Ад апошняга Свята Божага Нараджэння бабуля Насця распачала 103-і год жыцця. Заўсёды чакае Вялікадня. “З Вялікаднем, – кажа, – і дзень большы, і вясна на ганак ступае, і жыць весялей. На Вялікдзень самая галоўная ноч года – Пан Езус з мёртвых устаў! А што пра людзей кажуць, то шанс тут такі: як Бог дасць! Мне Гасподзь даў доўгае жыццё. Хоць і клопату мела, і цяжкасцей перажыла, але, дзякаваць Богу…. Многа што ўжо забылася, а многа яшчэ і ў памяці”. І пачала жанчына расказваць…
Сёмая
– З сябе пачну. Нарадзілася я ў 1914 годзе тут, на Дзятлаўшчыне. Сям’я была сялянская, мелі многа працы. Мой дзед, мамін бацька, быў багаты, па-вясковаму яго “крулем” звалі. Меў многа зямлі, і быў добры. Каторы парабак у яго праслужыць тры гады – дзед апісвае яму тры дзесяціны поля. Аднаму хлопцу дзед даў аж сем дзесяцін зямлі. Гэтулькі поля мама пашкадавала – поле на той час лічылася вельмі вялікім багаццем, яго і ў пасаг некалі давалі, – і за тога працавітага парабка, яго Сцяпанам звалі, яна замуж пайшла. Дзеці ў мае мамы не гадаваліся – да мяне памерлі шасцёра, яшчэ маленькія. Пажыве гадок ці паўтара – і памірае, слабенькія былі. А тата з мамаю, канешне ж, хацелі, каб сям’я была, каб гаспадарка вялася, каб было каму пасля перадаць яе… Я ў іх нарадзілася ўжо сёмая і нарадзілася на вігілію, або, як у нас казалі, на куццю. Маме перад гэтым людзі падказалі, каб не радзіла ў сваёй хаце – па-першае, і па-другое, каб нованароджанае дзіцятка адразу перахрысціла. А за куму каб узяла таго, каго першага сустрэне бабка-павітуха, што дзіця прыме. І мама ўсё чыста так зрабіла. Расказвала, што нарадзіла мяне на досвітку, а ў 10 гадзін раніцы мяне ўжо павезлі хрысціць. За куму запрасілі цяжарную жанчыну, якая мела чацвёра дзетак. Яна стала маёю хроснаю, прычакала свайго пятага дзіцяці, ды тое яе дзіцятка, як на бяду, праз пяць гадоў памерла. І што ёй, беднай, кажуць тады вясковыя бабы: “Гэта таму, што ты цяжарная хрысціць паехала!”. Але хіба там адно да другога што мела? Глупства!
З людзьмі жыла, ад людзей вучылася
– Кожнаму з нас Бог дае: і прыгажосць, і радасць, і цярпенне кожнаму сваё, кожнага трымае за руку і перасцерагае ад бедаў. Часам здаецца, што Бог кагосьці надзяліў дабротамі больш шчодра, але гэта, мусіць, адно так здаецца… Зноў жа пра сябе скажу: трох мужоў мела, усіх трох пахавала і ўсіх трох аплакала. І сыночка, што быў ад першага мужа, таксама маладога пахавала. Хіба не рвалася маё сэрца? Але Бог даў жыццё – і жыву. Маю дачку і сына, шасцёра ўнукаў, 11 праўнукаў і 4 пра- праўнукі. За ўсіх дзякую Богу.
Тата мой памёр, як мне было тры гадкі, пакінуўшы маму цяжарнаю. Нарадзіўся брат Сцёпка, і засталіся мы жыць разам з маміным татам, нашым дзедам. Ён быў моцна набожны чалавек, вадзіў мяне да касцёла, навучыў розным малітвам, навучыў, як рыхтавацца да споведзі, як трымацца Божых Запаведзей.
А лёгкага жыцця не было ніколі, затое працы!.. Чаго толькі ні рабіла я ў маладосці – і коней пасвіла, і каровы, і жала, і баранавала, і кросны ткала, і лён церла… Ужо палову з усяго, што некалі рабіла, забылася. Во па-глядзіце – бабуля Насця паказвае перабіранкі на ложку і на канапе, – гэта ўсё мая работа! Маладая была, увіхалася, і людзі да сябе на гаспадарку запрашалі. Служыла ў розных вёсках на Дзятлаўшчыне: і ў паноў, і ў жыдоў – у Дварцы іх тут ведаеце колькі было? Цэлая Маўча-дзкая вуліца! Строгія былі, патрабавальныя, усім трэба было дагаджаць. Адзін раз было са мною такое: пасля абеду сабрала посуд увесь разам – ад малочнай ежы, ад мясной, ад іншай яды – і памыла гэты посуд увесь разам. Пэўна ж, начыста памыла, хораша! Гаспадыня заўважыла, што я не мыла паасобку, прыбегла на кухню, раз’юшылася і весь посуд перабіла! Хутка пасля таго я ад іх уцякла. Але і за гэта Богу дзякую – ходзячы па людзях, усялякай рабоце навучылася!
Папелец
– Замуж пайшла пры паляках за вельмі прыгожага хлопца, Косця зваўся. Спраўны быў, іграў на духавых інструментах, зладзіў у Дварцы духавы аркестр, зарабляў грошы. У Косці былі яшчэ два браты – Казік і Аляксандр, глуханямы, гарбаценькі. Сям’я іхняя была прыезджая – з Пецярбурга, кожнае лета ехалі на адпачынак у нашыя мясціны, казалі – дзеля здароўя гэтага малодшага сына. Сям’я была каталіцкая, бацькі шлюбныя (вянчаліся ў касцёле на Неўскім праспекце), і ўсе тры хлопцы – хрышчаныя. А пасля рэвалюцыі ў Расіі войны пайшлі, улады мяняліся, і здарылася так, што маці з трыма сынамі засталася на Дзятлаўшчыне, а бацька іхні – у Расіі, назаўсёды. Праўда, не былі яны бедныя, маці купіла хату на хутары в. Вялікая Палонка, і ў тую хату я пайшла жыць, узяўшы шлюб з Косцей у маі 1939 года. Шлюб наш благаслаўляў кс. Рыбіцкі. Двое дзетак нарадзіла – сына, таго, што памёр, і дачку, на Ўкраіне жыве. Але шчасце маё з Косцей не было доўгім – у 44-м яго забілі, проста на падворку. Дачушцы маёй Марыйцы было ўсяго сем месячыкаў, акурат Папелец быў – першы дзень Вялікага Посту. Пасля святой Імшы я прыйшла з касцёла дадому і бачу прыехаў з Моўчадзі Косця. Выбегла насустрач, каб каня распрагчы, а тут казакі наляцелі, страляць пачалі, моцна ранілі Косцю. Шэсць дзён ляжаў у бальніцы ў Наваельні, і я шэсць дзён не піла, не ела – памёр. Цяпер як надыходзіць Вялікі Пост – усё тое, быццам перад вачыма…
Дах
– Другі мой муж Казікам зваўся – гэта быў родны Косцін брат. Казік служыў у Польскім Войску, і недзе на пачатку Другой Сусветнай вайны пад Варшавай немцы забралі яго ў палон. У Германіі адбываў, у Італіі – аж да 45 года. А пасля амерыканцы асвабадзілі – і апынуўся Казік у Расіі, каля Магадана. Казаў, цэлае лета везлі іх у цяплушках, а калі прыбылі на месца, то з вагонаў мёртвых выгружалі і штабелямі складвалі. Казік вярнуўся пасля Магадана ў 1950 годзе, а праз год я за яго замуж пайшла. Добры чалавек быў і пражылі мы з ім 24 гады, сына Антона выгадавалі, дом свой пабудавалі побач з домам маёй свякрові. Але зноў напаткала мяне вялікае гора: на тым самым месцы, дзе ў 44-м паранілі Косцю, смяртэльную траўму атрымаў і Казік. Мы збіраліся па-крыць дах, купілі жалеза, па-ставілі тыя лісты каля хлява. І як той гаспадар зачапіўся, што ён там рабіў, – адным словам, весь той стос жалеза і рухнуў на яго. Забралі мужа ў бальніцу, але не далі рады ўратаваць – памёр. Абодва – і Косця, і Казік Талкуны – пахаваныя на каталіцкіх могілках у Дварцы.
Грэшніца
Сцяпан Карповіч, у чыёй хаце жыву сёння, праваслаўны, быў маім трэцім мужам. Харошы быў чалавек, сябравалі яны з Казікам. І ў тым самым годзе, як не стала Казіка, у Сцяпана памерла першая жонка – Марыя. Сталі яму людзі падказваць, і мне: маўляў, сыходзіліся б вы ды жылі разам, усё ж і лягчэй, і весялей. Праз два гады прыйшла я са свайго хутара ў вёску, у Дварэц, і пражылі мы са Сцяпанам дзесяць гадоў. Зараз засталася ўдавою і лічу сябе вялікаю грэшніцаю, бо толькі з першым мужам была павенчана – а з Казікам, пасля са Сцяпанам – толькі ў сельсавеце распісваліся. Усе гэтыя гадочкі прашу Бога, каб прабачыў мне. У гэтай інтэнцыі адгаворваю Ружанец, малюся то па-польску, то па-расійску – Бог чуе мяне на ўсялякай мове. На Ўсе Святыя сын з нявесткаю вязуць мяне на св. Імшу да касцёла, тады едзем на могілкі каталіцкія – да Косці, да Казіка, да ўсіх родных, на праваслаўныя – да Сцяпана, ён там побач з Марыяй пахаваны. Але не, у мінулым годзе ўжо не ездзіла. Да мяне прыходзіць кс. Віктар дадому, разам з ім памолімся, удзеліць мне сакрамэнт споведзі – усё ж такі трэба ўлічваць узрост…
Куцця
– Хоць мой дзед Ян, пра якога ўжо казала, ведаеце колькі пражыў – 107 гадоў! І адышоў да Бога пры поўнай памяці, пры сваім розуме, у сваёй сіле. І паглядзіце цяпер, як гэта ўсё Бог дае. Я нарадзілася на куццю, а мой дзед на куццю памёр. Гэта здарылася ў 1921 годзе. Помню, як сёння: рыхтаваліся ужо тую куццю есці. Дзед прынёс рэшата сена, мама прыбрала стол, усе разам памаліліся, павячэралі і ляглі спаць. Раптам дзед маму кліча: “Алена, Алена, устань запалі свечкі! Я буду паміраць…”. І памёр. На другі дзень Каляд дзеда Яна пахавалі. Бачыце, якая смерць бывае.
Прыгажосць не на твары
А на сучаснае жыццё ў Анастасіі Сцяпанаўны свой погляд:
– Не трэба так многа ў тэле-візар глядзець. Што ў ім паказваюць? Не заўсёды тое добрае, чаму трэба каб дзеці вучыліся! Асабіста я гляжу тыя перадачы, дзе або ксёндз, або бацюшка гаворыць. Яшчэ сённяшніх мужчын надта машыны з’ядаюць. А пра жанчын думаю, што залішне яны пудры на твар кладуць. Некалі жанчыны не мелі гэтага, і хіба нязграбнымі былі? У некалішніх твар быў здаравейшы, і губы здаравейшыя. Яшчэ невядома, чым яны сёння гэтыя свае губы малююць, ці яшчэ, кажуць, навучыліся павекі прылепліваць. Або пазногці панакрашваюць, а за вядро вады баяцца ўзяцца. Не ведаюць сённяшнія людзі, у чым прыгажосць. А прыгажосць ва ўсім свеце ёсць – толькі не тая, што на твары.
Роспавед Анастасіі Карповіч
запісала Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА.SVD
Гродзенская вобласць.