Проста Марыя

Str-12

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Кожны дзень яна бывае сведкай найбольшага цуду ў свеце – нараджэння новага жыцця. Ні з чым не параўнальны момант, калі трапяткое, хвалюючае і ніколі не аднолькавае пачуццё перапаўняе сэрца, пачынаюць дрыжаць калені, хоць і лічыць сябе моцнай… На самой справе ўсё  бывае складана і адказна: яна  – нэанатолаг-рэаніматолаг, працуе ў камандзе іншых дактароў спецыялістаў, ад якой залежыць  –  без перабольшвання – здароўе, а значыць, і будучы лёс крохкага немаўляці.

 

 

 

Сакральны трыпціхf-str-13

Так, менавіта крохкага, бо, калі клічуць рэаніматолага на працэс  родаў, або калі акушэры папярэджваюць аб неабходнасці ягонай прысутнасці пры аперацыі, значыць там – небяспека, рызыка, непрадбачлівыя наступствы, і яна, адказная за стан той малечы, якая на яе вачах  нараджаецца, павінна іх прадбачыць, каб у пэўны момант прыняць правільныя рашэнні. Сама  яшчэ дзяўчынкай-падросткам чула, як жанчыны старэйшага веку расказвалі пра нараджэнне немаўлят, пра тое, што адбывалася гэта і ў полі падчас жніва, і дзе-небудзь на возе, бо гаспадар вёз на коннай фурманцы да шпіталя, а роды наступілі заўчасна… Нават ад свае бабулі Зосі чула аднойчы такі ўспамін, бы казку.  Але сёння тыя далёкія па часе выпадкі не здаюцца ёй казкамі, а толькі праўдзівымі сведчаннямі, як абараняе жыццё яго Даўца –­ Бог.

f-str-14У гэтым сэнсе яна і сама стала прыладаю ў руках Створцы, абраўшы такую адказную місію. Скончыла педыятрычны факультэт медыцынскага ўніверсітэта ў Гродне, атрымала спецыялізацыю, вызначыўшы яе сабе недзе ўжо напрыканцы 5 курса. Доўга раздумвала, разважала, малілася да апякункі студэнтаў Маці Божай Кангрэгацкай, пакуль тое рашэнне даспявала, можа, недзе нават у пад-свядомасці… Але пасля таго, як пачаўся ў іх курс лекцый па  нэанаталогіі, пасля таго, як пайшлі навучэнцы на практычныя заняткі ў радзільны дом і ўпершыню ўбачыла, як на моцных далонях жанчыны-акушэра змясцілася кволае цельца і доктар голасна прамовіла “Божа, дапамажы, мы хочам жыць!”, быццам было гэта яе роднае дзіцятка, Марыя сказала сабе цвёрда: “Месца маё тут!”.

f-str-15Спецыяльнасць  Марыі – нэанатолаг – афіцыйна  ўведзена ў медыцынскія структуры  прыкладна з канца 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Сёння, у параўнанні з тымі роспаведамі бабуль пра мінулае, усё змянілася –  і ўмовы жыцця, і  ўзровень родадапаможнай службы, але здароўе будучых  жанчын-маці, на жаль, не паляпшаецца, на яе ўздзейнічаюць шмат розных фактараў, і дапамога медыцынскіх спецыялістаў вузкага профілю патрабуецца ўсё часцей і ўсё больш дасканалая. Нэанатолаг назірае малютку ад моманту з’яўлення на свет: дапамагае ёй “раздыхацца”, адаптавацца ў новых умовах, якія зусім не падобныя да ўтульнай мамінай “пасцелі”, дзе яно песцілася дзевяць месяцаў, першы ставіць дыягназ, калі дзіцятка нарадзілася з той ці іншай паталогіяй…

– Ведаеце, наша праца такая, што ад сябе не адпускае ніколі, – гаворыць  доктар Марыя Грышан. – Дамоў прыйдзеш пасля змены, спаць ляжаш, а сон не бярэ: як жа там тое немаўлятка? Пачынаеш дэтальна ўспамінаць: зрабіла ўсё, што ў дадзеным выпадку належыць, прызначэнні правільныя, а ўпэўненасці – нуль. І бярэшся за тэлефон: калегі, ці палепшала яму, якая там дынаміка? Разумееш, што не ўсё ад цябе залежыць, і што ёсць у свеце сіла значна большая  за нашу людскую. Таму без малітвы я ніколі не падышла да парадзіхі ў родавай зале або да аперацыйнага стала, каб не  згаварыла “Ойча наш”, “Вітай, f-str-15-2Марыя” і “Пад Тваю абарону”. Для мяне гэта такі сакральны трыпціх. Заўсёды, ва ўсіх выпадках… І дзякаваць Богу Найвышэйшаму за Ягоную апеку, удаецца захаваць жыццё самых маленькіх, якія прыйшлі ў гэты свет датэрмінова. Летась “выхадзілі” дзяўчынку, што нара-дзілася вагою 650 г, хутка за ёю – хлопчыка, крыху “цяжэйшага” – 980 г. Удзячная маці дзяўчынкі даслала  нам  нядаўна праз тэлефон нават фота свае “лялькі” – усё  добра,  развіваецца,  даганяе  сваіх “стандартных” равеснікаў.

 

Нявестка катэхеткі

…У гэтым месцы так і хочацца ўсклікнуць ўслед за аўтарам радка з Бібліі: “Вялікія і цудоўныя справы Твае, Пане Божа ўсемагутны!” (Ап 15, 3). А прыемная неспадзянка для нас была ў тым, што са свякроўкай доктара Марыі – Вольгай Іосіфаўнай Грышан, як аказалася, мы пазнаёміліся значна раней, калі Катэхетычны каледж імя Зыгмунта  Лазінскага  ў Баранавічах рыхтаваўся  да  свайго  юбілею. Трыццаць гадоў назад жанчына, на той час маці двух хлапчукоў, апынулася  ў  ліку першых яго студэнтаў. Узбагачацца духоўнымі ведамі  вырашыла не дзеля таго, каб выкладаць урокі рэлігіі, але каб самой паглыбіць f-str-15-3адносіны з Богам, стаць упэўненай хрысціянкай і пасля растлумачыць сутнасць веры сваім дзецям. Але на ўсё воля Бога – выпускніца каледжа 1995 года стала катэхеткай Налібоцкай парафіі на доўгія дзесяцігоддзі. Сваіх дзяцей (чатыры сыны і дачушка) разам з мужам Іосіфам выхоўвалі таксама ў веры і паслухмянасці Богу.  Прызналася тады пры сустрэчы, што падчас навучання ў каледжы вялікі ўплыў на фарміраванне яе светапогляду аказаў біскуп Казімір Велікаселец, які змяніў яе ранейшыя погляды на мацярынства, на ролю маці ў рэлігійным жыцці сям’і. Марыла, каб і яе дзеці сталі сапраўднымі хрысціянамі, стварылі моцныя сем’і. Таму, калі Артур прыехаў да іх з паведамленнем, што бу-дзе жаніцца, першым пытаннем бацькоў было: “А яна – веруючая?!”. “Практыкуючая каталічка, – адказаў сын. – Пазнаёміліся праз інтэрнэт!”. “А іначай вы цяпер ужо не ўмееце знаёміцца?”, – з недаверам адазваўся бацька. “А як, тата? Яна з іншай вобласці, гарадская…”.

Будучую гарадскую нявестку катэхеткі першым пацерам навучыла бабуля Зося. Жылі яны з дзедам Антонам у вёсцы Паланечка Баранавіцкага раёна, дзе знаходзіцца славутасць сакральнага драўлянага дойлідства Беларусі – касцёл Св. Юрыя; хадзілі на святыя Імшы рэгулярна і бралі з сабою ўнучак – старэйшую Марыю і меншую Ксюшу, якія некалькі f-str-16разоў на год прыязджалі на канікулы. Дзяўчынкі паўтаралі малітвы, карыстаючыся бабуліным малітоўнічкам, а таксама вучылі рэлігійныя вершыкі на польскай мове – іншай літаратуры не было. Час ішоў, унучкі падрасталі, і ўжо не толькі знешняя вытанчаная прыгажосць вясковага храма рабіла яго бясцэнным  у вачах Марыі. Гонару за сузіранне гэтай святыні, за прыналежнасць да гэтай парафіі дабаўляла ўсведамленне таго, што Хрыстовае служэнне тут многа гадоў нёс святар-легенда Ежы Росяк, асуджаны на 10 гадоў ГУЛАГУ. Адбыўшы зняволенне, вярнуўся ў Паланечку і Слова Божае панёс людзям з новым імпэтам. На жаль, загінуў у аўтакатастрофе. Трагедыя здарылася яшчэ да таго, як нявестка будучай катэхеткі нарадзілася, але ўспаміны парафіян, старэйшых жыхароў вёскі пра нязломнага святара Ежы Росяка, мучаніка за веру, ляглі на асобную палічку духоўных каштоўнасцей, якую захоўвае Марыя сёння.

…Калі сустракаюцца настаўнік з вучнем, звычайна праглядваецца дыстанцыя паміж ведамі і іх адсутнасцю. А калі са сталай катэхеткай сустракаецца маладая каталічка, якой, да таго ж,  наканавана стаць нявесткай гэтай самай катэхеткі, – што адбываецца тады? f-str-16-2

– У той дзень, калі Артур павёз мяне ў Янкавічы, што ў Налібоцкім краі, каб пазнаёміць са сваімі  бацькамі, – успамінае доктар, – хваляваліся мы абедзве: мама Артура – за сустрэчу са мною, я – за сустрэчу з ёю. Скрыць хваляванне, здаецца, першай удалося мне, і я пачала заспакойваць маці, маўляў, не трэба так моцна перажываць: хоць я і гарадская, але вырасла, лічы, у вёсцы, хадзіла ў вясковы храм, я  зусім звычайны чалавек, я проста Марыя… Успомніла, як у складзе групы моладзі барана-віцкай парафіі Св. Зыгмунта  пілігрымавала  на ровары ў Буд-слаў на ўрачыстасці і па дарозе, акурат насупраць указальніка “в. Янкавічы” у мяне прабілася  кола,  пілігрымка  затрымалася. “Гэта быў знак Божы”, – ці то ў сур’ёз, ці то ў жарт заўважыў  Артур,  але  хваляванні пакінулі нас адразу, і знаёмства  атрымалася  прыемным.  У хуткім часе адбыліся традыцыйныя “сваты”, а пасля іх –  нашае з Артурам  вянчанне ў касцёле  Св. Зыгмунта і вяселле.

Між  гэтымі дзвюма падзеямі ў Янкавічы, у дом сужэнства Вольгі і Іосіфа Грышан, з Баранавіч быў дастаўлены вышываны абраз “Хрост Езуса” у выкананні іх будучай нявесткі.

 

Захапленніf-str-16-3

Летась у касцёле Св. Зыгмунта ў Баранавічах была арганізавана мастацкая  выстава вышываных абразоў, а таксама біблійных сюжэтаў пад назвай “Вера. Надзея. Любоў…”. Выстава дзейнічала на працягу  месяца, і парафіяне, якія кожны раз падоўгу  затрымліваліся  каля экспанатаў, дзівіліся ўнутранаму свету аўтара гэтых прац – добра вядомай  ім парафіянкі доктара  Марыі Грышан.

– Вышыўка абразоў, – расказвае Марыя, –  працэс скрупулёзны, марудны, займае шмат часу, хоць і выконваю іх крыжыкам па спецыяльных шаблонах. Асабліва цяжка даюцца твары святых; бывае, што каляровыя гамы, прапанаваныя распрацоўшчыкамі шаблонаў, пасля нанясення іх на канву набываюць зусім не той выгляд. Тады раскідваю нанесеныя крыжыкі, падбіраю ніткі новых колераў і вышываю нанова. Так з’явіліся  абразы “Маці Божая Балесная”, “Езус у цярновай кароне”, “Беззаганнае Зачацце”, “Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне”, “Уцёкі  ў  Егіпет” і  іншыя, і  іншыя…

 

Вышывае Марыя таксама пейзажныя  карціны, нацюрморты.

– Займаюся з радасцю, гэта цікава, адразу  бачны  вынік  працы, яна  заспакойвае.  І  толькі адзін раз моцна спяшалася, – усміхнулася  Марыя. – Мне надта хацелася, каб наша сям’я была хоць  бы  кропельку  падобная  да той, пра якую ведаем з Бібліі, і  я  пачала вышываць “Святое  Сямейства”.  А чаму спяшалася?  Баялася, што не паспею да ўласных родаў. Карпела і  днём, і ўначы, разумеючы, што пасля нараджэння дзіцяці  не буду мець часу…  А на  такі  абраз патрэбна не меней трох месяцаў, нават калі болей нічога не рабіць. Дзякаваць Богу, паспела, і наша Беатка нарадзілася ў тэрмін, і абраз атрымаўся.

Марыя Грышан з дзецьмі – 8-гадовай Беатай  і  6-гадовым Станіславам

Марыя Грышан з дзецьмі – 8-гадовай Беатай і 6-гадовым Станіславам

Дарэчы, у  Беаткі таксама ёсць  вялікае захапленне, яна ахвотна займаецца маляваннем, а 6-гадовы сын Стасік – шахматамі.  Але  найбольшае задавальненне  хлопчык атрымоўвае  ад прыслугі міністрантам, гэта яны разам з татам Артурам  выконваюць.  “Нават калі рушнічок  каля  алтара  давераць яму патрымаць – радасць невыказная!”, – радуецца Марыя.

Сама жанчына зараз скіроўвае свае думкі і натхненні на вышыўку новага абраза – Маці Божай Малітанскай у залатой кароне, які ўпрыгожвае цэнтральны  алтар  у тым самым касцёле яе дзяцінства – Св. Юрыя  ў  Паланечцы. Але  з  чаго пачаць? Шаблон яго наўрад ці стварыў  яшчэ  хто ў свеце; трэба зрабіць дасканалае фота, размясціць яго  у  камп’ютар, “закачаць” спецыяльную праграму, якая “разаб’е” здымак на дробныя  клетачкі, пасля  зрабіць распячатку і  нейкім дзіўным чынам нанесці на канву…

–  Прызнацца,  дакладна  яшчэ не  ўяўляю,  як  гэта  робіцца,  але ведаю, што зрабіць гэта вельмі моцна хачу.

 

 

 

 

Раіса СУШКО.

Фота Карнэлія КОНСЭКА,SVD

Брэсцкая вобласць


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий