Мінімальная вышыня

…І што гэта такое – чалавечае шчасце? Якім памерам яно? Ці ёсць такі разумны і  далікатны прыбор, каб наогул зафіксаваў яго адным словам: ”ёсць” або  “няма”. Бо самі мы, бывае, нават не заўсёды адпаведна яго разумеем, але шукаем. А можа, яшчэ й  не там  шукаем?

 

 

                     Ёнf-str-21
…А ці ў яго было што незвычайнае – тое, чаго, напрыклад, не было ў яго аднагодкаў? Хутчэй за ўсё – нічога, ва ўсякім разе, так лічыў ён сам. Хіба толькі бацькі – інтэлігентныя адукаваныя людзі, да якіх вяскоўцы заўсёды звярталіся за парадаю, а астатняе…Яму і да галавы не прыходзіла, што некага там з хлапчукоў павезлі ў суседнюю парафію і патаемна пахрысцілі. Патаемна-непатаемна, а чуткі па вёсцы ўсёроўна папаўзуць. І тады ў яго бацькі, Антона Міхайлавіча Вяршылы, дырэктара мясцовай школы,  непрыемнасці. Не таму, што вучань застаўся ахрышчаны, а таму, што дырэктар павінен быў  “прымаць меры”, вызываць на педсавет ягоных бацькоў… А што мог Антон Міхайлавіч ім сказаць, калі ў дзяцінстве сам быў міністрантам ў касцёле ў Канстанцінава і ў душы на ўсё жыццё застаўся веруючым. Пэўна ж, дзяцей сваіх, Таццяну і Анатолія, хрысціць не павёз, нават патаемна – у 60-я гады мінулага стагоддзя для кіраўніка школы, камуніста, гэта азначала б адназначнае звальненне з працы. Ды і жонка яго, Ганна Сямёнаўна, не хатняй гаспадыняй была – працавала галоўным бухгалтарам  у мясцовым калгасе, таксама член партыі. Таму Толік Вяршыла не быў ахрышчаным, не хадзіў да касцёла, і адносін з Богам не меў, як зараз сам пры-знае, “жыў агностыкам – Бог сам па сабе, а я – сам па сабе”. Cкончыў Гарадокскі саўгас-тэхнікум. Пасля прызвалі яго ў войска, служыў на Далёкім Усходзе (усміхнуўся: “Адно было добра ў Савецкім Саюзе –  юнакам можна было бясплатна недзе пабываць, нешта ўбачыць”). Пасля дэмабілізацыі  вярнуўся дамоў – пацягнулі родныя мясціны.
Старэйшыя людзі ведаюць, а малодшыя нават уявіць сабе не могуць, якая праца  была ў калгасе напачатку 80-х – цяжкая, неперспектыўная, неаплатная. Грамадская гаспадарка паступова прыходзіла ў заняпад, а разам з ёю – і вёска з яе насельнікамі, і Анатолій рашыў вучыцца – паступіў у Мінск, у сельскагаспадарчы інстытут. Гады вучобы – найлепшыя ў маладосці, але ці ёсць час, каб падумаць, што  ўяўляеш сабою ты сам і як жывеш. Хіба толькі маланкава – нешта прасвятліць галаву, а пасля зноў схаваецца за  кучаравымі аблокамі…
У Анатолія быў такі маланкавы проблеск (“Нешта не так ў маім жыцці, нешта павінна быць інакш”), і ён пайшоў у Чырвоны касцёл. Раз, другі, трэці, з’явілася думка прыняць тут сакрамэнт хросту… Святыня акурат была вернута парафіянам і актыўна пачынала адраджацца, сасмаглыя людзі пацягнуліся да Бога, але час Анатолія на самой справе яшчэ не прыйшоў…
Па размеркаванню інстытута Вяршыла-малодшы апынуўся зноў у родных мясцінах і сам сабе зазначыў, што нічога тут асабліва не змянілася. Хоць і пасада ў яго цяпер ужо была па спецыяльнасці, але ўмовы працы, асяроддзе – гэта не змянілася. Нават адпачынак быў той самы – дыскатэка, на якую ніхто з хлопцаў ніколі не хадзіў цвярозы. Анатолій таксама не стаў выключэннем – выпіўка і для яго, удзельніка мясцовага ВІА,  стала абавязковым рытуалам, а п’янства наогул – з’яваю, прыкметаю часу. І толькі перад адзіным чалавекам у свеце яму было сорамна – перад маці, якую моцна  любіў і якой у сваё апраўданне не мог вымавіць нават слова… Перабіраў у памяці даўно мінулыя падзеі, бачыў яе, з за-плаканымі вачыма, укленчыўшую каля яго ложка ў бальніцы… Не, не сон…  22 гады было Толіку, калі здарылася бяда. Быў рабочы дзень, ён вяртаўся з абеду, акурат праязджаў на матацыкле з каляскаю каля калгаснага мехдвара, а адтуль вылецеў “стогометатель” і літаральна “нанізаў” яго на свой нож, наскрозь “прайшоўшы” праз  жывот. Пасля здаў назад, юнака з нажа знялі, вызвалі “хуткую дапамогу”. З Віцебска самалётам прыляцелі хірургі і канстатавалі: “Сквозное ранение  брюшной полости без повреждения внутренних органов”. У Пастаўскай раённай бальніцы была паспяхова праведзена аперацыя.
Бог даў шанс… І як выкарыстоўваў ягоТолік цяпер, у свае амаль 30? Ад гэтых думак у яго халадзела ўнутры, было сорамна ўжо перад самым сабою. І зноў маланкаю праносілася ў галаве: “Не, нешта не так у  маім жыцці, жыву нехрысцем”.
Ва ўзросце трыццаці гадоў у касцёле Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў в. Канстанцінава Анатолій прыняў сакрамэнт хросту, пачаў удзельнічаць у св. Імшы, уважліва слухаць казанні святара і  ўсведамляць, перад якою багнаю калісьці стаяў ён – нармальны, выгадаваны ў добрай сям’і,  адукаваны малады чалавек. Разважаў, вяртаўся ў думках да мінулага і растрачанага, сумняваўся і прызнаваў, што сам “грэшны, ва мне так многа ўсяго, што далёка да святасці, нават да яе мінімальнай вышыні. Але ў  маім жыцці  пачаліся змены. А дарога да Бога бясконцая… Патрэбна  дарыць любоў, прытуляцца”.
 Анатолій шчыра дзякаваў Богу за тое, што паказаў, куды ісці.

 

                Янаf-str-23
Дзень 13 лютага 2005 года быў халодны, з ветрам і кудасаю. Іншамаркі стомлена лажыліся ”на жываты”, і Марына нават не спадзявалася, што нехта ў такую пагоду прыедзе на метэастанцыю (жанчына працуе тэхнікам-метэаролагам). А перад гэтым прыходзіла да яе  Васільеўна страхаваць маёмасць і гаварыла: “Страхавым агентам у нас працуе малады мужчына. Жанаты не быў, не п’е, не  курыць, такі весь станоўчы, я вас пазнаёмлю”. Марына, хоць і марыла пра жаночае шчасце, але засумнявалася: “Ой, Васільеўна, якая у мяне хата… І сын… Сынок то ў мяне добры, але як ён успрыме… Усё ж такі сёмы клас… Ды й жанок  харошых, акрамя мяне, хапае…”. Страхаўшчыца не адступала: “Так, сапраўды хапае, але разумееш – вас яднае вера! Ты – веруючая, ён – веруючы,  ходзіць да касцёла, не прапускае ніводнай святой Імшы. Пазнаёмцеся, а там што Бог дасць!”. Марына згадзілася, каб прыехаў да яе на працу.
“І вось адчыняе дзверы… Статны, прыгожы, у росквіце сіл. Анатолій? У такую непагадзь?.. А ў самой сэрца з грудзей гатова выскачыць. Закахалася з першай хвіліны. Нават не папытала, п’е ён ці не п’е… Крыху пагаварылі,  дамовіліся сустрэцца ў наступны раз”, – ледзь перавяла дух жанчына, усхваляваная нахлынуўшымі ўспамінамі.
Праз некаторы час было знаёмства Марыны з маці і сястрою Анатолія (бацька ўжо не жыў), і  Марына запыталася ў свайго сына: “Сашка, а ці можна, каб да нас дзядзя прыехаў, можа нам лепей з ім будзе? Як ты скажаш?”. “Нічога не адказаў, пайшоў у свой пакой – і тварам  у падушку. Праз некалькі хвілін: “Няхай прыязджае”. Толя прыехаў з кветкамі, торцікам і для Сашкі прывёз часопіс пра зорак сусветнага футбола. Ну, думаю, у самы раз – Сашка захапляецца спортам!”.
Для ўсіх траіх пачалося новае жыццё, але да сапраўднага сямейнага шчасця гэтай пары шлях быў доўгі – Марына была павенчана з першым мужам. Тут, у Лынтупскім касцёле, у 88-м годзе. У той час на касцёльным шлюбе настаяла Марыніна мама: “ Гатовыя-не гатовыя, а калі хочаце вяселля – павінны павянчацца!”. Вяселля маладым хацелася. Марына працавала на той час на заводзе хімвалакна ў Даўгаўпілсе, атрымлівала  высокую зарплату і перацягнула да сябе мужа. Нарадзіўся Сашка, але жыццё не заладзілася – мужа з працы звольнілі, залёг у п’янку, не дапамаглі ні жончыны слёзы, ні ўгаворы, ні  кадзіраванне…  Адбыўся развод. Марына з маленькім сынам вярнулася на радзіму першай, а неўзабаве – і ён.
І вось цяпер – новае каханне, новая спроба пабудаваць сямейнае жыццё. Марына стаяла перад алтаром святыні і нават не заўважала слёз. Чаго было болей у яе думках – ці  агідлівых успамінаў, ці светлых мараў – не ведала. Яна толькі прасіла Бога ўмяшацца ў яе асабістае жыццё і даць ёй шанс жыць з добрым чалавекам, у супакоі і згодзе, весці з ім гаспадарку, клапаціцца штодзённа пра яго і такі ж клопат адчуваць на сабе. А ці гэта магчыма? “Магчыма”, – сказаў Анатолію пробашч Камайскага касцёла  кс. Яцэк Хутман. “Маліся, жанчына, шлях выбіраеш няпросты”, – сказаў Марыне пробашч Лынтупскага касцёла кс. Павел Кнурэк.  
Марына  здагадвалася, што шлях гэта няпросты. Нават жанчыны, што ходзяць разам да касцёла і чые сужонкі таксама за-глядаюць штодня ў чарку, не  па-дзялялі яе паставу: маўляў, ўзяла шлюб – дык на ўсё жыццё; жыві, з кім павенчана, і цярпі! А мужчыны… Што  зробіш, усе яны п’юць…  ”А я не разумела, не разумею і не магу пагадзіцца з тым, што жанчына павінна раздзяваць п’янага мужа, раззуваць, даваць яму чыстую пасцель, а назаўтра ён прыйдзе дамоў у такім жа стане, а яна моўчкі зноў павінна зрабіць тое ж самае і толькі таму, што яны – венчаныя! Хіба Бог для такога жыцця іх абвянчаў? Разумею, Езус сваім жыццём і смерцю даў нам прыклад цярпення і пакоры, але  якога цярпення і якой пакоры? П’янства – грэх, навошта яму пакарацца і быць яго рабом?”
Анатолію Марына паверыла шчыра, але тыя  чатыры гады, якія заняла справа аб прызнанні  Касцёлам несапраўднасці яе першага шлюбу, даліся ёй вельмі цяжка. Малілася на ружанцы, кленчыла перад алтаром… А калі перад святаром выцягваўся доўгі людскі ланцужок, каб атрымаць камунію, – сціпла адыходзіла ў бок. Бачыла, як прычашчаліся тыя самыя жанчыны, што не звяртаюць увагі на п’янкі сваіх гаспадароў, і гэтыя моманты для яе былі самымі балючымі. “Выходзіць, я, якая не пагадзілася руйнаваць далей жыццё сваё і свайго сына, – адзіная грэшніца?”. Адыходзіў у бок і дарагі ёй Анатолій…
Да разгляду ў Ватыканскім  судзе справа Марыны не дай-шла. Суды – дыяцэзіяльны, а затым  мітрапалітальны, – дасканала прааналізаваўшы сведчанні парафіянаў, родных, блізкіх (у тым ліку быўшага мужа), прызналі несапраўднасць яе першага шлюбу.

 

             Яныf-str-24
Сакрамэнт шлюбу Анатолій і Марына атрымалі 8 ліпеня 2010 года. Сёння кожную раніцу яны пачынаюць супольнай малітвай, вечарам разам кленчаць перад абразамі, дзякуючы Пану Богу за тое, што так пакіраваў іх жыццём. Дзякуюць ксяндзу Яцэку і ксяндзу Паўлу, што былі побач ў дні цяжкіх душэўных выпрабаванняў. Моляцца за новыя па- кліканні, за святароў, за ўсіх тых свецкіх, што робяць свет лепшым. Моляцца, каб іх  сын Сашка, ужо адукаваны малады чалавек, таксама пабудаваў прыгожае сямейнае хрысціянскае жыццё. І сёння яны ўжо не проста парафіяне, якія прыходзяць у касцёл быццам “для сябе” (паспавядацца, памаліцца, паслухаць, што скажа святар), але ёсць у іх пэўныя абавязкі і ў парафіі. Намаганнямі пробашча касцёла св. Апостала Андрэя ў Лынтупах кс.Паўла Кнурэка створана дзейная касцёльная супольнасць. Усё, што адбываецца ў ёй, датычыць усіх і з’ўляецца справай    кожнага. Анатолій   удзельнічае  ў групах Духоўнага ўсынаўлення, Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, Марына – у групах Біблійнае кола, Новы вобраз парафіі. Калі да-зваляе рабочы графік (Анатолій працуе за 40 км ад дому), некаторыя групы яны наведваюць удваіх – каб разам быць, разам слухаць, разам дзейнічаць. Акрамя  таго, Анатолій і яшчэ пяцёра мужчын па чарзе чытаюць чытанні падчас літургіі на святой Імшы. Пра  духоўныя набыткі ў сваіх групах пакінулі такія сведчанні:

 

Анатолій: ”У цішыні, калі “марнасці марнасцяў” застаюцца дзесьці там, ёсць магчымасць падзякаваць Богу, перапрасіць Яго за свае памылкі, слабасці, сумненні або проста ў думках прытуліцца да Езуса са сваімі радасцямі і бедамі. У бясконцай дарозе да Бога Адарацыя – частка гэтага шляху. Бог ёсць любоў. Гэта так проста і так складана”.

 

Марына: ”Заўсёды здзіўляюся, як  я падобна да людзей са Старога Запавету. Яны, хоць і жылі тысячы гадоў назад, але, як і я, памыляліся, адракаліся, шукалі Бога. Я пераканана, што Божае Слова спрыяе майму духоўнаму развіццю і дапамагае не губляць надзею ў жыцці”.
…Такое вось шчасце – простае і зразумелае, як пераадоленне   вышыні, няхай  сабе нават  мінімальнай. Але вышыні – духоўнай.

 

                                                   
Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий