…Божа, які неспасцігальны Твой Боскі Провід! Як прадбачліва і па парадку ўсё адбываецца – выбіраеш, накіроўваеш, вядзеш, знаёміш са светам, вучыш, дапамагаеш асэнсаваць і духоўна ўзбагаціцца, а пасля – узбагачаць іншых! Дзякуй Табе, Божа; няхай заўсёды будзе воля Твая!
Подых, ад якога млее душа
…Але не кожнаму, не кожнаму даецца такая Божая ласка, такі талент і розум, такое трапяткое і чулае сэрца, каб на адлегласцях, пазначаных па часе стагоддзямі, ацаніць каштоўнасці, якія амаль загінулі або апынуліся ў стане забыцця, пра якія зараз рэдка хто ўспамінае… А каштоўнасці гэтыя ёсць – матэрыяльныя і нематэрыяльныя – варта толькі знайсці нітачку і далікатна яе пацягнуць, каб не абарвалася адразу. Алена Шатурына (Бобіна) знайшла, пацягнула і… шукаць працягвае.
Што падштурхнула яе, маладую жанчыну, юрыста з веданнем эканомікі, заняцца менавіта гэтым – шукаць каштоўнае ў мінулым, пасля аб усім гэтым засведчыць, яго ўшанаваць, узняць на ўзровень гістарычнай вартасці? Болей таго, зрабіць крыніцай, з якой можна наталіць смагу і адчуць на сабе подых ветру, ад якога млее душа? І што прымусіла яе, атрымаўшы вышэйшую адукацыю ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце ім. Я. Купалы, дадаткова вучыцца ў Міжнароднай летняй школе паслядыпломнай адукацыі “Нясвіжская Акадэмія”, а ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў вывучаць музейную справу?
– Чаму ты абраў той ці іншы шлях, патлумачыць заўжды складана, – скажа яна, зрабіўшы вялікі ўнёсак у захаванне гісторыі нашай бацькаўшчыны і яе духоўнай спадчыны. – Гэта не было мэтаю, ідэяй, а толькі памкненнем душы. Такой мяне стварыў Бог. Я надзвычай тонка адчуваю свет (гэта і дар, і найвялікшая пакута), люблю ўсё, што навокал, што было і што будзе. Ад вялікай любові да Бога, да жыцця, да сваёй зямлі, да людзей; ад прыроджанай вострай патрэбы ў справядлівасці, а справядліва – каб ведалі і шанавалі сваё, тое, што рупліва і сумленна стваралі продкі і папярэднікі. І калі Бог мяне пасеяў такою, у гэты прамежак часу, на гэтай зямлі, значыць тут і зараз я Яму патрэбна і павінна годна паслужыць. Варта сказаць, што справа майго жыцця, нароўні з вершамі, стала мне спаталеннем і выратаваннем ад многіх удараў лёсу…
Стаўленне Алены Вячаславаўны да сябе самой можна назваць “філасофіяй” абсалютнага даверу. “Давяраць Богу, свайму сэрцу і свайму сумленню. Проста і неспасцігальна. У гэтым і ёсць я”, – кажа наша суразмоўца.
Пра былое
Былое… Іншымі словамі – тое, што “было і прайшло”. Аднак, былое не азначае забытае. Яно – ёсць, жыве ва ўспамінах, сэрцах нашчадкаў, а таксама ў гістарычных, літаратурных і мастацкіх творах, паданнях і легендах, песнях і кінафільмах… І “былое”, пра якое зараз гаворка,– неацэнны духоўны скарб, якога за плячыма насіць не трэба, але які дапамагае захаваць повязь з нашымі далёкімі продкамі і ўсведамляць, што маем за іх свой вялікі гонар!
А зараз – па парадку. У лістападзе 2013 г. Алена Шатурына (Бобіна) прыйшла працаваць спецыялістам па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, з красавіка 2020 г. працавала намеснікам дырэктара Смаргонскага раённага цэнтра культуры, пасля стала дырэктарам Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея, да якога неўзабаве далучылі і Крэўскі замак. Атрыманыя ў ВНУ і на практыцы энцыклапедычныя веды акурат спатрэбіліся – яна паглыбілася ў краязнаўства і этнаграфічныя асаблівасці сваёй малой радзімы, Смаргоншчыны – краю самабытнага і багатага на “былое”. Моцна зацікавілася прыдарожнымі капліцамі і капліцамі-пахавальнямі, старадаўнімі курганамі, пачала вывучаць архівы, кантактаваць з гісторыкамі, археолагамі, антраполагамі, краязнаўцамі, выпраўлялася ў вандроўкі, запісвала ўспаміны старажылаў Павілля. Для яе, як спецыяліста па ахове помнікаў, задача была цалкам зразумелая: марудзіць ніякім чынам нельга і частку гісторыка-культурнай спадчыны, якая яшчэ падлягае захаванню, ратаваць трэба хутчэй. За тры гады актыўных даследаванняў і па яе прапанове ў Дзяржаўны Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь унесены комплекс прыдарожных капліц (15) і капліца-пахавальня ў Івашкаўцах на тэрыторыі Смаргонскага раёна, Марыянская Кальварыя (касцёл і тры капліцы) ў в. Дубок Астравецкага раёна; накіравала прапановы і па захаванню капліцы Святога Станіслава ў в. Сакалойці на той жа Астравеччыне. Агулам 27 аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны было ўключана ў Дзяржаўны спіс па ініцыятыве спадарыні Алены.
Прадбачу, нехта мне зараз скажа: гэта былі яе службовыя абавязкі. Пагаджуся, але часткова, бо ў гэтай хрупкай жанчыне столькі любові і таленту, цяпла і свету, столькі духоўнага багацця і сілы, самаахвярнасці і адданасці жыццю, што ўсё, што робіць яна, далёка пераўзыходзіць межы нашых уяўленняў (і нарматываў!) аб абавязках. Насамрэч, яна гатова абняць увесь свет, абы толькі людзі ў ім станавіліся лепшымі: жылі ў міры, цанілі бацькоўскую спадчыну, былі шчырымі, сумленнымі і свяцілі адно аднаму і ўначы, і ў хвіліну адчаю…
Жыць, не адкрываючы Бога?..
2020 год. Разбушаваўся ковід, і пілігрымы, вандроўнікі і турысты ездзіць амаль перасталі. Чалавек застаўся абмежаваны, не камуніцыруе, працуе “аддалена”, не выходзіць з дому… Алена ўсё разумела, акрамя аднаго: як жыць, не адкрываючы Бога і новых дарог? Марнота часу! Выйсце з сітуацыі знайшла ў распрацоўцы новага праекту пад назвай “Веліч былога” – цыкла відэафільмаў пра касцёлы і цэрквы, месцы сустрэчы чалавека з Богам. У садружнасці з такімі ж “лёгкімі на пад’ём” аматарамі-шанавальнікамі былога Наталляй Чудакоўскай і Ігарам Кавальскім стварыла сюжэты і размясціла іх на Youtube.
Сюжэт першы. На фоне ціхай музыкі, таксама ціха, упаўголаса жанчына чытае па-беларуску вершаваныя радкі, створаныя на ўзор выказвання Св. Яна (пар. Апакаліпсіс 3, 20): “Вось стаю ля дзвярэй і стукаю: ці мой голас пачуе хтось? Ці ў адказ мне знутры загрукае і адчыніць: “Вітаю, госць!”. Апошнія два словы прывітання гучаць з вуснаў мужчыны – цвёрда, крыху прыглушана, быццам гаворыць Сам Бог Айцец, і дзверы касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў Жодзішках адчыняюцца. Далей ідзе аповед пра святыню, яе гісторыю, яе адметнасці, пра тое, як людзі ратавалі сябе ад розных бедаў і наступстваў, несучы свае малітвы Богу.
Сюжэт другі: Зноў класічная музыка ласкае слых, і жанчына павольна, выразна, на мілагучнай беларускай мове чытае з паэзіі Віктара Шніпа: “І кожны верш мой новы – новая царква, дзе я малюся і дзе сам я чую Бога. І вінаваты я, калі ўзрасла трава ля храма і ўтравела да святынь дарога…”. Да яе далучаецца голас другой жанчыны – з іншым тэмбрам, іншым характарам… Перад нашымі вачыма – царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Міхневічах, дзе полымя свечак, водар ладану, атмасфера набожнасці, якую разам са святаром ствараюць вернікі, кранае сэрца кожнага, хто пераступіць парог святыні…
Сюжэт трэці, чацвёрты і далей, і далей… Касцёл… Царква…Зноў касцёл…
Асабіста я перагледзела дзесяць. Не буду пераказваць іх зместы, толькі заўважу, што зроблены вельмі ўдала і нясуць адну і тую ж праўду: ва ўсе вякі наша міжканфесійная Беларусь засланялася вераю. А вера не патрабуе доказу, яна або ёсць, або яе няма. На Беларусі – ёсць! Дарэчы, відэафільмы пакладзены на з густам падабраную класічную музыку, суправаджаюцца даўнейшымі фотакарткамі, пранікнёна напісанымі тэкстамі, таму дораць нейкую незямную ўзнёсласць. Падбірала і апрацоўвала музыку, фота, кантэкст, аповеды сама ініцыятар праекту Алена Вячаславаўна, а агучвалі – яе калегі Наталля Чудакоўская і Ігар Кавальскі. І калі захочаце ўбачыць сакральныя архітэктурныя жамчужыны, не выходзячы з дому, можаце знайсці гэтыя відэа без клопату.
Хвіліначку: а калі вы шануеце яшчэ і музычную культуру нашых продкаў, на тым жа сайце знойдзеце цудоўны відэафільм “Смаргонскія найгрышы”, які дэманстраваўся на тэлеканале “Беларусь-3” у цыкле праграм аб праявах народнай творчасці, што набылі статус нематэрыяльнай каштоўнасці. Алена даследавала і ініцыявала ўключэнне ў Дзяржспіс мясцовай музычна-інструментальнай традыцыі Смаргонскага раёна “Смаргонскія найгрышы” і паказала, якімі таленавітымі былі нашы продкі, большасць з якіх не валодалі нотнай граматай, але былі віртуознымі выканаўцамі музыкі, што перадавалася “з рукі на руку”.
Цяпер Алена Шатурына (Бобіна) – дырэктар і сузаснавальніца ўласнага сядзібнага комплексу “Ляліва” у Крэве. На яе візітнай картцы пазначана: “Адраджаем лакальныя традыцыі дзеля ўмацавання нацыянальнай культуры Беларусі”. У лютым 2024 года спадарыня Алена зарэгістравала на сваё імя таварны знак “Абваранкі-смаргонкі” і адра-дзіла традыцыю прыгатавання смаргонскіх абваранкаў (вядомую з XVII стагоддзя і ліквідаваную ў 1939 г.). У сядзібе “Ляліва”, дзе і архітэктура, і ландшафт, і дызайн, і творчая канцэпцыя прыдуманы самой гаспадыняй, Алена Вячаславаўна адраджае мясцовыя традыцыі, стравы, папулярызуе культурную і гістарычную спадчыну Крэва і Смаргоншчыны.
Крэўскі замак… Юрава гара з яе вежай…Старажытныя, рамантычныя і загадкавыя помнікі гісторыі. Часткова адроджаныя, часткова закансерваваныя, да якіх непасрэднае дачыненне, здагадваецеся, таксама мае спадарыня Алена (кіравала будаўніцтвам вежы).
У ценю капліцы
…Слухаю цудоўную жанчыну, маці дваіх дзяцей, і ўвесь час свідруе маю галаву пытанне: адкуль столькі цяпла, любові да свету, павагі да сівой даўніны ў Алены? У самым пачатку нашага знаёмства сказала пра сябе: “…Такой мяне стварыў Усявышні”. А наваколле, атачэнне, сям’я?.. На гэта распавяла:
– Мама з татам жылі ў Смаргоні, а мая бабуля Ніна (па мамінай лініі) з дзядулем Янам – у Навасёлках. У маладосці бабуля працавала дырэктарам пачатковай школы, была сур’ёзная, строгая, дома шмат малілася. Дзядуля быў добры, вельмі гумарны і дужа працавіты: трымалі дзве каровы, каня, атару авечак… Не ведаю чаму, але мяне, 2-месячнае немаўля, бацькі з лёгкасцю аддалі ў вёску да бабулі з дзедам, пакінуўшы сабе толькі майго старэйшага брата. І, дзякаваць Богу, у Навасёлках, у натуральным беларускім асяроддзі жыла я да сямі гадоў – самы светлы ўспамін! Можна сказаць, гадавалася дзікуном, самастойна пазнаючы свет, прыроду… На канікулы да дзеда з бабаю прыязджаў мой стрыечны брат Руслан, старэйшы ад мяне на 7 гадоў (і дагэтуль мы цёпла сябруем).
Недалёка ад Навасёлак – вёска Дубок, дзе стаяла (і стаіць!) чароўная, нават містычная наша капліца. Дубоцкая кальварыя – месца асаблівае, прыцягальнае! А як урачыста было, калі ўлетку, на фэст прыходзіла шмат людносці: маліліся, ішлі берагам Віліі (мясц. –Вяльлі), кленчылі каля асобных капліц, якія стаялі ўздоўж ракі. Малыя, мы мала што разумелі, але хадзілі і бачылі, што і дзядуля (з каталікоў), і бабуля (з праваслаўных) таксама кленчаць, моляцца… Мы наравілі адведаць каплічку і самастойна, без дарослых. Мяне асабіста зачароўвала постаць Маці Божай над Вяльлёй, загадкава-магічнымі здаваліся львы па баках ад уваходу ў драўляны касцёл, “зорнае неба” столі ў капліцы памяці Ігнацыя Сідарэвіча, сакральная і таямнічая капліца-брама ў атачэнні стромкіх сосен, павольная, шляхетная плынь Вяльлі, густыя, бязмежныя лясы, у якіх толькі мы, мясцовыя (і ў тым ліку малая я – чым дужа ганарылася), ведалі ўсе сцежкі. Гэта на вякі мой дом, другога ў мяне не будзе.
– А ці бываеце ў Навасёлках калі? – спытала я Алену.
– Абавязкова! Наведваю могілкі – там і дзядуля, і бабуля, і шмат родных, зноў жа – і каталікоў, і праваслаўных, і ўсіх я люблю, усім удзячна, каго і не ведаю, хто памёр задоўга да майго нараджэння. Прыбіраем з дзецьмі могілкі, і я адчуваю, што ў такія хвіліны я размаўляю з продкамі на ўзроўні душаў… Мне гэта неабходна, пасля я адчуваю сябе адроджана.
Кожны носіць сваё Неба з сабой
– А сябе з кім ідэнтыфікуеце, з якой з канфесій?
На гэта паэтка Алена Шатурына, якая рыхтуе да выдання зборнік вершаў, прызналася: “Я веру ў Бога, цалкам прымаю Хрыста і давяраю Хрысту! Стараюся выконваць Божыя Запаведзі! Мне складана прыняць пасрэдніка між Богам і сабою. І гэта зусім не гардыня. Я адчуваю Яго! Сваіх поглядаў ніколі нікому не навязваю і паважаю права кожнага на свой уласны шлях да Вышняга. Я наогул вельмі талерантны чалавек. Вакол мяне многа выбітных людзей, якія, здаецца мне, таксама вераць кожны па-свойму, але якія па пакліканню душы робяць цудоўныя рэчы. І вось гэта – галоўнае, што ты праз свой талент, свае здольнасці нясеш Божае святло людзям, упрыгожваеш гэты свет. Рэлігіі могуць быць рознымі, што наадварот захапляльна, як той каляровы дыван на Зямлі – розныя культуры, розныя традыцыі, – але сутнасць ва ўсіх адна: Божае святло!
Я не прывязаная да якой-небудзь канкрэтнай парафіі ці да храма. Дзе мне добра эмацыйна, туды я і хаджу, ці дзе святар моцныя прамовы кажа. Мяне хрысцілі ў праваслаўнай царкве, і дзеці мае былі ахрышчаныя ў царкве, але туды амаль не ходзім; касцёл мне болей па душы – службы ідуць на роднай беларускай мове, вернікі могуць сядзець у лаўках, і там я лепей сябе адчуваю. Не адношу сябе да якойсьці рэлігіі ці канфесіі. Сябрую з усімі, вераванні і звычаі ўсіх паважаю, усё светлае для мяне пазнавальна і натхняльна… Як пісаў мой любімы пісьменнік і паэт Уладзімір Караткевіч: “Кожны носіць сваё Неба з сабой”.
Раіса СУШКО.
Здымкі з фотаальбома Алены Шатурынай (Бобінай)
г. Мінск