– Знешне выглядаем як добрае, згаворлівае і сімпатычнае сужэнства, – напісаў да нас незнаёмец. – Удаецца нам так выглядаць. Калі знаёмыя нас запросяць, то ідзём, і тады бачна, што ўсё між намі ў парадку. У сябе мы ветлівыя, мілыя гаспадары. Зрэшты, гэта калі хто да нас прыходзіць. Ведаю, чаго гэта мне каштуе. Бачу таксама, чаго гэта каштуе жонцы. Знешне гэтага не відаць, пазнаю толькі па дрыжачых куточках вуснаў, калі звяртаецца да мяне, і па падабраных словах, якія не маюць нічога з тым, што ёсць, калі выйдзем ад знаёмых або зачынім за імі дзверы ў нашым доме. У адносінах да сябе мы панурыя. З’яўляюцца абразы, прэтэнзіі, часам папрокі. Дзеці гэта бачаць, чуюць… Не ведаю, чаму так… Калі чую, што сужэнства ёсць дарога да святасці, то ўжо напэўна ведаю, што не нашае сужэнства…
Яны яшчэ разам, захоўваюць від добрай каталіцкай сям’і, але ў сутнасці ім падаецца, што нішто не злучае іх па-за супольнымі абавязкамі. Кожны з іх жыве ў сваім свеце. Але на самой справе кожны з іх сумуе па любові, адчувае патрэбу кахання і быцця каханым. Часта падаўляе гэтыя пачуцці і патрэбы, хоча пра іх забыць, бо здаецца, што далёкае мінулае і паварот да “тых часоў” нерэальны. “У нашым сужэнстве немагчыма нічога зрабіць. Так будзе да канца. Я ўжо апусціў рукі”. Такія сцвярджэнні чую часта. Выпірае з іх смутак, адчай, абыякавасць. Не варта, аднак, паддавацца такім пачуццям і меркаванням, бо яны – найгоршыя дарадчыкі.
Часам так мала патрэбна
Маладая жанчына напісала мне, што яны ўжо такія чужыя з мужам, што нічога з тым не можа зрабіць. Напісала, што цягне мужа да размовы аб “іх справах”, а ён кажа, што аб гэтым трэба было размаўляць 10 гадоў таму. Прапанаваў, каб выцягнула яго ў кіно, на дыскатэку, або прапанавала яму іншыя формы правядзення вольнага часу, якія ён любіць, а не закідвала яго весь час пытаннямі, ці кахае яе або каб не “мучыла” размовамі на цяжкія тэмы. Адпісала мне, што спрабавала, але зараз муж лепей ходзіць з калегамі і наогул з імі праводзіць вольны час. Адказаў ёй, калі яны ў маладосці не праводзяць час разам, то муж запаўняе яго сабе іначай. Цярпліва дадаў: “Можа патрэбна яму сказаць: добра, сёння ты дамовіўся з калегамі , але надыхо-дзячую суботу пакінем для сябе”. Дадаў, што павінна пачаць “заваёўваць” яго быццам ад пачатку, і няхай цешыцца, што час праводзіць з калегамі, бо як знойдзе калежанку, якая запоўніць яму патрэбу прызнання і быцця каханым, то будзе яшчэ большы клопат… Праз тыдзень напісала: “Невялікія эфекты. Сёння ўдалося мне вельмі шчыра пагаварыць з мужам. Учора былі мы ў кіно, а сёння – на сямейнай прагулцы”.
Муж той жанчыны знайшоў за-спакаенне сваіх патрэбаў сярод калег. Аднак ёсць яшчэ мноства спосабаў уцёку, напрыклад, праца. Колькі я наслухаўся аб клопатах пра фірму, фінансы, супрацоўнікаў, за якіх адказны, аб тэрміновым заканчэнні праектаў, пра клопат аб новых парадках і г.д. Канешне, гэта – экстрэмальныя сітуацыі, калі клопат пра сям’ю прымушае да працы звыш сілы, але вельмі часта – гэта выбар месца, дзе жонка не “зачэсвае калкоў на галаве”, не чуецца абы-якіх прэтэнзій: што рушнік для посуда не на месцы, што недастаткова прапылесосіў, што купіў не той сорт печыва; не чуецца эмоцый, што льюцца ў сувязі з гэтым. У доме няма поспеху, які так моцна па-трэбен, а ў працы ён ёсць болей…
Расчараванне
– Мы – сужэнства маладое, крыху болей за год,ажаніліся па любові, маем дачушку. Пасля яе нараджэння была самай шчаслівай на свеце, але ў хуткім часе нешта сапсавалася. Муж перастаў дапамагаць па дому, каля дзіцяці, з майго боку ўсё болей прэтэнзій, шукае кантактаў з калегамі. Зараз адчуваю сябе як самотная маці, думаю пра ад’езд, бо не бачу, каб мужу былі мы патрэбныя. Ва мне многа злосці, з якой нічога не магу зрабіць. Пра псіхолага не можа быць нават мовы, муж “ведае найлепей”. Ва ўсім аб-вінавачвае мяне… Спрабавала з мужам паразмаўляць, ён кажа, што хоча адпачыць ад глупства, якое гаворым і пішам (праз SMS). Поўны капец.
Вельмі часта здараецца, што праз некалькі месяцаў па шлюбе , а потым пасля нараджэння першага дзіцяці прыходзіць крызіс. З’ўляецца пачуццё расчаравання. Раптам усё становіцца не так. Павінна было быць так цудоўна… сапраўдны рай… а тут:ён/яна аказаўся/аказалася зусім іншай асобай, чым выдавалася да шлюбу, а таксама падчас мядовага месяца. Пачынаецца проза жыцця, неабходнасць змены рэжыму жыцця, прызвычаенасцей, асабліва пасля нараджэння дзіцяці. Некаторым вельмі цяжка даюцца гэтыя перамены. Здараецца пры тым, што жонкі выліваюць усе свае пачуцці на дзяцей і не заўважаюць, што маюць сужонкаў, якія таксама прагнуць быць каханымі, ушанаванымі, заўважанымі. Мужчыны тым часам адчуваюць сябе пакінутымі, не могуць знайсці сябе ў новай сітуацыі. Больш, чым жанчыны, для каго мацярынства становіцца відавочнасцю, павінны адказвацца ад сваіх прызвычаенасцей, ладу жыцця. Хоць і для іх звальненне з працы не раз бывае сапраўднай цяжкасцю.
–Да таго, як выйшла замуж, мела цудоўнае жыццё! Займалася спортам, нават прафесійна, мела ўзнагароды, падарожнічала. Многа чытала. А зараз нічога, нуль. Не ведаю, што робіцца ў свеце, бо нават на прагляд тэлевізара не маю часу. Абвінавачваю мужа ў зламаным жыцці, хоць на самой справе ён робіць усё, каб забяспечыць быт нашай сям’і. Але, каб было што есці і ва што адзецца, то як выйдзе з дому ў 8 раніцы – вяртаецца ў 10 вечара, і такі змучаны, што нават паразмаўляць з ім немагчыма, бо хоча толькі есці і спаць… Як пачынаю сама скардзіцца, гаворыць, што будзе яшчэ пазней вяртацца дадому, або і зусім адыдзе… Тым часам хіба я адыду першая, бо не вытрымаю з ім даўжэй.
Такіх і іншых людскіх бед многа. Таму ў гэты перыяд жыцця па-трэбна велізарная ўзаемная чуласць.Трэба ўмець дапамагчы адно другому. Мы сабе дадзены і зада-дзены. Такія сітуацыі з’яўляюцца кузняю новай любові, якая абапіраецца ўжо не толькі на шалёнае пачуццё прывабнасці, закаханасці і жадання, але на выпрабаваную вытрываласць, зразуменне і прыняцце вызыву да яшчэ большай любові ў тых, а не іншых умовах. Прыняцце вызыву, а не дэзерціраванне.
Сканцэнтраванне агульнай увагі на дзіцяці – найцудоўнейшы дар для іх сужэнства – не заўсёды прыносіць радасць натуральным спосабам. Часам патрэбна гэтую радасць выпрацаваць не толькі супольна падзеленымі абавязкамі, але таксама цікавячыся працаю – з аднаго боку і жыццём дамашнім – з другога. Такія размовы надзвычай важныя, падчас іх будзем услухоўвацца ў сябе, разумець сябе. Гэта – дарогі пераадолення крызісу, які вельмі часта ўзнікае ў гэты перыяд жыцця.
Алкаголь
У размовах з сужэнствамі падчас крызісу часта пытаю, ці ўжываўся алкаголь у бацькоўскім доме. Калі чую, што адзін з бацькоў піў, кірую размову з сужэнцамі на такія справы, як цяжкасці ў перажыванні пачуццяў, няздольнасць кіраваць сабою ў цяжкіх сітуацыях, нізкае пачуццё ўласнай вартасці з адначасовым стаўленнем сабе высокіх вымаганняў, страх перад пераменамі, працяглае напружанне, пачуццё пагрозы нават тады, калі нічога злога не адбываецца. Гэта ўсё – абцяжарванні, з якімі выходзяць з бацькоўскага дому ў дарослае жыццё большасць дзяцей і якія пасля ўплываюць на іх здольнасць будаваць сувязь сужэнскую і сямейную. Адвага назваць крызіс па імені ёсць умоваю гэтага развіцця, дапамагчы такім асобам лягчэй.Тым часам многія адказваюцца, саромеюцца гэтага, хочуць выглядаць моцнымі. Калі асоба, якая ідзе па хатнія закупы і па дарозе не можа абыйсці піва, калі вяртаецца з працы, як нехта прыкмеціў, напарфумаваная і адмаўляецца ад свае залежнасці ад алкаголю, то значыць, што яна – залежная. Наступствы гэтага – цяжкасці, пра якія пісаў вышэй.
Здрада
Вельмі часта такі сур’ёзны крызіс, як здрада сужэнцу ёсць сітуацыя, калі мы прачынаемся ад летаргіі і здольныя назваць памылкі, якія папаўнялі самі ў сужэнстве на працягу доўгіх гадоў. Аднак, гэта сітуацыя, калі аб павароце да сябе гаварыць ужо цяжка.
– Муж здрадзіў мне на першым годзе нашага сужэнства, – напісала мне жанчына. – Не ведала, што сталася. Раптам даведалася, што мае іншую. Гэта была яго дзяўчына з часоў нашай маладосці. Але сказаў, што парваў з ёю. Вярнуўся. Вельмі многа часу страціла я на пераадоленне нянавісці. Хіба прадаўжалася гэта цэлы год, але зараз з поўнай адпаведнасцю магу сказаць, што кахаю мужа. Прабачыла яму, хоць і мела скруху, што не спрабаваў размаўляць са мною аб тым, што яму не пасавала ў нашым сужэнстве. Не хацеў быць са мною. Хіба не кахаў мяне тады… Не разумею гэтага, але імкнуся аб тым не думаць. Зараз Бог вярнуў мне мужа такога, аб якім марыла і якога заўсёды жадала. Цяпер сапраўды адчуваю сябе каханай і шчаслівай.
Здрада ёсць вынікам ранейшага аслаблення сужэнскай сувязі. Называнне ў сабе паводзінаў, якія прывялі да аддалення ад сужонка, а ў выніку – да здрады яго, з’яўляецца вельмі важнаю ўмоваю выйсця з крызісу. Гэта асаблівы час рэфлексіі, вельмі балеснай і цяжкай, калі рухнуў паказ сваіх пачуццяў, знікла ўзаемная зацікаўленасць, што прывяло да запаўнення пустэчы рамантыкаю з трэцяй асобай. Разрыў гэтай рамантыкі, паварот да сябе, прабачэнне і будаванне нанава – незвычайна творчае месца для даспявання сапраўды вялікай любові, вернасці нанава і большай адказнасці за сябе.
– Пасля здрады ўдаецца жыць далей, але вымагае гэта велізарнай любові, сапраўднай скрухі, цярплівасці, часу. Гэта сапраўдная барацьба. Але з Божай дапамогай можна выйсці з яе з перамогай. Часам успамінаю ў думках тое, што здарылася, і тады прытуляюся да мужа з удзячнасцю, што прабачыў мне, што мы і далей разам, што вымушаны быў праз мяне столькі выцярпець і далей кахае мяне! Захапляюся ім, удзячна яму, шаную і кахаю яго хіба яшчэ мацней і глыбей, чым раней, – напісала мне асоба, якая перажыла здраду ў сваім сужэнстве.
А дзе святасць?
Можа, яна ва ўсім гэтым… Святыя не толькі тыя сужэнствы, якія не папаўняюць памылак і грахоў, а тыя, якія даюць рады знайсці дарогі выйсця з крызісу. Там, дзе болей памылак, там патрэба большай любові; там, дзе параненыя мы моцна, большая патрэба ўзаемнага клопату, добразычлівасці, каб гэтыя раненні загаіць. І блізка гэта да слоў святога Паўла: “дзе памножыўся грэх, там яшчэ больш памножылася ласка” (Рым 5, 20).Толькі варта гэтую ласку заўважыць і хацець яе скарыстаць. Пан Бог падказвае, якім спосабам выйсці з крызісу. Малітва ёсць сродкам для адкрыцця на ласку яго заўважання.
Найважнейшае – гэта вера, што з праблемы можна выйсці і што наогул не ёсць так дрэнна, як выдаецца напачатку; трэба толькі паверыць ва ўласныя сілы і даверыць Пану Богу, Які гэтыя сілы дае і заўсёды хоча, каб нашы пакручаныя дарогі сталі простымі. Напісала мне асоба, якая пакінула мужа некалькі месяцаў таму назад: “…Пазваніў муж, хацеў сустрэцца. І так: сумесная прагулка, абед, размова (трэцяя сапраўдная размова ў нашым жыцці). Вярнулася з дзіцем дадому. Вечарам вуліцамі нашага мястэчка ішла працэсія – быў ружанец. І пры нашым доме была першая Таямніца Святла, у якой ксёндз ахвяраваў Богу ўсе сужэнствы, асабліва тыя разбітыя, і дзяцей, якія вымушаны дзяліць любоў…
Учора вечарам зноў пазваніў муж з просьбай аб размове. І было прынята рашэнне: вяртаемся да сябе!Ведаем, што наперадзе ўсяго многа, але найважнейшае ажыццяўляецца. І не паверыце, якое вялікае было маё здзіўленне, калі запытала аб Сужэнскіх Спатканнях. Аказалася, што муж думаў аб гэтым даўно, і патрэбна было б пачаць… Адбыўся цуд. З вераю гляджу не толькі ў заўтрашні дзень, але і ў будучыню.
Такіх сведчанняў мноства. А ці не з’яўляюцца яны малымі крокамі да святасці? Патрэбен “дыягназ” сітуацыі – без ацэньвання, без абвінавачвання. Патрэбна прыняцце, што перажываем крызіс, у якім удзельнічаюць двое, у якім абое апынуліся і з якога разам можам выйсці.У выхадзе з крызісу неабходна ўзаемна падтрымліваць адзін другога. Такі падыход ёсць шансам развіцця, шансам адбіцца ад глыбейшага дна, ёсць крокам у накірунку любові штораз больш даспелай. Св. Павел пісаў, што “ўціск нараджае вытрываласць” (Рым 5,3). Крызісы, якія перажываюць сужэнствы, – гэта свайго роду “уціскі”. У гэты час неабходна прыняцце ласкі Сакрамэнту сужэнства, скарыстанне з яе нанова, каб не паддацца ўціску, а каб вы-працаваць вытрываласць. Як піша св. Павел, “уціск нараджае цярп-лівасць, цярплівасць – вытрываласць, вытрываласць – надзею, а надзея не асароміць” (Рым 5, 4-5). У маладым сужэнстве гэта надзея на даспелую любоў, якой пасля зноў могуць спадарожнічаць шалёныя пачуцці закаханасці і прывабнасці, а найболей – радасці і задавальнення, што не паддаліся, а перамаглі. А дзе перамагае любоў, там ёсць святасць.
Ежы Гжыбоўскі,
Варшава.