– Ох, людцы добрыя, а як жа час ляціць хутка! Восем дзясяткаў пражыла – быццам восем старонак з вучнёўскага сшытка перагарнула, – усміхаецца жанчына. – Але на кожнай старонцы была навука: як Божыя запаведзі выконваць, як з людзьмі абыходзіцца, як працаваць. Некалі мая бабуля (памерла ва ўзросце 96 гадоў) вучыла: “Выходзь у поле раненька, не лянуйся, будзь зграбнай. І не каб табе людзі казалі “Дапамажы, Божа!”, а каб ты ўсім гаварыла!”.
Мёд з пасекі ксяндза
Эміна бабуля лічыла, што Божая дапамога моцна патрэбна тым, хто сам няўдалы або марудны. “Але ж сапраўды на добра ў кожнага чалавека ўсё выходзіць толькі тады, калі яму Пан Бог дапамагае!” – гэта ўжо перакананне самой Эміліі, ура-джэнкі былога хутара Вішка, што недалёка ад старажытнага Пагоста-Загародскага. Часам успаміны нахлынуць, ахінуць цёплаю хваляю, і ўстае перад вачамі той хутар, дзе было ўсяго чатыры хаты, а жыхары – паміж сабою ўсе родзічы. Яшчэ дзецьмі збіраліся разам і бегалі да касцёла ў Пагост. Касцёл св. Юзафа быў невялікі, але вельмі прыгожы. Запомніліся балястры, скульптуры анёлаў (зараз яны ўпрыгожваюць касцёл у Лагішыне). А напачатку 40-х гадоў мінулага стагоддзя ператварылі яго ў праваслаўную царкву святых Кірыла і Мятода, і вернікі пачалі збірацца ў доме пробашча ксяндза Гераніма – чалавека, які здзіўляў сваёю шчырасцю і незвычайнымі захапленнямі.
– Ксёндз Геранім Лімбо меў вялікі дом, – успамінае Эмілія Іосіфаўна, – жыў на беразе возера і два пакоі адвёў пад капліцу, дзе цэлебраваў святую Імшу, праводзіў заняткі па рэлігіі для дзяцей. Мы вучыліся там катэхезе, маліліся падчас маёвых і чэрвеньскіх набажэнстваў і наогул вельмі любілі бываць у ксяндза. Ён быў немаладога ўжо ўзросту, але любіў жартаваць, частаваў нас мёдам са свае пасекі (мяне і сёння калі хто пачастуе, то я мёд ксяндза ўспамінаю). Да таго ж ксёндз Геранім быў добрым рыбаком, заўсёды ездзіў на ранішні лоў рыбы. У ягоным садзе, што акружаў дом, жылі вавёрка – наша радасць, і маленькі жураўлік, які ўмеў танцаваць. А яшчэ ксёндз Геранім гадаваў дзяўчынку з беднай сям’і. На жаль, не памятаю, як склаўся яе лёс, а вось лёс нашага любімага ксяндза Гераніма, чалавека вясёлага і добрага, склаўся трагічна.
Пасля Другой сусветнай вайны пачаўся пераслед святароў, і нашага ксяндза Гераніма Лімбо таксама вызывалі на дапросы ў Лагішын. Прыязджаў адтуль амаль нежывы, скардзіўся, маўляў, такіх здзекаў не перажыву. Так і здарылася. Памёр 11 чэрвеня 1947 года, атрымаўшы чарговае паведамленне явіцца ў райцэнтр. З невыказным жалем і болем хавалі парафіяне свайго ўлюбёнага пробашча. Пахаванне адбылося ў Пагосце-Загародскім, імшу цэлебраваў ксёндз Станіслаў Рыжко. А раніцою, па існуючаму звычаю, пайшлі парафіяне на могілкі, каб разбудзіць ксяндза, а там – жах: магіла раскапаная, абутак з ног нябожчыка зняты… Як мы ўсе плакалі ад гэтага глумлення. Людзі казалі на той час, што нейкія зладзеі шукалі золата. Але якое там золата… Золатам быў ён сам. Магіла ксяндза Гераніма знаходзіцца побач з магілаю маіх бацькоў. Калісьці я прыбірала, цяпер мае дзеці і ўнукі прыбіраюць…Вечны супакой дай яму, Пане!
Ружанец з Яснай Гары
Пасля ксяндза Гераніма душпастырскія паслугі пачаў аказваць знакаміты ксёндз Станіслаў Рыжко, пробашч з Лагішына.
– Мой тата браў каня і выязджаў, каб сустрэць пробашча на чыгуначнай станцыі, калі будзе ехаць да нас ў Вішку, – зноў успамінае жанчына. – Часам бацькі запрашалі святара на абед ці чай, і мы ўсе з радасцю слухалі яго роспаведы.
Калі ксяндза Станіслава арыштавалі і забралі ў Сібір, на працягу усіх гадоў зняволення я пісала яму лісты, таму што гаспадыня, у якой ён кватараваўся ў Лагішыне, пісаць па-руску не ўмела, а пісаць па-польску было забаронена. Тады я нават і здагадацца не магла, колькі святых сакрамэнтаў атрымаю ў будучым з рук гэтага вучня Хрыста…
У 1957 годзе ў касцёле святых Пятра і Паўла ў Лагішыне пробашч касцёла, вярнуўшыся са сталінскіх лагераў, вянчаў мяне з маім мужам Станіславам, і падарыў мне ружанец з Яснай Гары. Не магу расказаць, не маю слоў, каб перадаць тыя пачуцці, якія выклікаў у мяне гэты незвычайны падарунак. Здавалася, ружанчык фізічна звязаў мяне з Маці Божаю. З гэтым ружанцам я маліла Бога, каб адарыў мяне першым дзіцяткам; з гэтым ружанцам адпраўляла сваіх дзетак у школу, пазней – сыноў у войска. Гэты ружанец 57 гадоў са мною – і ў бядзе, і ў радасці…
Замуж я прыйшла ў вёску Вулька Лаўская – надта прыгожую вёсачку, але з транспартам тут было цяжка і нязручна. Першых двух сыноў пахрысцілі мы ў касцёле ў Лагішыне, а калі праз некалькі гадоў Бог паслаў нам яшчэ дзве дачушкі-блізнічкі, то муж паехаў прасіць кс. Ста-ніслава, каб сакрамэнт хросту ўдзяліў ім дома; а гэта ж забаронена было. І што думаеце, усё ж прыязджае наш паважаны святар да нас рэйсавым аўтобусам, сутану, начынне ў партфелі трымае… А для хросту падрыхтаваліся не толькі мы – сакрамэнт для сваіх сына і дачушкі імкнулася атрымаць у той дзень і сям’я нашых суседзяў Івіньскіх. І сабралася ў нас поўная хата людзей – бацькі хросныя, чацвёра малых да прыняцця сакрамэнту, дзеці старэйшыя, а таксама родзічы… Усё зрабіў наш ксёндз Станіслаў, на абед яго запрашалі, адмовіўся, бо на яго чакаў рэйсавы аўтобус… Таксама трэба добра падумаць пра чалавека, які вадзецелем быў, – яго ж маглі з працы за такую выхадку звольніць. А не пабаяўся!
– А я ў той дзень амаль што сама не плакала, – расказвае сёння былы дырэктар базавай школы ў Хваросна Крыстына Мефодзьеўна. – Праводжу педсавет, а душа мая рвецца. Мала таго, што сама не прысутнічаю, не бачу і не чую, што робіць, як моліцца святар над маімі дзеткамі, як паводзяць яны сябе пад крыжам (бо яны ўжо не немаўляты), дык яшчэ ж і баюся, што нехта можа далажыць, “дзе патрэбна”, і мне заўтра скажуць: Вашае маральнае аблічча не тое, перакананні не тыя, Вы звольнены… За мужа свайго баюся, і ён, як кажуць, не за плугам ходзіць, і яго з працы могуць звольніць… Але ўсё тое, што рабіў ксёндз Рыжко, было благаслаўлёнае Богам, і ніхто яго не парушыў. Праз некалькі гадоў мы з мужам і шлюб прынялі. Праўда, вянчаў нас ужо другі ксёндз – Міраслаў Жлабінскі.
Сяброўкі
Ксёндз Міраслаў прыняў душпастырскую апеку над каталікамі ў Вульцы Лаўскай пасля адыходу з жыцця ксяндза Рыжко праз некаторы час. Напрыканцы 90-х вёска налічвала каля 60 асабістых гаспадарак, 118 жыхароў. У абсалютнай большасці гэта была праваслаўная вёска, а каталікоў – па пальцах пералічыш. Але была сярод іх вось гэтая жанчына, шчырая парафіянка Эмілія Іосіфаўна Ліснеўская, якая аб’ядноўвала вакол сябе людзей. Яна верыла ў Бога сама, перадала веру сваім дзецям, пасля – унукам, а яшчэ – рыхтавала дзяцей вяскоўцаў-каталікоў да першай камуніі, тлумачыла ім, чаму чалавек павінен жыць з Богам, вучыла з імі малітвы. Ды па чым вучыла! На той час ніякіх дапаможнікаў і падручнікаў не было, і адзінае, што магла паказаць і прачытаць дзецям Эмілія Іосіфаўна, гэта былі малітвы, напісаныя асабіста ксяндзом Станіславам Рыжко ў вучнёўскім сшытку! Гэтыя малітвы жанчына захоўвае і сёння як памяць аб святары, якога напаткаў, але не зламаў страшны лёс… Дзеці любілі слухаць Эмачку (так ласкава называлі яе аднавяскоўцы) – яна ведала шмат казак, вершаў (у тым ліку на польскай мове), песень, добра спявала. Словам, дом Ліснеўскіх стаў месцам збору парафіянаў на набажэнствы маёвыя, чэрвеньскія, на ружанцовыя малітвы ў кастрычніку, на малітвы ў вялікі пост. Больш за 16 гадоў сюды прыязджаў ксёндз Міраслаў, каб памаліцца разам з вернікамі, паспавядаць іх і проста пагутарыць з вяскоўцамі. Але час ідзе, і зараз прыгожая Вулька Лаўская амаль што апусцела: хто адышоў у вечнасць, хто да дзяцей у гарады падаўся. З каталікоў засталіся толькі Эмілія і Крыстына. Але не застаюцца жанчыны і сёння без Божага благаславенства – да іх даязджае ксёндз Тадэуш Шэшко.
– На зіму Эмачка часамі таксама едзе да сваіх дзяцей, – кажа Крыстына Мефодзьеўна, – а я нікуды не еду. Працую зараз у сельмагу і чакаю, каб хутчэй сяброўка мая дамоў прыехала; сумна мне без яе.
У той дзень, калі мы наведалі Эмілію Іосіфаўну ў яе роднай хаце, завітала на хвілінку і Крыстына Мефодзьеўна. Моцна ўзрадаваліся яны сваёй сустрэчы, і гасцінная гаспадыня амаль што сілаю пасадзіла сяброўку за стол: “Ты ж на працы была, змерзла, хоць кубачак кавы вазьмі, хоць кавалачак хлеба з’еш!”. І было ў гэтым настойлівым за-прашэнні нешта такое шчырае, роднае, хрысціянскае… І сяброўскае, напэўна.
Вераніка БЕЛЯК.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD,
і з фотаальбома Эміліі Ліснеўскай.