Аўтарытэт

Str-12

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Аўтарытэт

25 гадоў біскупскай сакры Ежы Мазура

 

 

MazyrЧвэрць веку назад, у апошні дзень мая 1998 года, айцец Ежы Мазур, які пабудаваў касцёл Маці Божай Фацімскай і Дом Святой Тройцы, заснаваў Катэхітычны каледж і часопіс “Дыялог” у Баранавічах, прыняў біскупскую сакру і разам з ёю – пасаду першага Апостальскага Адміністратара Усходняй Сібіры з сядзібай у Іркуцку. Баранавічы святар-легенда (сённяшні біскуп Элцкі ў Польшчы) пакінуў назаўсёды, застаўшыся ў людскіх сэрцах і ў радках успамінаў, якія захоўваюцца ў архіве парафіі. Некаторыя з іх – перад вамі.

 

 

 

 

“Перестройка” будавала храмы

 

Казімір Месніковіч:

– 60-я гады мінулага стагоддзя былі, бадай, самымі “ваяўнічымі” у барацьбе супраць рэлігіі. Касцёл у нашым горадзе быў адзін, па вул. Куйбышава, і на святую Імшу  па святах і нядзелях людзей набівалася столькі, што нават укленчыць было цяжка. Але прыйшлі 90-я, разваліўся Савецкі Саюз, Гарбачоў пачаў даваць дазвол, каб адкрываліся зачыненыя храмы. “Перестройка” спрыяла і таму, каб будаваліся новыя. Але сказаць, што  пад забудову лёгка давалася зямля, – нельга, бо ўсё трэба было, як кажуць, вырваць з зубоў.

Не памятаю, як распаўсюдзілася вестка аб тым, што ў горад прыязджаюць вярбісты і што бу-дзе стварацца новая парафія, але людзі моцна абрадаваліся. Яны прыехалі не з пустымі рукамі, прывезлі грашовыя сродкі, купілі невялікі домік па вул. Шаўчэнкі, і пачалося  будаўніцтва  Дома Святой Тройцы,  а пасля таго, як выдзялілі  зямлю  пад  будаўніцтва касцёла, – пачалі будаваць і касцёл. Найболей сіл аддаў усяму  гэтаму першы пробашч кс. Ежы  Мазур.

 

 Першае ўражанне

 

Ірэна Буко, парафіянка:

Кардынал Казімір Свёнтэк з кс. Ежы  Мазурам, SVD і сястрой  Фабіянай,  MSF.

Кардынал Казімір Свёнтэк з кс. Ежы Мазурам, SVD і сястрой Фабіянай, MSF.

–   Што ў горад прыязджаюць вярбісты, мы  з мужам  даведаліся ад парафіянкі Ядвігі  Моўчан. Цікава: хто такія? І з якой мэтай? Ядвіга (светлая ёй памяць!) ведала болей і сказала, што з цягам часу можа ўтварыцца новая парафія.

Павінна сказаць, што сярод вернікаў быў такі звычай – маліцца і атрымоўваць святыя сакрамэнты  не толькі ў сваіх парафіяльных храмах, дзе яны былі, але наведваць і іншыя. Мы з мужам часта былі ў Ішкалдзі, дзе жылі  нашыя бацькі, таксама ў суседняй  Паланэчцы, ездзілі ў Дарава  Ляхавіцкага раёна. Менавіта там, у Дарава, я ўпершыню  ўбачыла і пачула кс. Ежы Мазура, які прыехаў да нас з Польшчы. Высокі, прыгожы тварам,  у акулярах, якія надавалі яму  яшчэ болей знешняй сталасці, ён цэлебраваў святую Імшу. І ўся яго постаць, і моцна пранікнёныя словы, з якімі звяртаўся  да  прысутных, і  яго дзеянні гаварылі аб духоўнай вялікасці  гэтага  чалавека.  Сама сабе я так і сказала: “Вялікі чалавек”. Пазней, калі ў Баранавічах па вул Шаўчэнкі, 6 быў куплены домік і пачала  актыўна стварацца парафія, калі Маці Божая Фацімская  пачала пілігрымаваць па сем’ях, а паралельна набіраў хуткасць адразу  створаны рух Лёгіёна   Марыі,   дзе мяне выбралі першым прэзідэнтам, я пераканалася  ў  тым  мноства  разоў. Праўду кажуць людзі, што першае ўражанне пра чалавека – самае  дакладнае.

Кс. Ежы і прыбыўшыя ксяндзы Конрад Дук, Збігнеў Олдынскі, Уладзімір Сек уразілі тым, што з імі наогул можна было размаўляць на розныя тэмы. Яшчэ што запала мне ў сэрца: душпастырскую працу яны адразу пачалі весці ў духу экуменізму. Здаецца, аб экуменізме мы ўпершыню ад іх і пачулі, сталі больш адкрытымі на праваслаўных хрысціянаў.

Моцна згуртаваліся парафіяне вакол пробашча кс. Ежы Мазура, калі пачаліся клопаты аб будаўніцтве касцёла ў Паўночным мікрараёне. Кожны наш крок благаслаўлялі святары, а іх блага-слаўляў кардынал Казімір Свёнтэк. Галоўным было атрымаць месца. Шмат тады лягло на плечы касцёльнага камітэта (першым старшынёю быў светлай памяці Юзаф Разумко), хадзілі ў гарвыканкам, райвыканкам, да архітэктараў. Улады ніяк не разумелі, навошта католікам яшчэ адзін храм, а мы не разумелі, чаму дзяржава не можа нам даць паўгектара зямлі…

Урэшце, прапанавалі пад будаўніцтва месца, дзе зараз Лядовы дварэц. Але мы разумелі, што пабудаваць на балоце – якія б для гэтага спатрэбіліся б фундаменты і якія грашовыя сродкі! Па гэтай прычыне мы не згаджаліся, хацелі, каб адвялі месца пад пляц на ўзгорку, дзе касцёл стаіць сёння. У нейкі момант высветлілася, што той кавалак зямлі не належыць гораду, а з’яўляеццца зямельным масівам калгаса імя Мічурына. І паехалі члены касцёльнага камітэта разам з пробашчам кс. Ежы Мазурам  у Каўпеніцу, дзе сабралася праўленне калгаса. Мы селі з аднаго боку стала, яны – з другога. Рашэнне было прынята ў той жа дзень, і мне запомніліся словы старшыні, якія скіраваў ён да сваіх людзей: “Бярыце прыклад з католікаў!..У справе будаўніцтва храмаў трэба быць настойлівымі!”.

 

На ўсіх адзіная малітва…

1992 г. Падчас святой Імшы на будаўнічай  пляцоўцы   Дома Святой Тройцы на вул. Шаўчэнкі, 6.

1992 г. Падчас святой Імшы на будаўнічай пляцоўцы
Дома Святой Тройцы на вул. Шаўчэнкі, 6.

 

Эдуард Якімчык:

–  Калі хто-небудзь пры якіх-небудзь абставінах пытае мяне, хто я па веравызнанню, заўсёды адказваю: “Перш за ўсё – хрысціянін”. Народжаны ў каталіцкай сям’і, ахрышчаны ў касцёле, жонка – з сям’і праваслаўнай. Мая прыналежнасць да КПСС не дазваляла мне вызнаваць веру адкрыта, змешваць адно з другім не змешваў, і касцёл наведваў па якой-небудзь прычыне “збоку”. Мне ніколі не хацелася падзяляць веруючых на “праваслаўных” і “католікаў”. Для мяне гэта былі проста веруючыя, проста хрысціяне. Сапраўды: Бог – адзін, Езус Хрыстус – адзін, Маці Божая – адна, і “Ойча наш…” –  на ўсіх адзіная малітва.

Быў моцна рады, калі пад будаўніцтва касцёла Маці Божай Фацімскай быў выдзелены пляц ў Паўночным мікрараёне. Аднак гэты факт вызваў неадназначную рэакцыю ў многіх з так званага “кола дзелавых людзей”, да якога належаў і я, бо працаваў у той час дырэктарам  завода станкапрыладаў: маўляў, чаму самая вышэйшая кропка горада, чаму такі выдатны  кавалак  зямлі, які далёка відаць з трасы Брэст – Масква, дастаўся  католікам?  Чаму не праваслаўным?  У такіх выпадках я гаварыў: якая вам розніца – гэта  ўсё  нашыя  людзі, яны разам працуюць, разам жывуць і чым бліжэй  будуць да Бога, тым больш станоўчымі будуць у сваіх штодзённых паводзінах, не па-гразнуць ў грахах і п’янстве! Да таго ж праваслаўныя на той час не збіраліся будаваць і нічога не прасілі!..

З пробашчам касцёла Маці Божай Фацімскай кс. Ежы Мазурам я быў знаёмы, і калі ў 1996 годзе будаўніцтва падыходзіла да завяршэння, кс. Ежы прыйшоў да мяне на завод з просьбай зрабіць для храма крыжы. Канешне, просьба незвычайная, але для рабочых спецыялістаў, якія на той час працавалі, гэта не было вя-лікай цяжкасцю, было больш – нязручнасцю. А нязручнасць за-ключалася ў тым, што зрабіць гэта патрэбна было без афішыравання (дарэчы, на той момант у нас ужо быў вопыт  выканання сакральных прадметаў. Завод меў сваю ліцейню, добрых ліцейшчыкаў, і яны адлілі званы для праваслаўнай царквы ў в. Падгорная Баранавіцкага раёна).

Ксёндз Ежы назваў памеры крыжоў, прынёс нам чарцяжы, эскізы, і адразу былі зроблены дэталі,  а пасля адзін рабочы давёў працу да канца. Такім чынам завод падарыў касцёлу два крыжы з нержавеючай сталі, і я цешуся гэтым. Зрэшты, мусіць, не толькі я…

 

Калі спаў Мазур?

1996 г. Крыжы для касцёла  Маці Божай  Фацімскай  – падарунак  завода  станкапрыладаў.

1996 г. Крыжы для касцёла Маці Божай Фацімскай – падарунак завода станкапрыладаў.

 

Вітольд Мінкевіч, парафіянін:

Я – інжынер-будаўнік, у 1990 г. скончыў тэхнічны ўніверсітэт у Гомелі па спецыяльнасці  “прамысловае  і грамадзянскае будаўніцтва”. Уладкаваўся на працу ў Баранавічах  у  БМП чыгункі, а праз  чатыры гады начальнік архітэктурна-канструктарскага аддзела  інстытута “Белдзяржпраект” Крыштап  Казлоўскі разам з кс. Ежы Мазурам прапанавалі мне перайсці на новы аб’ект, ды які – сакральны!  Згадзіўся без роздуму.

Архітэктурна-тэхнічная “звязка”, якая павінна была ажыццявіць ідэю пабудовы новага храма, выглядала так: малады манах архітэктар Бэла Лані, канструктар Васіль Сідаркевіч і я, прараб.Як і на кожным будаўнічым аб’екце: архітэктар распрацоўвае план будынка, стварае яго візуалізацыю, канструктар вядзе разлік канструкцый, прараб рэалізуе на практыцы тое, што спраекціравалі архітэктар і канструктар. У такой “звязцы” мы працавалі. Бэла і Вася, абодва таленавітыя, працалюбівыя, аднак часам прытрымліваліся  розных  пунктаў  гледжання на тую ці іншую рэч. Але дастаткова было паявіцца ў тую хвіліну  Ежы  Мазуру,  як  усе праблемы і недарэчнасці раптам вырашаліся – яго слова было законам.

Часам было так: іду да канструктара і  паказваю: «Вася, тут нічога не супадае!». Вася ідзе да Бэлы: “Брат Бэла, як хочаш, але тут  трэба  нешта памяняць!”. Бэла сядзіць усю ноч, а на раніцу прыносіць новы дакладны чарцёж. Гэта – лёгкі варыянт узгадненняў. Былі і цяжэйшыя, калі Вася не мог зразумець, чаго дамагаецца Бэла, а Бэла не мог зразумець, чаму гэтага “не даганяе” Вася… (Бэла  быў  венгр і беларускую мову ведаў слаба). Я цярпліва чакаў “развязкі”, якая звычайна наступала ў цвёрдым слове  Мазура: “Да раніцы каб было  зроблена!”.  І да раніцы было  зроблена.

1996 г., 13  кастрычніка.  Кардынал  Казімір  Свёнтэк падпісвае акт асвячэння касцёла  Маці Божай Фацімскай у Баранавічах.

1996 г., 13 кастрычніка. Кардынал Казімір Свёнтэк падпісвае акт асвячэння касцёла Маці Божай Фацімскай у Баранавічах.

Кс. Ежы быў кіраўніком усяго працэсу, што віраваў вакол парафіі  і  будоўлі, разбудзіў усіх “спячых” людзей. Сам  клапаціўся пра ўсё, пачынаючы ад узгаднення пляцоўкі пад будаўніцтва і заканчваючы клопатам пра цэментны раствор, які не павінен заставацца ў ёмкасці нанач. Колькі гадзін у суткі ён спаў і ўвогуле ці спаў Мазур, ніхто з нас не ведаў, але бачылі яго заўсёды ў “канструктыўным” і роўным настроі. Ніколі ні на кога не павысіў голас, не дапускаў непаважлівых адносін, хто б перад ім ні быў. Гэта быў аўтарытэт  у  поўным  сэнсе слова.

Будоўля ішла хуткімі тэмпамі. Тлумачылася гэта тым, што на пачатку 90-х будаўнічыя матэрыялы  за  мяжой  былі танныя, ішлі ў асноўным адтуль, і ўсе разумелі, што іх   трэба хутчэй закупіць, даставіць у Баранавічы, а тут – маланкава разгрузіць, каб не затрымліваць транспарт, бо і яго не хапала.

Вельмі актыўна дапамагалі парафіяне: прыходзілі  пасля  свае асноўнай працы і заставаліся да позняй ночы, пакуль не разгрузяць. Бывала, сцямнее, паставяць пражэктары, жартуюць і ніхто не скардзіцца – праца ж дабравольная, па закліку сэрца! У 9 вечара звычайна прыязджаў Мазур і прывозіў “падвячорак”. Якую вялікую сілу мелі ў сабе тыя “канапкі” ксяндза  Ежы!  Якога імпэту яны надавалі!

Вяртаюся  ў  думках да тых падзей і дзякую Богу за тую “прарыўную” пасля атэістычных часоў будоўлю, бо сустрэў там людзей цвёрдай  волі,  паслядоўных у сваіх  дзеяннях, у вышэйшай ступені  адказных  перад Богам і акружэннем за ўсе рашэнні, якія патрэбна было прымаць у рэжыме “здесь и сейчас”. Я  адкрыў для сябе святароў, якіх дагэтуль зусім не ведаў, – святароў “ад кухні”, якія  апраналі  рабочыя камбінезоны, абувалі гумовыя боты, бралі  ў  рукі лапаты і накіроўваліся  на будаўнічую пляцоўку… Ва ўсім гэтым быў Ежы Мазур.

…Часта думаю: як Бог можа так  мудра  расставіць усё па часе, звесці разам такія асобы, якія змогуць муры перавярнуць! Маю  на  ўвазе ксяндза Ежы Мазура і ксяндза кардынала Казіміра Свёнтка. Гэта ж два асілкі, які пакінулі такі важкі след на зямлі. І не трэба думаць, што толькі на баранавіцкай…

 

Рэліквія

 

Ядвіга   Аляксеева,  парафіянка:

– Сярод светлых  успамінаў пра пачатак жыцця парафіі Маці Божай Фацімскай і касцёльнай супольнасці, якую стварылі пад кіраўніцтвам  нашага пробашча кс. Ежы  Мазура,  жыве і памяць аб трагічнай падзеі. Яна здарылася  ўначы  з 24 на 25 жніўня 1994 года, калі невядомыя вандалы ссеклі крыж, які быў устаноўлены і  асвечаны на тэрыторыі  будучага  касцёла. Парафіяне  моцна  плакалі. Кс. Ежы арганізаваў 9-дзённае пакутнае набажэнства, падчас якога вернікі прасілі прабачэння ў Госпада і навяртання для тых паганцаў. Праз  некалькі  дзён крыж быў знойдзены  ў  балоце непадалёку. Святой памяці Ірэна Масленцава арганізавала паездку ў лес за  дзеразою,  жанчыны прынеслі кветкі і  вылажылі  крыж  на зямлі… 9 мая 1995 г. на тым месцы па-ставілі і асвяцілі  новы крыж, а той, паранены, пасля залечаны і аплаканы вернікамі, сёння знаходзіцца  ў Санктуарыі Маці Божай Фацімскай, напамінаючы аб сваёй ахвярнасці і вечнасці.

 

 

 

Па старонках архіваў парафіі Маці Божай  Фацімскай у Баранавічах   

падрыхтавала Раіса СУШКО.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий