– Ужо ведаю, што напісалі вы ў сваім часопісе пра маю таварышку з Дварца, – прыветліва ўсміхнуўся гаспадар, як толькі пераступілі мы парог яго хаты. – Па-беларуску я сам добра чытаць не ўмею, але мне мае дочкі ўсё чытаюць… З тою жанчынаю мы з аднаго года – з 1914. Ёй ад Свята Божага Нараджэння пайшоў 103 год, а мне перад Вялікаднем, 10 красавіка, 103 гады скончылася. Бачыце, другі век жыву…
– А як свой першы пражылі, Ян Юльянавіч?
На свае вушы
– Моцна хваліцца не буду, але скажу так: мяне ніколі не пакідаў Бог, бо, каб Пан Бог не дапамагаў, то хіба я дажыў бы да гэтай пары? Сам я заўсёды імкнуўся быць з Богам і за ўсё сваё жыццё ніколі не прапусціў святую Імшу на Вялікдзень! Не памаліўшыся, і спаць не лёг, і з дому ніколі не вышаў. Бывала, нават у гасцях якіх ці на вяселлі… Таксама адыдуся дзе ў бок і адгавару, каб ніхто не бачыў, “Aniele Bo¿y, stró¿u mój…”. А колькі ўсяго ўсякага за 100 гадоў адбылося – самі падумайце: войны, улады мяняліся, законы зменьваліся… Але ж дзякаваць Богу! Некалі, яшчэ як малым быў, любіў паслухаць, што старэйшыя людзі гавораць. Думаю, яны ж разумныя, трэба іх слухаць, бо, як сам стары стану, то і я буду расказваць… І пачуў ад іх такую гісторыю. У Рубяжэвічах аднаму мужчыне прысніўся сон: у гэтым месцы будзе святыня! І пачаў гэты мужчына дабівацца, каб паўстаў касцёл у мястэчку, і пайшоў ён да цара ў Маскву. Ды дзе там – трапіў у астрог! Адбыў – і зноў з прашэннем да цара. Зноў адказ. Так два ці тры разы хадзіў, але храм-такі вырас у Рубяжэвічах! Гэта я ад старэйшых на свае вушы чуў. Імя таго мужчыны на камені каля касцёла напісана.
А пра сваю сям’ю што скажу – было нас чатырох братоў, дзве сястры і мама; жылі на хутары недалёка ад вёскі Русакі, і як не стала таты, то ўся праца лягла на старэйшых – Мікалая, Адама, Ўладыслава. Надзел зямлі мелі каля 20 гектараў – лес, сенакос, зернавых многа. Трымалі пяць кароў, двое коней, авечкі, поўны двор ўсялякага птаства. Адным словам, гаспадарка была вялікая, і патрэбна было моцна ўвіхацца. Я нара-дзіўся чацвёрты, з хлопцаў самы меншы, ну і якая мая праца – пасвіць каровы!
Сям’я наша была працавітая, мелі ўсё сваё: і скварку, і малако, і масла было, што на цэлы год хапала. Прызвычаіліся класці яго ў гліняныя збаны і закопваць у скрыню са збожжам, там яно доўга захоўвалася.
Тата памёр – я вучыўся ў трэцім класе польскай пачатковай школы ў Русаках. Настаў-ніца заклікае: “Спявайце, дзеці, спявайце!”, а мяне слёзы душаць. Нехта з дзяцей сказаў: “У яго тата памёр”, і настаўніца мне моцна паспачувала. Гэта памятаю, быццам учора было. На катэхізм хадзілі ў Хатава. Уладальнік маёнтку, які знахо-дзіўся ў гэтай вёсцы, аддаў абору, і парафіяне самі ператварылі яе ў каплічку: саматканым палатном абабілі столь, сцены, сабралі дошкі і зрабілі падлогу, у каплічку рэгулярна прыяз-джаў кс. Згрыза, там адбыва-ліся хросты, шлюбы, пахаванні. А ў 1933 –34 гадах у Хатава пабудавалі новы касцёл з цэглы – во была радасць!
Кравец
Пастухом быў да сямнаццаці гадоў. Пасвіў сваіх пяць і пяць – чужых, гэта былі мае заробкі. За кожную карову давалі пяць пудоў зерня. Гэта значыць, 25 пудоў за сезон! Прадай – будзеш мець грошы! Акрамя таго, яшчэ ж і карзінкі плёў, пасучы каровы, таксама нейкі грош меў! А ўсё дзеля чаго? Надта хацеў стаць краўцом. А які кравец без швейнай нажной машыны?
Купілі SINGER (яна і да сёння яшчэ спраўная), каштавала акурат суму, што дзве добрыя каровы, бо як слабыя каровы, то трэба было тры на адну машыну прадаць…
Вучоба кравецкай справе таксама каштавала. На працягу года я вучыўся ў Рубяжэвічах, у вельмі добрага майстра – пана Дактаровіча і за вучобу заплаціў 40 злотых (кошт каровы на рынку), але гэта было з маіх асабістых грошай.
А кравец на той час быў на вес золата, бо як добра навучышся, то сумееш пашыць усё – гарнітуры, паліто, буркі (такі абутак зімовы), фрэнчы і галіфэ для мужчын, кажухі. Да гэтай работы я быў удалы. Многа складаных рэчаў шыў, але найцяжэйшыя былі кажухі, пакуль яго зробіш – рукі адымаюцца. А шылі іх не на машыне – рукамі, ніткі былі з лёну, пралі самі на калаўротак. А навошчыш яшчэ іх вашчынаю – становяцца моцныя, як дрот, і кажухам зносу не было. Вельмі часта было так: сабярэ гаспадыня швіва многа – для сябе, для дзяцей – і забіраюць мяне з машынаю, перавозяць на кані; ”вандрую”, бывала, ўсю зіму з адной сям’і ў другую. Паважалі, плацілі, дзякавалі.
Броня
Жонку сваю – Броню Бурачэўскую, ведаў з маленства, вяскоўцы нават жартавалі, што ты сабе жонку сам выгадаваў. Іх сям’я – Бронін брат Мар’ян, сястра Лёня і маці – жылі на тых самых хутарах, што і мы, воддаль ад нас, але сенакосы нашыя былі побач. Бронін бацька таксама памёр рана. Улетку Броня з маці і сваімі дзвюма цёткамі прыходзілі да нас, каб я правёў іх сцежкаю каля рэчкі, дзе можна было нажаць травы сярпамі. Нажнуць, бывала, і выносяць, часам каля нашага хлява адпачываюць, а трава ж сырая вельмі цяжкая. Шкада мне тую Броньку, маладая яшчэ зусім, і я бяру ў яе вязанку, нясу аж да самага іх хутара, пад гумно, а гэта, можа, яшчэ з кіламетр. Яе маці дзякуе мне за гэта, а цётка будзе казаць: “Няхай падносіць, няхай! Можа, жонкаю яму будзе!”.
Праз пэўную колькасць гадоў так і сталася. Надыходзіла Свята Божага Нараджэння, як мы з Броняй паабяцалі захоўваць вернасць адно другому, а 10 студзеня 1950 года ўзялі шлюб; благаслаўляў нас у Рубяжэвіцкім касцёле кс. Тарасевіч.
Спраўная была мая Браніслава – усю хатнюю работу прыгожа рабіла, і ткала, і прала, і вышываць, вязаць умела – усё! Маладзейшая за мяне была на 12 гадоў. Казалі ёй людзі: “Што ты за такога старога (мне было 36) выходзіш? Памрэ і ўдавою застанешся!”. А ўдаўцом застаўся я, і ўжо 16 гадоў без свае Браніславы… Вельмі сумна ад гэтага. Няхай бы, здаецца, пацешылася яшчэ дочкамі нашымі, унукамі, праўнукамі… Але – на ўсё Воля Божая.
Перасцярога

Чаго моцна прагнуў у сваім жыцці – каб дзеці пазналі Бога. Яшчэ малых вучыў малітвам, браў з сабою да касцёла, ездзіў роварам і ў Хатава, і ў Дзераўную, і ў Рубяжэвічы. Старэйшую, Ірыну, паса-джу на багажнік, Эму – на раму і еду. А ў касцёле то адну падыму на руках, каб угледзела алтар і ксендза, то другую … Самая малодшая мая дачушка Аня нарадзілася ўжо ў Налібаках, куды пераехалі на жыхарства ў 1956 годзе. Пераехалі, таму што тут быў саўгас, і заробак выдавалі грашыма, а не “натураю”. Тут я працаваў найбольш у майстэрні – рабілі вазы, сані, колы, асаджвалі лапаты, граблі, вілы.
Заўсёды перасцерагаў дзяцей: “Глядзіце, не пакідайце Бога! Бог стварыў нас, мы ўсе – яго дзеці і павінны быць паслухмянымі!”.
Пачалі мае дочкі замуж выходзіць, жаніхі сватаюцца. Я за-прашаю за стол і адразу пытаю: “Шлюб браць будзеце? Добра. І дамаўляйцеся адразу – у касцёле, ці ў царкве. Мне ўсероўна, Бог – адзін, але каб пасля не было, што адзін з вас пойдзе ў касцёл, а другі – у царкву”. Сёння цешуся – і дочкі мае, і зяці мае, і ўнукі мае, і праўнукі (іх 17, самаму старэйшаму – 22 гады!) – усе ідуць да касцёла.
Да Маці Божай Фацімскай
10 сакавіка б. г. у касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Налібаках прыбывала фігура Маці Божай Фацімскай у рамах перэгрынацыі яе па Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Аб гэтым ведалі і парафіяне, і праваслаўныя хрысціяне, і ўсе імкнуліся трапіць на незвычайнае спатканне. Ян Юльянавіч таксама песціў такую думку, але пачаў сумнявацца ў стане свайго здароўя. Бо калі было яму яшчэ 98, сеў на ровар і без клопату з’ездзіў на фэст у Рубяжэ-вічы на Ўрачыстасць св. Антонія – 36 км у адзін бок! Але ж гэта пяць гадоў назад! А зараз… Зараз таксама імкнуўся быць у храме, сярод сваіх парафіянаў, а як яно будзе… І ўсё ж рызыкнуў! Падсабіла малодшая дачка. Як прыемна ўражаны былі парафіяне, калі ўбачылі ў касцёле найстарэйшага парафіяніна Яна Чарняца! Падышоў з падзякаю да Маці Божай Фацімскай, пасля паспавядаўся, атрымаў сакрамэнт намашчэння хворых, прыняў удзел у святой Імшы, прыняў св. Камунію… Каб дзядзька Ян мог бачыць і чуць усё, для яго прынеслі крэсла і паставілі пасярэдзіне касцёла, насупраць Божага алтара. Ся-дзеў, узрушаны, быццам на троне. Пасля слоў цэлебранта “Перадайце сабе і бліжняму знак супакою” да Яна Юльянавіча па чарзе пачалі падыходзіць моладзь, якая была ў той дзень у касцёле на моладзевым чуванні, старэйшыя жанчыны, і ён цалаваў ім рукі… Пасля выказаў свае пажаданні нашчадкам: “Жывіце з Богам! Без Бога ўся праца вашая дарэмная – колькі будзеце падымацца, столькі і падаць будзеце. Шануйце Маці Божую, маліцеся, каб Найсвяцейшая спрыяла супакою ў свеце і каб наша краіна была свабоднай і шчаслівай!”.
Што напісана – тое збываецца
…Наша з бр. Карнэліем кароткая “пілігрымка” у Налібакі падыходзіла да завяршэння. Мы развітваліся з Янам Юльянавічам Чарняцом, яго прыветлівымі дочкамі Ірынай і Аняй, пакідалі яго ўтульную, чысцюткую хату з пачуццём шчырай ўдзячнасці Богу за лёс гэтага чалавека – лёс нашага бліжняга: 103-гадовы дзядуля на сваіх нагах, дагледжаны, абласканы сваімі, перш за ўсё, дочкамі, а таксама і іх мужамі і ўнукамі; у яго добрая памяць, светлы розум, цікавасць да сучаснага жыцця і актуальны погляд на рэчы. Дзядзька Ян тым часам звяртаўся да нас: “Я вам так скажу: да дабра не дойдзе, калі чалавек не павернецца да Пана Бога тварам, бо ўсё, што напісана ў Святым Пісанні, – збываецца. Паглядзіце, як грэх апутаў чалавека: адзін на другога воўкам глядзіць, нянавісць, забойствы, карупцыя, зямля забруджваецца, лес вынішчаецца, а мір трымаецца на валаску. Памятайце: у нашым жыцці – усё ад Бога, Яму аднаму служы!” – сказаў, развітваючыся.
Роспавед Яна Чарняца запісала Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD
і з альбома сям’і Я. Чарняца.
Мінская вобласць.