Памяць аб бясконца каханай

Умілаваны Вечны Божа! Ты бачыш на нашай зямлі ўсё: і як губляе праз грахі сучаснай рэчаіснасці сваю годнасць чалавек, і крызіс сужэнстваў, што страцілі чысціню першых пачуццяў да сваіх абраннікаў, і пакінуты агнём  бязвер’я попел у людскіх сэрцах.
Магутны  Вечны  Божа, дапамажы, каб гэтая гісторыя, якая адбылася на мяжы XX – XXI стагоддзяў на Гродзеншчыне, у Дзярэчыне, была пачутая сучаснікамі і кранула самыя зачарсцвелыя душы…

   Юбілейf-str-15
Мінулым  летам, 18 жніўня 2013 г., у вёсцы Дзярэчын Зельвенскага раёна адбывалася вя-лікае свята – 100-гадовы юбілей касцёла Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. У той дзень парафія сустракала многа гасцей – біскупаў Аляксандра Кашкевіча, Антонія Дзям’янку, Казіміра Велікасельца, а таксама  душпастыраў  Зельвы, Міжэрычаў, суседніх Слоніма, Мастоў, Шчучына. Сярод гасцей былі прадстаўнікі мясцовых уладаў і праваслаўнае духавенства,  а таксама дэлегацыя, якую складалі духоўныя асобы з Аўстрыі, дзе зараз працуе былы дзярэчынскі пробашч а. Юзаф Файлер. Было мноства вернікаў, якія ехалі, ішлі пехатою, каб злучыцца ў гэты дзень у адзінай малітве з усімі, хто пакінуў свае справы і прыбыў у Дзярэчын з адзінай мэтай –  падзякаваць Богу за жыццё, за  веру, за f-str-16святыню, прыцягальная вежа якой відаць здалёку.
Дазвол на ўзвядзенне гэтай святыні ў Дзярэчыне быў атрыманы напачатку мінулага стагоддзя, пасля шматлікіх зваротаў парафіянаў. Дапамагаў ім у гэтай справе афіцэр царскіх войскаў, якія размяшчаліся ў Дзярэчыне. Шмат месяцаў палкоўнік складаў прашэнні ўсюды, пачынаючы ад начальніка паліцыі аж да цара Мікалая II. У 1906 годзе функцыі пробашча ўваскрослай (пасля ліквідацыі царскімі ўладамі ў 1867 г.) парафіі прыняў малады ксёндз Адам Абрамовіч. “У Дзярэчыне я знайшоў, – пісаў у сваім дзённіку кс Адам, прыехаўшы на сваю першую парафію, –  780 парафіян і ані касцёла, ані плябаніі, трохі зямлі і Божы Провід. Дзякуючы веры ў гэты  Провід, я з энтузіязмам прыступіў да будаўніцтва касцёла. Спачатку трэба было сабраць грошы. Ад сваёй “парафійкі” немагчыма было штосьці атрымаць. Я пачаў шукаць у суседзяў, і нават някепска ўдалося. Адважыўся на больш далёкае падарожжа –f-str-16-2 не толькі ў Слонім, дзе мяне ўсе ведалі, а ў глыб краіны, а нават у Расію. Так за пару гадоў я аб’ехаў некалькі дзясяткаў каталіцкіх парафій… Такім чынам мы купілі кавалак зямлі каля могілак і пабудавалі навес – плябанія чакае. Планы ўжо ёсць – неагатычны касцёл!”

   Моцная повязь
Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзярэчыне вырас у намоленым месцы – непадалёку ад таго, дзе некалькі стагоддзяў таму стаяў касцёл і кляштар дамініканцаў…  Але не толькі гэта напамінае аб хрысціянах дамініканцах, якія былі тут першымі. У чэрвені 1913 з касцёла ў Слоніме быў урачыста перададзены для новага касцёла ў Дзярэчыне звон, які мае асабістую гісторыю. Спачатку звон вісеў на вежы дамініканскага касцёла ў Дзярэчыне, а пасля ліквідацыі (па распараджэнню царскай улады) парафіі ён апынуўся ў Слоніме і больш за сорак гадоў знаходзіўся там. У цяжкія для касцёла часы напрыканцы стагоддзя (1951 – 1990) яго зноў нехта зняў, каб захаваць ад  знішчэння, і ў 1995-м          а. Юзаф Файлер вярнуў звон на месца. Яго меладычныя ўдары і сённяf-str-16-3 прымушаюць прыцішыць ход, напамінаючы людзям,  што ёсць часовае, а што – вечнае…
З дамініканскім касцёлам і яшчэ ёсць цікавая повязь. Парафіянка Станіслава Навіцкая з роду Дамброўскіх  разам са сваім братам сабралі некалькі цэглаў з руін дамініканскага касцёла  – іх умуравалі ў сцену новага касцёла ў форме крыжа. Таксама знайшлася  і аздоба галоўнага алтара са срэбнымі анёламі, якая знаходзілася  ў касцёле дамініканцаў і была схавана мясцовымі жыхарамі ў Дзярэчыне, падобна як харугвы і іншыя літургічныя рэчы. У падлогу  касцёла з правага боку была ўмуравана эпітафійная дошка Казіміра Леона, Юзафа Станіслава і Міхала Антонія Сапегаў, зробленая Аляксандрам  Сапегам у 1772 г. і

 Жан  Керхнер у касцёле Ўнебаўзяцця  Найсвяцейшай Панны  Марыі

Жан Керхнер у касцёле Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі

прысвечаная памяці  яго  бацькі  і двух дзядзькоў. Дошка была прыгожа выканана  ў  разьбяной мармуровай рамцы, якая складалася  з атрыбутаў  годнасці пералічаных асоб. Першапачаткова эпітафій быў змешчаны ў касцёле дамініканцаў, разабраным у 1867 г. На жаль, у час рамонту касцёла ў 1991 г. дошка была замуравана, калі клалі новую падлогу…  
 У сваёй памяці і багатых архівах удзячныя нашчадкі захавалі  імёны  ўсіх былых святароў,  якія  тут працавалі, усіх фундатараў, якія  прычыніліся да пабудовы касцёла ў Дзярэчыне і каму сёння малітоўна складаюць падзяку. Сярод іх ёсць  і  імя  Жана Керхнера, добра вядомае  жыхарам  Дзярэчына і акругі.

   Сведка кахання
Чалавеку  з нават неабсяжнай фантазіяй гэты факт можа падацца незвычайным. І незвычайны ён, хутчэй за ўсё, для нашага  прагматычнага часу; а калі ўспомніць гісторыю багатых Радзівілаў, ці Сапегаў, ці рамантыка Адама Міцкевіча і гісторыі іх каханняў… Ды не, Касцёл  Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзярэчыне  захоўвае “сваю” – адмысловую, трапяткую  гісторыю  кахання, якая знайшла ўвасабленне ў адраджэнні самой святыні…  Гісторыю  кахання  былой парафіянкі – уражэнкі гэтай мясцовасці, прыгажуні Ірэны з французам Жанам Керхнерам. Касцёл – жывы сведка іх кахання, нават носьбіт яго трываласці…
– Ірэна сапраўды была надта прыгожая, як лялька, – успамінае 85-гадовая Станіслава Жоглік,  жыхарка Дзярэчына. – І  здольная, працавітая, да вайны скончыла 7 класаў польскай школы. А ведаеце, якая гэта навука

Такі выгляд меў касцёл  Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзярэчыне, калі Жан Керхнер прыехаў у вёску ўпершыню...

Такі выгляд меў касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзярэчыне,
калі Жан Керхнер прыехаў у вёску ўпершыню…

была – дзяцей вучылі не толькі грамаце, але Слову Божаму, Запаведзям  Божым. Ірэна дружыла з маёю стрыечнаю сястрою – дык  я яе добра ведала. А  вайною Ірэна Жукоўская ў Германіі  апынулася – во  як  лёс склаўся. Але што – тады многіх  немцы  павывозілі…
Так, Ірэна апынулася ў Германіі. Ці магла кіраваць сваім лёсам 16 – 17-гадовая дзяўчына, трапіўшая ў чужую краіну ў момант, калі цэлымі эшалонамі звозілі назад раненых салдат Вермахта? Хіба толькі падпарадкавацца… Была вызначана на працу ў санітарным цягніку як санітарка. Гэта было ў Заходняй Германіі, дзе і вызвалілі яе разам з  іншымі  французскія войскі.
Далей падпарадкуючыся лёсу, Ірэна трапіла ў Парыж, уладкавалася на працу. А ў гэты час  малады француз па імені Жан  авалодваў  усімі спецыяльнасцямі кінематографа. Мінула больш  за дзесяць гадоў. Яны сустрэліся  – парыжская мадэль (з беларускай вёскі!) незамужняя Ірэна і прадзюсар кіно халасцяк  Жан, калі абаім было далёка за трыццаць. Ірэна пакінула Дом мадэлей, нарадзіла сына  Даніэля.
Поўнае кахання да свайго абранніка, сэрца Ірэны ўсё ж смуткавала  па  радзіме. Яна расказвала  Жану  пра Дзярэчын, пра велічны  і  прыгожы  Касцёл Унебаўзяцця  Найсвяцейшай Панны Марыі, у якім была ахрышчана  і прыняла  Першую Камунію, пра могілкі за касцёлам, дзе быў пахаваны яе

 Станіслава Жоглік

Станіслава Жоглік

бацька. Смуткавала, што не можа так проста сабрацца і адведаць сваю родную вёску…  У Дзярэчын  яна  так  і не прыехала. Моцна захварэла. Жан  рабіў усё, каб хвароба адступіла, нават звяртаўся  за  дапамогай  да  прэзідэнта ЗША,  але той адказаў, што і ў іх няма такіх лекаў, якія далі  б  жанчыне хоць шанс…
Ірэна Керхнер-Жукоўская памерла ў Парыжы 27 лістапада 1989 года. Жан, ачуняўшы пасля пахавання, прыняў рашэнне: паехаць на радзіму жонкі, наведаць магілу яе бацькі, паблукаць па тых самых ваколіцах, якія часта бачыла ў сваіх снах Ірэна, і прыняць удзел ў святой Імшы у інтэнцыі вечнай памяці аб каханай жанчыне…  На календары быў 1990 год.
Успамінае  жыхарка Дзярэчына Ядзвіга Вішнеўская:
– Я працавала ў той час буфетчыцаю  ў мясцовай сталовай. Акурат перад  абедам  было. Заходзяць трое мужчын, самі прадстаўнічыя, добра апранутыя, гавораць не па-нашаму. Сярод іх  перакладчык, і пытаюць: ці  ёсць  хто з родзічаў Ірэны Жукоўскай, ці ёсць каталікі, і, калі ёсць, то каб з імі наладзіць сустрэчу. З родных Ірэны на той час

Ядзвіга Вішнеўская каля помніка Лявону Жукоўскаму – бацьку Ірэны, які пахаваны на могілках у Дзярэчыне

Ядзвіга Вішнеўская каля помніка Лявону Жукоўскаму – бацьку Ірэны,
які пахаваны на могілках у Дзярэчыне

ўжо нікога не было (некаторыя жылі ў Польшчы), тут заставалася толькі блізкая сяброўка Марыя Русецкая. А што да каталікоў – то былі, пэўна  ж. “Ну, добра”, –  адказваю. Словам, у першы дзень  мы  сабралі касцёльны камітэт  у  хаце Марыі Русецкай, дзе Керхнер і расказаў аб мэтах свайго візіту. Не перадаць словамі, якія пачуцці – захаплення, здзіўлення, адначасова радасці  і  ўдзячнасці – перажылі ў той дзень мы. Назаўтра сабраліся ў другім доме – у Чэслава Грушэўскага, і  там ужо Керхнер  раскрыў свае планы, сказаў, што паглядзеў, у якім стане знаходзіцца храм (а стан такі – сцены  без даху, усё астатняе таксама знішчана), і вырашыў, што лепшым  помнікам  яго каханай  Ірэне будзе адноўлены для  яе  землякоў  касцёл. А мы на той час ужо мелі дазвол ад уладаў на ўпарадкаванне святыні, хадзілі па вёсках, збіралі грошы  на  будаўнічыя  матэрыялы, а дабываць іх было надта цяжка. І тут Бог прыслаў нам Керхнера! Жан даваў сродкі, справамі на месцы кіраваў а. Вітольд  Жэльветра,  капуцын  са  Слоніма, і наша разбураная  святыня  ўваскросла на вачах! 14 жніўня 1993 года кс. біскуп  Гродзенскі  Аляксандр Кашкевіч  урачыста  асвяціў  касцёл. Пасля  гэтага  Жан прыязджаў у Дзярэчын некалькі разоў,  і  з сынам  прыязджаў.  Ён  жа пабудаваў  яшчэ  плябанію, дом-кляштар для сясцёр самарытанак.  А вось у гэтым годзе не прыехаў, толькі  ліст  прыслаў  на парафію. Наш  пробашч  кс.  Яўген  зачытваў на свяце, многія аж плакалі, слухаючы.

Здымак зроблены 21 верасня 2003 г. падчас урачыстасці ў Дзярэчыне, прысвечанай 90-годдзю пабудовы і 10-годдзю аднаўлення касцёла Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі

Здымак зроблены 21 верасня 2003 г. падчас урачыстасці ў Дзярэчыне, прысвечанай 90-годдзю пабудовы
і 10-годдзю аднаўлення касцёла Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі

   “Далучаюся  да вашай радасці”
… Гэта  было ўжо ў заключнай  частцы  ўрачыстасцей, прысвечаных  100-гадоваму  юбілею касцёла, калі кс. Яўген Учкуроніс  шчыра  дзякаваў  усіх, хто дапамагаў у падрыхтоўцы да  юбілею. Пасля святар агучыў  ліст  86-гадовага  Жана Керхнера  з  Парыжа,  фундатара адбудовы касцёла: “Браты і сёстры, не магу быць сёння з вамі, – пісаў ён, – але  з вамі сваімі думкамі і далучаюся да вашай радасці…”  І  напрыканцы: “Эксцэленцыя, браты  і  сёстры,  дазвольце мне выразіць маё астатняе пажаданне: прагну, каб захавалі памяць аб маёй жонцы  Ірэне… Гэта яна была натхненнем адбудовы касцёла. Моцна яе кахаў…”.

 Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD,
 і з архіва парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў  Дзярэчыне. Гродзенская  вобл.


Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий