«Круглы стол» часопіса «Дыялог»

Ці лёгкая гэта ноша для чалавека свецкага – несці свету пасланне Божай Міласэрнасці сведчаннем свайго асабістага жыцця, учынкам, словам і малітвай? Што мае на мэце той, у каго гэтая ноша за плячыма, – збіраць духоўныя скарбы для сябе, ці аддаваць другому, узбагачаючыся разам з ім духоўна, даючы яму прыклад міласэрнага ўчынку, як вучыць Езус Хрыстус і як разумела гэта Святая сястра Фаўстына?

 

 

“FAUSTINUM” у Паставах

 

 

На гэтыя пытанні разважаюць менавіта свецкія – удзельнікі супольнасці  Апосталаў  Божай Міласэрнасці “Faustinum”, які дзейнічае  пры  парафіі  св. Антонія Падуанскага  і  Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі  ў  Паставах.  Вядучая “круглага стала”, арганізаванага  рэдакцыяй  нашага часопіса, –  сястра Канстанцыя:

f-str-16

– Распаўсюджванне  руху Божай Міласэрнасці ў свеце – з’ява невыпадковая. У замерах Пана Езуса было, каб існавала нейкая супольнасць, быццам выцягнутае крыло Пана Езуса, нейкая “новая кангрэгацыя”, якая ў справе абвяшчэння Божай Міласэрнасці аб’яднала б разам і святароў, і манахаў і манахінь, і людзей свецкіх. Самым незвычайным чынам Пан Езус пераказаў гэта святой сястры Фаўстыне і, дзякуючы яе чыстаму і пакорнаму сэрцу, яе надзвычайнай здольнасці заглыбляцца ў Бога, сёння маем бясцэнную духоўную спадчыну, якая лягла ў аснову вялікай працы па пашырэнню Божай Міласэрнасці ў свеце.
У 1996 годзе Мітрапаліт кракаўскі кардынал Францішак Махарскі, па просьбе настаяцельніцы Кангрэгацыі Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці, да якой належала Св. сястра Фаўстына, заснаваў супольнасць Апосталаў Божай Міласэрнасці “Faustinum”, маючы на ўвазе, што ўдзельнікі яго рэальна змогуць дайсці туды, куды не дойдуць святары ці асобы кансэкраванага жыцця. Што чакаў Пан Езус ад гэтых Апосталаў і што яны павінны былі паказаць людзям, данесці да іх сэрца? Яны павінны былі паказаць міласэрную любоў Бога да кожнага чалавека, але гэта немагчыма без імкнення да хрысціянскай дасканаласці саміх удзельнікаў супольнасці, глыбейшага пазнавання і аглашэння імі таямніцы Божай Міласэрнасці, без большага даверу Богу, без выпрошвання Божай Міласэрнасці для ўсяго свету. Усё гэта і складала задачы супольнасці. Першая ўмова іх выканання – фармацыя. Тэмы вызначаюцца трыма асноўнымі цыкламі: жыццё і духоўнасць Св. сястры Фаўстыны; свет біблійны з погляду Божай Міласэрнасці; жыццё духоўнае.Каб нешта даць іншаму, чалавек павінен мець і жыць гэтым сам, а каб жыць – павінен ведаць. Так і ў нас: раз на месяц збіраемся, абмяркоўваем вызначаную тэму, разважаем над ёю, абапіраючыся на Святое Пісанне і духоўнасць Святой Фаўстыны,  пазнаём міласэрнасць Бога, вучымся  быць  міласэрнымі ў адносінах да бліжніх, каб людзі, якіх Бог  расстаўляе  на нашым жыццёвым  шляху, адыходзілі ад нас  таксама больш добрымі і міласэрнымі. Езус часта прасіў сястру Фаўстыну: расказвай пра Маю міласэрнасць, кажы, што Мая міласэрнасць не ведае межаў. Супольнасць “Фаўстынум”, або Апосталы Божай  Міласэрнасці, – гэта тыя, хто адазваўся на пакліканне Бога, каб наследаваць Езуса ў Яго міласэрнасці, несці міласэрнасць Божую ў гэты свет і жыць ім кожны дзень, тым самым таксама імкнучыся да святасці, што з’яўляецца пакліканнем і заданнем кожнага хрысціяніна…
Супольнасць “Фаўстынум”, акрамя Паставаў, існуе таксама ў Мінску пры парафіі св. св. Сымона і Алены.

 

 

Пытанне: f-str-17
– Якія сцежкі вядуць у “Фаўстынум”? Ці заўважальныя плады супольнасці ?

 

Ганна Амбразевіч:
– Веру прывіла мне мама, але чамусьці заўсёды падкрэслівала, што Бог карае, і ніколі не казала, што Бог – Міласэрны, што Ён любіць… А ў жыцці было так: як трывога – то да Бога. Так здарылася і ў мяне: у мужа – інсульт, праз 7 дзён – другі, ужо ў бальніцы…І я падумала: нешта ў нашым жыцці не так, мы адышлі ад Бога, павінны навярнуцца, удваіх…f-str-17-2Зараз дзякую Богу, што даў мне розум у тую хвіліну ні на што і ні на кога не наракаць, а прыняць усё з цярпеннем і самой шукаць выйсця. З чаго пачынаць? Біблія ў нашым доме была, але непрачытанаю кнігаю. Не адразу я зразумела яе і калі пачала чытаць спецыяльна…Душа моцна балела, з’явілася жаданне пабыць у споведзі не фармальнай, а сапраўднай. Пачала рыхтавацца, запісала ўсе грахі, якія толькі магла ўспомніць, аб якіх шкадавала, і зразумела, што ёсць такія, якія абараняюць скамянеласць майго сэрца, не даюць яму раскрыцца, я часта раздражнёная. І тут Бог дае мне прачытаць простую фразу: “Раздраженность – это безобразие души”. f-str-18Каб вы зналі, як плакала я над гэтымі словамі. Мне стала сорамна  перад Богам, перад  людзьмі, сваёю  сям’ёю: што  ж я за чалавек?.. Пачала прасіць у Бога ласкі перамянення, хадзіла ў касцёл, звярталася да ксяндзоў, да крыжа, шукала адказы на мноства пытанняў і аднойчы пачула словы: мяняйся сама і праз гэта памяняеш свет, у першую чаргу – сваіх дамашніх. А душа мая прагла нечага больш глыбейшага, я пачала прыглядацца да жанчын, якія бралі ўдзел у касцёльных рухах. На вочы трапіўся часопіс з малітвай Св. сястры Фаўстыны: вось які прыклад міласэрнасці! Вось як патрэбна будаваць адносіны з Богам! Вось як патрэбна Яму давяраць! Сястра Канстанцыя падказала, што галоўнае у духоўнасці Святой Фаўстыны знайду ў яе “Дзённіку”, і са-праўды, сёння я не выпускаю яго з рук, для мяне ён быццам другое Евангелле. Мой муж, які не разумеў нашых спатканняў у “Faustinum” (дарэчы, удзел у ім прапанавала мне Таня Зібарава), сёння і сам чытае Вяночак Міласэрнасці. Моцна шкадую, што так многа гадоў было патрачана на мірское, а не на Божае.OLYMPUS DIGITAL CAMERA

 

Вядучая:
– Наша Аня – чалавек пазітыўны і вельмі актыўны, арганізавала ў парафіі апостальскі рух “Маргарыткі”.

 

.
Марыя Кончыц:
– А мяне ў “Faustinum” паклікала Жана, і я моцна ўдзячная ёй. Сама я з Гродзеншчыны, дзе вялікая колькасць вернікаў, але пра сябе магу сказаць, што хадзіла да касцёла з мамаю разы два на год, не болей. Працавала ваеннаслужачай, і так здарылася, што пасля развала Саюза структура, у якой я служыла, перастала існаваць, а сям’я распалася. Не ўяўляю сёння сабе, як можна жыць без Бога, без касцёла, без нашай супольнасці. Разам з Таней Жамойць рэгулярна наведваю адзінокіх у мясцовым аддзяленні кругласутачнага прабывання для пажылых людзей. Па розных прычынах яны аказаліся там, але так моцна патрабуюць цяпла! Вельмі сумуюць па дому, таму ім усё цікава. Некаторыя з іх ахвотна расказваюць пра сябе, дзе жылі і як жылі, і ў такія хвіліны сапраўды разумееш, як гэта важна, калі хто-небудзь цябе паслухае, а каго-небудзь выслухаеш і ты…
Мы не прыходзім да іх з пустымі рукамі, але не толькі гасцінцы і кветкі ім патрэбны: сумесна памаліцца Вяночак да Божай Міласэрнасці, расказаць, што было ў касцёле, якія падзеі адбываліся, што казаў ксёндз падчас пропаведзі, якія наогул навіны, і нават, што пра іх радню чуваць, у каго яна ёсць…

 

Тамара Смолка:
– Сапраўды, шмат чаго робім і ў перыяд падрыхтоўкі да свят. Вельмі радуюцца пажылыя, калі мы прыходзім да іх у Вялікі Чацвер, каб падзяліцца хлебам, напомніць пра збаўчую ахвяру Езуса Хрыста і малітву ў Вячэрніку.

 

Вядучая:
– Міласэрнасць да бліжняга – гэта бальзам на душу і таму, хто яе атрымоўвае, і таму, хто яе праяўляе. Гэта шмат разоў падкрэслівала наша Лена Міхалевіч, якая працуе ў бальніцы. Яе сэрца моцна кранула тое, што Каронкай да Божай Міласэрнасці можна маліцца і за паміраючых. На працу бярэ з сабою абразікі Езуса Міласэрнага, раздае іх людзям, размаўляе з імі. І колькі сама атрымоўвае радасці, калі чалавек, які пры першай размове нават слухаць не хацеў пра сакрамэнт споведзі, ці сакрамэнт хворых, праз некалькі дзён згаджаецца, просіць сустрэчы са святаром, каб праз сакрамэнт паяднацца з Богам!

 

Алена Філь:

– На працягу 18 гадоў я працавала малодшай медсястрой у бальніцы. Напачатку не задавалася ніякімі пытаннямі, ну хварэюць людзі, што тут незвычайнага? А пасля, калі я прыйшла ў “Фаўстынум”, пачала ўсведамляць, што ў кожным чалавеку – часцінка Бога, і мне стала цяжка перажываць іх цярпенні, глядзець на іх пакінутасць. Аднойчы прыходзіць да нас загадчык аддзялення і кажа, што захварэла наша медсястра Марыя Татарчук: анкалогія, стан цяжкі, аперацыя не паказана. Мы з Рэнатай – бягом ў капліцу, што на тэрыторыі бальніцы, укленчылі, молімся, слёзы градам. Пасля пачалі абзваньваць сваіх знаёмых, родных, суседзей, каб пашырыць кола малітвы Каронкай да Божай Міласэрнасці ў яе інтэнцыі… І хвароба адступіла. Марыя пасля гэтага пражыла больш чым пяць гадоў. Можна ўявіць, колькі міласэрнай любові перадала яна за гэты час сваім дзецям і ўнукам…

 

Вядучая:
–Першая сустрэча ўдзельнікаў супольнасці “Фаўстынум” пры Пастаўскай парафіі, на якую прыйшлі 11 чалавек, адбылася 6 сакавіка 2008 года. Ініцыятыва жыць харызматам Божай Міласэрнасці, наследуючы Езуса Міласэрнага і святую Фаўстыну Кавальскую, належыць парафіянам. Сёння на спатканні збіраюцца 30 чалавек.

 

Валянціна Шацілава:
– Я прыйшла ў дом сясцёр, як толькі яны да нас прыехалі. Душа мая была пустая, адзінокая і моцна параненая. Бога амаль не ведала, сакрамэнтамі не жыла. Сустрэўшыся з сёстрамі, гледзячы, як жывуць яны, які прыклад даюць, я пачынала разумець свае памылкі і пачынала мяняцца сама. Мноства часу правяла ў размовах са сваім братам, які злоўжываў алкаголем, малілася за яго Каронкай да Божай Міласэрнасці. Разумела, што жыццё зламала яго, не жыў ён любоўю, не адчуваў яе, таму я давала яму прыклад прабачэння – прабачала яму ўсе знявагі, абразы, якія наносіў і мне. З цягам часу адышоў ад выпівак, пачаў больш разважаць асабістае жыццё. Аднойчы сказаў мне: “Я не ведаю таго Бога, пра якога гавораць. Я ведаю, ва што верыш ты”. Ён быццам не знайшоў “свайго” Бога, але я прадаўжала маліцца аб Божай Міласэрнасці да яго. Моцна захварэў, знаходзіўся ў рэанімацыі, і я па-прасіла святара, каб не проста ўдзяліў яму сакрамэнт споведзі, але і каб дапамог паспавядацца. Сама ў палату не зайшла, а малілася Каронкай да Божай Міласэрнасці каля адчыненых дзвярэй і бачыла: як толькі ксёндз падыйшоў да яго ложка, мой брат раптам сеў (хоць гэтага рабіць ужо не мог), і столькі падзякі і даверу было ў ягоных вачах! Ксёндз працягнуў да яго руку, той абхваціў яе сваімі, і мне падалося, што працягнутая рука была не рукою ксяндза, а Езуса Міласэрнага. Падумала тады: Езус Міласэрны дае некаторым гады, каб пазналі Бога, а тут было дастаткова кароткага часу…
Зараз я засталася адна. Калі мне цяжка – іду да сясцёр, у “Фаўстынум” і атрымліваю ўсё, чаго недастае мне па-за касцёлам. Прызнаюся: калі сясцёр накіроўваюць у іншыя месцы,  становіцца сумна. А пасля прыгледзелася – Бог робіць гэта для нашай дасканаласці: бо чаго не было ў першай сястры –дапоўніла другая, другую дапоў-ніла трэцяя, трэцюю – чацвёртая. І сёння я параўноўваю іх з мазаікай, якая ўпрыгожвае нашае жыццё.

 

Вядучая:
– Валя дапамагае адпускаць абеды ў сталовай для бедных, якая існуе пры нашай парафіі.

 

Валянціна:
– Так, дапамагаю сёстрам раздаць абеды, падаць патрабуючым хлеб, чай. Прызнаюся таксама, што напачатку да гэтых людзей было негатыўнае пачуццё, раздражняў іх від, бруд, што прынясуць за нагамі. Але нешта ўсё ж варушыла маю душу, і я пайшла да споведзі, разумеючы, што так не павінна быць! Прайшоў час, і я сама зачапіла чалавека, які прыходзіў у сталовую рэгулярна. Аказваецца, быў ваенным, пасля развалу Саюза страціў усё – сям’ю, кватэру… Адным словам, не паспеў за гэтым жыццём… Паабедаўшы, кажа: “Дзякуй вам!”. “Мне? Мне няма за што дзякаваць, – адказваю яму, – бо толькі талерку падаю, а корміць усіх вас Міласэрны Езус, Ён любіць вас”. А мужчына адказвае: “Каб я мог, то і Яму б падзякаваў!”. Бачыце, і чалавек зразумеў, што Бог бачыць і тых, хто апынуўся каля пропасці… Міласэрны Бог не дае чалавеку зваліцца ў гэтую пропасць.

 

Жана Пупкевіч:
– У “Faustinum” я прыйшла, калі ў ім удзельнічалі ўжо шмат вернікаў. Бачу, пасля св. Імшы бягуць жанчыны да сясцёр, цікава, думаю, чаго? А тут акурат Таня Зібарава: “Жана, заходзь, калі хочаш”. А гэта ў нядзельку, амаль на цэлы дзень, муж мой раўнівы… Аднойчы гаворыць: “Завтра заступаю в наряд!”, ён ваенны быў. Ну, думаю, і слава Богу! І я пайшла – раз, другі, трэці… Заканчвалася ўсё плачэўна – я была ў касцёле, а ён ішоў у гараж, п’янстваваў, і я пакінула “Faustinum”. Пуста мне стала. Жанчыны клічуць мяне, я не іду, а дома нічога не мяняецца: чалавек як піў, так і п’е… І тут я цвёрда рашыла: у маім жыцці не хапае веры, патрэбна кардынальна мяняцца! Перастала баяцца рэакцыі мужа, ставіла яго перад фактам: іду на спатканне “Фаўстынум” на цэлы дзень! І нічога, прывык і паспакайнеў. Зараз я гэтымі спатканнямі жыву, іх чакаю, бо ведаю: сястра падрыхтуе цікавую тэму для абмеркавання, пакажа духоўны фільм, у 15 гадзін, калі праб’е на касцёле гадзіннік, пачынаем Каронку да Божай Міласэрнасці. Дарэчы, сястра падкрэслівала многа разоў: у любы дзень, калі не атрымоўваецца ў вас застанавіцца ў гэты час і прачытаць поўную малітву, памаліцеся коратка, сваімі словамі. Я так і раблю: “Езу Наймілейшы, дзякую Табе, што Ты ёсць, што атуляеш і дапамагаеш… Езу Міласэрны, давяраю Табе!”

 

 
Алена Дзесятнік:
– Я заўсёды лічыла сябе веруючай, ганарылася гэтым, і калі дачка мая пайшла ў Кангрэгацыю Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці, час ад часу пачала заходзіць да сясцёр. Ведала, што карысна пачытаць Біблію, паслухаць, што гаворыцца на “Фаўстынум”, але дзе там – я ж занятая, няма часу; ды і жыву ад Паставаў далёка. Адзін раз усё ж рашыла застацца. Святая Імша праходзіла ў капліцы ў сясцёр, пасля пачаліся разважанні ў рамах “Фаўстынум”, і я так заслухалася, што забылася нават пра свой аўтобус. Напомніла пра яго сястра, але было ўжо позна, і я накіравалася пехатою, а гэта 15 км! Дайшла да бальніцы, а там акурат мужчына з нашай вёскі на сваім аўто: ой, як добра, відаць, Пан Езус паклапа-ціўся! З той пары я пачала ўдзельнічаць у супольнасці і зразумела, што гэта мне многа дае. У маёй вёсцы людзі ўсе пажылыя, прапанавала ім маліцца Вяночак да Божай Міласэрнасці – ніхто не адмовіўся! Мы абразавалі не адзін, а два выратавальныя малітоўныя колы, па 9 чалавек у кожным. У мяне стала хапаць часу на ўсё, пехатою не хаджу – відаць, Езус Міласэрны апякуецца мною, “дасылае” транспарт…

 

Вядучая:
– Ва ўсёй нашай парафіі, з прапановы ксяндза пробашча Анжэя Возняка, у Год Божай Міласэрнасці створана каля 40 выратавальных малітоўных колаў, якія штодня чытаюць Навэнну да Божай Міласэрнасці; кожны чалавек моліцца ў пэўнай інтэнцыі цэлы месяц, напрыклад, за святароў, за кансэкраваныя асобы, за церпячых, за дзяцей, за грэшнікаў, за галадаючых, за мір ва ўсім свеце – адным словам, у розных інтэнцыях. Тады ўдзельнікі абменьваюцца інтэнцыямі, і атрымоўваецца, што кожны дзень вялікае малітоўнае кола моліцца за ўсё чалавецтва. І наша Лена ў сваім рэгіёне стала адказнай за духоўную пад-трымку жыхароў невялікіх вёсачак, якія раскіданыя за 2, за 3 кіламетры адна ад другой.

 

Ганна Кабайло:
– У нашай сям’і была заўсёды цяжкая атмасфера: тата піў і жыў сваім жыццём, а мама жыла сыхо-ыдзячымі з гэтага праблемамі. І атрымоўвалася, што таты няма, і мамы няма… Ніхто з дзяцей – нас было трое – не адчуў на сабе бацькоўскай любові. Затое было многа пачуцця нянавісці, ад якога хацелася збегчы, куды вочы глядзяць. Хацелася жыць у атмасферы любові. Я выйшла замуж, пачала часцей хадзіць у касцёл, удзельнічаць у розных касцёльных рухах. Але найміласэрнейшую любоў Бога адкрыла ў “Фаўстынум”. Зараз тата інвалід, мама хварэе, чацвёрты год не ўстае з пасцелі. Мы з сястрой па чарзе ходзім, даглядаем. А бацька… Бацька глядзіць сваё ТБ і нават не паварочвае галавы на прывітанне. Аднойчы наш пробашч прапанаваў правесці такую акцыю пад назвай “Працягні руку прабачэння”. Мелася на ўвазе – любому бліжняму, суседу, родным… З гэтым я пайшла да сваіх бацькоў: адразу – да мамы, яна ласкава ўсміхнулася, потым – да бацькі. Павярнуўся, я гляджу яму ў вочы, пауза… Тады кажу: “Прабачаю цябе, тата, і прашу прабачэння”. Адразу разгубіўся, пасля ўзрадаваўся і працягнуў руку мне: «І я». Назвала яго татам, чаго раней зрабіць не магла. Іншы раз саджуся каля мамы і голасна чытаю Каронку да Божай Міласэрнасці. Тата чуе, і ў мяне такое адчуванне, што яны абое даўно спрагнёныя гэтай малітвы. Нясу Бога сваім бацькам, перакананая, што з Божай Міласэрнасцю лягчэй ступаецца па зямлі.

 

Тамара Смолка:
– Моцна радуюся, што прыйшла ў “Фаўстынум”. Летась пашчасціла наведаць Лагеўнікі, маліцца ў Санктуарыі Божай Міласэрнасці. Прыйшла ў святыню і не магла стрымаць слёз. Мне здавалася, што вядзе мяне за руку, як некалі ў дзяцінстве, цёця Ванда, мая хросная маці, якая жыла ў Вільнюсе і моцна хацела давесці мяне да Бога, да першай споведзі. Казала мне: “Вучы малітву, прыедзеш да мяне – куплю табе белую сукеначку”. Успомнілася, як пасля смерці мамы знайшлі мы малітвачку, перапісаную рукою той жа цёткі Ванды для нашай мамы, – гэта была Каронка да Божай Міласэрнасці. Цяпер перакананая, што Божая Міласэрнасць – адзінае, на што можам разлічваць, і нават, калі не ўсё разумеем, патрэбен давер Езусу і Ягонай Міласэрнасці. Нядаўна адной жанчыне з нашага раёна прапанавала ўдзельнічаць у выратавальным малітоўным коле. Жанчына была не супраць, але аказалася, што нічога з патрэбнага  не ведае. Я паабяцала ёй знайсці тэкст Каронкі да Божай Міласэрнасці і раптам адчула адказнасць за яе – расказаць, паказаць, навучыць, і асабліва тых, хто прагне пазнаць Бога і Божую Міласэрнасць.

 

Пытанне:
– Што змянілася ў Вашай асобе пасля таго, як сталі валанцёрамі супольнасці?

 

Марына Бекіш:
–Я навучылася заўважаць духоўнае хараство у нашых людзей, прыгажосць чалавечага сэрца! Прыйшла ў захапленне ад сябровак з супольнасці – якія яны старанныя і разумныя! Света Бадзюл стварыла, на ўзор выратавальнага малітоўнага кола, сямейнае кола малітвы. Таня  Зібарава,  якая стаіць у вытокаў нашай супольнасці, – сама як анёлак: ласкавая, уважлівая, пагаворыць з табою, падзеліцца – і твае праблемы ўжо не вы-глядаюць  такімі вялікімі…

 

Вольга Гуль:
– Мне моцна імпануе ўсё, чым жыве супольнасць, – учынак, слова, малітва, яно ўзмоцніла маю істоту, я навучылася болей давяраць Богу і праяўляць міласэрнасць да бліжніх.

 

Ганна Амбразевіч:
– Дзякую Богу за ўсё, што тут пазнала: Міласэрнага Бога, Яго Праўду, Яго любоў. Ніколі не прайду міма пажылога, які ледзь пераходзіць вуліцу, каб не ўзяць яго пад руку, ніколі не прайду міма жанчыны з цяжкаю сумкаю, каб не дапамагчы ёй.

 

Алена Фадзеева:
– Пачала праяўляць больш любові да бліжняга, які яўна патрабуе дапамогі. Стала болей адкрытай на чужы боль, навучылася перажываць радасць іншага.

 

Люцыя Малафеева:
– Навучылася прабачаць! Прабачаць так, як гэта рабіла Святая Фаўстына, не звяртаючы ўвагі на знясіленасць, прыніжэнні, кпіны, страх, унутраную барацьбу. Сэнс прабачэння не ў тым, каб прамовіць словы “Прабачаю табе”, але ў тым, каб не насіць каменя ў сэрцы, каб, перш чым ісці да споведзі, сапраўды прабачыць усім.

 

Даната Свіло:
– Зараз у кожным чалавеку бачу Езуса. Навучылася заўважаць у людзях больш пазітыўнае, ніколі не кажу пра іх дрэннага. А калі бачу чый-небудзь нядобры ўчынак – малюся за гэтага чалавека. І кожны мой рабочы дзень пачынаецца і заканчваецца малітвай. Думаю, што мая малітва абараніла майго зяця ад гібелі, калі пад Паставамі ў 2011 годзе разбіўся верталёт… Ён, тэхнік-механік, таксама павінен быў ляцець, але ў апошнюю хвіліну яму і яго напарніку сказалі: няма месца, вы паляціце пазней. Хто паляцеў – загінулі, хто не паляцеў – засталіся жывымі.

 

Валянціна Шацілава:
– На працягу жыцця ў мяне было адчуванне, што ёсць нехта, хто мяне заўсёды абароніць. Цяпер ведаю хто гэта – Езус Міласэрны.

 

Алена Дзесятнік:
– Я зразумела, што Пан Езус любіць мяне, нягледзячы на ўсе мае недахопы і зраненні, якія атрымала яшчэ з дзяцінства. І менавіта ў супольнасці зразумела, што веру можна ўдасканальваць бясконца.

 

Ганна Кабайло:
– Сустрэла Бога Жывога, пачала напаўняцца любоўю Найсвяцейшай Тройцы, для мяне пачаў змяняцца навакольны свет – радуюся сонцу, снегу, дажджу, заўважаю  прыгажосць  адносінаў паміж людзьмі. Іду па вуліцы з паднятай (а не апушчанай) галавой і дзякую Міласэрнаму Богу за ўсё, у тым ліку і за сваё мінулае, без якога, відаць, я не зразумела б сённяшняга, не ўяўляла б будучага.

 

Пытанне ініцыятару руху:

Таццяна Зібарава – ініцыятар  стварэння супольнасці "Фаўстынум" у Паставах

Таццяна Зібарава –
ініцыятар стварэння
супольнасці «Фаўстынум»
у Паставах

– Што падштурхнула Вас выйсці з прапановай аб стварэнні супольнасці свецкіх “фаўстынаў” у Пастаўскай парафіі?

 

Таццяна Зібарава:
– “Дзённік” Святой Фаўстыны папаўся на вочы яшчэ ў 1993 го-дзе, калі наша сям’я жыла ў Латвіі. Мяне моцна ўразіла духоўнасць святой, і я падумала, што, каб наследаваць яе, рабіць добрыя справы і ўчынкі бліжняму, распаўсюджваць Слова Божае, навучыць бліжняга таму, што ведаю сама, неабавязкова  быць сястрой законнай – усё гэта можа рабіць свецкі чалавек,  да  гэтага  заклікаў і Пан Езус. Таму няхай мае словы не гучаць  надта пафасна, але я сапраўды  хацела быць  памочніцай Езуса Міласэрнага ў звычайным жыцці. На шчасце, жаданне майго сэрца сустрэлася з надзвычайнай  шчырасцю і прагненнем сясцёр Кангрэгацыі Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці,  якія  прыехалі ў Паставы. Аказалася,  што нам з імі ў адну дарогу.

 

f-str-21-2

 

 
Раіса  СУШКО.
Фота Карнэлія КОНСЭКА, SVD
 і з архіва Пастаўскай парафіі.

 

 

 


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий