10 кастрычніка мінулага года ў Рыме Святы Айцец Францішак урачыстай цэлебрацыяй святой Імшы адкрыў двухгадовы Сінадальны шлях Паўсюднага Касцёла, які завершыцца ў кастрычніку 2023 года Асамблеяй Сіноду Біскупаў. Праз тыдзень адкрыццё Сіноду адбылося ва ўсіх дыяцэзіях свету, у тым ліку і ў нашай краіне. На пытанні вернікаў, якія ўзніклі ў сувязі з сінадальнай дзейнасцю Касцёла, адказвае старшыня Сінадальнай камісіі пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі біскуп Аляксандр Яшэўскі, SDВ.
– Ваша Эксцэленцыя, шаноўны ксёндз біскуп! Перш чым засяродзіцца на мэтах распачатага Сіноду, нагадайце, калі ласка, пра Інстытут Сіноду ўвогуле.
– Міжнародная тэалагічная камісія апісвае сінадальнасць наступным чынам: «Сінод – старажытнае і шанаванае слова ў Касцёле, сэнс якога абапіраецца на самыя глыбокія пытанні Адкрыцця (…)». Для вырашэння найважнейшых пытанняў заўсёды склікаліся сусветныя або паўсюдныя Саборы, сіноды біскупаў, дыяцэзіяльныя сіноды, а таксама рознага тыпу рады. Сіноды апошніх гадоў разглядалі разнастайныя пытанні. Гэты ж Сінод будзе разглядаць пытанне самой сінадальнасці Касцёла. Адным з першых можна назваць Сінод (ці Сабор) у Ерузалеме, які адбыўся ў 49 годзе з удзелам Апосталаў. Ён быў скліканы для вырашэння спрэчкі паміж апосталам Паўлам і некаторымі хрысціянамі з юдэяў, каб адказаць на пытанне, ці павінны хрысціяне выконваць абрадавыя прадпісанні Закона Майсея.
– Ваша Эксцэленцыя, зараз –галоўнае: дзеля чаго арганізаваны Сінод, які ў ім сэнс?
– На гэтае пытанне адказвае Вадэмэкум для Сіноду у пункце 1.2.: “Сінод … паказвае шлях, па якім разам ідзе Божы народ… Сінадальнасць абазначае асаблівы стыль, які вызначае жыццё і місію Касцёла, выяўляючы яго прыроду як Божага народа, які ідзе разам і збіраецца на сход, скліканы Панам Езусам у моцы Святога Духа, каб абвяшчаць Евангелле”. Не трэба шукаць у гэтым Сінодзе чагосьці незвычайнага. Перад ўсім, ён склікаецца, каб адкрыць нанова, для кожнага з нас, метад абвяшчэння Евангелля. Большасць вернікаў жыве з думкай, што хрысціянскае жыццё пачынаецца і заканчваецца ўдзелам у нядзельнай святой Імшы, асвячэннем вербачак, зёлак альбо свянцонкі на велікодны стол. Лічыцца таксама, што галоўнае – мець Бога ў сэрцы і душы, а ўдзел ў літургічным, сакрамэнтальным і місійным жыцці Касцёла не важны, альбо прынамсці не галоўны. Лічыцца, што заданне абвяшчаць Евангелле і перадаваць веру ўскладзена толькі на святароў і манаскіх асоб. Гэты спосаб мыслення моцна абмежаваны і вельмі памылковы. Ён робіць верніка “пасіўным гледачом”, а не актыўным удзельнікам штодзённага жыцця Касцёла, які таксама суадказны за яго лёс. Усе мы павінны быць сумленнымі і добрымі вернікамі не толькі ў мурах касцёла, але і па-за ім праяўляць сябе як каталікі, як вестуны Добрай Навіны. Над уваходам у некаторыя касцёлы змяшчаецца надпіс: “Сюды ты ўваходзіш, каб любіць Бога, а адсюль ты выходзіш, каб любіць чалавека”. Дык вось, любоў да чалавека перад усім выяўляецца ў абвяшчэнні іншым Праўды, якой ёсць Хрыстус: “Я – дарога і праўда, і жыццё” (Ян 14, 6).
– Якія практычныя крокі зроблены ў нашай краіне, каб удзел у гэтым Сінодзе мог прыняць кожны жадаючы?
– Цяперашні Сінод мае наступную тэму: “На карысць сінадальнага Касцёла: камунія, удзел і місія”. Вялікім жаданнем Святога Айца з’яўляецца, каб кожны ахрышчаны прыняў удзел у Сінодзе праз Сінадальную кансультацыю. Гэтае жаданне Папы – не прымус, а запрашэнне. Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі 8 кастрычніка 2021 года выдала адпаведны Пастырскі Ліст, у якім абвясціла аб распачацці дыяцэзіяльнага этапу Сіноду на ўзроўні кожнай дыяцэзіі на Беларусі. “Сінод – гэта не нейкая адміністрацыйная працэдура, гэта не толькі дыскусіі і сустрэчы, – падкрэслілі пастыры. – Сінод – гэта духоўны шлях пад кіраўніцтвам Духа Святога. Падчас Сіноду мы будзем слухаць адзін аднаго, будзем дзяліцца нашай верай, нашай традыцыяй, каб лепш распазнаць “знакі часу” і каб таксама духоўна распазнаць тое, што Бог кажа ўсім нам. Распазнанне – гэта Божы дар, але ён патрабуе чалавечага ўдзелу…”.
Дзеля ажыццяўлення задуманага былі падрыхтаваныя пытанні для абмеркавання, якія з’яўляюцца вынікам распрацоўкі дзесяці тэм, складзеных Сінодам Біскупаў Паўсюднага Касцёла. Усіх, хто жадае прыняць удзел у гэтай Сінадальнай кансультацыі, мы прасілі адказаць перш за ўсё на тыя тэмы і пытанні, якія найлепей адпавядаюць уласнаму шляху веры і жыцця чалавека. Кожны свабодна мог вырашыць, на якое сінадальнае пытанне адказваць, а якое пакінуць без адказу. Была прадугледжана таксама магчымасць выказацца на любую тэму, нават на тую, якая не ўвайшла ў Сінадальную кансультацыю. Рабілі ўсё гэта праз анкету, адказы на якую былі дасланыя ў адпаведныя дыяцэзіяльныя камісіі. Запаўнялі анкеты і самастойна, і супольна. У некаторых парафіях пробашчы арганізоўваюць сустрэчы для розных рэлігійных груп і станаў, падчас якіх прадугледжаны час на слуханне, распазнанне і супольны ўдзел у адказах на пытанні анкеты. Вынікі яе будуць апрацаваныя дыяцэзіяльнымі Сінадальнымі камісіямі кожнай дыяцэзіі, у склад якіх увайшлі святары, манахі, манахіні, свецкія вернікі. Усе яны былі прызначаныя сваімі біскупамі.
– Ваша Эксцэленцыя, а ўсё ж каго хацелася б паслухаць у першую чаргу, каго цікава пачуць?
– Усіх людзей добрай волі, усіх тых, хто мае жаданне выказацца. Каталікоў, праваслаўных, веруючых іншых рэлігій, няверуючых, атэістаў. Заўсёды добра ведаць і погляды, якія розняцца ад нашых. Нездарма выслоў’е кажа, што ў спрэчках нараджаецца ісціна.
Дарэчы, прапанаваная анкета ананімная. Не трэба ўпісваць сваё імя і прозвішча. Дыяцэзіяльны сінадальны працэс – гэта духоўны працэс, працэс распазнання. Як кажа Папа Францішак: “Слухаць Бога, каб мы маглі з Ім пачуць крык Яго народа; слухаць Яго народ пакуль мы не прыйдзем да гармоніі з воляй, да якой Бог заклікае нас”.
– У дакументах Сіноду ўзгадваюцца таксама «католікі, якія рэдка ці ніколі не практыкуюць сваёй веры”. А як заахвоціць гэтую катэгорыю лю-дзей да дыялогу?
– Дыялог – гэта размова паміж двума «бакамі». Папа і біскупы зрабілі сваю прапанову – за-прасілі да дыялогу, зараз павінны зрабіць свой крок іншыя людзі, сярод якіх і каталікі, якія не практыкуюць сваёй веры. Мы гатовыя слухаць і пачуць. Гатовыя да канструктыўнай крытыкі і прапаноў.
– “Кожны ахрышчаны павінен адчуваць сябе саўдзельнікам у касцёльных зменах”. Наколькі голас свецкіх вернікаў чуюць у беларускіх курыях? Што здольны змяніць гэты Сінод?
– Курыя пад кіраўніцтвам біскупа каардынуе дзейнасць Касцёла ў дыяцэзіі. Да яе заданняў належаць зносіны з іншымі касцёльнымі ўстановамі, прыватнымі асобамі, а таксама са свецкімі вернікамі. Згодна з канонам 129 ККП уладу кіравання, якая існуе ў Касцёле згодна з Боскім устанаўленнем, маюць толькі асобы са святарскімі пасвячэннямі. А ва ажыццяўленні гэтай улады могуць прымаць удзел і свецкія вернікі. Дарэчы, мы бачым, што сёння ў курыях працуе дастаткова шмат свецкіх асоб. Сказаць, што голас свецкіх вернікаў у беларускіх курыях не чуюць, было б некарэктна. Курыя ці біскуп стараюцца пачуць кожны голас і адказаць на яго. Пытанне, наколькі гэты голас аб’ектыўны, гэта ўжо нешта іншае. Вы нават сабе не можаце ўявіць, колькі зваротаў ад свецкіх вернікаў атрымлівае курыя, шмат з якіх не адносяцца да яе.
Гаворачы пра голас свецкіх вернікаў у кантэксце Сіноду, то Яго напэўна пачуюць. Сінадальны працэс павінен паспрыяць паглыбленню еднасці між намі, больш поўнаму ўдзелу і больш плённай місіі.
– Ваша Эксцэленцыя, часта чуем папярэджанне аб недапушчэнню клерыкалізму ў Касцёле. Якая сітуацыя з гэтым, на Ваш погляд, у Беларусі?
– А што такое клерыкалізм? Звернемся да звычайнай Вікіпедыі. “Клерыкалізм – гэта палітычны кірунак, які дамагаецца галоўнай ролі Касцёла і духавенства ў грамадскім, палітычным і культурным жыцці грамадства. У вузейшым, эклезіялагічным сэнсе — арганізацыя касцёльнага жыцця, якая прадугледжвае дамінаванне кліра —духавенства. Носьбітамі клерыкалізму выступаюць духавенства і звязаныя з касцёлам асобы. Клерыкалізм выкарыстоўвае ў сваіх мэтах не толькі касцёльны апарат, але і розныя клерыкальныя арганізацыі, клерыкальныя палітычныя партыі, а таксама створаныя пры цесным удзеле касцёла прафсаюзныя, моладзевыя, жаночыя, культурныя і іншыя арганізацыі”.
Мне здаецца, што ў Касцёле на Беларусі мы не маем гэтай праблемы. Касцёл выказвае сваё гледжанне па важных сацыяльных, палітычных, маральных пытаннях, але не навязвае яго грамадству. Калі казаць пра так званы “клерыкалізм” ў парафіях, то ўсё ж такі першы адказны за душпастырскую дзейнасть – святар, пробашч парафіі. І гэтую адказнасць ён нясе перад Богам і дыяцэзіяльным біскупам, наступнікам апосталаў.
– Ці можна сказаць, што гэты Сінод у нейкім сэнсе “дэмакратызацыя” Касцёла? Каб кожны прымаў удзел, стараўся ўплываць. Як Вы лічыце, біскупы і курыі да гэтага гатовыя?
– Казаць пра “дэмакратызацыю” Касцёла было б няправільна і памылкова. Касцёл усё ж такі застаецца іерархічны. Гэтаму нас вучыць і Катэхізм і Кодэкс Кананічнага Права, кажучы пра іерархічную структуру Касцёла. “Хрыстос Сам ёсць крыніца служэння ў Касцёле. Ён яго ўстанавіў, даў яму ўладу і місію, накірунак і мэту: «Хрыстос Пан, каб пасвіць і памножыць Народ Божы, устанавіў у Сваім Касцёле розныя служэнні, накіраваныя на карысць усяго цела. Бо служыцелі, якія валодаюць святой уладай, служаць сваім братам, каб усе, хто прыналежыць да народа Божага (…) прыйшлі да збаўлення» (пар. ККК 874).
Кожны з нас ў Касцёле мае сваё заданне, дзякуючы якому ўсе, згодна са становішчам і абавязкамі, супрацоўнічаем дзеля будавання Цела Хрыстовага (пар. ККК 794). На маю думку, і біскупы, і курыі гатовыя да гэтага супрацоўніцтва. Пытанне можа быць ў іншым. Наколькі падрыхтаваныя і гатовыя да гэтага вернікі? Кіраваць і ўплываць на Касцёл жадаюць шматлікія, а “закасаць рукавы” і папрацаваць– адзінкі.
– Шаноўны ксёндз біскуп, калі ласка, нагадайце канкрэтныя тэрміны, у якія будуць падводзіцца першыя вынікі гэтай працы.
– Як вядома, пачынаючы ад 22 лістапада 2021-га да 1 лютага 2022 года прайходзіць Сінадальная кансультацыя ў дыяцэзіях, падчас якой запаўняюцца і збіраюцца анкеты. Пасля, ад 1 лютага да 1 красавіка 2022 года па выніках гэтых кансультацый кожная дыяцэзія падрыхтуе свой дакумент, які будзе перададзены ў Сінадальную Камісію пры ККББ. Ад 1 красавіка да 1 чэрвеня 2022 года на базе дыяцэзіяльных дакументаў будзе падрыхтаваны агульны дакумент Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі і перададзены ў Сакратарыят Сіноду Біскупаў у Рым. Такім чынам Касцёл прыкладае асаблівыя намаганні, каб выслухаць усіх, хто патрабуе быць выслуханым, і ў святле Божай праўды прыняць патрэбныя рашэнні.
Па матэрыялах Catholic.by
падрыхтавала Раіса СУШКО.
Фота Карнэлія КОНСЭКА, SVD.