… Зусім не перабольшваю таго, што сама ўбачыла. Ды якая патрэба перабольшваць, калі 80-гадовы мужчына, пражыўшы ў шлюбе 50 гадоў, і сёння глядзіць на сваю жонку закаханымі вачыма. Глядзіць з пяшчотаю, шчырасцю, захапленнем. Ніводнае з гэтых пачуццяў не сыграеш – з імі трэба або нарадзіцца, або іх у сабе выгадаваць, каб пусцілі моцныя карані,– тады будуць трывалымі.
…Дарослыя любяць задаваць дзецям пытанне: “Кім будзеш, калі вырасцеш?”. У сваіх дзяцей пытаюць, у чужых. “Ксендзэм бэндо!”, – цвёрда адказваў малы Зэнэк, хоць аб службе Богу і людзям на той час амаль яшчэ нічога не ведаў. Але ведаў хлопчык іншае: яго тата – Эдвард Голуб – не толькі марыў у свой час стаць ксяндзом, але і паступіў ў Вільно ў духоўную семінарыю, некаторы час вучыўся, а пасля прыехаў ягоны тата (дзядуля Зэнка) і забраў сына: маўляў, вярніся, сынку, дадому, бо хто бацьку дапаможа… Гэтыя акалічнасці ў татавым лёсе аказаліся моцна карыснымі для Зэнка. Тата Эдвард меў за плячыма сем класаў польскай школы і прачытаў “вазы” духоўных кніжак, каб даведацца пра Бога як мага болей і пасля расказваць іншым. Такую мэту перад сабою паставіў Голуб-старэйшы.
– Мой тата жаніўся ва ўзросце сарака гадоў, – з павагай пачынае сёння свой роспавед 80-гадовы Зянон. – Мама была выхавана ў праваслаўнай сям’і, але шлюб яны бралі ў касцёле вёскі Плябань. Выйшлі з храма, а на вазах немцы з аўтаматамі (1942 год, вайна). Маладыя збянтэжыліся: пешшу адпраўляцца ў Сурынты, дзе ўжо астатнія госці чакаюць, ці што… А немцы не спяшаюцца пакінуць гужавы транспарт. Урэшце, пацясніліся, далі вясельнай дружыне сесці… Даехалі да Сурынтаў, і зноў, доўга не чакаючы, – за сталы! Да чаго ж дойдзе далей? Але кемлівы татаў брат наладкаваў вялізную торбу выпіць-закусіць няпрошаным гасцям, і тыя ад’ехалі, скажам так, без інцыдэнту… А страху-то маладыя перажылі…
Мой тата быў чалавекам добрым, адукаваным і рэлігійным, – працягваў свой расказ Зянон.– Летам 44-га фронт тут праходзіў, а ён акурат мёд выкачаў. Наліваў салдатам у кацялкі столькі, колькі яны хацелі. Людзі пасля казалі, што цэлую бочку мёду раздаў. Пасля вайны працаваў адразу настаўнікам пачатковых класаў у школе, пасля калгасным брыгадзірам, гародніну вырошчваў, і вельмі ўдала – многа чытаў спецыяльнай літаратуры. Нам, дзецям (нас было чацвёра ў бацькоў – тры хлопцы і дзяўчынка), менавіта ён даў рэлігійнае выхаванне. Рэгулярна хадзіў да касцёла сам і браў нас, навучыў малітвам, Божым Запаведзям, паводзінам сталага католіка не толькі ў храме, але і па-за ім. Прыказваў: нельга дапусціць двух рэчаў у сваім жыцці – сказаць, што не верыш у Бога, і да шлюбу наблізіцца да жанчыны.
Бацькаву навуку сыны засвоілі. На жаль, ніхто не ажыццявіў яго асабістую юнацкую мару – стаць ксендзам, а міністрантамі ў касцёле Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў в. Краснае былі ўсе трое. Зянон на працягу 17 гадоў служыў сакрыстыянінам у архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску. Але гэта – у значна пазнейшы перыяд.
Атэстаты сталасці
…Дзеці вайны, дзеці пасляваеннага пакалення. У школу пайшлі ўсе, часам у адным класе вучыліся і разнагодкі (па нараджэнню). Яны ўсе былі аднолькава беднымі, аднолькава не мелі ў дастатку ні хлеба, ні вопраткі, ні абутку, ні пісьмовых прыналежнасцяў. Некаторыя хадзілі босымі аж да самых маразоў.
– У першыя гады не было ніякіх вучнёўскіх партфелей, – успамінае Зянон, – і тата зрабіў мне фанерны чамаданчык. Вучні зайздросцілі, бо ў асноўным усе хадзілі з торбамі, пашытымі з суровага льнянога палатна. Бацька пільна сачыў за нашай вучобай, а найболей – за паводзінамі і нашым духоўным стаўленнем, напамінаючы: калі ты адрачэшся ад Бога, у Судны дзень Бог адрачэцца ад цябе.
1962 год. У Красненскай сярэдняй школе Маладзечанскага раёна – выпускныя экзамены, прадчуванне выпускнога з атэстатамі… Выпускнікоў было каля дваццаці і сярод іх – Зянон і Генрых Голуб. Здавалі экзамен па хіміі. У клас зайшоў дырэктар і задае пытанне Зянону: “Ці верыш ты ў Бога?”. “Веру”, – адказаў цвёрда, гледзячы на касцёл, які быў відзён з вакна класнага памяшкання. «Садзіся, двойка». Тое ж пытанне задаў дырэктар і Генрыху. Малодшы прамаўчаў.
На перапынку аднакласніца, якую Зянон часам бачыў у храме, угаворвала: “Пайдзі і скажы, што ў Бога не верыш, а пасля зноў будзеш хадзіць да касцёла колькі захочаш”. “Я так не магу!”, – адказаў юнак.
Дырэктар з класным кіраўніком таксама падыйшлі да Зянона, але зноў з пытаннем: “Як Касцёл ставіцца да суіцыду?”. Пытанне падалося Зянону недарэчным і адказваць на яго хлопец не стаў, а толькі падумаў: як такое можна не ведаць? “Наколькі я знаю, Касцёл асуджае тых, хто на сябе рукі налажыў”, – з гэтымі словамі дырэктар адышоў.
Голуб-старэйшы ніякім чынам у тыя падзеі не ўмешваўся, але бацькава сэрца разрывалі супрацьлеглыя пачуцці. Першае – сумнае: абодва сыны былога пасляваеннага настаўніка атрымалі “двойкі” на экзамене (якім толькі чынам апынулася хімія на шляху да касцёла?). І другое – мацнейшае і радаснае: яго дзеці трымаюцца веры нягледзячы ні на што! Пробашч парафіі ў Красным кс. Юзаф Марсангер з Ордэна езуітаў, сустрэўшы назаўтра міністранта Зянона, з павагай і гонарам за хлопца сказаў: “Ты не здаў экзамен перад людзьмі, але здаў экзамен перад Богам”
Атэстатаў братам не выдалі. Праз некаторы час на службу ў войска быў прызваны Зянон, два гады пазней – Генрых. Служылі па тры гады. І толькі пасля, скончыўшы вячэрнюю школу ў Мінску, атрымалі атэстаты аб сярэдняй адукацыі.
Сярэбраны медаль
1967 год. Зянон Голуб ужо стала працаваў на Мінскім мотавелазаводзе шліфоўшчыкам, а ў Камайскай сярэдняй школе здавала выпускныя экзамены Люцыя Шчучко. Упэўнена, як кажуць, “ішла на медаль”, і атрымала б… Аднак, па парадку. Сачыненні па рускай мове выпускнікоў, якія былі прэтэндэнтамі на залаты ці сярэбраны медаль, адразу правяралі свае, камайскія настаўнікі, пасля іх – камісія райана ў Паставах. Камайскія паставілі 5/4 (першая адзнака – па граматыцы, другая – па стылю ізлажэння), і ёй сказалі, што медаль будзе сярэбраны. Аднак у Паставах да праверкі падыйшлі з усёй “адказнасцю” і выявілі, што выпускніца… не з’яўляецца камсамолкай! “Настоящее ЧП накануне выпускного!”. Дзяўчыну вызвалі ў раённы цэнтр з адным намерам: угаварыць, каб імгненна напісала заяву ў ВЛКСМ. “Я так не магу!”, – адказала веруючая ў Бога выдатніца вучобы. Угаварыць яе не ўдалося – прасцей аказалася з “4” зрабіць “3” (памятаеце, за стыль) і сказаць: “Пра сярэбраны медаль забудзь!”. Праз некалькі дзён у школе адбываўся выпускны баль, уручаліся атэстаты сталасці, толькі не Люцыі – дакумент аб заканчэнні школы, пад подпіс у ведамасці, адзіная ў тым годзе прэтэндэнтка на медаль атрымала на кватэры класнага кіраўніка.
Праз месяц-паўтара дачка міністранта Камайскага касцёла Валяр’яна Шчучко (прыслужваў каля сарака гадоў) бліскуча здала ўступныя экзамены ў Мінскі палітэхнічны інстытут на тэхналагічны факультэт. “Выдатная падрыхтоўка!”, – хвалілі абітурыентку экзаменатары і пыталі: “Якую Вы школу закончылі?..”. “Камайскую…”
Як двойчы два
Са “стылем” Камайскай школы, дакладней кажучы, – не школы, а часу – Люцыя сустрэнецца яшчэ не раз. І ў некаторых момантах ён паўторыцца – як двойчы два…
Тэхнолаг камбікормавай вытворчасці Люцыя Шчучко атрымала размеркаванне на працу на Ашмянскі камбікормавы завод. Першы запіс у “Працоўнай кніжцы” – галоўны інжынер. “Галоўным” сябе не адчувала, фактычна працавала начальнікам камбікормавага цэха, да таго ж моцна пакутавала ад згрызотаў сумлення – жанчыну, якая была начальнікам да яе, – перасунулі на ніжэйшую пасаду, таму што прыбыў малады спецыяліст з дыпломам. І гэта яна, Люцыя, якая была выхавана ў набожнай сям’і, дзе галоўнымі былі правілы: пакора і паслухмянасць, каб нічым не ўгнявіць Бога і не абразіць людзей…
І гэта яшчэ не ўсё. Маладых дыпламаваных спецыялістаў патрэбна было “продвигать”, і Люцыю занеслі ў спіс для ўзгаднення і накіравання ў Мінскую ВПШ. Калі запаўняла анкету, то яшчэ дэтальна не ведала, для чаго. А пасля дакументы адаслалі ў Гродна, і разбушавалася “ЧП Вселенского масштаба!”. Аказалася, што галоўны інжынер не толькі не член КПСС, не кандыдат у члены КПСС, а нават не камсамолка!.. За “недагляд” разнос атрымалі “кадры” розных узроўняў, а Люцыя радавалася, што вера ў Бога захавала яе ад партыйнай “кар’еры”, якая ніколі не вабіла. І ўсё ж ашмянская “эпапея” скончылася для яе сумна: пасля чарговых “разборак” на заводзе, калі дырэктар крычаў “Так работать нельзя! Вы должны приказывать, а не просить!”, Люцыя – праз ноч – страціла зрок на адно вока. Дактары рэспубліканскай бальніцы пры-зналі запаленне цэнтральнага зрокавага нерва, назначылі лекі, але моцна не абнадзейвалі… А з цягам часу самі моцна здзівіліся: зрок вярнуўся!
Люцыя прымала лячэнне і шукала надзею ў Бога: шчыра малілася за сябе, за дактароў, за знаёмага міністранта Зянона, які час ад часу прыходзіў адведаць, за бацькоў і родных і за тое, каб яе будучы муж прыслугоўваў да святой Імшы. Такім было жаданне яе сэрца.
Пра каханне
…Калі пра каханне, то крыху вернемся. Дзяўчына была малодшаю за Зянона на шэсць гадоў. У Мінску касцёлаў не існавала, і набожная студэнтка БПІ ездзіла на св. Імшу ў Вільна, Краснае, Солы. Ездзіла з жаданнем і радасцю. Часам з дзяўчатамі, часам адна. Зянон таксама ездзіў з Мінска на выхадныя ў Солы або Краснае выконваць абавязкі міністранта. На Сурынты з Краснага вяла дарожка, па якой пасля святой Імшы заўсёды вярталіся дамоў Галубы, як па прозвішчу называлі трох братоў-міністрантаў – Зянона, Генрыха і Станіслава. Канечне, усе дзяўчаты заўважалі прыгожых хлопцаў, а хлопцы кідалі вокам у бок сталічных прыгажунь, якія чакалі электрычку на Мінск.
– Памятаю, была вясна, – расказвае Люцыя Валяр’янаўна, – і 19 сакавіка мы з дзяўчатамі прыехалі ў Солы, куды перавялі кс. Юзафа Марсангера (вакол яго актыўна гуртавалася моладзь), каб павіншаваць яго з імянінамі. Прыехалі і Галубы. Сярод братоў Зянон быў моцна заўважны: чорныя, як смоль, валасы, штаны-канцікі, у руках – вельмі прыгожая лілія, ён прывёз яе з Мінска. І сам быў надта прыгожы… Там мы і пазнаё міліся.
…І што пра каханне яшчэ? Паўвеку назад, 24 чэрвеня, ва ўрачыстасць Яна Хрысціцеля, у касцёле Ўсіх Святых у Свянцянах (Літва) Зянон Голуб і Люцыя, перад абліччам Бога, Касцёлам, перад роднымі і блізкімі ўдзялілі адзін другому Сакрамэнт шлюбу, узаемна прысягнулі жыць у любові і вернасці ажно да смерці.
У Голуба і яго галубкі нарадзіліся пяцёра дзяцей – двое сыноў і тры дачкі. Усе – практыкуючыя католікі. У сем’ях падрастаюць 10 унукаў. Мама Зянона пражыла 101 год; мама Люцыі – 103; цёця Люцыі Ванда – 94. А цёця Вераніка – размяняла 99-ы год! Дзеля іх сужэнства даўно прамяняла сталічны камфорт на цяпло і раздолле бацькоўскай вясковай хаты.
– Наша галоўная сувязь з Богам – праз малітву, – падкрэслівае Зянон Эдвардавіч. – У сваім жыцці мы мелі дзве галоўныя задачы: выхаваць дзяцей у веры і дагледзець сваіх родных да смерці. Наколькі Бог даў нам разуменне гэтых задач, то, лічу, мы з імі справіліся. І зараз кожны дзень разам з жонкай молімся і просім Пана Бога, каб дзеці і далей жылі па Закону Божаму. Кожны дзень дзякуем Пану Богу, што не падаюць бомбы на нашы галовы, што маем піць і есці, маем дровы, каб ацяпліць жыллё. Усё гэта – вялікае шчасце!
…У народзе жартавалі: каб кіраваць будучым мужам (жонкай), трэба першым глянуць на яго (яе) у дзень вяселля. Але ніхто не падказваў, як трэба глянуць, каб сямейны парытэт атрымаўся.
У Зянона з Люцыяй атрымаўся.
Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD
і з фотаальбомаў сям’і Голуб.
Віцебская вобласць.