Дзе скарб твой

Str-12

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

…А ўсё ж моцна зашчыміць сэрца, калі са старонак сямейнага альбома кіне на цябе позірк твая бабуля, незамужняя яшчэ, знятая  ў прыгожай (напэўна, адзінай або ў пазычанай) сукенцы, з  радзікулем і ў белых шкарпетках, або дзядуля, таксама яшчэ кавалер – у кіцелі на ўсе гузікі, у галіфэ і абавязкова з роварам. Малады, прыгожы, здаецца, з такім самым гарэзлівым позіркам, як сёння ў твайго сына. А можа і ўдаўся малы ў прадзеда свайго?

 

 

Сваяцкае асяроддзе

На здымку: Данута з мужам Андрэем, дачушкай Эмількай і сынам Дамінікам.  Разам з імі – мама Данкі  Марыя (з левага боку) і бабуля Хэлена Разумко.

На здымку: Данута з мужам Андрэем, дачушкай Эмількай і сынам Дамінікам.
Разам з імі – мама Данкі Марыя (з левага боку) і бабуля Хэлена Разумко.

Колькі памятае сябе Данка, столькі вяліся ў дзядулінай хаце “бяседы” –  пра справы касцельныя  (дзядуля быў старшынёю камітэта), пра жыццё-быццё “пры першых саветах”, “за палякамі”, “пры другіх саветах”…  Амаль кожную нядзельку або на свята, пасля святой Імшы збіралася ў дзядулі з бабуляй  вялікая сям’я – Данкіныя мама з татам, яе малодшая сястра, цёця з мужам і двумя сынамі, два дзядзькі з жонкамі і дзецьмі, часам яшчэ з вёскі хто-небудзь са сваякоў… Важнай часткай іх святочнай сустрэчы быў спеў песень рэлігійных і патрыятычных, пасля яго – прагляд старых фота і бясконцыя ўспаміны дзядулі, бабулі і прабабулі Аль-біны Асіповіч.
–Бабунька (так мы яе звалі, яна была 1904 г. н.), – успамінае сёння Данка, – распавядала пра сваё і жыццё яе бацькоў, дзядуляў і бабуль, пра традыцыі сям’і. Напрыклад, маю малодшую сястру назвалі ў гонар мамы нашай прабабулі Агаты.  Мне ад прапрабабкі Агаты Чурылла дасталіся дзве хусткі – адна была набытая ў цыганкі, а другая – у ішкалдскіх габрэяў (тых самых, якіх падчас Другой сусветнай вайны расстралялі немцы). Дзядуля Юзаф сваімі ўспамінамі вяртаўся ў вайну, яна ў яго скончылася ў Берліне. Шмат распавядаў пра свае карані, прычым па сваёй лініі ведаў больш, чым прабабуля – па сваёй.  Ведаў, дзе пахаваныя яго дзед, прадзед і прапрадзед з жонкамі і дзецьмі. Дзякуючы гэтаму, мы ведаем іх магілы і даглядаем. Цяпер са старэйшых у нас засталася толькі адна родная бабця Хэлена – ёй 92 гады. З фенаменальнай памяццю і вельмі пазітыўным стаўленнем да жыцця. Да драбнюткіх падрабязнасцей успамінае, як Бог захаваў сям’ю ад вывазу на Сібір у 40-м годзе, як улады забаранялі хадзіць да касцёла і вадзіць дзяцей, як выклікалі ў школу і праводзілі “прафілактыку”, а бабця цвёрда адказвала: мае дзеці хадзілі да касцёла і будуць хадзіць. Кожнаму з нас і сёння на дзень нараджэння яна дорыць новы верш (вучыць напамяць) і ніколі не паўтараецца! Менавіта мае  блізкія  прывілі  мне  любоў  і цікавасць да гісторыі, гісторыі нашага роду, падштурхнулі да стварэння майго генеалагічнага дрэва (самы стары запіс у ім датуецца 1680 годам). Дрэва з вялікім мноствам галінак, дзе  галінкі – Мы, карані – нашыя Продкі. Якімі моцнымі павінны быць карані, каб дрэва выстаяла ў выпадку моцнага ўрагану?

 

Пакліканне

Данута Васілюк у Ішкалдзі, каля  хаткі,  дзе жылі яе далёкія продкі і куды заўсёды хочацца вярнуцца...

Данута Васілюк у Ішкалдзі, каля хаткі, дзе жылі яе далёкія продкі і куды заўсёды хочацца вярнуцца…

…Сказаць, што, слухаючы 36-гадовую Дануту Васілюк з Баранавіч я была ўражаная яе надзвычайным пакліканнем – ЗАХАВАЦЬ гісторыю роду, каб нікога не страціць, – амаль што нічога не сказаць. Слухаючы яе, я цалкам патанала ў шчырасці яе глыбокай пашаны да мінулага – такой, на жаль, рэдкай у наш час якасці маладых людзей, і ва мне расло пачуццё, што гэтую прыемную жанчынку я ведала заўсёды!  І мяне ўжо не здзіўлялі ні яе трапяткое стаўленне да прыналежнасці да каталіцкай канфесіі, якое напоўніла яе істоту з малаком маці, ні Данкіна зацікаўленасць лёсамі далёкіх продкаў. У маладой жанчыне я адкрывала асобу з багатым унутраным светам,  які дазволіў ёй падняцца над  разуменнем (звычайным чалавекам) сваёй місіі. Жонка, маці дваіх  дзяцей, юрыст па адукацыі…  Аднак працуе, як і яе далёкія продкі, на зямлі. Калі размова зайшла пра гэта, усміхнулася: «У мяне гэта на генетычным узроўні». А яшчэ – вядзе перапіску, працуе  з архівамі, сайтамі, сапастаўляе, аналізуе інфармацыю,  адкрывае  новыя імёны, якія моцна дарагія і сэрцу іншых людзей.
Першыя крокі ў напрамку вывучэння гісторыі свайго роду дзяўчынка пачала рабіць яшчэ ў дзяцінстве. Вучылася ў 7-м класе, калі настаўніца беларускай мовы і літаратуры Галіна Арка-дзьеўна Скурат дала дамашняе заданне:  запішыце  свой  радавод  хто наколькі зможа. Данка прынесла “даўжэйшы”, чым усе астатнія  вучні. Была аднакласніца, якая не зрабіла зусім нічога. “Чаму?”, – спытала ў яе настаўніца. “Мама сказала, што нельга, што грэх чапаць памерлых…”. Данка  ўжо тады моцна здзівілася: хіба памятаць сваіх продкаў і ганарыцца  імі – ганебнасць і грэх?

 

Ішкалдзьf-str-15
Данка нарадзілася і вырасла ў горадзе, і дзядуля Юзаф з бабуляй  Хэленай таксама даўно пабудаваліся і жылі ў горадзе, але сэрца  іхняе  засталося,  хіба, у той  самай хацінцы ў Ішкалдзі, што ў Баранавіцкім раёне. Па-першае, абое  былі  родам  з  гэтай  самай вёскі, па-другое… На вуліцы Цветочная, 17  і сёння ёсць  тая  дарагая – для ўсіх з роду  Разумко (адкуль Юзаф) і Асіповічаў (адкуль Хэлена) –  “кропка” на  мапе  часу і адлегласцей,  да якой заўжды хочацца вярнуцца.
– Летась, – расказвала Данута, – прыязджаў з Польшчы палкоўнік Ежы Ёўса. Нарадзіўся ён недалёка ад Познані, а яго маці, дзядуля  і  бабуля – з Ішкалдзі. Якою ўзрушанаю была яго сустрэча  з  касцёлам!  Мужчына абдымаў сцены святыні і плакаў,  укленчыўшы перад алтаром, як перад святым сведкаю жыцця ягоных продкаў – сапраўды, тут яны нарадзіліся, атрымалі  сакрамэнт Хросту, уступалі ў шлюб, хрысцілі сваіх дзяцей, адсюль з апошнімі  малітвамі  іх праводзілі ў Дом Айца Нябеснага. Такая ж усхваляваная сустрэча была ў пана Ежы і з хаткай на вуліцы Цветочная. Ежы схіляў галаву і цалаваў дзвярныя вушакі – у гэтым  доме  у 1903 годзе нарадзілася  яго  бабуля Аннэта Бачаноўская.  
– Хатка  стаіць у цудоўным месцы, праз вакно відаць славутасць беларускай зямлі – наш касцёлак, які быў узведзены ў 1472 годзе, – цешыцца Данута. – Каб  напрасткі можна было прайсці  да  яго, то  8 хвілін дастаткова. Вядома, хатка старэнькая, была пабудавана ў 1860-я гады Ігнацыем Асіповічам, гэта па лініі маёй бабці Хэлены; выходзіць – яе прадзедам. Глядзіце,  які радавод па Хэлене: яе тата – Зыгмунт (1898 г.н.), тата Зыгмунта – Антоній, Антонія – Ігнацый,  Ігнацыя – Казімеж,  Казімежа – Марцін,  Марціна – Юзаф, Юзафа – Ежы, а тата Ежы – Базылій (1680 г.н.). А вось паглядзіце (паказвае схему на вялізным аркушы паперы) на лінію Разумко: Юзаф – гэта мой дзядуля; яго тата – Альбін; у Альбіна – тата Ян; у Яна – Фелікс, у Фелікса – Ян, у Яна – Казімеж (1726 г.н.). Імёны паўтараліся, дзеці называліся то ў гонар таты, то дзеда, то прадзеда і г. д.  Сустрэлася я і з такім незвычайным фактам. У адной з галінкаў “дрэва”, у сям’і па прозвішчы Буко,  было 14 дзяцей. Не гадаваліся, паміралі, і імя Юзаф з разрывам  у  некалькі гадоў аб’яўлялася  ў сям’і тры разы, гэта значыць, паміраў адзін Юзаф, а нараджаўся  другі  хлопчык – зноў называлі  Юзафам.
Адметнасць геніялагічнага дрэва, якое  складае  Данута Васілюк (сёння ў ім 1500 імён!), у тым, што чым далей  паглыбляецца ў мінулае радаводу, тым болей  пераплятаюцца  лёсы  сваякоў. Тлумачэнне простае: спрадвеку  жылі  ў  Ішкалдзі, за мясцовых выходзілі замуж і мясцовых бралі  ў жонкі. Тут будаваліся, куплялі зямлю, каб на ёй працаваць, нараджалі дзяцей – адным словам,  разгаліноўваліся, і кожны ганарыўся тым, што адчуваў сябе  часткай  цэлага.  Таму і лёсы  продкаў –  не куфэркі з назапашаным дабром – значна больш каштоўныя. “Не збірайце сабе  скарбаў на зям-лі…Збірайце сабе скарбы ў небе, дзе ні моль, ні ржа не знішчаюць і дзе злодзеі  не падкопваюцца і не крадуць. Бо  дзе  скарб  твой, там  будзе  і  сэрца тваё”, – навучаў Езус Хрыстус (Мц 6, 19-21). Яны і не збіралі. Напрыклад, Ян Адамовіч, 1841 г. н., які быў бацькам Аннэты, жонкі Антонія Асіповіча (Антонія мы ўжо называлі),  амаль усё жыццё правёў у пілігрымках, праслаўляючы Пана Бога і молячыся за сябе і бліжніх, нават у Рыме пабываў.

 

На сцежцы продкаў
Стварэнне  геніялагічнага  дрэва – праца  даследчыцкая і вынаходніцкая. Са  звестак, якія  змяшчаюцца на яго галінах, можна даведацца не  толькі  пра асобнага чалавека, але  і ад-крыць шмат неацэнна каштоўнага і павучальнага  для сябе. Ёсць спецыяльныя  інтэрнэт-сайты, праграмы – людзі шукаюць свае карані!
На  сцежцы  продкаў  адбылося  знаёмства Дануты з Іўлітай Нэўман. Бабуля  Іўліты  –  Рэгіна Лашук (1903 – 1941)  з Макашоў Нясвіжскага  раёну (да гэтага ж роду належыць і кс. Ігар Лашук, пробашч у Стаўбцах), мама  Іўліты – Яніна (1929 г.)  нарадзілася  ў  Баранавічах, а сама Іўліта –  у Польшчы, дзе зараз жыве, стварае  сваё  геніялагічнае дрэва, уздымаючы цэлыя пласты мінуўшчыны, якія датычацца былога Наваградскага павету. Павет быў створаны ў межах ВКЛ у  1507 г.   і  займаў вялікую тэрыторыю. Як падае Вікіпедыя, на поўначы межаваў з Лідскім і Ашмянскім паветамі Віленскага ваяводства, на ўсходзе –  з  Мінскім і  Мазырскім  Мінскага ваяводства, а таксама Слуцкім княствам, на поўдні – з Пінскім паветам  Берасцейскага ваяводства, на захадзе – з Слонімскім паветам. Таму і “дрэва” Іўліты атрымалася вялізнае, разгалінаванае – каля 32000 імён!
– Пазнаёміліся з ёю, – распавядае Данка, – у момант, калі нашыя “дрэвы” супалі на адным і тым жа прозвішчы – Зыгмунта Асіповіча, прычым дакладна супала ўся інфармацыя, пачынаючы з году нараджэння – 1898. Мы спісаліся з ёю на Фэйсбуку і такім чынам “адкрылі” адна другую. Там я стварыла групу Iszkoldz,  зараз у ёй больш за 200 асобаў тых, каго цікавіць тэма вёскі і яе насельнікаў у розныя гістарычныя перыяды; падтрымліваем кантакты, дапамагаем адзін другому  ў  пошуках продкаў.  Геаграфія  атрымліваецца шырокая, бо выхадцы з Ішкалдзі  жывуць сёння ў Польшчы, Амерыцы, Францыі, Канадзе, Аргенціне. Многія прыязджаюць, каб пакланіцца зямельцы, ад якой узялі пачатак іх карані… Гасцей сустракаю, вязу на  экскурсію  ў   Мінск, Нясвіж, Мір, Косава  і  ў  Ішкалдзь  – абавязкова  ў  касцёл, абавязкова на  могілкі…

 

Яны – жывыя!f-str-16
Нядаўна Іўліта прапанавала “ацыфраваць” могілкі. Гэта значыць, каб усе, хто даражыць памяццю, наведвае  могілкі, зрабілі здымкі надмагільных плітаў, камянёў, у  першую чаргу самых старажытных, бо праз некалькі гадоў  іх  можа не стаць. А далей, напісала  Іўліта,   “я  сама  сістэматызую  іх, зраблю  каталог, апісанне. Можа наступнае пакаленне таксама будзе зацікаўлена сваімі продкамі?  Мы  як  група маглі б зрабіць нешта такое і пакінуць пасля сябе нашым дзецям і ўнукам… Бо з інтэрнэту можна даведацца толькі пра касцёл у Ішкалдзі і пра Радзівілаў. Але ж там жылі і простыя людзі, якія стваралі  гісторыю”.
– Так, – згаджаецца Данка, – можна ведаць гісторыю, памятаць даты, але твая гісторыя – там, дзе пахаваныя твае продкі.
І яна падтрымлівае ідэю, адначасова  звяртаецца да ўсіх, з кім у кантакце на Фэйсбуку, каб адгукнуліся і  на  яе асабістую прапанову –  зрабіць пэўныя  крокі да захавання старых могілак у Ішкалдзі: “Патрэбна, каб яны не былі забытымі  і  занядбанымі,  там спачываюць нашыя продкі! Гэта – наша гісторыя,  спрабуем  яе  захаваць!”.
…Данка часта ездзіць на вясковыя могілкі, разам з ёю – муж, які ва ўсім падтрымлівае жонку; бяруць з сабою і дзяцей, хоць яны яшчэ  невялікія. Прызнаецца:  “Часам стаю каля магілы, чытаю надпіс і разумею, што з роду Фелікса, які пакоіцца пад гэтым каменем, не засталося нікога, і думаю: а ці спадзяваўся Фелікс, які памёр у 1879 годзе,  што праз доўгі час прыдзе да яго Данка? Прагну, каб і нашыя дзеці ведалі, што робім мы вельмі па-трэбную  справу,  каб разумелі, што  за памерлых трэба маліцца”.  І калі ва Ўрачыстасць Ўсіх Святых пробашч моліцца за памерлых, пералік прозвішчаў ад Данкі  займае найбольш часу – у ім ужо каля 20 родаў. Перакананая: “Мы ўсе – адной крыві, звязаныя аднымі нябачнымі ніцямі. І пакуль жыве памяць пра іх – яны жывыя!”.

 

 

Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD. 


Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий