У вёсцы Лыскава, што ў Пружанскім раёне, стаіць велічны (у мінулым), а зараз у руінах касцёл Найсвяцейшай Тройцы. Людзі едуць сюды не толькі каб убачыць гэты храм – каля яго знаходзіцца магіла паэта Францішка Карпінскага. Напэўна, далёка не ўсім беларускім католікам гэта прозвішча вядома, і ў той жа час яны добра ведаюць рэлігійныя песні Карпінскага, таму варта пазнаёміць нашых чытачоў з жыццём і асаблівасцямі творчасці гэтага безумоўна таленавітага аўтара.
Францішак Карпінскі нарадзіўся 280 гадоў таму, 4 кастрычніка 1741 года ў Галаскове, на тэрыторыі сучаснай Украіны. Адукацыю атрымаў у езуіцкіх навучальных установах – калегіуме ў Станіслававе і Львоўскай езуіцкай акадэміі. Езуіты, напэўна, аказалі ўплыў на светапогляд маладога Карпінскага і захапленне рэлігійнай паэзіяй.
Нягледзячы, аднак, на жаданне сям’і, Карпінскі адмовіўся ад духоўнай кар’еры. Каб зарабіць сродкі на існаванне, працаваў гувернёрам пры дварах магнатаў, часта змяняў месца жыхарства. Пасля непрацяглага побыту ў Вене, дзе ён наведваў універсітэцкія лекцыі, паэт вярнуўся на радзіму.
У 1780-х гадах Карпінскі ўжо быў вядомай фігурай ў літаратурных колах. Паэт накіраваўся ў Варшаву, дзе разлічваў на пад-трымку з боку караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Аднак фінансавыя праблемы і прыдворныя інтрыгі вымусілі яго пакінуць сталіцу. Карпінскі працягваў вандраваць па магнацкіх рэзідэнцыях, працуючы настаўнікам.
З 1790-х гадоў паэт пастаянна пражываў на тэрыторыі Беларусі. Спачатку – у маёнтку Краснік у Пружанскім павеце, але падчас вайны 1812 года адступаючыя французскія салдаты ўшчэнт яго разрабавалі, а самога Карпінскага моцна збілі. Паэт вымушаны быў пасяліцца ў Мураве, а ў 1819 годзе набыў фальварак Хараўшчына ў Валкавыскім павеце, дзе пражыў да канца жыцця.
Што датычыцца творчасці, Карпінскі з’яўляецца прадстаўніком літаратуры сентыменталізму. Ён пісаў свае творы на польскай мове. Да яго пяра належаць празаічныя і паэтычныя творы як рэлігійнага, так і свецкага зместу. Так, напрыклад, у камедыі “Чынш” Карпінскі заклікаў да вызвалення сялян ад паншчыны.У Гродне былі выдадзены яго кнігі “Вяртанне з Варшавы ў вёску”, “Размова Платона са сваімі вучнямі”. У аўтабіяграфічных “Дзённіках”, якія вытрымалі шэсць выданняў, апісаў у тым ліку сваё жыццё на Беларусі.
На беларускую мову перакла-дзены шэраг яго вершаваных твораў. Найбольш вядомыя з іх – “Песня ранішняя” (Kiedy ranne wstaja zorze), “Песня вячэрняя” (Wszystkie nasze dzienne sprawy), “Вечны родзіцца нам сёння” (Bog sie rodzi). Часта яны памылкова ўспрымаюцца як народныя. Літаратуразнаўца Ірына Багдановіч мяркуе, што перакладчыкам “Песні ранішняй” і “Песні вячэрняй” на беларускую мову мог быць Янка Купала.
Усе згаданыя вершы ўвахо-дзяць у цыкл “Песні набожныя” (“Piesni nabozne”). Ён быў выда-дзены асобнаю кнігаю ў 1792 г. у Супраслі, ананімна. Нельга не пагадзіцца з Анджэем Гузакам, аўтарам пасляслоўя, змешчанага ў факсімільным выданні кнігі: “Песні Карпінскага, ачышчаныя і ад заблытанай барочнай мовы, і ад грубаватага налёту фальклору, былі скіраваныя да ўсіх слаёў грамадства і павінны былі хутка здабыць вялікую папулярнасць”. Так сапраўды стала.
Як піша Ганна Шаўчэнка, у цэнтры тэматыкі і праблематыкі “Песняў набожных” знаходзяцца адносіны паміж Богам і чалавекам. Бог у паэзіі Францішка Карпінскага – не грозны Суддзя, які спасылае на грэшнікаў суровыя кары. Наадварот, паэт шматразова паказвае Яго “чалавечнасць”: “Хрыстос, пажадаўшы прыняць чалавечае аблічча, церпіць гэтак жа, як мы, пакутуе ад фізічнага і душэўнага болю, зносіць голад, нястачу і, нават, бачачы нашу грэшнасць і няў-дзячнасць, сам прымае за нас смяротнае пакаранне. Таму ў пачуццях лірычнага героя няма роспачы з-за цяжкасцяў і выпрабаванняў, якія выпалі на яго долю, бо цярплівасцю ў пакутах чалавек заваёўвае неба. Лірычны герой не адчайваецца, бачачы сваю нікчэмнасць і грэшнасць, бо верыць у міласэрнасць Бога і ў шчодрыя ласкі, якія Бог спасылае тым, хто шчыра раскайваецца ва ўчыненым зле”.
Ні адзін паэт таго перыяду не пакінуў так шмат рэлігійных твораў з выразным літургічным назначэннем, як Францішак Карпінскі. Пры гэтым яго творы літаральна прасякнутыя прастатой і чуллівасцю, што так дапамагае ўзнікненню рэлігійных перажыванняў. Рэлігійныя песні Карпінскага не страцілі сваёй актуальнасці і сёння, аб чым сведчаць сучасныя касцёльныя спеўнікі.
Дзмітрый ЗАГАЦКІ,
магістр гістарычных навук
Ад рэдакцыі: Калі ў вас, шаноўныя чытачы, знойдуцца цікавыя звесткі пра гісторыі вядомых вам капліц, прыдарожных крыжоў ці сакральных фігур – дасылайце, калі ласка, на адрас нашай рэдакцыі: вул. Шаўчэнкi, 6, к. 108. 225411, г. Баранавiчы, або на E-mail: dialog1994@tut.by
Будзем моцна ўдзячныя.