Размова з Лешэкам Падалецкім,
заснавацелем Дому святога Альберта ў Свіноўсьце
Сядзіць перада мною мажны барадаты мужчына сярэдняга веку. Мае выгляд марскога воўка. Як закаханы пра закаханую – з такім запалам ён распавядае мне пра… Ружанец, бо Ружанец для яго – форма працы, якую ён выконвае, служачы бяздомным, вязням, алкаголікам, наркаманам і іх сем’ям. Сцвярджае, што не мае дару апісаць гэта. “Святы Брат Альберт таксама не запісваў сваіх Ружанцовых разважанняў. Маю да яго вялікую прэтэнзію, – кажа. – Як калі-небудзь, дзякуючы ласцы Бога, сустрэнуся з ім у небе, то зраблю яму вымову: чаму не пакінуў ніякіх разважанняў?!”.
–Як здарылася, што пан заняўся асобамі, на якія большасць людзей ставіць крыж?
– Было гэта на пачатку 80-х. Пасля майго навяртання і павароту ў лона Касцёла вельмі часта ездзіў на Ясную Гару. Размаўляў з Маці Божай пра ўсё – аб праблемах з жонкаю, з дачкою, аб працы і іншым. Калі ў чарговы раз туды паехаў, раптоўна прыйшла думка, каб прынесці ахвяру за бяздомных, хворых і церпячых. Доўга адкідваў тую думку, але ўсё ж упаў на калені ў капліцы Цудоўнага Абраза і сказаў: “Маці Божая, зрабі мяне сваёю прыладаю для хворых, галодных, церпячых і бяздомных». А пасля адразу падумаў: дурны, дзе ты будзеш шукаць бяздомных, як сабе гэта ўяўляеш? Быў у роспачы ад таго, што зрабіў. Але ў той самы дзень спаткаўся з чалавекам, які за-браў мяне да сясцёр Маці Тэрэзы з Калькуты ў Шчэціне. Ад моманту майго шлюбавання да хвіліны, калі ўбачыў бяздомных, прайшло, можа, 30 ці 40 гадзін!
– Хутка дзейнічае Пан Бог!
– А пачало гэта дзейнічаць яшчэ ў большым тэмпе, калі ў 1987 г., таксама на Яснай Гары, складаў Марыі святы шлюб любові. Пастанавіў, што далучу да яго спецыяльную падзяку за дабро, якое адбываецца ў маім жыцці. Пастанавіў цалкам адрачыся ад алкаголю і сігарэтаў, а таксама прамаўляць штодзённа поўны Ружанец. Баяўся, што не вытрымаю, асабліва, калі датычыцца Ружанца і сігарэтаў. Не меў яшчэ на той час свядомасці, што добра зложаны шлюб забірае ўсе праблемы… Не скажу, што абышлося без духоўнай барацьбы, але пасля палічыў гэта для сябе абавязкам.
–Ці аплацілася?
– Цяпер бачу, што менавіта дзякуючы штодзённай малітве Ружанцовай у маім жыцці адбылося так многа перамен. Тое, што робіцца, ёсць плёнам гэтай простай малітвы. Ружанец прыгатаваў мяне да таго, чаго нават не бачыў я ва сне! Не ведаў тады, што ў 1990 г. буду адкрываць Дом св. Брата Альберта ў Свіноўсьце і што пакіну эксклюзіўную працу, якую моцна любіў (плаваў на паромах), каб цалкам аддацца бяздомным, вязням і ўсёй сферы ўбоства, усёй гэтай людской бядоце…
– Якія ініцыятывы праводзяцца ў рамах Дому св. Брата Альберта?
– Маем некалькі дамоў, якія называюцца асяродкамі дапамогі і тэрапіі для бяздомных. Даём не толькі ўсім вядомы дах над галавой і кавалак хлеба, але і працуем з чалавекам. Яму трэба дапамагчы змяніць дзве рэчы: яго знешнасць, прывесці да маральна-духоўнай перамены, да змены сістэмы каштоўнасцей і маральных нормаў праз навяртанне, а па-другое, трэба навучыць яго працы. Абапіраемся на выснову, што малітва і праца заложаны ў натуры чалавека. Калі якога з гэтых элементаў няма, то жыццё не атрымоўваецца. Нават калі маем поспех на працы, а не навяртаемся, то ў прыватным жыцці штосьці дае трэшчыну: сужэнства распадаецца, дзіця ўжывае наркотыкі… Гэта – эфект адсутнічання другога элементу – малітвы, якая вядзе да глыбокай унутранай змены.
У Доме св. Брата Альберта пачало дзейнічаць таксама таварыства св. Добрага Лотра. У яго рамах працуе брацтва ма-літвы і цвярозасці АРКА (у турмах Галенёва і Навагарда). Выдаём таксама двухмесячнік “Добры Лотр”, накіраваны да вязняў і іх сем’яў. Маем ўласную друкарню, якую абслугоўваюць былыя вязні. Зараз рыхтуем адукацыйную праграму інтэрнэтнай платформы ў турмах, якія б мелі базу ў нашым Доме. У кожным асяродку існуе дзейнасць.
– Якую ролю ў гэтых справах адыгрывае Ружанец?
– Пачну з сябе:дзякуючы яму вырас Дом – я прамаўляў ужо штодзённа Ружанец цалкам. Гэта ён дапамог мне ў развіцці духоўным, перамяніў мяне, жыццё маёй сям’і, працоўнае жыццё. Цяпер Ружанцовыя разважанні дапамагаюць мне развязваць праблемы, якія сустракаю ў працы з людзьмі ў Доме. Ведаю, што алкагалізм і наркаманія – залежнасці, і вызваліць ад іх можа толькі Бог. А малітва падрыхтоўвае аздараўленне, гэта як бы даецца абяцанне Богу. Найбольшы бар’ер ў падобных карных установах – гэта споведзь. Што цікава: адным з харызматаў Дому ёсць менавіта сакрамэнт паяднання. Людзі ў нашых асяродках для бяздомных, а таксама ў турмах вельмі хутка яднаюцца з Панам Богам. Гэта – плён Ружанцовай малітвы, разважанняў і медытацыі, якія дапамагаюць падрыхтавацца да споведзі. Францішкане, якія штомесяц прыязджаюць да нас, здзіўляюцца, як мы так робім, што той, хто 10 гадоў на “гіганце” ці бяздомны, прайшоў мо 20 прытулкаў для бяздомных, у нас пасля месяца-двух просіць аб споведзі. І часта гэта адбываецца, нягледзячы на тое, што апошні раз прымаў сакрамэнт 30-40 гадоў таму. Сёння ў дзвюх турмах існуюць 8 колаў Ружанца. Нават цяжка сабе ўявіць: 160 асуджаных штодзённа прамаўляюць Ружанец! І гэта – плён малітвы Ружанцовай.
– А пасля таго, калі людзі выйдуць з турмы, ці працягваюць маліцца на Ружанцы?
– Такая магчымасць ёсць, бо першая супольнасць, якая паўстала, – Ружанцовая супольнасць Добрага Лотра – збірае асуджаных, былых асуджаных і членаў іх сямей, а таксама ахвяры злачынстваў… Да той самай супольнасці належыць ахвяра, якая мае праблемы з прабачэннем, як і злачынца, які носіць у сабе наступствы крыўды, нанесенай другому чалавеку.
– Гучыць гэта, як рэалізацыя бачання місіянскіх часоў у Ісайі: і карова будзе пасвіцца з мядзве-дзіцаю, і дзіцятка працягне сваю руку да гнязда змяі, зла чыніць не будуць (пар. Іс 11, 7-9).
– Гэта праўда, да супольнасці можа належаць кожны, хто прагне маліцца ў інтэнцыі супольнасці, хто хоча адказаць на заклік Езуса: быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне. Інтэнцыя супольнасці – гэта малітва аб духоўна-маральнай перамене асу-джаных членаў, і, што вельмі важна, іх сямей, бо змяніць па-трэбна ўсю сям’ю. Молімся таксама за ахвяр злачынстваў.
Наступная Ружанцовая супольнасць паўстала для алкаголікаў і наркаманаў – Дом на Скале. Яна настолькі важная, бо не наступае цвярозасці без навяртання. Больш за 10 гадоў дапамагаем алкаголікам і наркаманам і я заўсёды паўтараю: дайце мне довад, што нехта маліўся і пачаў піць. Тыя, якія выпівалі, прызнаваліся, што адразу перасталі маліцца, а пасля пачалі піць. Ніхто не сказаў, што маліўся і пачаў піць. Сам Езус даў нам гаранцію: “Чувайце і маліцеся, каб не паддацца спакусе” (пар. Мц 26, 41).. Ружанцовая малітва такая моцная, што чалавек, які моліцца, не вып’е, калі штодня будзе прамаўляць ў гэтай інтэнцыі.
– Як далёка сягае вашая дзейнасць?
– Калі гаварыць аб бяздомных і самых бедных, якіх мы кормім, то гэта 300 – 400 чалавек штодня. Даём ім дзе жыць, пасілак і працу. Маем на гэты момант пяць такіх дамоў: у Грыфіцы (Заходнепаморская вобл.), тры дамы ў Свіноўсьце і адзін на поўдні Польшчы ў Жуковічах каля Глогава. Малітоўнаю дзейнасцю супольнасці Добры Лотр здолелі ахапіць усе турмы ва ўсёй Польшчы, гэта агульнапольская супольнасць. Месячнік “Добры Лотр” высылаецца бясплатна ва ўсе такія ўстановы. У ім – уся інфармацыя пра супольнасць, і няма дня, каб мы не атрымалі ліст з пажаданнем далучыцца да нашай супольнасці.
– Адкуль на ўсё гэта атрымліваеце фінансавыя сродкі?
– Таго не дам рады вытлумачыць, гэта ёсць цуд. Мае знаёмыя бізнэсмэны, гледзячы на разлікі, гавораць:”Лех, за гэта не выжывеш!”. Ёсць розныя датацыі, але , па праўдзе, патрэбы, якія маем, значна перавышаюць гэтае дафінансаванне. Па-людску не ўдаецца нам гэта выясніць. У нас адбываецца бесперапынны цуд памнажэння… Гэта таксама з’яўляецца плёнам Ружанцовай малітвы. Запэўніваю, кожны можа гэта адчуць…
– Шчыра дзякую за размову і жадаю далейшых цудаў.
Размаўляла Міра ЯНКОЎСКАЯ.
(З сайта: www.rozaniec.eu)