«Марыя, будзь нам Маці!»

– Зараз маю 95 гадоў і 11 месяцаў, – у  сястры Сімяоны Кангрэгацыі Дачок Беззаганнай Марыі добрая памяць. – Хацела б да 100 гадоў дажыць, але ж гэта як Бог дасць, – ўсміхнулася шчыра.
Сапраўды, патрэбна моцна заслужыць у Бога, каб ў такім паважаным веку мець добрую памяць, слых, зрок і са сваімі суразмоўцамі падтрымліваць акрэсленую тэму.

Не пасаг – пакліканне!f-str-13
80 з пражытых амаль 96  Апалонія Сінкевіч сваім сэрцам, думкамі і справамі належыць, як  гаворыць сама, да Закону, які мае дэвіз: “Марыя, будзь нам Маці!”.  Нарадзілася яна на мяжы Літвы і Беларусі, у  в. Стукі былога Свенцянскага павета Віленскай губерніі. Тата  быў з беларуска-польскай  сям’і,  мама – з літоўскай, добра выхаваная (у іх доме нават фартэп’яна было), але размаўляць па-літоўску чамусьці  не дазваляў ні дзецям, ні нават маме, і заўсёды падкрэсліваў: “Мы – палякі!”.
– Хітрыя  былі мужчыны: бралі замуж літвінак, а размаўляць па-літоўску не дазвалялі, а толькі па-польску і па-беларуску, – усміхаецца сястра Сімяона. – А мы, дзеці, як молімся, бывала, з мамаю, то адразу пачынаем  “Ойча  наш” па-польску, а скончым  маліцца – то ўжо па-літоўску, а “Анёл  Панскі” – то  адразу па-літоўску. Нават і самі не заўважалі, як  гэта адбывалася, калі з мовы на мову пераходзілі. Сям’я наша не была багатай, але моцна набожнай. Мама  вадзіла нас да касцёла  ў  Мелегяны, за 7 км  ад свае вёскі або ў Гадуцішкі: часам тата  канём  падвозіў,  часам пехатою  ішлі, але  ўдзел ў набажэнствах быў  самым  прыгожым і самым пажаданым для нас святам. Галавою ў сям’і быў тата, ён гэта любіў пакрэсліць, кажучы па-польску: “Где кобета  жондзі,  там  дом  блондзі“. І як выйдзем з касцёла –  мама заўсёды пытае ў таты: “Колькі  ты ксяндзу даў?”. Яна вельмі  баялася, каб  тата не  даў мала.
…У  Варнайтэ  і  Ануфрыя  Сінкевіч дзяўчынка  Апалонія  была  восьмым дзіцем. Не, не выбіралі бацькі жыццёвага шляху сваім дзецям – вучылі працаваць на гаспадарцы, старэйшыя дзеці павінны былі даглядаць малодшых і праяўляць паслухмянасць  да людзей дарослых.
– Мама была строгая, вучыла сціпласці  і  каб дзяўчаты болей маліліся, а не маляваліся, – успамінае  сястра  Сімяона. – Нядрэнна нас прыбірала, я нават шапачку сваю мела; я была заўсёды вясёлая. На свае вушы пачула, як пра мяне аднойчы  дарослыя  мужчыны  сказалі: “Гэтая  без  пары выйдзе замуж!”. Але Пан Езус таксама гэта пачуў і мяне  забраў.

Сястра Сімяона (з правага боку) разам з  сёстрамі  Кангрэгацыі Дачок  Беззаганнай  Марыі, якія працавалі ў Свіры і Шэметава

Сястра Сімяона (з правага боку) разам з сёстрамі Кангрэгацыі
Дачок Беззаганнай Марыі, якія працавалі ў Свіры і Шэметава

А  было так. Кс. Адам Вайцэхоўскі хадзіў па Калядзе, а пасля сабраў усіх у школе і звярнуўся да вернікаў з прамоваю. Гаварыў пра сілу  Жывога  Ружанца, пра адарацыю  святога  Крыжа  на  ўшанаванне збаўчай смерці Хрыста на Крыжы, пра  тое, што Езус чакае нашай падтрымкі. Пры  гэтым падкрэсліваў, што той, каго пакліча Езус, не павінен крычаць аб гэтым на ўвесь свет, бо  гэта ёсць таямніца, пра якую  ведае  Бог  і пакліканы чалавек. Пры гэтых словах  мяне  апанавала  такая  міласць, такое  пачуццё, што я пачала плакаць… У гэты момант  падумала,  што  я павінна пайсці  да Закону. З  ксяндзом  саромелася  аб  гэтым  пагаварыць і паляцела  да сястры адной калежанкі запытацца, дзе ёсць Закон, куды  мне  ісці?  Яна  была  старэйшая і расказала, што ў Вільні ёсць, у Лідзе  ёсць, але ты, кажа мне, заўтра на танцы ўжо не хадзі. Табе трэба  ісці да споведзі, расказаць усё  ксяндзу. Пайшла  я да ксяндза, а ён кажа: прыдзі спецыяльна падчас  Вялікага  Тыдня. Пайшла падчас  Вялікага  Тыдня, а  ксёндз пытае: колькі  мне  гадоў, ці вялікая ў нас сям’я, колькі  зямлі, і ці маю я пасаг… О, як так, думаю, то ніхто мяне і не пусціць – і пасагу тата не дасць, ды й сама, як іх пакіну? Але думка  пра  Закон  з  сэрца  майго  ўжо не выходзіла. Адным словам, праз паўгода   змяніўся  ксёндз, прыйшоў да  нас іншы і сказаў мне такія словы: “Не пасаг, дзіця, патрэбен, а пакліканне!”. Мяне  апанавала   такая вялікая  радасць! Гэта было ў 1933 годзе.

У Вільні
Праз  два  гады тата Апалоніі прыйшоў  пехатою на Віленскую Кальварыю, каб наведаць сваю  дачушку, якая  згадзілася  на  пакліканне  Езуса. Сустрэў  і  здзівіўся: “Апалонія, ты чаму  ў сукенцы? То хіба  тут на танцы  ходзіш?”.
– А  хабіту  ў нас не было, – тлумачыць  сястра Сімяона. – Мы на ўсё  жыццё  засталіся  бесхабітовыя, і наша  настаяцельніца,  Маці  растлумачыла  тату, што  хабіт  не  самае галоўнае – галоўнае, каму належыць сэрца  дзяўчыны. А  маё  сэрца належала  Пану  Езусу і Закону. Наша  настаяцельніца  спачатку паставіла  мяне на кухню і сказала шэфовай (шэфова з Ліды была), каб не  дапамагала  мне, а  толькі  назірала,  ці ўмею што рабіць. Праўду кажучы, гатаваць  я  была  прызвычаена яшчэ з дзяцінства, гадоў з дзесяці. А на кухні, вядома, усялякай работы хапае, але я ўмела нават торты спячы. Мне даручалі рабіць закуп  бульбы  на зіму, я павінна была  навазіць фурманкаю 100 пудоў бульбы. Але і гэта не было для мяне цяжкім – добра лічыла і добра выводзіла  рахункі. Усе нашы сёстры нялёгка працавалі – у пральні, у дзіцячым  прытулку, у школе. Пазней пачала  вучыць  дзяцей  катэхезе і я. Некаторым здавалася, як гэта невучоная сястра можа дзяцей вучыць? А на самой справе, яшчэ да майго  паклікання, тата  наняў настаўніцу, і  ў нас дома яна праводзіла  заняткі (не толькі са мною, але і з іншымі дзецьмі), вучыла розным абавязковым  навукам. А  калі  я была ўжо ў Законе, то вучылася на кароткачасовых курсах, каб лепей магла выкладаць катэхезу.
Дом  Кангрэгацыі Дачок Беззаганнай  Марыі  на  вул. Замкавай, 7 у  Вільні  быў  галоўным  месцам, дзе  зіхацела  жыццё  сясцёр-непакалянак у час міжваенны і дзе не згасла нават падчас Другой сусветнай вайны. Кравецкая  арцель, якая  існавала яшчэ з царскіх часоў, была добрымі кулісамі, за якімі можна было  ўкрыцца  для таго, каб служыць Богу і людзям канспіратыўна. Сёстры спяшаліся  з  дапамогаю духавенству, якое пераследвалася, збіралі і даносілі перадачы ксян-дзам, якія  ўтрымліваліся ў турме ў  Лукішках, дасылалі харчовыя пачкі ў  астрогі. З рызыкаю  для  асабістага жыцця сёстры захавалі ад смерці многіх  ксяндзоў, у  тым ліку кс. праф. Антонія Паўлоўскага і кс. Ка-зіміра  Баневіча, кс. Станіслава Мажэйка, кс. Чэслава Барвіцкага.

У Свіры

Дом сясцёр Кангрэгацыі  Дачок  Беззаганнай  Марыі ,у якім жылі  напачатку працы ў Свіры

Дом сясцёр Кангрэгацыі Дачок Беззаганнай Марыі ,у якім жылі напачатку працы ў Свіры

Пасля 1945 года частка пляцовак Кангрэгацыі  апынулася на тэрыторыі сучаснай Літвы і Беларусі. Перад сёстрамі  паўстала  пытанне: выехаць у Польшчу  ці застацца? Сёстрам  быў  дадзены асабісты вольны выбар. Выехаць – азначала пакінуць  родную старонку, вынік працы  ўсяго  жыцця; застацца – азначала  застацца  пад уладай камунізму, пад атэістычным тэрорам. Настаяцельніца  с. Юзэфа Мілеўская сабрала  сясцёр і сказала: памаліцеся, паразважайце і кожная зра-біце свой асабісты выбар.
У палове чэрвеня 1946 года кс. Казімір  Баневіч цэлебраваў Эўхарыстыю. “Тая  астатняя  святая Імша, – успамінае  сястра  Сімяона, –  моцна  ўзрушыла  сэрцы тых, хто ад’язджаў, і тых, хто тут  заставаўся”. Добраахвотнікі, якія  заставаліся на Віленшчыне і на Беларусі, злажылі сведчанне  аб тым, што рашэнне застацца – гэта іх  дабравольная ахвяра, якую  яны  складаюць у інтэнцыі  вольнасці  Каталіцкага Касцёла  ў  Савецкім  Саюзе і навяртанні Расіі. Сярод іх была і Апалонія Сінкевіч, якая бесперарыўна вучыла дзяцей катэхезе, рыхтавала іх да споведзі і першай камуніі.
Праца сясцёр ва ўмовах пасляваеннага  часу  таксама не была лёгкай.  Яны працавалі швачкамі, прыбіральшчыцамі, санітаркамі, пралі бялізну, абы толькі не звяртаць на сябе ўвагу – выпрацавалі такі стыль паводзінаў, каб не быць на віду.

Сястра Сімяона:"У гэтай шафцы разам з цукарнічкаю  быў схаваны Найсвяцейшы Сакрамэнт"

Сястра Сімяона:»У гэтай шафцы разам з цукарнічкаю быў схаваны Найсвяцейшы Сакрамэнт»

– Я ніколі не згаджалася на прапанову паабедаць у каго-небудзь з парафіянаў, хоць  запрашалі  часта, не ішла і ў сталоўку. Сядзеш дзе-небудзь каля  каменя, бутэльку малака  з хлебам з’ясі і добра, – успамінае сястра Сімяона. – Ніколі не адгуквалася  на прапанову сфата-графавацца з дзецьмі, каб здымак выпадкова не трапіў у рукі КДБ.  А дзяцей вучыла многа – з 10 вёсак.  Напачатку  падрыхтавала да Першай камуніі  дзяцей  свайго брата, а пасля – пайшло і пайшло… Жанчыны адна другой перакажуць – і ў мяне ўсё  новыя  вучні.  Штогод  да Першай камуніі па 100 дзяцей рыхтавала, ды не толькі дзяцей. Групы ў асноўным былі па 4 – 5 чалавек, а часам і большыя – да 20. “Вучні” збіраліся  ў дамоўленым месцы, і хто-небудзь стаяў і пільнаваў, каб ніхто “выпадковы не падсунуўся”. Заўсёды лічылася з тым, што магу быць  арыштаванай і сасланай у лагеры, але, дзякаваць Богу Найвышшаму, больш чым за сорак гадоў  працы  нічога падобнага не здарылася.
У 1960 годзе памёр кс. Казімір Шылейко, дэкан Свірскі, а ў 1962 годзе  мясцовыя  ўлады  ператварылі Свірскі  касцёл  у  фабрыку  амуніцыі, начынне  святыні  было  разграблена. Каб  не  дапусціць  прафанацыі  Найсвяцейшага Сакрамэнту, кс. Адам Вайцэхоўскі яшчэ раней перанёс малы табернакулюм у дом, у якім жылі  сёстры, і ўкрыў там  найбольшы скарб святыні Свірскай – Езуса Эўхарыстычнага. Схаваны ён быў у шафцы з цукарніцаю у кухонным буфеце. І хоць аб гэтым  укрытым Сакрамэнце ніхто з мясцовых дакладна  не  ведаў,  аднак многія людзі, праходзячы каля дома №7 па вул. Новай у Свіры, прыпынялі крок і рабілі  на сабе знак крыжа. Таму дом, дзе і сёння жывуць сёстры-непакалянкі, мае сімвалічнае значэнне  для  супольнасці  мястэчка. 
22 ліпеня 2000 года парафія св. Мікалая ў Свіры святкавала 10-ю гадавіну  вяртання  касцёла  верным. Кульмінацыйным момантам гэтага свята  была  св. Імша,  якую  цэлебраваў а. Славамір  Вятлюгін, OFM,  пробашч санктуарыя ў Будславе, падчас  якой   дзве   законныя сястры  – с. Ядзвіга  і с. Сімяона – жывыя “помнікі”  змагання аб трываласці Касцёла ў Свіры, няслі  ў  дар  алтару срэбраную  цукарніцу і шафку, дзе 30 гадоў захоўваўся Найсвяцейшы Сакрамэнт.
…У  мінулым  годзе Апалонія Ануфрыеўна  Сінкевіч  была  ўшанаваная на  свяце м. Свір Мядзельскага раёна  Мінскай вобласці  як старэйшая  жыхарка гэтага мястэчка.

Раіса СУШКО
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD,
і з фотаальбома с. Сімяоны


Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий