(З успаміну былой парафіянкі Нясвіжскага касцёла Казіміры Барташэвіч)
Дзяцінства… Ці да вайны яно прайшло, ці пасля, ці з ружовымі стужкамі ў косах, ці набасанож і з караблікамі на вясковых лужынах, але ўспаміны пра яго заўсёды грэюць душу, асабліва калі ўжо і дзеці твае сталі даўно дарослымі, і ўнукі да Першай Святой Камуніі рыхтуюцца.
– Якая падзея ў маім духоўным жыцці была самай яскравай? – перапытала нас Казіміра Іосіфаўна і пачала расказваць:
– На ўсё жыццё ў памяці засталася першая Святая Камунія. Наша сям’я жыла на хутары вёскі Смалічы Клецкага раёна. Да Клецка – 25 кіламетраў, а да Нясвіжа – яшчэ далей, больш за сорак. Набліжалася свята Най-свяцейшай Тройцы, і мы з сястрычкаю рыхтаваліся прыняць Першую Святую Камунію. Некалькі разоў мама ездзіла з намі да ксяндза Каласоўскага ў Нясвіж, ён гаварыў ёй, як нас падрыхтаваць, на якія пытанні найбольш трэба звярнуць увагу, і на самой справе да прыняцця сакрамэнту рыхтавала нас мама. Трэба адзначыць, што нашыя бацькі былі моцна набожнымі людзьмі, без малітвы дзень ніколі не пачыналі і не клаліся спаць, не памаліўшыся. І нас прывучылі да гэтага. На маёвыя набажэнствы заўсёды збіраліся таксама ў нашым доме – і з хутароў, і з самых Смалічоў прыходзілі. Мама ставіла на стале фігуру Езуса Хрыста, абраз Маці Божай, мы кленчылі і маліліся. Памятаю, як рыхтаваліся да Вялікадня. Мама наша была яшчэ болей за тату набожная, расказвала нам пра Муку Пана Езуса. У чацвер раненька дзеці павінны былі ўстаць і памыцца; у пятніцу – строгі пост, жылі толькі на хлебе і вадзе, а на Вялікдзень – абавязкова пайсці да крыжа, які стаяў непадалёку ў гаёчку, і маліцца, укленчыўшы. Так рабілі і дарослыя. А тата наш быў надта строгі, патрабаваў ад нас паслушэнства і дысцыпліны.
І вось уявіце: чэрвень, неба высокае-высокае, і сонейка такое яскравае, што аж вочы за-плюшчваюцца, а мы – шасцёра дзяўчынак – ідзём у Нясвіж да касцёла. Вядзе нас цётка Марыся Суднік, бо наша мама акурат выехала ў Польшчу на пахаванне роднага брата. Вышлі мы раненька (дарога ж далёкая) у белых сукеначках, нясём у руках свечкі з белымі стужкамі, і ў кожнай у руках вузялок – там і сандалікі, і белыя шкарпэткі, і вэлюмчыкі, і свэтрыкі зложаныя, і па кавалачку хлеба на дарогу з дому. Ідзём радасныя, спяваем, адгаворваем пацеры… Але ці магчыма 8–10-гадовым дзецям пераадолець такую адлегласць за дзень? Немагчыма, і нас пус-ціла на начлег жанчына, на якую казалі Максімовічыха (па прозвішчу Максімовіч).
Помню яе вялізны зялёны па-дворак і вялікую хату, у якой не было драўлянай падлогі, а толькі земляная. Нам падаслалі духмянай саломкі, і яна была нам пуховаю пярынаю аж да самай раніцы… На наступны дзень зноў раненька ўсталі, не пілі, не елі – нам сказалі, што да споведзі патрэбна ісці нашча, і мы пайшлі далей.
Прыйшлі ў Нясвіж, да касцёла – а там прыгажосць, многа людзей, усе па-святочнаму апранутыя. Мы таксама надзелі кожная свае шкарпэткі, абулі сандалікі, цётка Марыся пера-пляла нам косы, і па чарзе нас пачаў клікаць да сябе ў закрыстыю ксёндз, задаваў пытанні. Калі ўвайшла я, святар звярнуў увагу на мае рукі, з якіх чамусьці капала вада, а пасля глянуў на ногі, якія былі моцна акрываўленыя – кроў прасочвалася праз белыя шкарпэткі. Я і сама спужалася, засаромелася, а ксёндз Каласоўскі паклікаў закрыстыяніна, помню, што назваў яго Франкам, і сказаў: сабяры гэтых дзетак, памый ім ножкі, купі шкарпэткі і тады прывядзі да касцёла. І праўда, закрыстыянін так і зрабіў. Усім нашым дзецям дапамог памыць ножкі, даў рушнік, а пасля яшчэ і памазаў нейкім алеем, каб хутчэй зажывалі тыя ранкі на нагах – мы ж весь час ішлі босыя: то лесам, то полем, то па брукаванай дарозе, то па пяску… Мы з сястрою часам успамінаем той эпізод з нашага далёкага ўжо дзяцінства і плакаць хочацца – не ад таго, што нам тады, напэўна ж, тыя ранкі балелі, але ад таго, з якой пяшчотай сустракаў дзяцей ксёндз Каласоўскі. Не раз з сястрою дзівімся: дзе ж тыя шкарпэткі можна было так хутка ўхапіць – на дварэ стаяў 1957 год! – а нам жа, ўсім тым дзяўчынкам, выдалі-такі шкарпэткі!
У касцёле хлопчыкі стаялі з левага боку – 12 чалавек, а дзяўчынкі – з правага, таксама 12. Запомнілася, што ксёндз доўга маліўся разам з намі, задаваў пытанні, мы зноў дружна адказвалі на іх, а пасля была працэсія вакол касцёла – з крыжам, з абразамі і таксама было вельмі многа людзей.
Дамоў вярталіся моцна ўзрушаныя і шчаслівыя – пабылі ў споведзі, Першую Святую Камунію прынялі, сталі ўжо са-праўднымі хрысціянамі – так мы самі лічылі…
Што яшчэ добра памятаю з дзяцінства: вялікі дубовы стол, за які садзіліся дванаццаць чалавек едакоў – мы з сястрычкаю, чацвёра нашых братоў, тата з мамаю, бабуля з дзядуляй і чужая сям’я. Мама налівала есці ўсім, акрамя сябе. Мы з сястрычкай з адной місачкі з’ядалі, а другую місачку заўсёды ставілі на падаконнік – для мамы. Што пра чужую сям’ю запомніла. Ішлі дарогай каля лесу двое – мужчына, ён быў без кісцей рук, і з ім жанчына. А наш тата быў такі гаваркі – кожнага, хто ідзе (хата недалёка ад дарогі стаяла), абавязкова затрымае, абавязкова запытае: адкуль родам, куды ідзеш, па што ідзеш… Высветлілася, гэта былі мужык з жонкаю, якіх прагнала з дому іх нявестка, і яны засталіся ў нас жыць. Надоўга засталіся, каля дзесяці гадоў пражылі – адразу нашым бацькам дапамагалі па гаспадарцы, пасля ўладкаваліся на працу ў калгас, а пасля іх, старэнькіх, забралі далёкія ро-дзічы ў Расію.
Яшчэ памятаю, што жыў у нас Косцік. Таксама ішоў дарогаю, папрасіў папіць – і тата пачаў распытваць, куды хлопец ідзе, адкуль ён родам… Аказалася, што ў Косціка з родных нікога няма. Тата пастрыг тады яго, даў яму лепшую адзежу, прапанаваў застацца – было Косціку каля 15 гадоў. Ён жыў у нас, нашых бацькоў, як і мы, называў “тата”-“мама”, скончыў школу, і тата адвёз яго недзе за Баранавічы вучыцца ў вучылішча механізатараў. Косцік стаў трактарыстам, пасля ажаніўся і быў добрым і ўдалым гаспадаром.
Такія “карцінкі” з дзяцінства… Часам усплываюць перад вачыма, становіцца і цёпла, і радасна, адначасова і сумна – прайшло… Толькі мы моцна ўдзячныя Богу за сваіх бацькоў – кемлівыя былі, усім нам перадалі веру, да Бога прывучылі, у дысцыпліне і паслухмянасці трымалі. І так трэба дзяцей выхоўваць…
Запісала Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD
і з архіваў сям’і К.Сарнацкай і часопіса «Дыялог»