(Працяг. Пачатак у № 01-2015 г.)
Вельмі мудрая пагаворка: жыццё пражыць – не поле перайсці. Сапраўды, колькі на гэтым полі сустракаецца камянёў і каменьчыкаў… Адзін іх лёгка пераскочыць, другі – будзе доўга думаць, як іх абыйсці, і пры гэтым абавязкова наробіць глупства. Ды яшчэ і абразіць сваю «палавінку». А памірыцца, папрасіць прабачэння… О, гэта зусім цяжкая справа. Але без прымірэння не будзе паразумення. Акурат аб гэтым – артыкул нашага аўтара Ежы Гжыбоўскага сёння.
Хто каго першы перапросіць?
– Пасварыліся… Як заўсёды – за нішто. Але гэта была яе віна, чакаю, што перапросіць першая, а яна наогул не бачыць ніякай праблемы, – скардзіўся Зыгмунт.
– Як можна рабіць такі скандал з усякай глупоты, – адазвалася на гэта яго жонка…
Гэта сужэнствы, якія вельмі хутка мірацца, у некаторых жа канфлікты цягнуцца ў характары “ціхіх дзён”. Як гэта адбываецца, што сварымся мы рознымі спосабамі? І як памірыцца, прабачыць сабе?
Скандалы
– Як мне здаецца, ніколі не параніў Магду, – прызнаўся аднойчы Генрык, – але яе прэтэнзіі і напамінанне мне ўсяго трактаваў, як комплексы, крыўды і “мазолі”. Я толькі выказаў сваё меркаванне. А менавіта тое, што яна гаварыла і намервалася зрабіць, а неаднакратна ўжо рабіла, было нелагічна, пазбаўлена сэнсу, пярэчыла здароваму рассудку і абцяжарвала функцыянаванне нашага дому. Пакуль я гаварыў, яна дэманстратыўна выйшла з пакою і пайшла ў другі. Я адчуў сябе яшчэ больш абражаным. Пайшоў за ёю, каб скончыць, каб яна зразумела. Але калі здолеў выказаць сваю рацыю, то пачуў адразу: “Выйдзі з пакою! Выйдзі адсюль!” Я таго не разумеў. Вельмі, сапраўды вельмі хацеў выяснення той справы і хацеў, каб жонка мяне зразумела. Працягваў гаварыць, а яна пачала біць мяне кулакамі і дала рады выпхнуць з пакою. Выйшаў перапалоханы, у шоку…
– Сапраўды не магла працягваць той размовы, – гаварыла пазней Магда, жонка Генка. – Выйшла з пакою, бо хацела, каб мае эмоцыі крыху ўлягліся. Патрэбен быў час. Словы Генка былі для мяне зневажальнымі і абразлівымі. Канешне, і я не кіравала рукамі, як Генка словамі.
Нараджаецца ў такіх сітуацыях праблема віны, праблема, хто каго павінен перапрасіць першы. “Я абсалютна не адчуваю свае віны”, “Адчуваю сябе пакрыўджаным і параненым”, “Гэта яна павінна перапрасіць мяне першая” і г.д. Знаходзімся ў завулку, у тупіку, з якога, здаецца, няма выйсця.
Калісьці нашымі суседзямі было сужэнства, якое сварылася кожны дзень. Калі праходзілі каля іх дзвярэй, узаемны крык чуваць быў найчасцей, але праз гадзіну можна было бачыць, як ідуць яны ўжо пад ручку па надворку. Чаму адныя могуць памірыцца хутка і лёгка, а ў другіх сварка, здаецца, не мае канца?
«Ціхія дні»
– Наша праблема заключаецца ў тым, што пасля кожнага скандалу Ванда перастае да мяне гаварыць. Замаўкае на тры-чатыры дні. Прамаўляе толькі словы, без якіх нельга абысціся пры выкананні асноўных дамашніх спраў. Потым так асцярожна пачынае падаваць першыя “даўжэйшыя” думкі, і праз некаторы час нашыя адносіны вяртаюцца да нормы. Але… да наступнага разу. Гэта мне моцна перашкаджае, – жаліўся калісьці Лукаш, жанаты ўжо на працягу 10 гадоў.
Адзін тып “ціхіх дзён” вынікае з жадання сужонка пакараць другога маўчаннем, калі нехта з сужэнцаў абражаецца і маўчыць. Разумее: як ён – ці яна – ужо такі, то ўвогуле не буду адзывацца, шкода слоў, і так да яго не дойдзе тое, што гавару… У крыніцы такіх паводзінаў ляжыць сапраўднае раненне, пачуццё крыўды і прыніжэння, якое паволі перажываецца, але доўга захоўваецца ў сэрцы. Якое вяртаецца, падбухторанае і гэтым самым ажыўленае.
Другі тып “ціхіх дзён” з’яўляецца выразам бездапаможнасці, паводле канфлікту. Адзін бок маўчыць, бо баіцца, што застанецца няправільна зразумелым, што яго водгук выкліча новую хвалю прэтэнзій і агрэсіі. Баіцца быць адкінутым. Часта не толькі не можа выказаць, а нават назваць у сабе тое, што адчувае. Таму пазбягае размовы. Але гэта таксама сляпы завулак для паразумення. Каб зняць напружанне ва ўзаемаадносінах, вельмі важна праявіць пачуццё гумару, хоць і яно не можа быць адзіным рэцэптам на іх аздараўленне.
Адкуль бяруцца гэтыя цяжкасці?
Асаблівасці нашых характараў розныя. Адныя з нас болей эмацыянальныя, другія – меней. Першыя перажываюць канфлікт на ўзроўні пачуццяў, другія – фактаў і логікі аргументаў. Больш эмацыянальныя часта распальваюцца, “жывуць” эмоцыямі і будуюць на іх ацэнкі, абвінавачванні, прэтэнзіі і адгаворкі. Вядомае – “ты зноў”, “ты заўсёды”, “ты ніколі” – паўстае на базе эмоцыі. На эмацыянальнасць можа легчы хуткасць рэагавання. Адныя з нас рэагуюць хутка і гвалтоўна, але ўжо праз хвіліну ў іх “праходзіць”, і не памятаюць траўмы, у той жа час у іншых пачуццё крыўды, прыкрае адчуванне і жаль захоўваюцца доўга. У некаторых сітуацыях – нават на працягу гадоў. Адныя з нас больш ваяўнічыя, другія – памяркоўныя. Адныя больш кампанейскія, другія – адасобленыя. Усё гэта нашы асабістыя рысы, якія схільна прыносім з сабою на гэты свет у генах. Рысы гэтыя першапачаткова добрыя, калі належаць да справы Божага Тварэння, толькі наша людская натура такая, што гэтыя добрыя рысы часта выкарыстоўваем на зло, даводзячы да канфліктаў, напружання і нязгоды. Варта заўважыць, што ваяўнічасць можа быць выкарыстана добра, калі падтрымае нас у цвёрдым імкненні да мэты і не паддасца супраціву. “Валадарства Нябеснае здабываецца сілай, і гвалтоўныя людзі захопліваюць яго” (Мц 11, 12). Толькі патрэбна быць Божым ваяўніком. Прыязнасць, імкненне да згоды, здаецца, магло б быць надзвычай пажаданымі ўласцівасцямі, а можа быць і пагрозаю сужэнскай сувязі, калі адзін бок дае, як кажуць, “хадзіць па галаве” і падпарадкоўваецца ва ўсім, не заўсёды згодным з любоўю, паводзінамі ці меркаваннямі сужонка. Вядомае быццё “пад каблуком” ёсць вынікам празмерна памяркоўнага мужа побач з ваяўнічай і эмацыянальнай жонкай. Вопыт гаворыць аб тым, што асобы, якія хутка і гвалтоўна рэагуюць, і хутка ў іх “праходзіць”, маюць схільнасць да рэцыдыву. Датычыцца гэта, напрыклад, праблемы сужэнцкай вернасці, з чым гэтыя асобы часам маюць цяжкасці. У той жа час іх лёгкасць прабачэння ёсць несумненная перавага. Аднак, з другога боку, асобы, якія трымаюць ў сабе перажыванні доўга, з дапушчаных памылак робяць сур’ёзныя вывады, але напамін адзін другому дапушчаных правінаў, не раз даўно прабачаных, цягнецца гадамі. І, нарэшце, яшчэ адна з – як бы палярных асаблівасцей – адасобленасць і сяброўства. Адасоблены, а калі да таго ж эмацыянальны, мае, будзем мовіць, прыроджаную цяжкасць з устанаўленнем кантакту, яму першаму працягнуць руку да згоды цяжэй. А прыязнаму, дружалюбнаму, для якога сувязь з іншай асобай часта важней, чым “рацыя”, значна лягчэй папрасіць прабачэння.
Як памірыцца?
Нават з гэтага кароткага агляду асаблівасцей, рысаў асобы відаць, што маем розныя схільнасці, якія па-рознаму ўздзейнічаюць на здольнасць прабачэння. Варта пазнаваць асаблівасці сваёй асобы, распазнаваць іх. Адным з нас лягчэй, а другім – цяжэй пачаць размову. “Ён не вінаваты, толькі ён іншы, – адкрыла на Сужэнскіх Сустрэчах адна з нашых знаёмых. – Ён іначай перажывае, чым я. І я гэтага не памяняю. Магу толькі змяніць свой уласны спосаб рэагавання”. Маем прыроджаныя ўласцівасці асобы, якія нам дадзены і адначасова зададзены. У адных пачуццё зранення трымаецца доўга, і цяжка ім забыцца, прабачыць. Яны асабліва павінны памятаць, каб “траўмы шчыра дараваць”.Аднак, калі і самі парушаюць тое, што па-за межамі іх сужэнскіх адносін, і зразумеюць гэта, то можна ім даверыць. Паляпшэнне ёсць звычайна трывалае. У іншых асоб гатоўнасць вярнуцца да “штодзённага парадку”, пераадолець непаразуменні вельмі важная для ўстанаўлення перарванага кантакту. Аднак, як вучыць псіхалогія, гэтыя асобы схільныя да рэцыдыву. Варта таксама, каб тыя, каму лёгка зрабіць першы крок у накірунку паразумення, рабілі спробу зразумець, што другому зрабіць тое самае цяжка. Не трэба тады прыспешваць паразуменне “сілаю”, але трэба дазволіць, каб цяжкія адчуванні ў ім спакойна пагаслі. Варта таксама, каб сужэнцы, у якіх доўга трымаюцца цяжкія пачуцці, стараліся іх не ажыўляць і не падбухторваць іх. Асабліва, калі і муж, і жонка маюць да гэтага схільнасці. Як тое сужэнства ў маладосці, якое часта сварылася, а потым адразу ішлі пад ручку, пра якіх пісаў вышэй. Затое у Ванды, у параўнанні з Лукашом, трывалі доўга.
Ці ён вінаваты?
На цяжкасці ва ўзаемным паразуменні ў маладым сужэнстве варта паглядзець не столькі з пункту гледжання, што “ён вінаваты”, але таксама, што і “я не магу рэагаваць з любоўю”. Таму над асаблівасцямі асобы, якая дадзена і зададзена, працаваць варта. На ўласцівых ім шансах будаваць паразуменне, працаваць над схільнасцямі, якія гэтае паразуменне ўскладняюць, у “стылі” нашай знаёмай: “Ён не вінаваты, ён – іншы”. Няхай гэта нам дапаможа не толькі перажыць «ціхія дні», але наогул нанава паглядзець на пабудову паразумення ў сужэнстве. Рэч аб тым, што нейкім спосабам мусім перапрацаваць ў сабе нашыя першасныя асаблівасці асобы. Самі па сабе яны ні добрыя, ні злыя. Дабро ці зло залежыць ад таго, што з імі зробім. Калі бачым, што другі бок канфлікту – муж ці жонка – падбухторвае, як нам здаецца, свае “нядобрыя” схільнасці, то паглядзім на сябе: ці мы самі не будуем нашай пазіцыі на ўласных “злых” схільнасцях? Калі самі маем схільнасць доўга трымаць траўму, заўважайма, што працяг «ціхіх дзён» не ёсць нашым “слушным” рашэннем, толькі хіба аб’яваю нашай уласнай нясталасці. Заўважайма, аднак, калі сужонку цяжка, “трымае ў сабе”, дайма яму супакой, толькі добразычлівае стаўленне паспрыяе яму, каб хутчэй выйшаў з гэтага завулка. Гэта праблема адказнага стаўлення кожнага з нас да свайго сужонка.
Вялікі Пост – добрая нагода, каб крытычна паглядзець на сябе. Паглядзець на свае недахопы і перавагі, шансы і пагрозы свайго тэмпераменту, сваіх рысаў асобы. Вялікі Пост – не толькі час аднаўлення сувязі з Богам. Немагчыма паяднанне з Богам без паяднання са сваім сужонкам. Адкрыццё слабасці ва ўласным спосабе рэагавання, адкрыццё будавання ўласных нехрысціянскіх рэакцый на “безумоўныя віны” і “злыя асаблівасці” сужонка ёсць дастатковым аргументам, каб самому першаму імкнуцца да згоды, а не “качаць свае правы”. А калі сужонак да гэтага яшчэ не гатовы, то не таму, што “злы”, але, можа, таму, што больш эмацыянальны і мае схільнасць доўга ўтрымліваць у сабе прыкрыя эмоцыі. Схільнасць да доўгага ўтрымлівання ў сабе адчуванняў пры іншай аказіі можа выкарыстаць вельмі добрым спосабам, аднак пакуль мае цяжкасці з прабачэннем крыўды. Гэта ад мяне залежыць, ці дазволю яму гэта, ці наадварот, сваю ваяўнічасць выкарыстаю злым спосабам, супраць яго. Краевугольным каменем усіх асаблівасцей асобы ёсць прыказанне любіць Бога і бліжняга. Свае паводзіны, спосаб карыстання натуральнымі схільнасцямі як католікі падпарадкоўваем гэтаму прыказанню. Будуем на ім любоў ў нашых сужэнскіх адносінах. Не будзьма задаволенымі, калі сужонак перапросіць нас першы. Гэта можа быць ганебная перамога, а можа быць нават уласным паражэннем, бо не ўдалося самому першаму выйсці са сваіх эмацыянальных і ваяўнічых акопаў. Без сумневу, той, хто першы перапрашае, незалежна ад цяжкасці правінаў і памылак, паказвае, што добра перапрацаваў у сабе асаблівасці тэмпераменту. Азначае, што лепей перапрацаваў іх у духу любові Бога і бліжняга. Імпульс да перапрашэння можа вынікаць з уласнай псіхічнай схільнасці, з паглыбленай сталасці асобы таго, хто перапрашае. Важна, каб мы сапраўды вярнуліся да сябе, памірыўшыся. І каб гэтае прымірэнне было трывалым, а яно таксама залежыць ад уласных схільнасцей і працы над імі…
Усё гэта вымагае здольнасці паглядзець з дыстанцыі на сябе самога, перапрацаваць у сабе ўласныя спосабы рэагавання. Патрэбна ўсведамляць свае асаблівасці. Ніхто, аднак, не можа сказаць: “Я такі ёсць, і такі буду, гэта ва мне ёсць”. У кожнага з нас нешта “ёсць”, але кожны пакліканы да таго, каб над тым, што “ёсць”, працаваць у накірунку ўсё большай любові. У сужэнстве мы сабе дадзены і зададзены.
Ежы ГЖЫБОЎСКІ. Варшава
Фота Карнэлія КОНСЭКА, SVD