупнасці грахоў, якія нагрувасціліся з цягам гісторыі і якія таксама сёння незваротна нарастаюць». Чаму ж тады Марыя ў Фаціме просіць дзяцей прыняць цярпенне? Ужо падчас першага аб’яўлення 13 мая пытаецца ў іх: «Ці хочаце сябе ахвяраваць Богу, каб пераносіць усе цярпенні?». Дзеці адказваюць: «Так, хочам!». Ключавым тут з’яўляецца выраз «ахвяравацца Богу», бо менавіта ў гэтым крыецца хрысціянскі сэнс прыняцця цярпення.
Уся справа ў тым, каб перамяніць зло цярпення ў дабро. У якое дабро? У малітву, ахвяру, жэст чыстай і бескарыслівай любові, у акт аддання і даверу сябе добраму Богу. Сэнсам не з’яўляецца тое, каб цярпець, але тое, каб любіць, нягледзячы на боль, не уцякаць, але верна трываць, каб любоў усё больш і больш узрастала. Сэнс вядзе да любові, якая патрапіць аддаць сябе да рэшты, ажно да смерці. Як гэта зрабіць? Што гэта значыць – ахвяраваць? Гэты працэс перамены цярпення ў малітву, у любоў можна параўнаць з утварэннем пярліны. Як ведама, пярліна паўстае ў целе малюска, калі ўнутр шкарлупіны (ракавінкі), дзе ён жыве, трапляе пясчынка, асколак ракавіны ці нешта чужое. Гэты «чужынец» даслоўна ўбіваецца ў арганізм, прычыняе стварэнню вялікі боль. І менавіта вакол гэтага месца болю і цярпення паступова ствараецца пярліна. У нейкім сэнсе, усе мы такія «малюскі», бо баімся цярпення. Калі глядзім на Езуса, то таксама бачым Яго трывогу перад абліччам болю і цярпення, калі падчас малітвы ў садзе Аліўным маліўся: «Ойча, калі Ты жадаеш, адхілі ад Мяне гэты келіх» (Лк 22, 42). Але калі дасягае нас цярпенне, то дае нам магчымасць выгадаваць пярліну – найпрыгажэйшы жыццёвы скарб, новую якасць, прыгажосць і высакароднасць: узрастанне ў веры, у любові, выспяванне ў прыгажосці чалавечнасці. Цярпенне дае такую магчымасць, але не «аўтаматычна» робіць нас высокароднымі. Гэта так не працуе. Само ў сабе цярпенне можа чалавека знішчыць, дэградаваць фізічна і духоўна, давесці да богазневажання, а нават і да злачынства, да шаленства, да крыўджання іншых у імя помсты за сваю крыўду. Перамена болю ў пярліну залежыць ад нашай вольнасці. Залежыць, ці прымаем цярпенне з любові да Бога і людзей, якіх любім. Усе мы такія «малюскі», якія хаваемся перад цярпеннем у ахоўныя ракавіны, але калі нейкі цернь уваб’ецца ў нашыя душы ці целы, тады ў вольнасці вырашаем і выбіраем, што з гэтым зробім. Само не зробіцца…
«Зразумела, трэба з усіх сіл старацца зменшыць цярпенне: прадухіляць, наколькі магчыма, цярпенне бязвінных; суцішваць боль; дапамагаць пераадольваць псіхічныя цярпенні. Усё гэта абавязкі як справядлівасці, так і любові, якія ўваходзяць у шэраг фундаментальных патрабаванняў хрысціянскага існавання і кожнага па-сапраўднаму чалавечага жыцця», – навучае Папа Бэнэдыкт XVI у энцыкліцы Spe salvi. Хоць трэба з усіх сіл перамагаць цярпенні, аднак праўда ў тым, што мы не можам цалкам ліквідаваць іх у свеце, таму што не ў нашых сілах цалкам скінуць з сябе нашу абмежаванасць і ніхто з нас не здольны ліквідаваць сілы зла, віны, якая няспынна з’яўляецца крыніцай цярпенняў. «Зрабіць гэта можа толькі Бог: толькі Бог, які сам уваходзіць у гісторыю, становіцца чалавекам і церпіць. Мы ведаем, што гэты Бог існуе, і таму тая моц, якая “бярэ на сябе грахі свету” (Ян 1, 29), прысутнічае ў свеце», – прапаведуе Пантыфік у Spe salvi. Сэнс цярпення можам знайсці толькі ў лучнасці з Укрыжаваным Хрыстом.
Чаму толькі так? Калі чалавек бярэ крыж свайго цярпення, злучаючыся духоўна з Крыжам Езуса Хрыста, перад ім адкрываецца збаўчы сэнс цярпення. Толькі тады чалавек можа знайсці ў сваім болю ўнутраны супакой, а нават і духоўную радасць. Крыніцай радасці становіцца перамога пачуцця непрыдатнасці цярпення, пачуцця, якое вельмі моцна запусціла карані ў людскім цярпенні. Адкрыццё збаўчага сэнсу цярпення ў лучнасці з Хрыстом перамяняе гэтае пачуццё, што так моцна прыгнятае чалавека. Вера ва ўдзел у цярпеннях Хрыста нясе з сабою такую ўнутраную пэўнасць, што церпячы чалавек, паводле слоў Св. Паўла, «дапаўняе недахоп у сваім целе пакутаў Хрыста за Ягонае цела, якім ёсць Касцёл» (Клс 1, 24). Гэта значыць, што ў духоўным вымярэнні Адкуплення церпячы чалавек служыць збаўленню сваіх братоў і сясцёр. Варта таксама звярнуць увагу на тое, што, чым больш чалавек па-гразне ў граху, чым цяжэйшыя структуры граху носіць ў сабе сучасны свет, тым больш вымоўным становіцца само ў сабе людское цярпенне. Таму таксама, тым больш Касцёл адчувае па-трэбу звяртацца да людскіх цярпенняў дзеля ацалення сучаснага свету.
На Крыжы Хрыста не толькі здзейснілася Адкупленне чалавека праз ахвяру і цярпенне, але само людское цярпенне было адкуплена. Збаўца цярпеў за чалавека і для чалавека. Кожны чалавек мае свой удзел у Адкупленні і кожны з нас таксама пакліканы, каб прыняць удзел у тым цярпенні, праз якое Хрыстус нас збавіў. Як казаў Св. Ян Павел ІІ: “Хрыстус узнёс людское цярпенне на ўзровень Збаўлення, а за тым кожны чалавек у сваім людскім цярпенні можа стацца ўдзельнікам таго цярпення Хрыста, якое збавіла ўвесь свет.” Веруючы чалавек, свядомы таго, што крыжовая мука непадзельна злучана з хвалою Змёртвыхпаўстання, можа знайсці цалкам новае святло, якое дапаможа яму прадзерціся праз густы змрок зняваг, сумніваў, роспачы і пераследаў. Чалавек, які, дзякуючы веры, адкрые цярпенне Хрыста, адкрывае таксама ў ім сваё ўласнае цярпенне, знаходзіць яго праз веру нанова, насычанае новым зместам і сэнсам.
Калі спаткае цябе нейкае цярпенне, то памятай, што адразу яго трэба ахвяраваць Богу, злучаючыся з цярпеннем Езуса на крыжы. Тады цярпенне цябе не знішчыць, але станецца такім вялікім скарбам і ласкаю, што ніхто з людзей гэтага дастаткова не зразумее. Гэта дар большы, чым магчымасць чынення цудаў, бо праз цярпенні чалавек можа аддаць Богу тое найцаннейшае, што мае ў сабе, – сваю волю. Нішто так не адкрывае чалавека да Бога і нішто так не перамяняе, як бескарысны дар цярпення. Таму няхай ніхто з нас не змарнуе ніводнай нагоды, каб ахвяраваць Богу кожнае сваё цярпенне: цялеснае ці духоўнае. Асабліва трэба Богу ахвяроўваць усе свае крызісы, бунты, знеахвочванні і ўсе страхі. «Малітваю і цярпеннем больш збавіш душаў, чым місіянер праз свае навукі і казанні», – казаў Езус Св. сястры Фаўстыне.
Марыя, стоячы пад крыжам, вучыць нас менавіта такой паставе. Павінна яшчэ раз выказаць сваё fiat – «Божа, няхай мне станецца паводле Тваёй волі». У сэрцы Маці Балеснай жыве неапісальны боль, бо глядзіць на смерць Сына, на Яго цалкавітую паразу, калі ўвесь народ Яго адкінуў і вучні паўцякалі. Але яна чуе і бачыць, як Езус моліцца да Айца, і тады злучаецца ў малітве, каб сваім даверлівым сэрцам зразумець больш, чым розумам. Уваходзіць у таямніцу мукі і цярпення Хрыста. З упэўненасцю Марыя, стоячы пад Крыжам Хрыста, моліцца. Не ведаем зместу яе слоў, але ці гэтай сітуацыі не адпавядаюць найлепей словы Вяночка да Божай Міласэрнасці?: «Ойча Спрадвечны, ахвярую Табе Цела і Кроў, душу і боскасць Наймілейшага Сына Твайго, а Пана нашага Езуса Хрыста. Каб перапрасіць за грахі нашыя і ўсяго свету».
Кс. Андрэй ЛЫСЫ, SChr