Зярнятка еднасці

кс. Андрей ЛысыАдсвяткавалі Божае Нараджэнне каталікі, святкуюць праваслаўныя, а Нованароджаны Езус Хрыстус чакае ад адных і другіх, каб адкрылі Яму сваё сэрца – па-сапраўднаму, шчыра і ішлі  дарогаю хрысціянскай веры, надзеі і любові  разам. Тое, што маем розныя рэлігійныя традыцыі, не робіць нас канкурэнтамі. Аб гэтым сёння разважаем разам з кс. Андрэеем ЛЫСЫМ, SChr

 

 

 

Студзеньгэта асаблівы месяц, якім мы распачынаем новы  каляндарны  год  ад прыгожай  Урачыстасці Маці Божай Багародзіцы і просім аб дары супакою ва ўсім свеце. Калі  так на самым пачатку новага года пазіраем ў будучыню, маючы ў сэрцы добрыя планы  і мары, то, ідучы далей, чуем, што могуць сустракаць нас разнастайныя перашкоды, каб  будаваць  адзінства, асабліва ў семях з розніцай веравызнання. Адзначаем, як мы кажам, “стары Новы Год”, “праваслаўныя  Каляды”, “праваслаўнае Хрышчэнне”.

 

Падаецца, што гэтых розніц так шмат, што цяжка нам знайсці нейкую нітачку або малое зярнятка еднасці і паразумення. А мы вось паспрабуем гэта зрабіць!

Ідучы за навучаннем Касцёла, дабра разумеем, што еднасць у сем’ях вельмі пажаданая, бо на  яе  абапіраецца супакой і паўната супольнасці. Аднак розніца веравызнання можа ствараць вельмі сур’ёзныя праблемы, асабліва ў тым, што тычыцца выхавання дзяцей. Сужэнства – гэта супольнасць жыцця і любові. Бывае так, што розніца веравызнання не спрыяе будаванню такой супольнасці ў вельмі прынцыповых справах, што можа прывесці да непаразуменняў, асабліва ў першыя гады сямейнага жыцця, калі маладыя людзі адышлі ад эмацыянальных захапленняў і сустракаюцца са штодзённымі рэаліямі. Кожны ўваходзіць у сужэнства з прынцыпамі і нормамі сваёй веры і ведае, што сужэнства не вызваліць яго ад выканання рэлігійных абавязкаў. Тое, што на пачатку не было праблемай, становіцца перашкодай, якую часам цяжка пера-ступіць. У сэрцы чалавека нараджаецца парадаксальнае пытанне: чаму Бог і Яго законы перашкаджаюць нам будаваць еднасць і супакой? Як правільна сябе паводзіць, каб з аднаго боку быць сабою – жыць паводле сваёй веры, а з другога – любіць і шанаваць сужэнца і перадаць дзецям рэлігійныя каштоўнасці.

Касцёл у сваёй мудрасці вельмі асцярожна падыходзіць да сужэнстваў з розніцай веравызнання, з павагай адносіцца да шматвекавога досведу і разнастайных сітуацый на працягу гісторыі хрысціянства, якія паказвалі складанасці і цяжкасці, звязаныя з такімі сітуацыямі. Удзяляючы згоду на такія сужэнствы, заўсёды клапоціцца, каб каталіцкі бок не страціў сваёй веры, і таксама паказвае вялікую пашану да іншых веравызнанняў. Каб пазбягаць канфліктных сітуацый, якія часта вы-нікаюць менавіта з розніцы веравызнання, а за гэтым — і розніцы светапогляду, можна карыстацца наступнымі парадамі і рэкамендацыямі.

Хочам, каб у нашай сям’і панавалі ўзаемная пашана і прыняцце розніцы. Кожная крытыка і насміханне адносна рэлігійных перакананняў сужэнца можа прывесці нават да распаду сям’і, трэба старацца будаваць узаемную талерантнасць, памяркоўнасць і разуменне.

На дарозе дыялогу варта акрэсліць граніцы талерантнасці і прыняцця некаторых нормаў і паводзін. Бывае так, што гэтыя прынцыпы, асабліва маральныя, вельмі  адрозніваюцца, тады трэба шукаць кампрамісу і згоды. Не варта раздзяляцца і ваяваць праз спрэчкі і эгаістычнае перакананне, што маё – гэта найлепшае і толькі так павінна быць. Ва ўсім шанаваць узаемную патрэбу свабоды і незалежнасці, практыкаваць абрады і святкаваць “свае святы па-свойму”.

Ахоўваць сваю сям’ю ад адмоўных (негатыўных) знешніх уздзеянняў. Бывае так, што на грунце сям’і і малой супольнасці сужэнцы знаходзяць агульную мову згоды і паразумення, але, калі ўваходзяць бацькі і родныя і падбухторваюць да нязгоды і цягнуць у свой бок, тады трэба мудра бараніцца і настойваць на сваіх ужо выпрацаваных звычаях і прынцыпах.

Дзе ж можам шукаць практычных зярнятак еднасці? Перш за ўсё, гэта жаданне прыняцця і зразумення  розніцы. Тое, што мы  маем  розныя рэлігійныя традыцыі, не павінна нас рабіць канкурэнтамі ці, не дай Божа, ворагамі. Іншы – гэта не значыць горшы ці лепшы, гэта значыць мне невядомы. І тут бачым у нашых сем’ях магчымасць наблізіцца, гэта значыць — пазнаць розніцу.   Таму добра і карысна будзе, калі сям’я навучыцца святкаваць святы, паводле розных традыцый і абрадаў – гэта нагода, каб паглыбляць веру і вучыць дзяцей. Патрэбна будзе больш свядома паглыбляць знакі і абрады, каб зразумела распавядаць пра традыцыі, а ва ўсім гэтым не страціць сутнасці і сэнсу: усё гэта вядзе да спаткання з Богам. Не трэба ствараць  новай  традыцыі ці нейкага “мікса ці гібрыда”, але захаваць сваё і паказаць яго прыгажосць.

Далей – гэта  прыняцце  розніцы рэлігійных абрадаў і службаў. Напэўна, не будзе грахом ці нечым неадпаведным, калі католік пойдзе на службу ў царкву і памоліцца, не будзе гэта здрадай  веры,  але  выразам  любові і шанавання  традыцыі сужэнца.

Бывае так, што рэлігійныя і абрадавыя адрозненні, а за імі і розніца паводзін і прынцыпаў, настолькі вялікія, што, здаецца, немагчыма знайсці кампраміс і згоду. Тады прапаную яшчэ адно зярнятка – сумесную малітву. Менавіта так, праз адзінства мовы і сэрца зразумеем, што Бог слухае, калі мы разам з Ім размаўляем. Гэта добрая нагода, каб разам праслаўляць Бога ў тых святах і таямніцах, якія мы святкуем. Малітва ніколі не павінна раздзяляць і ўзбуджаць у сэрцы варожасць і нязгоду. Усведамленне Божай прысутнасці дзякуючы сумеснай малітве дазволіць прыняць другога чалавека з усімі розніцамі менавіта як дар і заданне ад Бога і нагоду для ўзаемнага ўзрастання ў Божай ласцы.f-str-27

Нарэшце,  хачу звярнуць увагу чытачоў на Нядзелю Божага Слова, якую запрапанаваў Папа Францішак, каб  мы паспрабавалі ў нашых сем’ях знайсці час і зрабіць належнае месца таму Зерню, з якога вырастае вера ў Хрыста. Адзначаем яе ў гэтым годзе  22 студзеня. На думку Касцёла,  менавіта  Слова Божае ў сем’ях з розніцай рэлігіі можа  быць добрай нагодай спаткання і паразумення. Біблія – гэта крыніца мудрасці для кожнага чалавека, а чытанне і разважанне  Божага Слова вядзе да прыняцця не толькі веры, але і чалавека як Божага вобразу і ўмілаванага стварэння, якому Бог дае ўсё неабходнае на дарозе  да  збаўлення. Біблія і яе месца ў сям’і паказвае, што людзі, жывучы разам, клапоцяцца не толькі пра матэрыяльны дабрабыт, але сваю ўзаемную любоў і пашану выказваюць у клопаце аб вечным жыцці сужэнца. Слова Божае нясе ў сабе аб’яўленне не толькі Бога і Яго волі, але і вучыць нас, як быць сапраўднымі людзьмі, як будаваць нашыя адносіны, асабліва ў сем’ях. Біблійныя апавяданні могуць стацца крыніцай вырашэння шматлікіх канфліктаў, з якімі мы ў нашых сямейных асяроддзях змагаемся, і не заўсёды ведаем, як правільна паступіць. Трэба папросту адгарнуць Святое Пісанне і прачытаць. Разам паслухаць, а Бог сваё зробіць.

Калі збяром усе прапанаваныя зярняткі адзінства, то зразумеем, што ў нас ёсць, больш таго, што нас злучае і робіць сапраўды адной вялікай сям’ёй. Зразумеем, што казаў святы Павел у Пасланні да Галатаў (3, 26-28): “Усе вы сыны Божыя праз веру ў Езуса Хрыста. Бо ўсе вы, хто ахрысціўся ў Хрыста, у Хрыста апрануліся. Няма ўжо ні юдэя, ні грэка; няма ні раба, ні свабоднага; няма ні мужчыны, ні жанчыны, бо ўсе вы адно ў Хрысце Езусе».

 

 

 

Кс. Андрэй ЛЫСЫ, SChr


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий