Ці не хацелася вам, шаноўныя, паехаць калі-небудзь у Івянец на музычную майстэрню? Яна штогод праводзіцца летам, на працягу тыдня, у парафіі св. Міхала Арханёла, якой апякуюцца манахі-францішканцы. Алене Татун з вёскі Карабы ІІ, што на Глыбоччыне, таксама моцна хацелася, і яна паехала, каб навучыцца правільнаму каталіцкаму спеву. Але знайшла значна болей – яе даўняя мара набыла там крылы…
Першыя ўрокі
Мамуся з татусем (так называла бацькоў Алена) не былі моцна практыкуючымі католікамі, але да веры мама далажыла: навучыла пацерам, растлумачыла дачцы сэнс Божых запаведзей і прыказала: “Калі якая складаная сітуацыя – заплюшч вочкі, сцісні рукі ў кулачках і гавары: “Божа міласцівы, будзь мне, грэшнай… Божа міласцівы, будзь мне, грэшнай…”. А калі хто запытае, чаму вочы за-плюшчыла, скажы, што задумалася. Болей нічога нікому не кажы”. Маці вучыла сваю дачушку малітвам на польскай мове і навучыла яе па-польску чытаць (сама калісьці вучылася ў польскай школе). Брала яе з сабою ў Мосар да касцёла і заўсёды баялася, каб хто не данёс дырэктару школы, у якой дачка вучылася. “Ідзем, бывала ў Мосар,– успамінае Алена, – адныя, каб не надта хто бачыў. А як наблізімся да святыні, я схаваюся ў ёлках – там іх цэлы шэраг рос, а мамуся пойдзе паглядзець, ці не пільнуе хто з настаўнікаў. Пасля за мною вяртаецца”.
– У нашай сям’і вера трывала на ўзроўні захавання традыцый, – разважае Алена. – Сціслы пост – гэта значыць у Папеляц, Вялікую Пятніцу і падчас Адвэнту. Да касцёла хадзілі, але і гэта было няпроста. Вядома, жылі на вёсцы, трымалі гаспадарку, і заўсёды нехта павінен быў заставацца дома – па-першае. А па- другое – адлегласці: і да Мосара, і да Глыбокага, дзе касцёлы дзейнічалі, – недзе каля дзесяці кіламетраў. На чым ехаць? Часцей за ўсё – пехатою. Таму касцёл наведвалі ў асноўным у ня-дзельку і па святах. На Вялікдзень ніхто не садзіўся за стол, пакуль татусь не прыйдзе з касцёла і не прынясе свянцонку. Заўсёды чакалі толькі яго, бо менавіта ён хадзіў на Пасхальную вігілію і на рэзурэкцыю, а мы з мамаю і маімі братамі хадзілі ў Вялікую Пятніцу на літургію мукі Пана. Гэта было абавязковым, але што такое Крыжовы шлях Хрыста, хто ёсць для Касцёла Панна Марыя, з якіх кніг складаецца Святое Пісанне, і інш. – нічога гэтага ў дзяцінстве, на жаль, я не ведала. Але ведаць моцна прагла… Першыя ўрокі рэлігіі для Алены пачаліся, калі яе старэйшай дачушцы было ўжо чатыры гадкі. Садзіла малую на ровар і ехала з ёю ў Тумашы, у каплічку на вясковых могілках, куды, пачынаючы з 1990-х, прыязджаў дэкан Глыбоцкі Кірыл Клімовіч (зараз арцыбіскуп у Іркуцку). Праз хуткі час пачала прыязджаць разам з ім і сястра законная Тэрэса Олесік, якая ла-дзіла там спатканні для дзяцей. Яна прывезла з сабою шмат каляровых кніжак, дапаможнікаў, малюнкаў, фотаілюстрацый, рэбусаў, гульняў і ўсё гэта паказвала дзецям. Але размаўляла і чытала манахіня па-польску, разумелі яе нямногія і падштурхоўвалі ў бок Алену: “Ты ж ведаеш – дапамагай!”. І Алена пачала перакладаць, разам з сястрою тлумачыць… Як гэта стала цікава ёй самой! Яна быццам нараджалася нанава – ад гэтай Добрай Навіны, што нечакана адкрывалася перад ёю, ад напаўнення нейкім новым істотным зместам, ад усведамлення таго, што дапамагае дзецям (перш за ўсё сваёй дачушцы!) пазнаваць тое, што заўжды хацелася пазнаць ёй самой.
Цікаўнасць Алены да галоўных праўдаў веры заўважыў кс. Кірыл і падарыў ёй першы ў яе жыцці ма-літоўнік і Святое Пісанне. У той дзень дамоў вярталася асабліва шчаслівай…
Крылы
Тыя спатканні для дзяцей з’я-віліся сапраўды новым пачаткам у жыцці Алены. Заўважыла: з дзецьмі працаваць цікава, яны і дарослым надаюць ахвоты да набыцця новых ведаў. Успомніла, як школьныя настаўнікі намаўлялі, каб паступала ў педінстытут, казалі, што мае да гэтага здольнасці, але пайшла ў тэхналагічны тэхнікум. Праўда, вучобу пакінула, стала жонкай і маці, і цяпер разумее, што кожнага чалавека Бог вядзе асобным шляхам, і на ўсё у Яго ёсць запланаваны час. Ёй хацелася вучыцца ў каталіцкай навучальнай установе. Але ці лёгка гэта зрабіць замужняй жанчыне, маці трох дачок, якая жыве ў вёсцы і мае сваю гаспадарку?
Час ляцеў, яе трое дзяцей заканчвалі школу і набывалі ўжо спецыяльнасці, а мара – вучыцца ў каталіцкай навучальнай установе –не пакідала, працягвала моцна трымаць. У часопісе “Дыялог” Алена прачытала аб’яву пра Баранавіцкі катэхітычны каледж: “Усё, еду!”. Рашэннем падзялілася са знаёмымі. “Вучыцца? У сорак гадоў? Не смяшы!” – пачула, збянтэжаная. Праўду кажучы, не хацеў адпускаць Алену і муж. Яна прапусціла год, другі, трэці…
“І што – на гэтым узроўні застацца? – пытала сама ў сябе. – Канешне, у Бібліі напісана, што жонка павінна быць паслухмянай свайму мужу, але Бог бачыць, што муж тут памыляецца, і я не павінна яго слухаць!”.
Акрамя асабістых душэўных перажыванняў і непагаджэнняў, былі і яшчэ акалічнасці, якія вучобу Алены адсунулі на цэлых пяць гадоў… І яшчэ не вядома, чым скончылася б, каб не тая музычная майстэрня ў Івянцы. А чаго паехала?
Гэта – асобная гісторыя. У 2004 г. у парафію Канстанцінава (ад Карабоў, дзе жыве Алена, каля чатырох кіламетраў) прыехаў працаваць ксёндз Павел Самсонаў. Ён звярнуў увагу на тое, што ў парафіі ёсць шмат добрых галасоў, можна стварыць хор, і праз год запрасіў на працу маладога арганіста Дзмітрыя Гарэлава. Дзякуючы іх сумесным намаганням у парафіі паўстаў хор. Пачуўшы голас Алены, пробашч з арганістам прапанавалі: “Маеш талент, едзь у Івянец, старайся, вучыся!”.І Алена паехала. У той год майстар-класы праводзіла оперная спявачка з Польшчы Хэлена Радзімовска. Яна парадавалася рэдкаму голасу, які мае Алена – мецца-сапрана, па-працавала з ёю і дала многа карысных парадаў.
– Перавялі на працу ў другую парафію кс. Паўла, паехаў вучыцца ў Польшчу Дзмітрый, а я засталася на парафіі “кіраваць” хорам, – успамінае зараз Алена. – Мы выконвалі тыя песні, якія былі змешчаныя ў першым беларускім малітоўнічку: чатыры песні на Адвэнт, 5-6 – на Велікодны перыяд і 8-9 – на звычайны. Я ведала, што літургічных спеваў нашмат болей, што іх рэпертуар патрэбна пашыраць, але пры гэтым разумець, што і падчас якога дзеяння на алтары павінна гучаць… Менавіта гэтых ведаў, на жаль, у мяне не было, быў толькі голас, і я ў чарговы раз паехала ў Івянец на музычную майстэрню. Мне хацелася слухаць майстроў, напаўняцца ведамі і вопытам выканання касцёльнага спеву. У той раз Бог падрыхтаваў яшчэ адну вельмі важную для мяне сустрэчу – з катэхеткай Наталляй Галалоб. Пасля размоў з ёю я адчула падтрымку і пераканалася ў актуальнасці свайго прагнення: “Вучыцца ніколі не позна, малайчына! Толькі Баранавічы далёка – едзь у Мінск, значна бліжэй!”.
З Івянца, куды накіроўвалася неаднаразова, у той год жанчына не ехала – ляцела на крылах…
Катэхет і Кантар
Праз тры гады Алена на “выдатна” скончыла Мінскі тэалагічны каледж імя св. Яна Хрысціцеля, атрымаўшы кваліфікацыю: “Катэхет, кантар”.
– Навуку пра Бога, тэалогію я спасцігала ў сталым узросце, усведамляючы, што гэта і ёсць тое першаснае, што патрэбна чалавеку ў жыцці. У нас былі цудоўныя вы-кладчыкі, – успамінае з падзякай. – Бачылі, падтрымлівалі, адчувалі патрэбу кожнага і накіроўвалі. А якое шчасце мела вучыцца касцёльнай музыцы і спеву ў галоўнага арганіста і капельмайстра архікатэдральнага касцёла ў Мінску Ўла-дзіміра Неўдаха!
За гады вучобы Алена Татун на аснове Міёрскага і Івянецкага касцёльных спеўнікаў распрацавала спеўнікі для сваёй парафіі – на звычайны перыяд, на Адвэнт, на Вялікі Пост і Велікодны перыяд: “Спевам суправаджаем літургію; дзякуем Пану Богу і перапрашаем Яго; просім Бога аб міласэрнасці. Спеў напаўняе веру гукамі, а Яны не пакідаюць абыякавым сэрца. Таму патрэбна, каб нашы касцёлы спявалі…”
Сёння Алена з удзячнасцю называе імёны святароў – кс. Андрэя Куліка, які калісьці накіраваў яе на вучобу, і кс. Антона Лагунёнка, які даверыў навучаць дзяцей катэхізму.
– Урокі рэлігіі перш мы праводзілі ў мясцовай школе, – расказвае катэхетка, – была такая дамоўленасць з кіраўніцтвам, знайходзілі свабодны клас і займаліся. Але было цяжкавата дзецям, бо стаялі гэтыя заняткі звычайна ўжо сёмым урокам у раскладзе. У мінулым навучальным годзе мы займаліся ў памяшканні былой плябаніі, дзе ёсць спецыяльны клас, і куды дзеці прыходзяць па суботах.
– Скажыце, калі ласка, што даюць спатканні з дзецьмі асабіста Вам? – пытаюся ў Алены Іосіфаўны.
– Задавальненне! Знаходжанне з дзецьмі, зносіны з імі прыносяць задавальненне. Калі рыхтуюся да заняткаў, сама ўяўляю сябе дзіцём. Напрыклад, рыхтую малодшым размалёўкі на пэўную тэму і пытаюся ў сябе: “А як бы я размалявала?”. Цікава працаваць са старэйшымі дзецьмі. На ўрокі да мяне прыходзяць хлопцы, якія ўжо прыслугоўваюць міністрантамі. Яны ведаюць парадак святой Імшы, назвы прадметаў, якія выкарыстоўваюцца, ведаюць свае абавязкі. Яны адкрытыя на дыялог, таму ўрокі часта праводжу ў форме дыялога: “А як думаеш наконт таго? Як думаеш, чаму так?” Яны ўмеюць разважаць. Напрыклад, разглядаем сюжэт з Бібліі. Ведаю, што гэтая кніга не ў кожнага ў сям’і ёсць, таму раздрукоўваю тэкст і даю ім такое заданне: чытаючы тэкст, над кожным сказам паставіць кропку, клічнік або пытальнік, а пасля растлумачыць сэнс знака; пры гэтым удакладняю: кропка абазначае “Я гэта ведаю”; пытальнік – “Нічога не могу сказаць па вызначанай тэме”; а клічнік – вучань валодае ведамі і можа дапоўніць змест сказа! Вось тады пачынаецца!.. Або праверка хатняга задання. Вельмі лёгка заўважыць, калі дзіця выконвала яго з бацькамі, ці з бабуляй, а калі – яму ніхто не дапамог. Пытаюся: “Чаму табе не дапамаглі?”. Адказ: “А мама гэтага не ведае…”. Адчуваеце нашыя праблемы… Мы рыхтуем дзяцей, нейкія “цаглінкі” ўжо намі сфармаваныя, а трэба, каб яны не былі пустацелымі. Таму сям’я не павінна стаяць збоку ў ролі назіральніка – павінна разам са сваім дзіцём пазнаваць Бога.
Быццам пацеркі на Ружанцы
…Мой роспавед пра незвычайную і таленавітую жанчыну з Глыбоччыны, якая піша вершы і друкуецца ў каталіцкіх выданнях, бу-дзе няпоўным, калі не скажу, што выконвае яна і яшчэ адну паслугу ў касцёле ў в. Канстанцінава – з’яўляецца закрыстыянінам. Калі кс. Антон Лагунёнак звярнуўся да яе з такой прапановай, моцна здзівілася: “Выконваць традыцыйна мужчынскі абавязак?”. А пасля згадзілася: “Калі гэта па-трэбна Богу, то патрэбна і мне”. Ну а пра тое, што яна чалавек творчы, чытачам нашага часопіса нагадаю: у майскім нумары былі надрукаваныя творы ўдзельнікаў літаратурна-мастацкага конкурсу, які быў аб’яўлены летась з нагоды 100-х угодкаў аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме. Сярод тых твораў – апавяданне Алены Татун “Тваёй абароне…”, пра якое старшыня журы конкурсу, кусташ Санктуарыя Маці Божай Фацімскай у Баранавічах кс. Конрад Патыка, сказаў: “Быццам пацеркі на Ружанцы”.
Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА,SVD
Віцебская вобласць.