Першая кніжка лідчаніна Максіма Бацкалевіча пад назвай “Чётки” на рускай мове выйшла ў Екацерынбургу. Максімавы апавяданні, дасланыя праз інтэрнэт, прачытаў, адрэгаваў Аляксандр Логінаў, аўтар серыі кніг “Бібліятэка бізнэс-лекара”. З яго дапамогай (бясплатна для сям’)і выйшла з друку Максімава кніжка з апавяданнямі-споведзямі пра сябе і сваю сям’ю. У прадмове да кнігі А. Логінаў напісаў: “Максім Бацкалевіч абсалютна ўнікальная з’ява ў нашай літаратуры, незвычайная па характару сваіх твораў, па місіі, якую ён на сябе прыняў…”. Расіянін працягнуў руку дапамогі ў напісанні кнігі, даў вялікі штуршок для развіцця творчасці юнака і, як лічыць сам Максім, дзякуючы гэтаму цудоўнаму чалавеку, мы можам прачытаць яго першую кнігу. Зараз, пасля публікацыі на Tut.by ды ў мясцовых СМІ, Беларусь даведалася пра свайго Ніка Вуціча, як пачалі называць Максіма.
Як сталася, што Максім выжыў, жыве і сваёю прысутнасцю на гэтым свеце радуе родных, знаёмых і незнаёмых людзей, спаўняючы сваю галоўную місію, прызначаную Богам. Хто яго бацькі, іншыя родныя?
Алена Чаславаўна, маці Максіма.
З ёю я пазнаёмілася асабіста год назад на канферэнцыі жанчын міжнароднага руху “Маці ў малітве”, што праходзіла ў Ляхавічах.
Выпадкова стала сведкай яе размовы з мужам па тэлефоне. Алена пыталася ў яго пра Максіма, была вельмі ўзбуджаная і радасная, што ўсе тры дні, якія правяла на канферэнцыі, з сынам усё добра. Для яе гэта быў цуд, бо пакінула яго з высокай тэмпературай на рукі мужа. Валерый родам з ляхавіцкага краю, і яму было прыемна даць жонцы маленькі адпачынак на яго малой радзіме. З Аленай сябруем, наколькі дазваляюць адлегласць і час.
Пры касцёле Святой Сям’і ў г. Ліда яна ўзначальвае малітоўную групу “Маці ў малітве”. І гэта не выпадкова. Служэнне малітвай за сваіх і чужых, жывых і памерлых дзяцей, за святароў, уладу, народ і краіну вымагае часу і нямала душэўных сіл. Але яна і гэтае служэнне прыняла з энту-зіязмам, як і прафесію “мама”, што стала пасля нараджэння першынца Максіма дамінуючай і асноўнай. Скончыўшы інстытут у Маскве, толькі год
працавала на прад-прыемстве ў Баранавічах, а пасля стала і педагогам, і выхавальніцай для сына. Максіма, які не гаворыць, не ходзіць, з дыягназам “запаволенае псіхічнае развіццё”, выстаўленым урачэбнай камісіяй, у 5 гадоў навучыла чытаць, рашаць задачы… Хлопчык вучыўся дома. На працягу дзесяці гадоў (ён з 0 класа перайшоў адразу ў 2-гі) прыходзілі настаўнікі, каб навучаць. Закончыў сярэднюю школу з залатым медалём. Да таго ж стараннем Алены ў яго з малых гадоў развілася прага да творчасці (пісаў вершы, казкі), пазней авалодаў камп’ютарам. І адкрыўся для Максіма вялікі свет новай інфармацыі. Мама Алена сама летуценніца, такія ж усе яе дзеці. Трое сыноў даў Бог. Мацвей і Ромка такія ж мяккія і дзелавітыя, як мама з татам. Дапамагаюць брату размаўляць, калі той націскае на патрэбную літару на кубіках локцем…
Алена расказвае пра свой роспачны стан, калі ў сям’і яшчэ спа-дзяваліся, што Максім паправіцца і калі не маглі пагадзіцца з тым, што сын больш не стане такім, як усе здаровыя дзеці. Аддавалі ўсе грошы не толькі на лячэнне і рэа-білітацыю, але, як пасля зразумелі, і шарлатанам, што абяцалі паставіць хлопца на ногі…
Аднак апошні момант для Алены і Валерыя стаў пераломным, пасля яго прыйшло ратаванне – вера ў Провід Божы, у Яго бясконцую Міласэрнасць. Поўная пакора Божай волі дапамагла супакоіцца. Як напісаў пазней Максім: “Мама прынесла ў ахвяру сваю працу, сваю кар’еру – усё, каб даць мне шанс на нармальнае жыццё. Яна заўсёды падтрымлівае ўсе мае ідэі і пачынанні. Я схіляю галаву перад маёй цудоўнай мамай Аленай Чаславаўнай!“.
Валерый Мікалаевіч, бацька.
Яму ў “Ружанцы” Максіма пры-свечана шмат месца. “Хутчэй бы прыйшоў тата з работы. Мы б паспелі запусціць папяровага змея…” З татам цікава. Ён усё ведае, умее, усё можа патлумачыць. Можа пакарміць, напаіць, даць лекі, што зрабіць нявопытнаму мужчыне вельмі складана, а ў са-праўды любячага бацькі выходзіць спраўна. Валерый Мікалаевіч нагадвае святога Юзафа – такая асацыяцыя ўзнікла ў мяне ў момант кармлення Максіма за сталом, калі мы разам сілкаваліся супам, прыгатаваным галавой сям’і, дарэчы, вельмі смачным.Іншыя стравы гатавала гаспадыня, і таксама смачныя. Нават на кухні муж і жонка разам. А пазнаёміліся Валерый і Алена крыху больш за 25 гадоў таму. Яму было 28, а ёй – 25, калі яны былі шаферам і шаферкай у сяброў на вяселлі. Анёлы звялі, не інакш, па Провіду Божаму. Вянчаліся ў вёсцы Мінойты, дзе жывуць бацькі жонкі. Муж з праваслаўнай, дарэчы, сям’і, які да вяселля ніколі не быў у царкве, пайшоў за жонкай, стаў католікам, каб разам быць і ў храме. І вось нядаўна ў касцёле Святой Сям’і, што побач з іх домам, адбылося аднаўленне шлюбу, сярэбранае вяселле. Прысутнічалі дзеці, бацькі Алены, родныя, сябры. І гэта шчаслівая падзея ў іх жыцці.
Дзядуля і бабуля Максіма Часлаў Станіслававіч і Ганна Віктараўна Гебені (па мамінай лініі) так і жывуць у Мінойтах, бацькі таты даўно памерлі. Першыя пяць гадоў у Мінойтах пражыла і маладая сям’я Бацкалевічаў. Любімы дзядуля насіў Максіма на руках, выконваў усе пажаданні першынца- ўнука! Нездарма кніжка пачынаецца апавяданнем “Дзядуля”.
Максімава бабуля – добрая швачка. Абшывала не толькі сваю сям’ю, але і ксяндза, касцёл, што ніколі не зачыняўся пры саветах. У пэўны час улады намерваліся забраць будынак, але вернікі адстаялі святыню. Моцную веру ў Божую Міласэрнасць, у Божую справяд-лівасць прывіла дачцы яна, простая вясковая жанчына з 2 класамі адукацыі. Алена не баялася ў школе пераследу ад дырэктара за рэгулярны ўдзел у набажэнствах у мясцовым касцёле. Вера ў Божую справядлівасць (!) сутыкнулася з Божай праверкай… Маці Алены да гэтай пары шукае адказу: хто вінаваты ў інваліднасці ўнука? Яе мацярынскае сэрца, поўнае любові, ахвярнасці, дагэтуль пакутуе і адначасова ўсцешана, што ўнучак Максім таленавіты, не па гадах мудры, спадзяецца, што Мацвей і Ромка ніколі не пакінуць брата…
Максім Бацкалевіч…
Калі ўвайшла да яго ў пакой і ўбачыла фізічныя пакуты хлопца, мая душа знямела ад болю…Адразу моцна расхваляваўся, пасля супакоіўся, і мы, з дапамогай Мацвея, які чытаў літары на кубіках, пагаварылі. Маўчанне, аднак, мае свае плюсы. Нікога немагчыма пакрыўдзіць словам. Тое, што мы называем уседлівасцю, дапамагае думаць, размаўляць з Богам, шукаць адказы на пытанні ў Бібліі, “пасядзець” у інтэрнэце і нікога не пакрыўдзіць учынкам і занядбаннем сваіх абавязкаў. Нарэшце, дапамагае марыць.
Максім марыць з дзяцінства. У пяць гадоў ён вельмі хацеў катацца на веласіпедзе. І мара здзейснілася.Заслуга тут у духоўнай і матэрыяльнай дапамозе спачылага айца пауліна Януша Вітоўскага. Паехалі яны ўсёй сям’ёй з ім у Польшчу да майстра, і той зрабіў Максіму веласіпед. Катаўся хлопец на ім, пакуль не вырас. Хіба гэта не цуд! Цяпер у яго новы веласіпед – па росту! Так свет Божы ўладкаваны, што дапамога Неба ідзе ў патрэбны час у патрэбным месцы праз патрэбных людзей!
– Чаму ты назваў свой зборнік “Ружанец”? – спытала я.
– Кожная падзея, кожны наш дзень – гэта пацерка вялікага ружанца. Усё жыццё пачынаецца з крыжа і заканчваецца крыжам.
– Што для цябе значыць малітва на ружанцы?
– Гэта шлях да Бога.
– Аб чым ты просіш у Госпада Бога?
– Я малюся за маіх родных і блізкіх, а таксама перапрашаю за свае грахі, прашу, каб Ён быў заўсёды побач са мною. Тое, што я раблю, – не мая заслуга, а Яго. Мне не вельмі падабаецца, калі мяне хваляць… Хваляць – значыць штосьці не так.
– Ці баішся смерці?
– Смерць бывае рознай, не толькі фізічнай. Чалавек можа быць жывым, а ўнутры – труп. Гэта страшна…
Адказы Максіма для мяне былі нечаканымі.
Сапраўды гэта страшна – быць хадзячым мерцвяком, з рукамі, нагамі, прыгожым абліччам, добрым фізічным здароўем, але адчуваць сябе нікому не патрэбным, як бывае з людзьмі эгаістычнымі, з празмернымі амбіцыямі і патрабаваннямі да Бога і людзей.
Ведаю людзей, што адмовіліся ад хворых немаўлятак… Ведаю, як маладая мама пасля трох месяцаў, праведзеных у бальніцы Мінска, вырашыла, што для іх з мужам лепей, калі яны не будуць мець перашкоды жыць “нармальным” жыццём. Яшчэ бачыла недагледжанага юнака-аутыста на вячэрняй святой Імшы ў адным з касцёлаў. Кожны дзень яго корміць ксёндз, бо юнак галодны. Ад яшчэ аднаго такога хворага адмовілася маці-адзіночка – змалку яго даглядае бабуля. Валерый Бацкалевіч не перастае задаваць пытанне: “Як сябе адчуваюць тыя, хто кінуў сваё дзіця здаровае, а тым больш інваліда? Як спяць, якія сны бачаць? Як навучыліся не думаць пра сваё дзіця?”. Бацькі Мак-сіма не згадзіліся з “добразычліўцамі”, якія раілі аддаць хлопчыка ў прыют. Многія за гэта палічылі іх неразумнымі. Многія шапталіся за іх спінамі, маўляў, гэта пакаранне ад Бога за нейкія грахі… Многія з іх, дарэчы, – тыя, хто лічыць сябе вернікам, рэгулярна ходзіць у храм, посціцца напаказ, захоўвае рэлігійныя абрады і моліцца…
Як шмат сучасных фарысеяў сустракаецца ў святынях! На жаль, так было, так ёсць… Гэтую думку мне локцем па кубіках з літарамі з дапамогай брата выказаў Максім. Ён сустракаўся з чэрствасцю сваіх равеснікаў на вуліцы, калі на яго паказвалі пальцам, смяяліся ці падыходзілі з недарэчнымі пытаннямі. З дзяцінства, як пісаў ў апавяданні “Дзядуля”, у яго выпрацаваўся імунітэт супраць нападак жорсткага свету, які прымае толькі сабе роўных…
З такой высновай і я згодна. У нас у шматкватэрніках няма нават пад’ёмніка хоць бы ў адным з пад’ездаў. Кватэра Бацкалевічаў на другім паверсе, і калі Максіму трэба на вуліцу, а мужа няма дома, Алена просіць знаёмых мужчын дапамагчы занесці Максіма ў каляску, а пасля– назад. Добра, што не перавяліся міласэрныя людзі.
І апошняе. Мы ўсе слабыя людзі, усе грэшныя, хоць не ўсе лічаць сябе такімі. У час выпрабаванняў мы таксама задаём пытанні: за што, чаму менавіта мне? Хто не такі, той лжэц. Адно ведаю і па сабе: трэба адганяць такія думкі прэч, бо яны не ад Духа Святога. Трэба ўзяць свой крыж і ісці за Хрыстом. Апошняя фраза – Максімава.
Я многа раздумвала пра місію Максіма, і наогул – пра місію. У кожнага яна – свая, асаблівая. Максіму трэба цярпець ад урачэбнай памылкі пры нараджэнні і пісаць творы, каб мяняць псіхалогію нашага грамадства адносна жыцця інвалідаў.
Місія галавы сям’і – зарабляць грошы сумленнай працай, быць добрым сем’янінам, прыкладам для пераймання сынамі. Для мамы Алены – місія служэння дабру не толькі ў сваёй сям’і, але і ў сваім бліжэйшым атачэнні.
А для мяне? А для кожнага, хто чытае артыкул? Чаго хоча ад кожнага з нас Бог?
Тамара ШАСТАКОВІЧ.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD
Гродзенская вобл.