На ўсё – воля Божая

Str-12

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Як і калі чалавек прыходзіць да Бога? Цяжка сказаць… А можа Бог Сам прыходзіць да чалавека? Бярэ яго руку, кладзе на Сваю магутную далонь і як добры бацька правільнымі шляхамі вядзе да вечнага шчасця? Версія моцна праўдападобная ўжо таму, што самі мы можам ў жыцці не так шмат, як часам нам здаецца. Калі Ірына вяртаецца ў думках да свайго мінулага, каб нешта там лепей разглядзець і зразумець, то моцна здзіўляецца: як гэта было магчыма? А пасля сама сабе адказвае: на ўсё – воля Божая.

 

 

 

     Зарубка на сэрцы

Ірына  Лявонаўна Рубінава

Ірына Лявонаўна Рубінава

Будучым сужонкам, якіх рыхтуе да шлюбу ў парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску, абавязкова расказвае пра свой вопыт жыцця, і пачынае з таго, як не трэба рабіць…

– Маёй маме ішоў дваццаты год, як мой дзед, яе тата, сказаў: “Замуж пойдзеш за суседа: яны дадуць кусок поля, мы дамо, пабудуецеся і будзеце жыць!”. (А час пасляваенны, сусед прыйшоў з войска, прынёс з сабою трафейны акардэон, вясковыя дзяўчаты за ім “падаюць”). Мама бацьку ў адказ: “Дык я ж Лёніка хачу”. А Лёнік – старэйшы з шасцярых дзяцей у беднай сям’і, на ім амаль усё і трымаецца: ён самастойна працуе, зарабляе грошы, прыносіць у сям’ю. Але мой праваслаўны дзед, які сам, каб уважыць бабулю і яе родных, перайшоў да каталікоў, у астатнім быў цвёрды, як крэмень: скажа – то не адступіцца, і ўсё жыццё даказваў, што ён – галоўны, што ўсё павінна быць так, як ён сказаў. На наступны дзень бярэ маю маму за руку: ”Хадзем!”. Зайходзіць па суседа: “Хадзем разам з намі!”. І пайшлі ў сельсавет. Там дзед хутка юркнуў у адзін кабінет, у другі, раздабыў нейкія паперы, даў падпісаць іх аднаму і другому (пашпартоў у вясковых жыхароў на той час не было) і праз некалькі хвілін выйшаў, задаволены: “Цяпер, – звярнуўся да мамы, – ты – ягоная жонка! І тваё прозвішча зараз…”. Мая мама, даведзеная да Першай Камуніі, шчырая каталічка ў плач: “Як гэта?!А сакрамэнт шлюбу? А вяселле?  А белая сукенка? А вэлюм?..”.

Дзеду майму нічога гэта не абыходзіла і ніякай справы да маміных пачуццяў яму не было. Вярнуўшыся дамоў, яна сабрала клуначак з самым неабходным, i вечарам малодшая сястра адчыніла ёй вакно… Мая мама ўцякла да каханага праваслаўнага Лёніка і засталася там жыць.

У хуткім часе яны атрымалі невялікі пакойчык у інтэрнаце таго камбiната ў Лідзе, дзе працаваў мой будучы тата, там нарадзілася я. Ахрысцілі мяне ў касцёле, як пажадала мама, – у тым самым, які некалькі разоў то перадавалі праваслаўным, то вярталі каталікам. Але цалкам арганізаванага духоўнага жыцця, можна сказаць, у сям’і не было. Праўда, святкавалі два Вялікадні, два Святы Божага Нараджэння, але не ў храме – толькі дома. Жылі мае бацькі між сабою добра, адзін другога шанавалі, але мама ніяк не магла пазбавіцца пачуцця крыўды на майго дзеда, які ўвагнаў яе ў тое зневажальнае становішча: на момант майго нараджэння яна так і заставалася зарэгістраваная з суседам, з якім ніводнага дня не жыла. Але на той час існавала такое права: калі зарэгістраваныя сужонкі фактычна не пражывалі разам, то па прашэсці некалькі гадоў такі саюз аўтаматычна скасоўваўся. Скасаваўся і прымусовы саюз маёй мамы. Дзякуючы гэтаму, мае бацькі зарэгістраваліся і сталі мужам і жонкаю,  калі  мне  патрэбна было ісці ў першы клас… Праз дзесяць гадоў пасля гэтага я стала студэнткай 1-га курса хімфака БДУ і толькі праз некаторы час запытала:

– Мама, а ці прабачыла ты майму дзядулі, свайму тату?

– Прабачыла, – адказала мама, – але зарубка на сэрцы на ўсё жыццё засталася…

 

Я – ніхто, і зваць мяне – ніяк

Маленькая Ірына на фота з мамай.  Здымак 1955 года

Маленькая Ірына на фота з мамай.
Здымак 1955 года

Надыходзіў Вялікдзень 2002 года. Да свята я рыхтавалася па-свецку: напякла пірагоў, пафарбавала яйкі (вельмi прыгожа ды далікатна: кветачкі, лісточкі…) і пайшла да суседзяў- каталікоў прасіць, каб асвяцілі. “А паехалі разам з намі, у нас месца ёсць!”, – прапанавалі яны мне, і я паехала ў катэдру, у якой не была ніколі. Лю-дзей там было поўна, мае суседзі прасунуліся неяк наперад, а я засталася пры ўваходзе, апошняя, амаль на самай вуліцы: бо хто я там такая? Ніхто, і зваць мяне – ніяк… Святая Імша скончылася, і абрад асвячэння пачаў кардынал Казімір Свёнтэк. Маё сэрца амаль не астанавілася, калі ён падышоў да мяне, апошняй, паклаў сваю руку на маю карзінку з тым пасхальным напаўненнем, уважліва паглядзеў на мяне і шчодра абліў вадою: “У імя Айца, І Сына, і Святога Духа…”.

Ад хвалявання літаральна заняло дух, і нейкая незразумелая ўзнёсласць запоўніла ўсю маю істоту. Тая ўзнёсласць прысутнічала ва мне і калі я, вярнуўшыся, расказвала пра свой візіт у касцёл мужу… Замужам я была за сваім калегай, таксама хімікам, і працавалі мы разам у адным акадэмічным інстытуце. Ахрышчаны ў праваслаўi, ён быў сынам каталіка і праваслаўнай, але гэтая акалічнасць, як і маім бацькам, не перашкаджала нам быць “адным цэлым” і добра выхаваць сваіх дзяцей.

Праз месяц пасля таго Вялікадня памёр мой свёкар Браніслаў. Праз год з дня ягонай смерці мы з мужам і свякроўю едзем на Паўночныя могілкі, каб паглядзець, як там фірма ўсталявала намагільны помнік. Муж уключае ў аўтамабiлi радыё, i адтуль гучыць голас Уладзiмiра Высоцкага: “Ой, Вань, гляди, какие клоуны…”.

На здымку з татам. 1956 год

На здымку з татам. 1956 год

Дадам, што свёкар мой быў проста фанатам Высоцкага, у яго быў поўны збор ягоных песень, таму я на гэта, цалкам дарэчы ў гэтым месцы ды ў гэты час, жартую: “ О, вось нам i прывітанне ад дзеда Броні”. Самой робіцца неяк не па сабе, быццам мы і ёсць тыя самыя “клоуны”. На могілках мой педантычны муж выказаў мноства прэтэнзій: і тое не так, і гэта не гэтак; чорнае  павінна быць белым, вузкае – шырокім, нізкае – высокім і г. д.  Маці  ягоная  заспакоіла  сына, і мы дамовіліся прыехаць сюды яшчэ раз па дарозе на гадавiны. Праз некалькi дзён едзем на могілкі, ужо з дзецьмі. Дачка просіць: “Тата, выключай радыё, тут жа мёртвыя…”. Муж выключае, выходзiць з машыны да магiлы, папраўляе ўсе недахопы на помнiку, а калi мы выязджаем на трасу, ён уключае радыё, i тут iзноў спявае Высоцкі!!! — ды й яшчэ тыя самыя словы: “Ой, Вань, гляди, какие клоуны…”.  А  ў  мяне  ўжо  мурашкі па спіне: “Ну, і сапраўды “клоуны”…”.

І тут свякроўка мая просіць: “Іра, ты ж каталічка, то закажы памінальную службу па дзеду ў касцёле, бо, калі я пайду ў царкву, то мне скажуць, дзе ты такога праваслаўнага Браніслава знайшла?  Мы за такiх не молiмся”. Ну, добра, абяцаю заказаць  i званю сваёй маме ў Ліду:  “Можа  ты  там закажаш? Бо я ж не ведаю, як гэта зрабіць правільна”. А мама ледзь не ў слёзы: “Ой, не-не, я баюся!” . “Чаго, мама?!” . “Як – чаго? Я ж замуж пайшла супраць волі бацькоў; пайшла, будучы, хоць i на паперах, але чужою жонкаю, усё жыццё пражыла ў смяротным граху – у нявенчаным шлюбе; цябе нарадзіла зноў жа…”.

На той час мне ўжо было без пары гадоў пяцьдзесят! Значыць, амаль паўстагоддзя мая бедная  мама перажывала гэтыя цяжкія душэўныя пакуты і баялася хадзіць да касцёла. І я памятаю, як мамiна малодшая сястра клікала яе з сабою на святую  Імшу, пераконваючы: “Ну, і што табе ксёндз зробіць? Спачатку пасядзіш у лаўках, пасля ўстанеш, пойдзеш да Камуніі, ён жа ў цябе нічога пытаць не будзе”. Але мама лічыла, што зрабіла  такi грэх, якому няма прабачэння…

Былы  касцёл піяраў у Лідзе, дзе Ірына  атрымала   Сакрамэнт   хросту

Былы касцёл піяраў у Лідзе, дзе Ірына атрымала
Сакрамэнт хросту

 

  Анёлы майго навяртання

Святую Імшу па свёкру заказала ў Мiнскай катэдры я сама. Пробашч кс. Уладыслаў Лазар прыняў ветліва, выслухаў, сказаў, што акурат сёння цэлебруюцца маёвыя набажэнствы, а пасля iх будзе складковая Iмша за ўсіх памерлых, то й запiсаў маю iнтэнцыю i запрасiў удзельнiчаць у малiтвах. Крыху баючыся, я прайшла ў святыню, людзей поўны храм, села ў перадапошнюю лаўку. За мною селі тры дзяўчынкі – Бог мне іх даў як духоўных дачок, я называю іх анёламі майго навяртання. Пачынаецца святая Імша, спеў, і гэтыя тры анёлы за маёю спіною пачынаюць спяваць – чысцюткімі галасамі, пранікнёна, светла… І пачынае спяваць весь касцёл, а я патанаю ў слязах… Праплакала ўсё набажэнства – ад першага слова песні да апошняга, калі ксёндз паблагаславіў усіх прысутных. Гэта быў поўны катарсіс! Не памятаю, як прыехала дамоў, але дзеці пасля сказалі: “Ты была ніякая, здолела толькі сказаць: за дзеда не хвалюйцеся – там, дзе ён ёсць, там яму добра”.

З той пары, пачынаючы з 2003 года, я хадзіла ў катэдру па некалькі разоў на тыдзень. Спачатку сядзела ў пустым касцёле адна. Не ведаю, што казаў мне Бог у тыя хвіліны, але мне гэта было патрэбна. Пасля азнаёмілася з раскладам, чытала аб’явы, хадзіла на святыя Імшы, на набажэнсты, слухала казанні святароў, зразумела, што адбываецца падчас Эўхарыстыі. У катэдру прыязджала адна жанчына са Ждановічаў са сваёй маці, і я, неяк заўсёды трапляючы на лаву побач з iмi, вучылася ад іх патрэбным жэстам. Аднак пазней зразумела, што без катэхезы не абыйсціся, і пачала наведваць заняткі, якія вяла сястра Ганна Гей. Пад канец свайго навучання прыйшла да высновы, што ўсё роўна не змагу пайсці да Першай Святой Камуніі, таму што жыву ў граху, без сакрамэнту шлюбу, і з прапановай павянчацца звярнулася да мужа, а ён мне: “Ты што, розум страціла?”. Кажу яму: “Як так, у цябе ж бацька католік…”. У адказ: “Які ён католік, не ведаў, як дзверы ў касцёл адчыняюцца…”. “Твой жа сябра католік…”. Зноў: “Які ён католік… Пра ксяндзоў такое мне нарасказваў…”. Да свайго су-джанага  я  зрабіла шмат такіх “заходаў”, а  ён  усё не згаджаўся. Тады, урэшце, падумала: ну, што ж, сёння серада, няхай для мяне яна стане асабістым папяльцом, нібыта пасыпала галаву попелам.  Вырашыла: прымаю ўсё, як ёсць. Гэта – па-першае, а па-другое: наогул, ёсць такая цнота – пакора. Ва ўсякай справе патрэбна згода, пакора, прыняцце Божай волі.

На наступны дзень прачнулася раніцою – думаю, от жа няхай сёння ў мяне будзе чысты чацвер! А ў нас, у мікрараёне Сухарава, якраз адключылi гарачую ваду… А, думаю, тады паеду ў баню ў Малiнаўку, “адмыюся” ад гэтага свайго старога жыцця… Каля самай бані насустрач мне – старэнькая бабулька з венічкам: забяры, дачушка, венічак, дома ў мяне іх многа нарэзана, а гэтым адзін раз папарылася, выкінуць шкада, ён вельмі добры, і назад везці не хочацца. Я падзякавала бабульцы, узяла венічак і пайшла з ім у парылку. Пакуль там парылася – “перавярнула” зноў усё сваё жыццё і як адплакала першы раз у касцёле, так iзноў адплакала ў той бані. І было гэта катарсісам № 2. Прыехала дамоў. Заходжу, муж мой дома, чытае. А я думаю: ці зноў пачаць размову, ці я ўжо пагадзілася назаўсёды? Але ж нічога я не згублю, калі запытаю яшчэ раз. І пачала крыху здалёк: “Слухай, мы жывём з табою ўжо дваццаць гадоў. Было ў нас вялікае каханне, было шчасце, мы нарадзілі добрых дзяцей. Здараліся і вельмі цяжкія хвіліны, мы стаялі на мяжы  разводу.  Але, калі сёння, пасля ўсяго, што было, я хачу перад Богам і людзьмі сказаць табе, што не пакіну цябе ніколі, да самай смерці, то чаму ты гэтага не можаш? Хіба хочаш уцячы ад нас ты?”. Ён ажно падскочыў! “Добра!  Калі табе гэта так моцна трэба – пайду”.

 

Знак Божы

Падчас пілігрымкі ў Венецыю. 2011 г.

Падчас пілігрымкі ў Венецыю. 2011 г.

Праз некалькі дзён ідзём у архікатэдру на вызначаны пробашчам кс. Лазарам час. Хвалююся. Муж таксама ўзбуджаны. Падыйшлі да ўваходу, дзе стаіць крыж, і я кладу знак крыжа на сябе. Чую выдых з раздражненнем: “Господи!”. Заходзім у касцёл, укленчыла, кладу знак крыжа на сябе і чую незадаволенае: “Господи!”. Падыходзім да сакрыстыі, да табернакулюма, кладу знак крыжа на сябе і зноў чую над сабою голас у стане нервовасці: “Господи!”. А я ледзь стрымліваю сябе, каб не засмяяцца: ага, даражэнькі ты мой, хочаш сказаць нешта нядобрае…  А  што робіць у гэты момант  Бог?  Усё  перамяняе, не дае табе сказаць бруднае слова, і ты сам заклікаеш Бога да сябе: “Гос-по-ди!..».

Адбывалася гэта ў будзённы дзень, людзей у храме не было. І толькі адзін чалавек абагнаў нас, калі мы  паціху падыходзілі да сакрыстыі. Гэта быў айцец Аляксандр Шымбалёў – сёння намеснік старшыні Сінадальнага інфармацыйнага  аддзела  Беларускай  Праваслаўнай царквы. Паяўленне праваслаўнага служачага ў  гэты момант  я  палічыла  добрым – Божым! – знакам для нашага шлюбу, а яго самога – таксама анёлам майго навяртання.

Што было далей? Праз год навяртанне перажыла наша дачушка, разам са мною стала хадзіць у касцёл, у пілігрымкі. Муж пасля нашага шлюбу кардынальна  памяняў  свае  адносіны да веруючых, не дазваляў сабе  ніякіх  кпінаў,  не  перашкаджаў  мне  выконваць касцёльныя даручэнні, ездзіць па святых месцах, хадзіць у пілігрымкі, рыхтаваць маладыя пары да сакрамэнту шлюбу (у 2014 г. скончыла школу сямейнага  жыцця  і  атрымала  дыплом сямейнага  кансультанта). Наадварот,  часам  яшчэ і падганяе, гледзячы на гадзіннік: “Іра, спазняцца ў касцёл – дрэнная прыкмета”.

 

 

 

 

Сведчанне Ірыны Рубінавай

запісала Раіса СУШКО.

Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD,

і  з архіва сям’і Рубінавых

г. Мінск

 


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий