Мноства разоў здаралася, што на заканчэнне рэкалекцый Сужэнскіх Сустрэч хто-небудзь з удзельнікаў спантанна выказваўся:“У сям’і дакладна, як у манастве”. Адкрыццё і распазнанне свайго сужэнскага саюзу ў такой перспектыве часам здзіўляла. Летась перажылі мы год кансэкраванага жыцця. Можа і варта ў тым кантэксце паразважаць, часам ці не з’яўляецца ён “годам сужэнскага саюзу”?
Сямейныя парады евангельскія
Жыццё, прысвечанае Богу, у традыцыі Касцёла “зарэзервавана” для манахаў і манахінь. Людзі свецкія, сямейныя, павінны быць у свеце і жыць для свету. Падкрэсліваюць гэта нават апошнія дакументы Касцёла. Тым часам, між іншым, жыццё сужэнскае, наогул жыццё сямейнае, якое ёсць жыццём “у свеце”, адначасова з’яўляецца і формаю жыцця, прысвечанага Богу, і не толькі не мае супярэчлівасці, але з’яўляецца глыбокай згуртаванасцю. А так званыя парады евангельскія – чыстасць, беднасць і паслухмянасць, якія традыцыйна лічацца асноваю кансэкраванага жыцця, і выкананне якіх робіць шлюбнымі братоў і сясцёр законных, маюць свой асаблівы выраз у жыцці сужэнскім. Нарачоныя пры алтары даюць абяцанне сужэнскай любові, вернасці і сумленнасці да самай смерці. Гэтыя вартасці адпавядаюць парадам евангельскім.
Любоў, вернасць і сумленнасць
Любоў пачынаецца наогул ад пачуццяў закаханасці, зачараванасці, зацікаўленасці, пачуццёвасці, пажадання. Пазней гэтыя пачуцці наогул змяншаюць сваю інтэнсіўнасць, і часта толькі любоў пачынае даспяваць.
– Думаў, што нічога нас ужо не аб’ядноўвае. Тыя пачуцці, якія калісьці нас аб’ядноўвалі, канчаткова перагарэлі. Тым часам адкрылі тут, што ўсё, што перажылі разам, – наш вялікі жыццёвы набытак, які выклікае ва мне зараз радасць, задавальненне, пачуццё спаўнення. Распазнаў Божае кіраўніцтва. Заўважыў у нашай дамашняй штодзённасці, што гэта азначае“любоў цярплівая”, – сказаў Марэк на заканчэнне адных з рэкалекцый.
– У вельмі цяжкі для мяне час пасля страты працы атрымала такую вялікую падтрымку ад мужа, што магла сабрацца, – заўважыла на гэта Юстына. Так у штодзённасці выглядае гармонія брання і давання, пра якую пісаў у “Любові і адказнасці” Кароль Вайтыла. А пачуцці дадаюць каларыту любові.
Вернасць датычыцца не толькі сферы сэксуальнай, хоць гэта і папулярны пункт гледжання. Погляд больш шырокі азначае салідарнае суправаджэнне сябе ў радасцях і цяжкасцях. Вельмі да месца тут словы св. Паўла: “Насіце цяжары адзін аднаго” (Га 6,2). Сапраўдная любоў не можа быць часовай. Таму прадаўжэннем абяцання вернасці з’яўляюцца словы “аж да смерці”.
Сумленнасць – гэта перадусім кіраванне праўдаю ва ўзаемных адносінах, адкрытасць, прамалінейнасць, прытрымліванне сужэнскіх умоў, будаванне даверу. Не надзяванне маскаў. Гэта – пераадоленне цяжкіх рэчаў, а не замятанне іх пад дыван.
– Доўга насіла ў сэрцы розныя зраненні. Сумленнасць падказала мне падзяліцца гэтым з мужам, – расказала Дарота на Сужэнскіх Сустрэчах.
– Лепей было б мне аб гэтым не гаварыць, але гэта было б несумленна, – сказаў Андрэй, каменціруючы прызнанне перад жонкаю аб здрадзе. Нават такое прызнанне з’яўляецца праяўленнем дзеяння сакрамэнту сужэнства. Сумленнасць – не макет, пастава евангельская.
А чыстасць, беднасць і паслухмянасць?
У жыцці кансэкраваным чыстасць разумеецца перадусім як вырачэнне жыцця сэксуальнага. У сужэнстве разумеем перадусім чыстасць адносін мужа і жонкі: чыстасць намеру, чыстасць думкі, прамалінейнасць у дзеяннях, адкрытасць. Асабіста для мяне найважнейшым жыццёвым пасланнем з’яўляюцца словы Пана Езуса, сказаныя пра Натанаэля: “Вось сапраўдны ізраэльцянін, у якім няма падману”. Ці не пляцём інтрыг, не надзяём маскі, не маніпуліруем іншым чалавекам. Чыстасць у сужэнстве не засноўваецца на вырачэнні ад сувязі сэксуальнай, але з’яўляецца выразам цэласнасці нашых адносін у сужэнстве.
Беднасць асацыіруецца ў мяне перадусім са словамі Пана Езуса: “Благаслаўлёныя ўбогія ў духу…” (Мц 5, 3). Перажываю гэта, напрыклад, калі прашу жонку, каб мяне выслухала і не перашкаджала мне… На гэта чую: “Гэта ты мне не даеш слова прамовіць… Дазволь мне сказаць…” Быць бедным у духу у сужэнстве – значыць не дамініраваць, не заглушаць. Выслухаць. Азначае гэта для мяне таксама, што не павінен мець гатовага адказу на кожнае пытанне жонкі. Не павінен “казыраць” перад ёю, што ўсё ведаю.
Але ўбоства азначае яшчэ таксама не надаваць увагі празмерна высокаму стандарту жыцця матэрыяльнага, дабраўпарадкаванню памяшкання, правядзенню водпуску.
У даўнім тэксце сужэнскай прысягі было яшчэ абяцанне паслухмянасці.Праўдападобна, што з-за досыць вузкага разумення гэтага паняцця яно засталося выкрэсленым. Аднак евангельская сутнасць сужэнства ўтрым-лівае паслухмянасць, якую знаходзім у словах св. Паўла: “Падпарадкоўвайцеся адзін аднаму ў боязі Хрыстовай“ (Эф 5,21). Такія прыказы і забароны, а таксама прэтэнзіі, выгавары, пагрозы і шантаж тыпу “Развядуся з табою! Калі не зменішся, праганю з дому” з’яўляюцца праяўленнямі невалодання эмоцыямі. Перадусім варта быць паслухмяным Богу. Гэта, проста кажучы, “аплаціцца”! Бо няма лепшых прыказанняў, як Яго паказальнікі.
Евангельская парада таксама дыялог
Спецыяльнай евангельскай парадай для сужонкаў ёсць жыццё, згоднае з правіламі дыялогу: больш слухаць, чым гаварыць, разумець, чым ацэньваць, дзяліцца сабою, чым дыскутаваць, а перадусім – прабачаць.
Слухаю ўважліва, не перапыняю, не заканчваю выказвання за мужа ці жонку, не чакаю, каб хутчэй скончыў, бо ў самога ёсць нешта важнае, каб паведаміць, а галоўнае – і так ведаю дасканала, што скажа… Дзякуючы таму, што слухаю, магу цябе лепей зразумець. Не асуджаю, не выказваю пра мужа або жонку крыўднага меркавання, не іранізірую яго, ці яе роспаведу. Спрабую ўвайсці ў яго стан адчування сітуацыі, здарэнняў, асабліва для яго цяжкіх.
У сапраўдным дыялогу размова набірае форму дзялення сабою. Дзяленне сабою – нешта зусім іншае, чым дыскусія. У дыялогу вельмі важным з’яўляецца замена “ты” на “я”. Паведамленні тыпу “ты” – ацэнкі, абвінавачванні, іронія, злобнасць, меркаванні, забароны – гэта праяўленні насілля ў зносінах. Гаворачы да іншай асобы пра сябе, у першай асобе, паведамляем ясную пазіцыю адносна сваіх адчуванняў, стану свайго ўтрымання, сваіх патрэбаў і прагненняў. У дыялогу, а пераважней у жыцці, згодным з гэтымі правіламі, вельмі дапамагае псіхалогія камунікацыі. Паказвае нам нашыя рысы асабовасці, усё тое, што – як гаворыцца, у душы грае – спантанна. Яна дапамагае ўпарадкоўваць тыя сферы, якімі немагчыма кіраваць. Можа падтрымаць выкананне прыказання любові Бога і бліжняга. Гэта Божая псіхалогія. Яна – Божы дар для сужонкаў, каб маглі “заставацца ў любові Езуса” (пар. Ян 15, 9) і любіць узаемна, як Ён палюбіў нас (Ян 13, 34). Сакрамэнт сужэнства рэалізуецца ў такім дыялогу, які з’яўляецца Божым дарам. Першаснасць слухання перад тым, як прамовіць, разумення перад ацэнкаю і дзялення перад дыскутаваннем – дарога пераўтварэння маналогу ў дыялог таксама ў сувязі з Панам Богам. Такі дыялог у сужэнстве і з Панам Богам вядзе да святасці.
І як з манаствам?
Евангельскія парады рэалізуюцца ў сужэнстве інакш, чым у манастве. Часта бунтуем супраць іх як у манастве, так і ў сужэнстве. Так, гэта ярмо і цяжар (пар. Мц 11, 30), але калі яно “уложыцца”, то аказваецца, што можа быць салодкім і лёгкім. Манахіні, якія ўдзельнічалі ў Сужэнскіх Сустрэчах, часта адзначалі, што праблемы падобныя як у сужэнстве, так і ў манастве, толькі з’яўляюцца яны на іншай пляцоўцы. Любоў, вернасць і сумленнасць, як і чыстасць, беднасць і паслухмянасць, а таксама правілы дыялогу ў сужэнстве, як і ў манастве, ад-крываюць дарогу да сапраўднай свабоды, уносяць лад і супакой у душу. Варта задаць сабе пытанне: а чым з’яўляюцца яны для мяне, для нас у маім і нашым жыцці?
Ежы Гжыбоўскі.
Варшава.