Бог нездарма надзяліў чалавека цудоўнай якасцю – памяццю. Яна варушыць мінулае, нешта ў ім пераасэнсоўвае, нешта знайходзіць і бярэ для сябе, захоўваючы як скарб надалей… Сёння ў Баранавічах чатыры каталіцкія храмы, пяты – у стадыі пачатку будаўніцтва. Але не ўсе ведаюць, што ў 1920-я – 1930-я гг. у горадзе існавалі тры каталіцкія святыні – з тых да сённяшняга часу захаваўся толькі касцёл Узвышэння Святога Крыжа. Што сталася з іншымі? Як склаўся лёс іх пробашчаў?
У міжваенных Баранавічах знаходзіўся магутны польскі вайсковы гарнізон. Большая частка вайскоўцаў размяшчалася ў казармах, што засталіся з часоў Расійскай імперыі, пазней названых у гонар Тадэвуша Касцюшкі. У пачатку 1920-х гг. на тэрыторыі казармаў быў створаны гарнізонны касцёл Святога Антонія Падуанскага. На жаль, бракуе дадзеных і фота-здымкаў аб гэтым храме. Вядома толькі, што ў 1931 г. адміністратарам мясцовай парафіі быў прызначаны ксёндз-капелан Антоній Александровіч.
Усё жыццё гэтага таленавітага пастыра прайшло на тэрыторыі Беларусі. Нарадзіўся ён 11 ліпеня 1893 года ў Мінску. Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў у духоўную семінарыю ў Санкт-Пецярбургу. У 1917 г. быў пасвечаны ў сан капелана і пачаў сваю душпастырскую працу ў якасці святара ў Мінскай епархіі. У 1917 – 1918 навучальным годзе ён быў прэфектам школ у Бабруйску, а ў наступным – у Мінску. Падчас польска-бальшавіцкай вайны ксёндз Антоній першапачаткова стаў кантрактным вайсковым капеланам, а пасля яго прынялі ў Войска Польскае ў якасці вайсковага капелана, замацаваўшы за 4-й арміяй. Пасля дэмабілізацыі быў прызначаны капеланам гарнізона ў Слоніме, а пасля –пробашчам мясцовай вайсковай парафіі, адкуль з 1 лютага 1930 года яго перавялі на пасаду гарнізоннага капелана ў Вільні. Адначасова Антоній Александровіч выконваў функцыі вайсковага капелана мясцовай следчай турмы. Пераведзены на пасаду адміністратара вайсковай парафіі ў Баранавічах, працаваў на гэтай пасадзе да пачатку Другой сусветнай вайны, робячы шмат па арганізацыі рэлігійнага жыцця сярод вайскоўцаў. За ўзорную пастырскую працу ён быў прызначаны старэйшым капеланам і ўзнагароджаны Срэбным крыжам заслугі.
Дэкан 4-й арміі кс.Станіслаў Гавэл даў наступную характарыстыку Антону Александровічу: “У адносінах да начальства поўны павагі. Уплыў на салдат вельмі вялікі. Прыцягвае да сябе дабрынёй сэрца і навыкамі зносін з салдатам. Часта заходзіць у казармы і шукае асабістых зносін з салдатамі. У прыватным жыцці бездакорны”. Генерал-паручык Скерскі пісаў, што святар Александровіч «уяўляе сабой вельмі пазітыўны і вельмі пажаданы тып капелана-настаўніка, які палымяна выконваў вельмі цяжкія ў цяперашні час абавязкі, уздзейнічаючы на масы салдат».
Камандзір 20-й дывізіі пяхоты Альгерд Пажэрскі ў рэкамендацыі на ўзнагароду ксяндза Антонія Срэбным крыжам заслугі адзначыў, што ўзнагароджаны “…мае вялікія заслугі ў справе пастарскай апекі. Маючы глыбокае замілаванне да пашырэння добрага духу сярод вайскоўцаў, прычыніўся ў высокай ступені да маральнага ўздыму ўсяго шэраговага складу баранавіцкага гарнізона».
Пасля пачатку Другой сусветнай вайны айцец Антоній Александровіч заставаўся на сваёй пасадзе. Пакінуў Баранавічы разам з аддзеламі, сфарміраванымі на базе 78 пяхотнага палка. Падчас вераснёўскай кампаніі быў паранены ў нагу і патрапіў у савецкі палон. Быў перавезены ў Старабельскі лагер. У сваіх «Успамінах са Старабельску» Юзэф Чапскі прыгадвае 11 лістапада 1939 года, калі афіцэры ў лагеры сабраліся ў так званым блоку маёраў на першую патаемную святую Імшу: «На тым набажэнстве, на брудным, перапоўненым зняволенымі калідоры чырвонага “гмаху маёраў”, айцец Александровіч перакладаў з лацінскага малітоўніка на польскую мову тэкст Евангелля аб дзяўчыне, якую Хрыстос уваскрасіў, аб Яіру, які ўпаў да ног Хрыста і прасіў яго, кажучы: «Ужо мая дачка памірае, ідзі пакладзі рукі на яе, каб выздаравела і жывая засталася». А калі яму прынеслі вестку, што яго дачка памерла, Хрыстос сказаў, каб ён не баяўся, а толькі верыў. І пайшоў Іісус да яго дому, «і бачыць енк плачучых і галосячых моцна». І, ўвайшоўшы, сказаў ім: «Чаму галосіце і плачаце? Дзяўчына не памерла, але спіць”. І яны смяяліся з яго… А ён узяў руку дзяўчыны і сказаў ёй: «Thalita kumi», што азначае «Дзяўчына, я кажу табе: устань» – і адразу ж дзяўчына ўстала, і здзівіліся ўсе здзіўленнем вялікім…».
Гэта стала пераломам у настроі вязняў у Старабельскім лагеры: прамоўленыя а. Антоніем Александровічам казанні ўзнялі ў іх, прыгнечаных няволяй, пачуццё гонару і годнасці – зноў яны адчулі сябе афіцэрамі. Хоць лагерная святая Імша была перапынена НКУС, ксёндз Александровіч, нягледзячы на забарону, скончыў сваю малітву».
Па ўспамінах Юзэфа Чапскага, ксяндзу Александровічу не “прабачылі” ролю, якую за кароткі прамежак часу ў першыя тры месяцы ён адыграў у лагеры. За некалькі дзён да Каляд яго нечакана ўначы вывезлі разам з суперінтэндантам Патоцкім і рабінам польскай арміі Стэйнбергам. У 1940 годзе Антоній Александровіч быў забіты пры невядомых абставінах. Закінуты гарнізонны касцёл у Баранавічах быў першапачаткова перароблены ў склад, а пасля разабраны на дровы.
У 1929 годзе быў абвешчаны конкурс на будаўніцтва ў Баранавічах касцёла Маткі Божай Каралевы Польшчы. У адпаведнай заяве абгаворвалася ўмова: «За працы, прызнаныя найлепшымі, будзе выплачана і безумоўная ўзнагарода: І – 6000 злотых, II – 4000 злотых і III – 3000 злотых. Камітэт пакідае за сабой права на набыццё работ неўзнагароджаных па 1000 злотых. Узнагароджаныя і купленыя праекты стануць уласнасцю Будаўнічага Камітэта. Да конкурсу павінны быць прадстаўлены наступныя малюнкі, выкананыя любым спосабам: Сітуацыйны план у маштабе 1:500, планы паверхаў, маштаб 1:200; Разрэз падоўжны і папярочны (пры неабходнасці) у маштабе 1:200; Фасады: галоўны, бакавы, і тыльны ў маштабе 1:200; Перспектыўны від; Падлік аб’ёму будынка ў кубічных метрах; Прыблізная калькуляцыя на падставе кубатуры, памножанай на кошт (…) Конкурсныя працы павінны быць перасланыя ў Дэпартамент Будаўнічага Міністэрства Грамадскіх Прац да 20 красавіка 1929 года. Будаўнічы Камітэт пакідае сабе права свабоднага выбару як эскізу да выканання ў натуры, так і асобы, якой выкананне гэтага будзе даручана».
У склад журы ўваходзілі старшыня Рады Міністраў Казімір Бартэль, архітэктары Рудольф Сверчыньскі, Александр Баемскі, Людвік Панчакевіч, Юзаф Серадзінскі, Ян Стэфановіч, ксёндз-канонік Луцыян Жаландкоўскі, бурмістр Баранавічаў Яўгеніюш Дэмбінскі-Піёро (Пьюро), генерал Альгерд Пажэрскі. Неўзабаве, аднак, выбухнуў сусветны эканамічны крызіс і, нягледзячы на такі патранат, праект будаўніцтва не быў завершаны.
Новы касцёл адчынілі толькі ў 1937 годзе ў невялікай драўлянай капліцы ў раёне чыгуначнай станцыі “Баранавічы Палескія”. Новая каталіцкая парафія налічвала тады некалькі тысяч вернікаў. Пробашчам стаў ксёндз Часлаў Федаровіч.
Незвычайны лёс гэтага пастара. Часлаў Федаровіч нара-дзіўся 20 снежня 1891 года. Вучыўся ў семінарыі ў Жытоміры і Духоўнай акадэміі ў Санкт-Пецярбургу, якую ён скончыў са ступенню магістра ў галіне кананічнага права. Пастырскае служэнне пачаў ва Украіне. У 1917-1918 гг. ён служыў у парафіі Белая Царква ў кіеўскім дэканаце, дзе налічвалася тады 4182 вернікаў. У 1920 годзе быў прызначаны абаронцам шлюбнай сувязі ў судзе камянецкай біскупскай курыі. Пасля польска-бальшавіцкай вайны застаўся ў СССР. У 1920-я гады працаваў у парафіях
Сніткаў, Вайтоўцы і Пікаў. З лістапада 1921 года быў дэканам у Літыне і, магчыма, з 1924 г. пробашчам у парафіі Брахілаў у дэканаце Вінніца. Першы раз быў арыштаваны бальшавікамі восенню 1922 года. Быў тады на працягу некалькіх тыдняў зняволены ў Вінніцы. Паўторна арыштавалі а. Часлава Федаровіча ў 1926 годзе. На гэты раз ён быў асу-джаны да трох гадоў працоўных лагераў. Адправілі яго ў працоўны лагер на Салаўках. Ён апынуўся там у сярэдзіне 1927 года. Праз год яго ізноў накіравалі ў турму ў Вінніцы і праз 6 месяцаў следства асудзілі на смерць з заменай на 10 гадоў пазбаўлення волі (лагераў). У 1929-1930 гады Чэслаў Федаровіч знаходзіўся ў турме “Халодная Гара” ў Харкаве, пасля ў іншай, меншай харкаўскай вяз-ніцы на вул. Турэмнай. Напрыканцы 1931 года святара перавезлі на Волгу да палітізалятара ў г. Яраслаўль. Толькі цудам Федаровіч быў
выратаваны ад далейшага пераследу. У верасні 1932 года ў групе вязняў, сярод якіх было 18 святароў, Часлаў Федаровіч быў перададзены Польшчы ў абмен на вызваленне арыштаваных камуністычных актывістаў і палітыкаў. Ад 1933 года святар служыў пробашчам у прыходзе Стараельня Пінскай дыяцэзіі, рэктарам касцёла ў Лапушне і Валеўцы Навагрудскага дэканату, а пасля ў Баранавічах. Ён вымушаны быў працаваць у складаных умовах, умацоўваючы духоўнае жыццё парафіі, таму што большасць жыхароў Баранавічаў болей дбалі тады аб пошуках сродкаў на жыццё, чым аб сваёй маралі. Падчас кіравання парафіяй ксяндзом Федаровічам звычайнай з’явай сталі працэсіі Божага Цела. Падчас урачыстасці вернікі парафіі разам са сваім святаром ішлі працэсіяй да касцёла Узвышэння Святога Крыжа. Тут парафіяне з абодвух прыходаў аб’ядноўваліся і разам ішлі да наступнага алтара.
Пачатак Другой сусветнай вайны ксёндз Федаровіч сустрэў ў Францыі, дзе ён прымаў удзел у баях з нацыстамі. Памёр ён у 1940 годзе – з-за ранаў, атрыманых падчас баявых дзеянняў.
Пасля смерці а. Федаровіча у касцёле парафіі Каралевы Кароны Польскай служылі місіянеры Слова Божага (вербісты). Пасля іх абавязкі пробашча выконваў ксёндз Браніслаў Вялічка, які пасля заканчэння Другой сусветнай вайны выехаў у Польшчу. Пасля яго прыехаў ксёндз Станіслаў Рагоўскі, які неўзабаве стаў пробашчам і дэканам. Хутка, аднак, касцёл стаў яшчэ адной ахвярай барацьбы бальшавікоў з «рэлігійным адурманьваннем». У першыя гады пасля вайны храм ператварылі ў спартыўную залу, потым – у склад старызны, а затым знеслі.
Напрыканцы варта адзначыць, што ў снежні 2009 года Таварыства Катынскіх Сем’яў у Варшаве абвясціла Антонія Александровіча адным з 24 капеланаў, забітых у Катыні, Харкаве і Калініне, на кандыдатуру для беатыфікацыйнага працэсу Пакутнікаў Усходу. У Барана-вічах пра жыццё і дзейнасць двух святароў быццам забыліся? Думаецца мне, што прыгожым жэстам у гонар гэтых адважных святароў і разбураных храмаў было б адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў адным з дзейных цяпер у горадзе касцёлаў.
Дзмітрый ЗАГАЦКІ,
магістр гістарычных навук.
Здымкі прадастаўлены аўтарам.
АД РЭДАКЦЫІ: цікавая неспадзянка – пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, адна з парафіянак новаўтворанай у Баранавічах парафіі Божай Міласэрнасці і Маці Божай Вострабрамскай перадала ў рэдакцыю часопіса праект касцёла Каралевы Кароны Польскай, датаваны 1937 годам. Жанчына знайшла яго, разбіраючы старыя паперы на гарышчы дзядулінай хаты. Дакумент падпісаны на польскай мове, подпісы засведчаны пячаткай Дыяцэзіяльнай Рады Гаспадарчай у Пінску, названа прозвішча інжынера-архітэктара – Ян Кукульскі. Якім чынам праект трапіў туды, хто і з якой мэтай захаваў гэты скарб? Адказу на гэтае пытанне пакуль не знайшлося. Але як бы там ні было, гэта – яшчэ адна старонка нашай гісторыі і гісторыі Каталіцкай Царквы на Беларусі.