Пра 87-гадовую каталічку з вёскі Муляры Вілейскага раёна ведае, без перабольшвання, уся Беларусь.Папа Францішак прыслаў ёй асабіста пасланне, упершыню скарыстаўшы нашу беларускую мову ды папрасіўшы спадарыню Ядзвігу памаліцца за яго… Апошняе прыцягнула ўвагу і нашага часопіса. Даследаваць карані сапраўднай веры Богу, зазірнуць у душу гэтай жанчыны было мэтай нядаўняй сустрэчы з ёю.
Уразіла пані Ядзвіга чаканнем нашага візіту. Яшчэ з акна сваёй утульнай хаты, з якога ўзіралася на нас, падалася спакойнай, урачыстай і… асаблівай. Пра яе мы шмат чыталі і асноўныя штрыхі біяграфіі ведалі з газет і тэлебачання. Таму і запыталіся перш пра здароўе, здзівіліся яе адказу, бо звычайныя людзі сталага веку на здароўе толькі наракаюць:
– З 1952 года нічога не баліць. Як доктар зрабіў аперацыю на каленным суставе і я стала на абедзве нагі, з тых пор толькі спіну сагнула, а так па дактарах не хадзіла. Бог пакараў мяне ў дзяцінстве і юнацтве (усміхаецца), затое з 25 гадоў узнагародзіў добрым здароўем душы і цела. Ці гэта быў нейкі цуд – не ведаю, але тыя выпрабаванні майго цярпення фізічным болем і поўная пакора волі Божай, магчыма, спрыялі сканчэнню пакут. Я не плакала, калі мыліцай сцірала да крыві руку пад пахай, ішоўшы пехатою 18 кіламетраў дарогі да касцёла ў Вішняве. І гэта было заўсёды ў святы. Для тых, хто не меў магчымасці быць у касцёле, прыносіла аплаткі, асвечаныя велікодныя стравы і ваду, хлеб святой Агаты. Нага балела, але колькі духоўных сіл прыбаўлялася ад кожнага наведвання касцёла! Пры Польшчы аперацыя каштавала шмат грошай, а я расла ў шматдзетнай сям’і, трэба было бацькам усіх апрануць і накарміць ды даць адукацыю. Бацька быў кравец і ўтрымаць сям’ю ў сякім-такім дастатку здолеў, але на аперацыю сродкаў не было.
…Усё пачынаецца з дзяцінства, з бацькавай і матчынай навукі. Пра выхаванне дзяцей у іх вялікай і дружнай сям’і, па-са-праўднаму шчаслівай, працягвала свой аповед – цікавы, з вывадамі і разважаннямі – спадарыня Ядзвіга:
– Звычайны дзень у хаце пачынаўся ранішняй малітвай маці, якая ўставала першай, а затым малітвай бацькі. Перад снеданнем гучала супольная сямейная малітва, у якой чуліся і галасы дзевяцерых дзяцей. Адно толькі станавіліся на ножкі, а ўжо ўмелі зрабіць на сабе знак крыжа, а пасля і згаварыць разам з усімі “Ойча наш”. Гэта было кожны дзень і заўсёды.
Памятаю, як мы перажывалі пакуты Хрыста перад Вялікаднем. Бацька скідваў матрацы з ложкаў і 2 ночы мы спалі на голых дошках. Наша маці рыхтавала нас ды іншых дзяцей два гады да першай камуніі (кс. Юзаф Кісель, пробашч з Вішнева, пасля вайны даў такое ёй даручэнне), а затым ужо я, дарослая, займалася з чужымі дзецьмі, працягвала вывучаць з імі Божую навуку. Ад бацькі перадалася навука шыць адзенне людзям, і гэта стала маім пастаянным заняткам і заробкам. Асабліва падабалася шыць дзяўчынкам і нявестам белыя святочныя сукенкі ў касцёл і на вяселле…
На нейкі момант спадарыня Ядзвіга спыняе свой ўспамін, чакае пытанняў. Столькі журналістаў задавала іх апошнім часам, што яна, усміхаючыся, пажартавала: “Я стала беларускай зоркай”. Мне чамусьці падумалася, што гэта сапраўды так.
У спадарыні Ядзвігі асаблівае прызванне: яна змагла за пражытыя гады сабраць людзей у супольнасць у сваёй вёсцы і акрузе, дзякуючы чаму стала магчымым правядзенне імшаў перад вялікімі святамі, душпастырская візітацыя (каляда), апека над састарэлымі, хворымі па вёсках і ў доме-інтэрнаце ў в. Іжа. Якая ня-простая справа – дапамагчы правесці ў апошні шлях нябожчыка! А спадарыня Ядзвіга гэта робіць, пачынаючы з 23 гадоў свайго свядомага жыцця, і пры тым у яе няма розніцы, каталік ён ці праваслаўны. Нікому, хто яе просіць аб малітве за памерлага, не адмаўляе да сённяшняга часу. Можна толькі ўявіць запатрабаванасць у яе духоўнай справе такога незвычайнага накірунку ў Мулярах ды навакольных вёсках. Ёй давяраюць людзі, бо яе малітвы ад сэрца, напэўна, Бог чуе. І, як сказала аб сабе, яна не баіцца жыць адна ў хаце: з ёю Бог, а калі Бог з намі, то хто супраць нас?
Жыццё верніцы не такое ўжо і лёгкае, іншы на яе месцы адно толькі і шукаў бы спачування ды дапамогі ад бліжняга ці дзяржавы. А яна, як чалавек Божы, які жыве з любоўю да Бога і людзей, з’яўляецца прыкладам, вартым для пераймання людзям пажылым і маладым. Так склалася, што быць замужам Бог даў ёй толькі пад старасць, у 58 гадоў, і 9 гадоў яна пажыла за добрым, веруючым мужам. І гэта таксама можна лічыць Божай узнагародай за яе цярплівасць, мужнасць, пакору і служэнне дабру, праўдзе. Сваіх дзяцей няма, ёсць толькі пляменнік, якому 78 гадоў, які жыве ў Мінску ды яшчэ працуе выкладчыкам ва ўніверсітэце. І ў яго няма ўжо нікога на свеце раднейшага, чым цётка Ядзвіга. Сваёй цётачцы пляменнік шмат абавязаны, бо яна больш за год апекавалася ягонай маці, сваёй нямоглай старэйшай сястрой, узяўшы яе да сябе ў хату. Пляменнік жа, у сваю чаргу, паабяцаў дагледзець і цётку Ядзвігу. Канешне, як і ўсіх людзей сталага веку, апошняе вельмі цешыць, і гэта чыталася ў яе вачах, поўных светлай надзеі.
Спадарыня Ядзвіга выклікала наша захапленне яшчэ і сваёю адукаванасцю. Шчыра кажучы, не шмат знойдзецца людзей, якія змаглі б напісаць выступленне на ўрачыстасці, не прыбягаючы сёння да Інтэрнэту, ды вельмі ўжо інтэлігентна і высокадухоўна, так, што захоплівае слых і дых. А яна можа, скончыўшы свае ўніверсітэты – 6 класаў польскай школы! Там яна навучылася польскай мове, якую лічыць роднай, добра размаўляе па-польску. Шмат гадоў атрымлівала газету “Глас з-над Немна” (на польскай мове), а таксама слухае “Радыё Ватыкана” па-польску. Штодзень раніцай яна ўжо ведае ўсе навіны каталіцкай супольнасці свету, усё, што скажа Папа Францішак з далёкага Рыму.
Нас вельмі цікавіла: як сталася, што Папа Францішак напісаў пісьмо ёй, беларускай жанчыне? Аказваецца, папярэднічала па-дзеі прамова перад высокімі гасцямі і парафіянамі з нагоды 100-гадовага юбілею касцёла Ўзвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы, аб чым папрасіў яе ксёндз Аляксандр Барыла. Спадарыня Ядз-віга сумнявалася ў сваіх здольнасцях прыгожага пісьменства, хоць не раз і не два на жыцці паспяхова выступала з прамовамі ў святынях, якія краналі душу. Але напісала на чатыры старонкі! Прамовіла паспяхова, а паколькі ва ўрачыстасці прымалі ўдзел высокія духоўныя госці і сярод іх Папскі Нунцый Клаўдыё Гуджэроцці, то тэкст праз Яго Эксцэленцыю быў перададзены Папу Францішку з нагоды выказанай у ім просьбы, каб Святы Айцец паблагаславіў усіх вернікаў Вілейшчыны. 22 снежня 2013 года Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці падчас візіту ў парафію Ўзвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы ўручыў беларускай верніцы папскі дакумент. “Спадарыні Ядзвізе Пастэрнак з удзячнасцю за ўсё тое, што Вы зрабілі і робіце для Касцёла. Прашу Вас маліцца за мяне. Няхай Пан Бог Вас благаславіць, а Багародзіца Вас аберагае.Францішак”, – напісаў Святы Айцец.
Спадарыня Ядзвіга з задавальненнем паказала нам дарагі для яе сэрца дакумент – пісьмо ад Папы Рымскага Францішка, які заканчваўся зусім нечаканай для простых людзей, да якіх адносіць яна сябе (як і ўсе мы), просьбай аб малітве. Заступніцкая малітва патрэбна ўсім без выключэння, ніхто аспрэчваць гэта не стане. Таму яе аповед аб месцы што-дзённай малітвы ў жыцці самой жанчыны падаўся нам асабліва слушным:
– Малітвы да Маці Божай Ружанцовай памятаю з дзяцінства. Мая маці вяла маёвыя набажэнствы, якія доўжыліся ўвесь месяц, каля каплічкі, пабудаванай у 1934 годзе ў суседняй вёсцы Дубава. Там збіралася шмат вернікаў, туды рэгулярна прыязджалі ксяндзы з Вішнева: кс. Пётр Война-Уранскі на матацыкле, а кс. Хомскі на кані. Капліца праіснавала да 1963 года, пасля была разабрана і перавезена ў Іжу, з яе зрабілі бальнічную кухню. Крыж са святыні знялі, і ён застаўся ляжаць на пагорку, як непатрэбная рэч. Я не магла на мыліцы дайсці да яго і прынесці – папрасіла сястру, і яна прынесла крыж на маю сядзібу на захаванне да лепшага часу. Пакуль не было помніка на магіле нашага бацькі, ён стаяў там. А пасля я перанесла яго зноў дадому. Калі ў Куранцы ў 2011 годзе з’явілася капліца, я перадала гэты крыж для капліцы.
У 1992 годзе быў устаноўлены крыж у вёсцы Муляры, які 19 мая таго года асвяціў кс. прэлат Эдмунд Даўгіловіч. З таго часу дата 19 мая адзначаецца як свята вёскі Муляры. Першую каляду па навакольных вёсках правёў у 1998 годзе сённяшні біскуп Юрый Касабуцкі.
Адчуваю радасць, што магу нешта добрае зрабіць для Касцёла, людзей, і малюся. Што-дзень адгаворваю 2-3 часткі таямніц Ружанца перад адыходам да сну з інтэнцыямі аб Божай міласэрнасці за бліжніх, за тых, хто просіць аб малітве, абавязкова за ўсіх святароў. Кожны раз дзякую Богу за тое, што з радасцю так доўга жыву на свеце ў добрым здароўі, сярод добрых людзей, што чым магу дапамагаю ксяндзам, суседзям і ўсім, хто да мяне звяртаецца з просьбай. Сабе прашу лёгкай смерці, каб не прынесці нікому клопату, але суадношу гэтае жаданне з воляй Божай. Не пачынаю ніякай справы, не папрасіўшы дапамогі ў Бога. Цешуся, што паважаюць святары, бяруць мяне на ўрачыстасці. У гэтым годзе пабывала ў Мінску на свяце пасвячэння ў біскупы Юрыя Касабуцкага. Прыемна ўсведамляць, што патрэбна людзям, і хочацца яшчэ паслужыць ім з ласкі Божай.
Спадарыня Ядзвіга сказала аптымістычна “хочацца яшчэ паслужыць людзям”, і мы шчыра парадаваліся за яе прыманне жыцця такім, якім яно ёсць, за актыўную пазіцыю ў ім, за імкненне адчуваць радасць кожны дзень, нягледзячы на абставіны. Згадзіцеся: не кожны, як яна, выконвае сваю зямную місію.
…Кажуць, што пад старасць душа чалавека перамяшчаецца на твар. Бог такім чынам дае распазнаць унутраную сутнасць чалавека. Спадарыня Ядзвіга тут на вышыні сваёй прыгажосці. Так падумаюць, бясспрэчна, усе, хто даведаўся аб ёй. Усё яе жыццё – прыгожае: за адданасць Богу без астатку, за цярплівае нясенне свайго крыжа без нараканняў на лёс і страху за будучае. Вера і Надзея дапамагаюць ёй любіць Бога і людзей, служыць ім і адчуваць ад гэтага вялікае шчасце.
Люцыя ІВІНСКАЯ.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD
і з фотаальбома Ядзвігі Пастэрнак.