Як жыць у апусцелым гняздзе?

Калі дзеці  пакідаюць дом, часам хочацца іх за-трымаць. Але прыходзіць час, і выпраўляем іх канчаткова. Шлюб, вяселле бывае моцным акордам для бацькоў у працэсе непазбежнага  адыходу дзіцяці з дому.  У доме робіцца пуста. Чым запоўніць гэтую  пустату? Як перажыць  даспелую сужэнскую любоў у сталым веку? Ці ўмешвацца і якім спосабам у жыццё сваіх дзяцей? Як зрабіць, каб перажыванне гэтага часу не стала кашмарам? Калі патрэбна аб гэтым паклапаціцца? Такія пытанні  раней ці пазней  паўстаюць перад кожным сужэнствам, якое выхоўвае дзяцей.

 

 

Балаган у апусцелым  гняздзе

 

f-str-23

Людзі па натуры актыўныя запаўняюць пустату новымі заняткамі  або павялічваючы інтэнсіўнасць тых, што былі да гэтай  пары: праца на дзялцы,  рыбалка, адведванне  дзяцей  калі трэба і калі не трэба, рамонт памяшкання, будоўля новага дому. Часам гэта спакойна запланаваныя справы, часта трохі “нервовыя” і неабдуманыя. Памятаю знаёмых, якія скардзіліся, што бацькі, збудаваўшы для іх дом,  пачалі будаваць наступны,  невядома каму і навошта, а да таго ж уцягнулі ў гэта і сваіх дзяцей.  Часта бацькі дамагаюцца  ад дзяцей сумеснага з імі жылля, каб і надалей “мець вока на дзяцей”. А праўду кажучы, то патрэбна змягчыць уласную некампетэнтнасць парадаў сабе ў новай сітуацыі. Што раз болей адчуваеццца ўплыў часу, ажываюць няспоўненыя мары. “Пачні, нарэшце,  думаць аб сабе”, – раяць прыяцельніцы. Большасць згаджаецца. Але “бабінае лета” для некаторых мужчын замоцна восеньскае… Праблемы здароўя,  звязаныя з менапаузай жонкі, часта звяртаюць увагу мужа да маладзейшых жанчын.  Памятаю размову з мужчынаю, які пасля адыйсця дзяцей з дому заўважыў, што здабыванне  грошай на розныя дамашнія патрэбы  прывяло да нерэалізаванасці яго ў жыцці. Не зрабіў кар’еру. Назваў сябе банкротам у жыцці.  Каб пераадолець бяссільнасць, смутак і адстаўку, кінуўся ў новы саюз з іншай жанчынай. Аднак многа мужчын перажываюць у той час таксама  рост актыўнасці  на працы, у грамадстве. Добра, калі гэта свядомы выбар, горш – калі гэта ўцёкі з дому, ад жонкі.
Актыўнасць жанчын часта накіравана ў бок чакання  ўнука. Дапамога ў выхаванні, аказаная бацькам, ці ўласным дзецям, ёсць незамянімай, але  часта перараджаецца  ў жаданне “уладаць” унукам.  Такім спосабам  рэалізуецца  смутак аб мацярынстве, якое прайшло.  З’яўляецца “займеннік” уладання дачкою ці сынам,  магчымасць далей уплываць на жыццё дзяцей, дэкарацыю іх памяшкання, колер фіранак і пакрыццяў.  Бо яны не маюць ніякага вопыту і самі сабе не дадуць рады Гэта не такія рэдкія выпадкі, калі  праяўленнем сіндрому апусцелага гнязда  становіцца такое далёкае ўмяшальніцтва  ў жыццё дзіцяці і гіперапека ўмоваў унука, што даходзіць да разрыву сужэнства. Усё гэта праяўленні  хаатычных  дзеянняў, унутранага балагану, якія вынікаюць  часта са знясіленасці перад уласнай  адзінотай або з эгацэнтрычнага заспакаення ўласных псіхічных патрэбаў.

 

 

Каштоўнасці ці сурагат?

 

f-str-24

На семінары “Сужэнскіх сустрэч” адным з прызнакаў  фармавання сталай асобы былі названы псіхічныя патрэбы чалавека як матор развіцця асобы. Кожны чалавек перажывае патрэбы  кахання і быцця каханым, прыналежнасці другому, але і аўтаноміі, патрэбы  бяспечнасці, рэалізаванасці, прызнання і многа іншых.  Аднак першай патрэбай  ёсць патрэба  сэнсу ўласнага існавання і дзеянняў. Калі гэтыя патрэбы незадаволеныя, чалавек  імкнецца  запоўніць іх тым, што “пад рукою”, хутка, каб не цярпець ад недахопу, які ўзнік з-за іх. Знайходзіць  тут і  сваё рашэнне праблемы  апусцелага гнязда. Менавіта жаданне хутка запоўніць пустату стано-віцца повадам  празмернага апякунства ўнукаў. Пошук новых сексуальных адчуванняў з трэцяй асобай, рознага роду актыўнасць будуць  хутчэй уцёкам ад праблем, а не рашэннем іх.  Такога роду імкненні ўздзейнічаюць, як таблетка ад болю  галавы, як наркотык. Вызываюць часовае заспакаенне патрэбаў. Ангажэмент зацягвае,  запаўняе пустату, аднак на кароткі час, бо ў глыбіні дрэмлюць патрэбы, якія дамагаюцца – спосабам  болей ці меней свядомым – каштоўнасці, а не сурагата. Таму патрэбна рэфлексія над спосабам  свайго ангажэмента: ці гэта сурагат, ці  вынікае з сістэмы каштоўнасцей, такіх як любоў,  свабода, праўда,  вернасць, сумленнасць, годнасць асобы, сэнс жыцця. Адыход дзяцей з дому – шанс, прызыў да паглыблення  сталасці ўласнай асабовасці.

 

 

Крытэрый развіцця гнязда

 

 

На аснове вышэй указаных  вартасцей  патрэбны дыялог – найперш з самым сабою.  Патрэбна  ўслухоўвацца ў сябе, у свае псіхічныя патрэбы і ў рысы свайго тэмпераменту. Адныя з нас больш эмацыянальныя,  іншыя – меней. Адныя моцна актыўныя, другія пасіўныя, гаваркія або маўклівыя, ваяўнічыя або згодныя. У кожнай з тых  рысаў трывае шанс, але і пагроза  развіццю асабовасці. У перыяд адыходу дзяцей з дому наша асабовасць фарміруецца быццам нанова. Варта тады прыглядацца да сваіх рэакцый, паводзінаў, таксама да  псіхічных патрэбаў і спосабаў іх заспакаення. Нара-джаецца пытанне: што такое каштоўнасць  і якімі крытэрыямі кіравацца ў сваім ангажэменце. Вельмі адмысловую ролю выконвае тут вызначэнне  найглыбейшай патрэбы сэнсу.  Праверка каштоўнасцей ў апусцелым гняздзе ёсць асаблівай аказіяй распазнання свайго паклікання да жыцця з Богам, а ў штодзённых кантактах – да кіравання прыказаннем любіць Бога і бліжняга. Прыказанне любові бліжняга натхняе, заахвочвае да пошуку такіх паводзінаў, ажыццяўленне якіх з’яўляецца  натуральнай каштоўнасцю, а не сурагатам. Такога роду праверка  прыносіць  паглыбленае ўсведамленне жыцця. Бо пачынаем болей думаць, ці  не задавальняем эгацэнтрычна выключна  свае патрэбы пад прыкрыццем  клопату аб дзецях, а дзецям толькі  ўскладняем жыццё. Пагаворка аб тым, каб ашчасціць кагосьці  “сілаю” мае тады пад сабою вельмі рэальную глебу… У апусцелым гняздзе ёсць час  на асаблівую праверку любові як дзеяння для дабра іншых. Асаблівую вартасць мае дыялог з дзецьмі, які дазваляе нанова адкрыць сувязі з імі. Дзякуючы гэтаму дыялогу становімся чуллівымі на  аўтэнтычныя іх патрэбы.  Спрабуем  слухаць,  зразумець, дзяліцца сабою і сваім сведчаннем, але нічога не навязваць. Запаведзь любові Бога  не павінна абавязкова рэалізоўвацца  “перабольшанаю” пабожнасцю, але можа перакладацца на сувязь з іншымі, з захаваннем іх аўтаноміі. Нарэшце, рэч тут і аб уласнай аўтаноміі. Асабістая свабода  ад псіхічнай залежнасці ад сваіх уласных дзяцей і жыцця ў адчуванні свабоды дзіцяці Божага.  Ёсць гэта таксама шанс на аднаўленне  сувязі з дзецьмі, калі яна была парушана забаронамі, наказамі, прэтэнзіямі або нават агрэсіяй у перыяд  падрастковага бунту.  
Успамінаю адну з нашых знаёмых, чые дачка з зяцем павінны былі жыць у адным  памяшканні. У размове са мною звярнулася да слоў з Кнігі Быцця аб патрэбе дзіцяці пакінуць сваіх бацькоў і спалучыцца са сваім сужонкам. Казала, што цяпер яна павінна пакінуць  дзяцей, што гэта вельмі цяжка зрабіць, жывучы  пад адным дахам. Каб знайсці сябе ў новай сітуацыі, трэба збудаваць новыя адносіны ў сям’і, а перадусім – ствараць нанова  ўласную ідэнтычнасць, якая абумоўлівае і прымае  гэтыя змены.

 

 

Час на  больш спелую любоў

 

 

…Нарэшце, у сямейным гняздзе мы застаемся разам надалей – муж і жонка.  Нарэшце, можам мець болей для сябе. У гэтым будаванні нанова  сваёй ідэнтычнасці маем адмысловы шанс паглядзець нанова ўзаемна на сябе. Паглядзець на свае перамогі і паражэнні, на сумеснае мінулае, светлыя хвіліны  з якога будуць прыпамінацца часцей, чым цяжкія. Бо час лечыць раны, бо чалавек мае дабро.  Зараз прыходзіць адмысловы час заўважання гэтага дабра.  Час больш поўнага дыялогу, узаемнай далікатнасці і ўдзячнасці за разам пражытыя гады. Гэта моцная кропка, каб на яе абаперціся і ісці далей. Ведаем, якія памылкі дапусцілі мы ў нашых кантактах, ведаем свае слабыя і моцныя бакі. Можам жыць у большай чуллівасці ўзаемна.
– Амаль праз трыццаць гадоў адкрыла свайго мужа быццам  зусім нанова, – напісала адна з удзельніц нашых рэкалекцый.
Калі дзяцей ужо няма дома,  іначай арганізуем свой час. Зараз можам праводзіць яго так, як калісьці марылі: сумесныя падарожжы, тэатр,  таксама і грамадская праца. Можна мець і іншыя: Caritac,  супольнасць,  дзяленне сведчаннем з іншымі. Без мудрагелістваў, маралізатарства,  але  праз сведчанне таго, што нам удалося і што не. Гэта час падвядзення  жыццёвых вынікаў і адважнае крочанне далей, трымаючыся  моцна за рукі. Але з усведамленнем, што надалей уключаныя ў справу любові Божай, што з’яўляемся і надалей тымі, якія павінны  быць паміж  сабою так блізка, каб  ствараць адно цела. У гэтым кантэксце многае набірае новыя  прыгожыя колеры.

 

 

А можа няма сіндрому?

 

 

Не маем наогул часу, каб застанавіцца над сіндромам  апусцелага гнязда ў нашым жыцці. Павінны ахоўваць, каб  кіравацца  аўтэнтычнасцю любові, каб самому адкрывацца  на любоў Бога і перадаваць яе іншым. Калі б мы ўтрацілі любоў у адносінах з іншымі людзьмі, якім служым, а таксама з нашымі дзецьмі, тады   праўдападобна  з’явіўся б сіндром  апусцелага гнязда. Тут мова аб любові-карытасе, любові-агапе, а не любові ўласнай. Павінны стала ачысціць нашыя адносіны з іншымі ад любові ўласнай.
Вярнуліся мы са спаткання, дзе адна з маладых  жанчын расказала, якім  мудрым спосабам  яе бацькі  дапамаглі  ёй з мужам выйсці з сужэнскага крызісу. Слухалі, не давалі парады,  расказвалі пра свой крызіс у адпаведны перыяд іх жыцця.  Гэта прыгожы, хоць і рэдкі прыклад сталых адносінаў да дзяцей, якія ўжо выйшлі з бацькоўскага дому. Так і мы – клопату пра нашых дзяцей у сабе не маем, хоць абедзве дачкі ўжо не жывуць  разам з намі.  Яны і надалей патрабуюць нашай  увагі, прысутнасці, любові. Мы прынялі тое, што  нашыя дзеці не з’яўляюцца нашай уласнасцю. Хоць многа спраў і абуджаюць наш клопат, непакой,  мы іх жыццё не зменім. Уплыў на дзяцей ці на іх жыццё маем перадусім праз нашыя ўзаемныя адносіны і спосаб жыцця ў нашым уласным сужэнстве. Дом для дзяцей ёсць месцам, да якога вяртаюцца з пачуццямі  бяспекі і блізасці. Нішто іх тут не затрымлівае, але  заўсёды ім тут рады.
Кожнае рашэнне, звязанае з адносінамі да іншых, трэба фільтраваць  праз  любоў  бліжняга: што  ёсць сапраўды добра  для іншага, а што – толькі для мяне… Калі на працягу жыцця будзем адрозніваць, што ёсць сапраўднай каштоўнасцю, а што – сурагат, калі на працягу жыцця будзем клапаціцца пра аўтэнтычныя патрэбы іншых,  а не заспакойваць толькі ўласныя пад відам прысвячэння сябе іншым,  калі на працягу жыцця будзем клапаціцца аб моцы нашага сужэнства, – сіндром апусцелага гнязда нам увогуле не пагражае.

 

 

 Ежы Гжыбоўскі,
 Варшава.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий