Руслан з Наталляю і восем хлопчыкаў

Прыемная, без адзінай маршчынкі на твары жанчына, шчыра ўсміхаецца: “Я ўжо даўно прывыкла да моцна дапытлівых людскіх позіркаў. Убачаць мяне з гуртам дзяцей, і першае пытанне: усе – вашыя? Другое: не усыноўленыя? Трэцяе: колькі вам гадоў?”.

f-str-15Сапраўды, рэдкая сучасная жанчына ў свае трыццаць гадоў  (а выглядае Наташа не болей як на 25) мае восем асабіста народжаных  дзетак. У Наталлі з Русланам восем, і  ўсе – хлопчыкі: Уладзіслаў, Даніэль, Хрысціян, Станіслаў, Даменік, Эдуард, Раман, Марк.  “Па мужчынскай лініі, па лініі майго таты, – гаворыць Руслан, – у трох астатніх пакаленняў не было дзяўчынак. Вось толькі нядаўна у майго старэйшага брата дачка нарадзілася…”.
Наталля з Русланам  пазнаёміліся на рэкалекцыях супольнасці руху “Каштоўная пярліна”; ён жыў ў Мінскім раёне, Наташа – ў Слуцку. Абое з радасцю ўдзельнічалі ў моладзевых сустрэчах, а яшчэ – ездзілі ў Чырвоны касцёл на святую Імшу, маючы прадчуванне, што сустрэнуць там адзін аднаго абавязкова. Дарэчы, у жыцці яно так і атрымоўвалася: не дамаўляліся, але сустракаліся, а пасля зразумелі, што адзін для другога існуюць і  вырашылі звязаць свой лёс назаўжды. У той час ім было па васемнаццаць. Ці марылі пра асабістую вялікую сям’ю? Пра вялікую – не. Проста марылі пра сваю сям’ю, у якой будзе панаваць любоў, павага і згода.
Першыя восем гадоў сумеснага жыцця пражылі яны ў вёсцы разам з Наташынаю мамаю. “Самі ведаеце – ні вады ў хаце, ні каналізацыі; печы, дровы… Дзіцячай бялізны і адзення цэлыя гурбы, а пральную машыну-аўтамат, як у горадзе, не ўключыш… А ў нас там шасцёра нарадзілася…”, – расказвае Наташа. Праз некаторы час шматдзетная сям’я Ташціміравых атрымала шматпакаёвую кватэру ў Бараўлянах, але без унутранай апрацоўкі, і да завяршэння ўсіх работ ёй была  прадастаўлена вялікая 4-пакаёвая кватэра сучаснай планіроўкі ў сацыяльным доме. Гэта было каля трох гадоў назад, акурат Наташа была цяжарная восьмым.
– То жыллёвыя пытанні вырашаліся, то дзеці нешта пры-хварэлі, і я не адразу пайшла ў жаночую кансультацыю, каб стаць на ўлік па чарговай цяжарнасці, – успамінае жанчына. – Звярнулася да ўрача, як самой мне здавался, на 30 тыдні. Мяне паслалі на ультрагукавае да-следванне і ўбачылі, што дзіця будзе нездаровае. Ну і крыку ж было: маўляў, як цяпер з табою паступіць?! Прыйшла ў кансультацыю позна, аборт рабіць позна!.. Што? Аборт? Хіба я аб гэтым прыйшла прасіць? І хто вырашыў, што я павінна на гэта пайсці?.. Каб нават тыдняў тых было і нямнога, я  ўсёроўна нарадзіла б! Гэта ж маё дзіця! Бог даў мне такое, і я павінна яго прыняць!.. Словам,  Марк наш нарадзіўся  маленькі, 2510 г весам і ростам – 45 см. Не мог нармальна дыхаць, яму ўжо хацелі нават падключыць спецыяльны апарат… Але прыехаў а. Пётр Бялевіч з Русланам, прама ў рэанімацыі пахрысціў немаўля, і яно, як кажуць, “раздыхалася”… На жаль, гэта была  не адзіная праблема са здароўем дзіцяці. Урачы паставілі адразу некалькі страшных дыягназаў: гідрацэфалія,  дэфармацыя чэрапа, спіннамазгавая грыжа і інш. “Патрэбна было галавою думаць!” – ляцела ў мой бок па некалькі разоў на дзень з боку “белых халатаў”. Кожная падобная рэпліка балюча раніла, і мне станавілася ўсё больш шкада майго маленькага сыночка, які, здавалася, пазіраў на мяне з вя-лікаю надзеяю і мальбою. Праз чатыры з паловаю месяцы ў аддзяленні дзіцячай нейрахірургіі Бальніцы хуткай дапамогі была праведзена аперацыя, малому паставілі шунт. Дзякаваць Богу Найвышшаму, усё прайшло паспяхова, але праз тыдзень – другая аперацыя, ужо па другой прычыне, а пасля – трэцяя… Марк наш вынослівы хлопчык, цярп-лівы. Хутка яму будзе два з паловаю гады: ён адэкватна рэагуе, разлічае нас, бацькоў, моцна любіць гуляць з дзецьмі, знае цацкі, умее радавацца, смяяцца і спрабуе нешта гаварыць на сваёй мове.
–    А як старэйшыя хлопчыкі адрэагавалі на такі стан здароўя свайго малодшага браціка?
–    Спагадліва. Яны ведаюць, што наш Марк пакутуе, што ён ніколі не будзе самастойна хадзіць, што і сядзець ён не можа, як іншыя дзеткі, а толькі ў спецыяльным стульчыку, – гаворыць Наташа, – але яны любяць яго і аб ім клапоцяцца. Мы з Русланам на некаторы час можам нават даручыць ім панянчыць Марка, і старэйшыя ні на хвіліну не пакінуць яго аднаго – будуць карміць, паіць, забаўляць…. Ведаеце, я часта аб гэтым думаю і перакананая: Гасподзь нічога не робіць проста так, на кожным кроку Ён дае нам урокі. Галоўнае для Марка – не паказаць, што ён для сям’і абуза, цяжар. Сам ён не можа сябе ні з чым параўнаць, як гэта робяць людзі, стаўшыя інвалідамі ў выніку якога-небудзь выпадку ці здарэння;  яму не вядомы іншы стан, ён такім нарадзіўся, ён будзе жыць такім. Можа, Гасподзь так даў, каб на пры-кладзе Марка першыя сямёра  вучыліся шанаваць сваё жыццё, тыя якасці, тыя каштоўнасці, у тым ліку, фізічныя, якімі надзяліў Бог іх ад нараджэння. У спакойных, даверлівых размовах з дзецьмі мы гэта падкрэсліваем, тлумачым, што чалавек сам павінен сябе берагчы, засцерагаць ад дрэнных паступкаў, у выніку якіх таксама можа наступіць нейкае абмежаванне фізічнай ці разумовай дзейнасці, і тады яму будзе значна цяжэй у жыцці…
–    А сапраўды, ад чаго Вы хацелі б абараніць сваіх дзяцей у будучым? Як вучыце іх бяспецы сёння? – пытаюся ў Руслана, які забаўляе маленькага Марка.
–    Каб не паддаваліся натоўпу, каб мелі свой погляд на рэчы і з’явы, каб не пакідалі Бога. Зразумела, што ў кожнага з нас жыццё складаецца па-свойму, мы часта залежым ад абставінаў, у якія трапляем. Дапускаю, што чалавека можа насцігнуць расчараванне, нават упадак веры, але, калі гэта здарыцца з нашымі дзецьмі, то каб гэта было толькі часова, каб гэты секулярны свет не зацягнуў іх ў сваю багну бязвер’я. Бо на самой справе толькі вера ў Бога надае сілы, надае тады, калі, здаецца, іх няма ўжо адкуль нават  чэрпаць. Як вучым сёння? Па сітуацыі, кожную разбіраем, як з дарослымі людзьмі, і гаворым, што ў ёй – добрае, што – дрэннае, чаго нельга рабіць. Вучым самастойнасці: раніцою старэйшыя самастойна ўстаюць па будзільніку, самастойна робяць сабе (і малодшым) канапкі, самастойна едуць тралейбусам у школу.
–    Нашы дзеці нават у палі-клініку да доктара ходзяць самі, – дадае Наташа, – і мне вельмі смешна, калі некаторыя мамы водзяць за ручку сваіх шаснаццацігадовых… Дзецям патрэбен не толькі кантроль, але і давер, свабода. Наогул я за тое, каб дзеці ўсяго дабіваліся самі, а не раслі, як у цяпліцы.
…Пакуль Наташа завіхаецца на кухні, размаўляем, частуемся гарбатаю і каваю і начэкваем прыходу дзяцей. Раптам кватэра напоўнілася вясёлым гоманам – са школы прыйшлі Ўладзік, Данік, Хрысцік і Стасік, а Даменіка, Эдзіка і Ромку, з нагоды нашага візіту, крыху раней за-бралі з дзіцячага садка. Дзеці хуценька распрануліся, разбуліся і… Хто на гуштанку, хто пагаварыць з папугайчыкам, хто за-трымаўся на хвілінку каля акварыума, хто скокнуў на канапу, каб “мячыкам” вярнуцца з яе на падлогу… А Даменік, не паспелі мы і вокам кінуць, хуценька намаляваў свой Дзень нараджэння, гэта значыць: дом, торт са свечкамі, брата Эдзіка, які прыляцеў да яго на самалёце, і Ромку – які на ракеце, іншых гасцей – з шарыкамі. Пра Даменіка расказваюць, што ў яго філасофскі склад мыслення і ён вельмі любіць маляваць. Гэта па-цвердзіў і самы старэйшы з хлопчыкаў – пяцікласнік Уладзік, да якога я падсела, каб пацікавіцца, як справы ў школе.
–    Сёння “васьмёрку” па анг-лійскай мове атрымаў!
–    Вельмі добра, мабыць, пераводчыкам станеш, у Англію паедзеш…
–    А я ўжо быў, у самым Лондане, разам з братам.
І Ўладзік паведаміў, што ездзілі старэйшыя дзеці і ў Бельгію, і ў Англію, сам ён быў яшчэ і ў Польшчы. Шматдзетнай сям’і Ташціміравых, акрамя дзяржавы,  дапамагае Касцёл, Дабрачынная арганізацыя “Карытас”, дзіцячы хоспіс у Бараўлянах. Частыя госці ў доме – сёстры законныя, якія праводзяць з дзецьмі катэхезу, каталіцкая моладзь, валанцёры. Бацькі імкнуцца, каб іх хлопчыкі  выхоўваліся ў духу Божай любові і каб раслі фізічна прыгожымі і дасканалымі, таму чацвёра старэйшых яны адправілі на гімнастыку і бальныя танцы.
– Бог нас не пакідае, – падводзіць вынікі нашай сустрэчы Наталля, – пасылае на нашым шляху добрых людзей, якія заўсёды імкнуцца нам дапамагчы. І ў гэтым, хіба, найбольшае шчасце нашай сям’і.

Раіса СУШКО.
Фота Карнэлія КОНСЭКА.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий