Бог рыхтуе час, каб узяць нас за руку

Напэўна, кожнаму з нас Бог дапамагае кожны дзень, нават калі аб гэтым Яго і не просім. І моцна  шчаслівы той, хто заўважыў  Ягоную Міласэрнасць. Але шчаслівымі лічаць сябе нямногія, значыць, не заўважылі?…

 

 

А ці лічыць сябе шчаслівай Аліна? f-str-17
– Чаму не? – усміхнулася ў адказ. – Дзякуй Богу,  пенсіі дачакалася, а магла і не дажыць зусім…
Падобныя словы чуем часта – ад адных з жарту, ад іншых – з адчування рэальнасцей жыцця, нейкіх канкрэтных жыццёвых абставін і акалічнасцей, у якія трапляем часам ненаўмысна. Пра такую акалічнасць Аліна Лазар ужо расказвала на рэкалекцыях для ўдзельнікаў касцёльных рухаў, якія дзейнічаюць пры парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску. Была яна ў той час студэнткаю Мінскага медыцынскага інстытута, вучылася на трэцім курсе, калі здарыўся выпадак, ад успамінаў пра які яшчэ і сёння калоціцца сэрца.

 

 

Здарэнне

Быў верасень, нядзелька, яна акурат прыехала з дому і накіроўвалася да сваіх родных ў Чыжоўку, дзе кватаравала падчас вучобы. Вечарэла. Мікрараён яшчэ быў не забудаваны, таму дзяўчыне,  выйшаўшы з аўтобуса на канцавым прыпынку, прыходзілася кавалак шляху ісці пехатою. Так рабіла заўсёды, нічога не баялася –  па-юнацку саманадзейная, яна адчувала сябе  самадастатковай: (“Усё – сама! Сама скончыла вучылішча ў Бабруйску, сама паступіла ў сталічны інстытут без розных  там рэпетытараў, сама…”). Пра маньякаў чула, але ніколі не сустракалася з імі, а тут… Не паспела нават падумаць аб  небяспецы, як трапіла ў рукі нахабнага мужчыны. Моцна схапіў за шыю, адкрыта выказваючы свае намеры. Аліна спрабавала за-крычаць, але спазм перахапіў дыханне, у  галаве імгненна пранесліся думкі аб асабістай без-абароннасці, нікчэмнасці і, урэшце, аб тым, што “усе скончана, я – ніхто і нішто (а марыла столькі дабра зрабіць людзям!); я –  пясчынка, якая не мае ніякай вагі; я – маленькае бездапаможнае дзіця, якое глядзіць на Бога знізу  ўверх. Вусны маўчалі, а ў скронях пульсіравалі словы: “Божа, дапамажы!”.

 

  Анёлы з неба

– Бог – Міласэрны, і дапамога прыйшла зусім нечакана,  – працягвае Аліна. –  Пачула ў сябе за спіною: “Не бойся, мы тут!”. Адразу засумнявалася, што гэта магло быць, навокал – нікога, акрамя злачынцы. І раптам з’явіліся двое, у паласатых цяльняшках. Шчыра кажучы, як медык, засумнявалася – што гэта, “крыша паехала”? Адкуль ўзяліся тыя дэсантнікі, не ведаю па сёння, быццам анёлы з неба спусціліся, убачыўшы  маю небяспеку… Ад іх  канкрэтнага “умяшальніцтва” нахабны злачынец кінуўся на ўцёкі,  а мае абаронцы давялі мяне дадому. Родныя, убачыўшы мяне, спалохаліся майго выгляду… Для мяне гэта было наяўнае праяўленне Божай Міласэрнасці. Бог паказаў, што без Яго дапамогі сама я нічога ніколі не змагу…У адзін кароткі момант паказаў, што толькі Ён – даўца нашага жыцця і яго валадар.
 …Пройдзе не адзін год пасля здарэння, як у памяці  Аліны зноў “усплывуць” яе  выратавальнікі,  анёлы з неба, калі яе сын, прызыўнік, якому ваенкамат уручыць павестку, з парога крыкне: “Мама, іду ў ПДВ!”. “Што ж, сынок, ідзі і служы!” (“А ў самой у галаве імгненная думка-страла: даўжок!”).
Сёння Аліна распавядае пра свой жыццёвы шлях з перакананнем, што сваю міласэрнасць Бог праяўляў ад яе нараджэння.  Тады, калі былі знішчаны амаль усё касцёлы, калі людзі баяліся адкрыта вызнаваць веру, не мелі месца для набажэнстваў, яе бабуля Юзэфа брала маленькіх сваіх унучанят за рукі і вяла да драўлянага крыжа на ўскрайку вёскі Міхалаўка, што ў Клічаўскім раёне. Так адбывалася на майскія, чэрвеньскія ўрачыстасці, падчас ружанцовых малітваў у кастрычніку – католікі збіраліся на супольныя малітвы да Маці Божай. Не ўсё з таго было дзецям зразумела, але ўяўленне аб усемагутнасці Бога Айца у жыццё ўвайшло менавіта ў дзяцінстве.

 

Шансы

– Бог дакрануўся да мяне не адзін раз, – падкрэсліла жанчына і зноў пачала расказваць.
У 1985 годзе Аліна скончыла медінстытут, а праз год здарылася Чарнобыльская трагедыя. Малады ўрач  Кіраўскай раённай бальніцы, яна была накіравана, у групе з іншымі спецыя-лістамі, на мяжу  Быхаўскага  раёна для правядзення  падворнага абходу з мэтаю кантролю за здароўем насельніцтва, якое аказалася на забруджанай радыяцыяй тэрыторыі. І хоць не начавалі там спецыялісты, а ўсё ж шматразовыя камандзіроўкі з’явіліся прычынаю захворвання самой Аліны. Захворвання сур’ёзнага… Прафесар, які кансультаваў яе пасля правядзення пэўных даследванняў, нават не падбіраў словы, каб змякчыць “прыгавор”…  А калі прачытаў  здзіўленне ў вачах самой маладой жанчыны, “аргументаваў”: “А вы што, самі не бачыце, якія ў вас паказчыкі? Каментарыі тут не патрэбныя”. Але дзякаваць Богу за той шанс, сёння на календары ўжо 2016-ы….
– Бог – Міласэрны, – Аліна працягвае свой роспавед далей. –  Калі я працавала ў той жа Кіраўскай бальніцы (пачатак 90-х), быў такі выпадак. Як доктар дзяжурыла ў прыёмным пакоі,  і прывозяць  да нас 14-гадовага  хлопчыка са шматлікімі асколачнымі раненнямі  кішэчніка. Аказваецца, двое падлеткаў знайшлі недзе старыя боепрыпасы, кінулі ў вогнішча – і вынік: сябра параненага   загінуў на месцы, а гэты – малы, худы, з асацыяльнай сям’і – аказаўся на аперацыйным стале. Аперацыя была складанай і працяглай. Хірург і анастэзіёлаг, скончыўшы яе, выйшлі без аптымізму ў вачах, а анастэзіёлаг, які калісьці працаваў у Кабуле (Афганістан), сказаў, маўляў, салдаты пасля такіх аперацый паміралі… Прааперыраванага падлетка перавезлі ў рэанімацыю, і прыходзіць да нас яго цёця са слязамі:  “Дзіця ж няхрышчанае! Дазвольце  ахрысціць, святар згодны, патрэбен толькі дазвол дзяжурнага доктара!”. Я пагаварыла з калегамі, усе разумелі, што  гэта – апошні шанс, які дае малому  Бог… І святар прышоў, удзяліў хлопчыку сакрамэнт  хросту. А назаўтра галоўны ўрач вызывае мяне: “Што сабе дазваляеце? Гэта вам не прыватная  клініка!..”. Але з працы мяне не звольнілі, а падлетак паправіўся! Зараз  я з’яўляюся выкладчыкам  у Бабруйскім медыцынскім каледжы і кажу сваім выхаванцам: акрамя ведаў, медыцынскай практыкі, часта патрэбна  яшчэ і дапамога звышнатуральнай сілы, а гэтая сіла – Бог!

 

Бабуліна падказка

 У жыцці Аліны Бог дзейнічаў заўсёды.  Дзейнічаў нават тады, калі яна  жыла без касцёла, без штонядзельнай святой Імшы, без атрымання святых сакрамэнтаў. Такі  перыяд у яе   супаў са студэнцкімі гадамі вучобы, але яна ўспамінае яго зараз, саромеючыся нават самой сябе. Адзінае, чаго ніколі не пакідала  з бабулінай навукі, – гэта малітва.
– Калі праз 20 гадоў я вярнулася ў Бабруйск, – расказвае суразмоўца, – маё жыццё кардынальна змянілася. Канечне, дзякуючы Богу! Аднойчы бачу сон: мая памерлая бабуля Юзэфа просіць у мяне есці. Прачнулася, неяк  нядобра мне стала, думаю, чаго яна чакае ад мяне? І “прачытала”  свой сон так: гэта Бог пасылае мне знак, што я абавязкова павінна быць у касцёле ў дзень святога Юзафа – у дзень бабуліных імянін! Падзя-лілася думкамі са сваёю дарослаю дачушкаю, яна тады акурат  студэнткаю была,  а тая: “І я з табою!”… І мы разам  пайшлі на ўрачыстую святую Імшу! Дзякуй Табе, Божа, за такое ўмяшальніцтва. Пасля  гэтага на працягу трох месяцаў я сур’ёзна рыхтавалася да споведзі, перачытала многа духоўнай літаратуры, зразумела, што Бог бачыць усе нашыя фізічныя і душэўныя пакуты, але і рыхтуе час, каб узяць нас за руку і павесці за сабою…
Душэўнаю пакутаю на той час для Аліны было  разуменне таго, што бацькі яе жывуць без касцёльнага  шлюбу, і яна палічыла  гэта за падказку бабулі: патрэбна, каб яны ўзялі шлюб!
– Я ведала, што ў таты пачаліся праблемы са здароўем, што сам ён хацеў бы пабыць у касцёле… Таксама і мама, і я пачала рыхтаваць іх да прыняцця святога сакрамэнту. Пагаварыла з ксяндзом Юрыем Быкавым,  хацела, каб яны пабылі ў споведзі, каб атрымалі шлюб, няхай сабе і праз 50 гадоў сумеснага жыцця, але як належыць, у прысутнасці сведкаў і родных. І так сталася. Быў люты 2010 года. Бацькі прыехалі аж за 30 км, з Клічаўшчыны, а тут, у Бабруйску, вялізныя гурбы снегу і кветкі, кветкі… Хваляваліся ўсе – і “маладыя”, і запрошаныя госці. Але якія тата з мамаю былі ў той дзень шчаслівыя! Пасля прызналіся, што ехалі і думалі, што абвянчаюць іх ціхенька ў сакрыстыі, а тут поўная ўрачыстасць! Я зноў дзякавала Богу за Ягоную міласэрнасць да мяне і маіх бацькоў. У  верасні таго ж года тата адышоў у вечнасць…

 

Ён чуе заўсёды

Падчас  супольнай малітвы  суполкі "Маці ў малітве" пры парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску; апошняя з правага боку – Аліна Лазар.

Падчас супольнай малітвы суполкі «Маці ў малітве» пры парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску; апошняя з правага боку – Аліна Лазар.

Прагненнем душы Аліны было і тое, каб дзеці яе жылі таксама  з Богам. Яна прасіла аб гэтым у штодзённай малітве, прасіла, каб  захаваў іх ад спакусы і бяды. Калі яе дачка выйшла замуж за хлопца з праваслаўнай  сям’і, Аліна не расчаравалася, не, толькі штодзённа  прасіла Пана Бога і Найсвяцейшую Панну Марыю аб тым, каб маладыя разам узмацняліся ў веры і ў жыцці кіраваліся не свецкімі формуламі аб шчасці, а Божымі Запаведзямі… Можна ўявіць сабе, колькі радасці перажыла, калі  дачка з зяцем аб’явілі, што збіраюцца ўзяць сакрамэнт шлюбу і, калі народзіцца дзіцятка, то ахрысціць яго абавязкова ў касцёле…  І можна ўявіць, якою ўдзячнасцю Богу напоўнілася сэрца маці, калі даведалася, што Бог уратаваў яе сына і пасажыра, калі машына, якою ён кіраваў, тра-піла ў ДТЗ:  аўта – ўшчэнт, а самі жывыя!
– А зараз усе разам молімся, каб Пан Бог пазбавіў палону наш касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, які загароджаны ад белага свету сцяною домабудаўнічага камбіната,– сказала на заканчэнне нашай размовы Аліна, кіраўнік супольнасці “Маці ў малітве”, створанай пры парафіі пяць гадоў таму. – Маем на-дзею, што Бог нас пачуе. Ён чуе заўсёды.

 

 

 Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD
і з фотаальбома А. Лазар.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий